Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас свайго рабочага візіту ў Расійскую Федэрацыю сустрэўся з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Найперш беларускі лідар павіншаваў свайго калегу з сур’ёзным этапам электаральнага цыкла — адзіным днём галасавання, які прайшоў у многіх расійскіх рэгіёнах. «Вынікі зразумелыя, не хачу нават іх аналізаваць, — адзначыў кіраўнік нашай дзяржавы. — Напэўна, наогул ніколі такіх вынікаў не было. Усе вашыя кандыдатуры на пасаду губернатараў народам былі падтрыманы. Гэта вялікі поспех».
У цэнтры ўвагі Прэзідэнтаў — пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і міжнародны парадак дня. Аляксандр Лукашэнка прагназуе ў наступным годзе выхад на дасанкцыйны ўзровень работы эканомікі. «Мы вырашаем гэтыя ўсе пытанні: і дробныя, і буйныя, — сказаў ён. — Вы маеце рацыю. Спрабавалі нас моцна нахіліць — нічога не атрымалася. Наадварот, неяк мы мабілізаваліся нават нечакана. Я ведаю і для вас, і я не чакаў, што мы можам выстаяць. Так, бядней трошкі жывем, крыху зусім. Думаю, што будучы год у нас будзе добрым годам і мы выйдзем на дасанкцыйны перыяд работы нашай эканомікі. Па дробязях усе пытанні, пачынаючы ад ВПК і іншае, звязаныя з украінскім канфліктам, — усе гэтыя пытанні практычна вырашаны. Калі засталося нешта, то мы ведаем, у якім напрамку нам рухацца».
Што датычыцца інтэграцыйнага супрацоўніцтва, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў: службовыя асобы абедзвюх краін нядрэнна папрацавалі, выконваючы даручэнні кіраўнікоў дзяржаў. Больш за 80% задач, пастаўленых перад урадамі, выкананы. Для работы над Асноўнымі напрамкамі рэалізацыі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021–2023 гады і 28 саюзнымі праграмамі яшчэ ёсць тры месяцы. «Думаю, што даціснем і гэтыя пытанні», — заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў аб дзеяннях па стабілізацыі сітуацыі на паліўным рынку па просьбе расійскага боку. «Хачу вас праінфармаваць — былі некаторыя складанасці на рынку па паліве, стабілізавалі сітуацыю, паставілі столькі, колькі трэба было Расійскай Федэрацыі, — паведаміў кіраўнік дзяржавы. — Колькі ўрад папрасіў. Па-мойму, па 60 тысяч дызпаліва і бензіну. Сітуацыю стабілізуем на нашых агульных рынках. Калі трэба будзе яшчэ скараціць пастаўкі на знешнія рынкі і для ўнутранага спажывання павялічыць — гэта не праблема».
Уладзімір Пуцін заўважыў, што ўзаемаадносіны Беларусі і Расіі стабільна і надзейна развіваюцца. «Мы з вамі працягваем кантакты, кансультацыі наконт нашых адносін і наконт узаемадзеяння, перш за ўсё ў сферы эканомікі, — канстатаваў ён. — Тут усё стабільна, надзейна развіваецца».
Уладзімір Пуцін таксама расказаў, што ў Расіі завяршаецца бюджэтны працэс: «У нас усё стабільна, надзейна, што не можа не радаваць. Чаму пра гэта гавару? Таму што (мы з вамі добра ведаем) стан расійскай эканомікі, вядома, адбіваецца на нашым узаемадзеянні ў рамках Саюзнай дзяржавы. У нас ёсць у сувязі з гэтым узаемныя пытанні, абавязацельствы. Ёсць неабходнасць, мне здаецца, зверыць гадзіннікі па некаторых пытаннях».
Акрамя таго, Уладзімір Пуцін згадаў сваю нядаўнюю сустрэчу з лідарам КНДР, які знаходзіўся ў Расіі з візітам. «Хацеў вас яшчэ праінфармаваць, як прайшла дыскусія па сітуацыі ў рэгіёне, што таксама немалаважна», — адзначыў ён. Прэзідэнт Расіі таксама заявіў аб сваім намеры паразмаўляць з беларускім калегам наконт сітуацыі на ўкраінскім напрамку і вакол украінскага крызісу.
«Я вельмі рады вас бачыць. Дзякуй, што пагадзіліся прыехаць», — падсумаваў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што назіраў за апошнімі працоўнымі днямі свайго калегі. «Прыемна было бачыць вас з Кім Чэн Ынам на касмадроме „Усходні“, бо сам быў там, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Мы з вамі наведвалі гэты касмадром раней. Я думаю, што мы можам падумаць і аб супрацоўніцтве дзесьці на траіх. Паўночная Карэя, Расія... Ведаю, што цікавасць вялікая ў карэйцаў да вас. Я думаю, кавалак работы і Беларусі там знойдзецца. З улікам тых праблем, якія існуюць».
