Вы тут

Дзень народнага адзінства адзначылі ў Рэспубліцы Беларусь


17 верасня Рэспубліка Беларусь святкуе Дзень народнага адзінства. Ён быў заснаваны 7 чэрвеня 2021 года ўказам № 206 кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Маштабныя мерапрыемствы з нагоды свята праходзяць па ўсёй Беларусі.


Маштабнае свята ў Баранавічах, марафон мужнасці ў раёнах Брэстчыны і адкрыццё стадыёна ў Камянцы 

На гэты раз абласное свята, прысвечанае Дню народнага адзінства, адбылося ў Баранавічах. Напярэдадні стартаваў штогадовы марафон мужнасці моладзі Брэстчыны. Сёлета яго назвалі «Першы рэгіён. Сіла ў адзінстве». Пачаўся марафон у Брэсце. Дэлегацыя ў складзе сарака маладых людзей наведала памятныя мясціны, вайсковыя пахаванні. Заадно праводзілі сустрэчы, адкрытыя дыялогі. 

Гэтым разам за два дні ўдзельнікі марафону праехалі восем гарадоў і раёнаў вобласці. У першы дзень, 14 верасня, у абласным цэнтры каля помніка савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1939 і ў 1941-1945 гадах, адбыўся мітынг. Наступнай кропкай на маршруце стаў мемарыяльны комплекс «Драмлёва» у Жабінкаўскім раёне. Вёска Драмлёва была спаленая карнікамі ў час вайны. Ад агню і куль акупантаў загінула каля 190 чалавек. Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помніка і ушанавалі памяць ахвяраў. 

Затым удзельнікі марафону накіраваліся ў Кобрынскі політэхнічны каледж. Там наведалі музей, правялі адкрыты дыялог з навучэнцамі. Гаварылі пра гістарычныя падзеі, пра нацыянальныя традыцыі, адзінства народа. У Драгічыне маладыя людзі ўсклалі кветкі да помніка, паўдзельнічалі ў інтэлектуальным турніры «Калі мы адзіныя, мы непераможныя». У Пінскім і Столінскім раёнах таксама былі памятныя сустрэчы і хвалюючыя моманты ўшанавання памяці. 

Такі праект рэалізуюць у вобласці ўжо больш за дзесяць гадоў. Яго арганізатарам разам з аблвыканкамам выступае абласны камітэт БРСМ. Першы сакратар камітэта Юрый Сегянюк паведаміў, што ў кожным горадзе і раёне ўдзельнікаў марафона сустракае каля ста чалавек. Такім чынам, мерапрыемства атрымліваецца змястоўным, насычаным. Сёлета яно прысвечана Дню народнага адзінства. Фінішаваў марафон у Баранавічах, дзе гэтым разам вобласць адзначала свята.

Яно пачалося з акцыі «Сімвал адзінства». Удзельнікі аўтапрабегу пад эгідай рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» прыбылі ў горад і сустрэліся з яго жыхарами на тэрыторыі сярэдняй школы № 1 г. Баранавічы імя С. І Грыцаўца, самай вялікай ў горадзе і самай маладой. Першы ў краіне Музей народнага адзінства быў адкрыты менавіта ў гэтай школе. Удзельнікі святкаванняў наведалі названы музей.

Як і ва ўсіх папярэдніх мерапрыемствах, што прайшлі па абласцях краіны, удзельнікам акцыі «Сімвал адзінства» перадалі сцягі Брэсцкай вобласці і ўсіх раёнаў для размяшчэння іх на алеі сцягоў у сталіцы.

Затым каля помніка воінам-вызваліцелям у цэнтры горада адбыўся мітынг. Да Вечнага агню ўсклалі кветкі і ўшаванавлі памяць герояў хвілінай маўчання. 

— Дзень народнага адзінства пабуджае беларусаў цаніць шлях да незалежнасці краіны, — такое меркаванне выказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка падчас святочных мерапрыемстваў. — У нашым рэгіёне людзі жывуць у дастатку. Стабільна працуюць прадпрыемствы. Мы будуем школы, дзіцячыя садкі, бальніцы. Забяспечваем гарантыі ў плане адукацыі і аховы здароўя. Гэта фактычна бясплатна для людзей, бо закладзена ў бюджэце краіны. Мы развіваем машынабудаванне, узводзім новыя дарогі, укладваем у будучыню нашых дзяцей. Усё пералічанае і забяспечыць нам незалежнасць. 

Старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Міхаіл Бацэнка падкрэсліў, што памятаючы гісторыю, сёння асабліва важна цаніць адзінства і тэрытарыяльную цэласнасць, мір і свабоду. «Нас аб’ядноўвае любоў да Радзімы і адданасць агульнай справе» — сказаў мэр Баранавічаў. 

Завяршыўся першы дзень свята вялікім канцэртам творчых калектываў і маляўнічым феерверкам. 

Субота, другі дзень святкаванняў, таксама была насычаная самымі разнастайнымі мерапрыемствамі. Напрыклад, праграма «Моладзь за мір і стварэнне» уключала ў сябе шмат цікавага. У гарадскім парку разгарнулася інтэрактыўная пляцоўка «Мірныя прафесіі — мірным людзям». Вечарам стартаваў танцавальны праект «Танцы ў стылі лаціна». На вуліцы Камсамольскай тым часам працавала выстава рэтра-аўтамабіляў, побач — экспазіцыя аўтамабіляў Geely. Інтэрактыўная пляцоўка «Вулічная культура» прапаноўвала танцавальныя і вакальныя батлы, флэшмобы, іншыя актыўнасці. 

Яркім штрыхом другога дня стала закрыццё мотасезона. Байкеры правялі паказальныя выступленні. Аматары спорту змаглі наведаць матч па боксе паміж зборнымі Расіі і Беларусі, які адбыўся каля кінатэатра «Кастрычнік». А на галоўнай сцэне свята вечарам на высокай патрыятычнай ноце прайшоў канцэрт творчых калектываў пад назвай «Мы адзіныя». 

У святочны дзень у Камянцы адбылося ўрачыстае адкрыццё футбольнага поля фізкультурна-спартыўнага клуба «Лідэр» на стадыёне «Колас». Будаўніцтва футбольнага поля пачалося ў чэрвені гэтага года, і да першага верасня аб’ект быў здадзены. Сродкі на матэрыял для паўнапамернага поля са штучным пакрыццём, яго ўкладку, а таксама спартыўны інвентар выдзеліла Асацыяцыя Беларускай федэрацыі футболу. На адкрыццё сабралася спартыўная грамадскасць. Аматараў спорту павіншаваў з падзеяй першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валянцін Зайчук. 

Святлана ЯСКЕВІЧ 

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА 


«Прысвячаю перамогу нашаму народу». Каля 1 тыс. чалавек сабраў прабег адзінства ў Гродне

Традыцыйны забег у Дзень народнага адзінства прайшоў у Гродне, перадае БелТА.

Фота: БелТА

Удзел у ім прынялі каля 1 тыс. жыхароў Гродна. Маршрут прабегу пралягаў па гістарычнай частцы горада над Нёманам, кропкай старту і фінішу сімвалічна стала вул. 17 верасня.

Размінку для бегуноў правёў двухразовы чэмпіён свету і прызёр Алімпійскіх гульняў у кіданні молата старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан. Пасля чаго і сам выйшаў на старт. «Наогул, лічу, што кожнае свята, тым больш такое важнае, дзяржаўнае, павінна быць разам са спортам. Бо спорт аб’ядноўвае. Гэта актыўная жыццёвая пазіцыя. А ў такі дзень, у Год міру і стваральнай працы, гэта асабліва важна. Выдатна, што на старт выходзяць і маладыя, і сталыя, прадстаўнікі розных прафесій. Гэта збліжае гродзенцаў і ўвесь беларускі народ», — сказаў Іван Ціхан.

«Для мяне вельмі важна прыняць удзел сёння ў прабегу, у гэты гістарычны дзень, прадэманстраваць наша адзінства. Мы паказваем, што мы адзіныя, мы пераадолеем любыя надзвычайныя сітуацыі, перашкоды на нашым шляху», — падзяліўся старшы памочнік начальніка цэнтра аператыўнага ўпраўлення Гродзенскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Макарэвіч. Мужчына дадаў, што па абавязках службы ён падтрымлівае фізічную форму спортам. «Удзельнічаю і ў спаборніцтвах, і ў спецыялізаваным мнагабор’і ратавальнікаў. У футбол часам гуляем. Дарэчы, гэта не першы мой забег у Дзень народнага адзінства — бег я і ў 2021