Прэзідэнт заявіў аб намеры расказаць расійскаму калегу аб супрацоўніцтве з краінамі Афрыканскага кантынента, асабліва з улікам нядаўняга візіту ў Беларусь Прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі. «Вельмі вядомы чалавек. І сучасны чалавек. Ёсць таксама сумесная работа па афрыканскім напрамку», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Словам, здавалася, што мы ўжо вырашылі ўсе пытанні. А яны ўсё назапашваюцца і назапашваюцца. Таму ёсць неабходнасць своечасова і параіцца, — выказаўся Аляксандр Лукашэнка наконт актуальнасці сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі. — Я ўдзячны, што вы знайшлі час, каб параіцца і абмеркаваць дзеянні на будучыню».
«Захаду варта пашукаць бервяно ў сваім воку»
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін адказалі на пытанні журналістаў. Адно з пытанняў Прэзідэнту Расійскай Федэрацыі датычылася заяў на Захадзе аб тым, што яго нядаўняя сустрэча з лідарам КНДР Кім Чэн Ынам спрыяе напружанасці ў рэгіёне і нібыта расійскі бок прасіў накіраваць карэйскіх добраахвотнікаў для ўдзелу ў СВА. Прэзідэнт Расіі абвергнуў падобныя заявы, назваўшы іх поўнай лухтой.
У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заходнікам трэба самім палічыць спачатку, колькі яны накіравалі ўжо сваіх наёмнікаў для ўдзелу ва ўкраінскім канфлікце, перш чым спрабаваць у чымсьці папракаць Расію. Таксама падобныя заявы ён назваў небяспечнымі для Захаду. «Таму што яны спяць і бачаць там свае рэгулярныя воінскія часці. У Польшчы ўжо сфарміраваны каля граніцы, вы пра гэта таксама гаварылі, воінскія часці, гатовыя зайсці ва Украіну. У сваё вока трэба паглядзець і там пашукаць якое-небудзь бервяно, а не папракаць іншых», — параіў беларускі лідар.
Уладзімір Пуцін пагадзіўся са словамі Аляксандра Лукашэнкі. «Дарэчы, мы фіксуем і на полі бою, і ў падраздзяленнях, у якіх праводзіцца падрыхтоўка, замежных наймітаў, замежных інструктараў, — адзначыў Прэзідэнт Расіі. — У нас няма такой неабходнасці — запрашаць для баявых дзеянняў людзей збоку».
Журналісты таксама папрасілі пракаментаваць заяву дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена наконт магчымых мірных перагавораў з Украінай. Высокі прадстаўнік амерыканскага істэблішменту нядаўна вобразна выказаўся, заявіўшы, што Расіі і Украіне ў канчатковым выніку давядзецца «станцаваць танга».
«Што да амерыканцаў, то яны самі не ўмеюць танцаваць гэтага танга, — заявіў расійскі лідар. — Гэта, вядома, выдатная дзівосная музыка і рухі прыгожыя, але ЗША ўсё спрабуюць вырашаць з пазіцыі сілы. Ці з дапамогай эканамічных санкцый, або фінансавых абмежаванняў, пагрозы прымянення ваеннай сілы, або яе прымяненнем. Яны спрабуюць кагосьці вучыць, а самі гэтага рабіць не ўмеюць ці не хочуць. Хутчэй за ўсё, проста не хочуць». Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Расія ніколі не адмаўлялася ад перагавораў. «Таму, калі ласка, калі іншы бок хоча, няхай скажа пра гэта прама», — заўважыў ён.
Разам з тым Прэзідэнт Расіі ўдакладніў: «Танга — гэта, вядома, добра, але для Украіны важна гапак не забыцца. Вось гэта важна. А то так будуць увесь час пад чужую музыку і пад чужую дудку танцаваць. А танцаваць усім так ці інакш давядзецца «Барыню». Ну ці ў лепшым выпадку «Казачок».
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу сказаў: «Здаецца, і скакаць пачалі. Тры раўнды перагавораў прайшлі ў Беларусі, пасля ў Стамбуле. А потым Блінкен з Осцінам Зяленскаму каманду далі — той забараніў весці перагаворы. Факты на стале. Факты ў наяўнасці. Таму чаго тут папракаць кагосьці».
«Дэкрэт падпісаў, які забараняе (весці перагаворы з Расіяй. — Заўв.)», — пагадзіўся Уладзімір Пуцін.
«Сам сабе забараніў», — пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле прэс-службы Прэзідэнта
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».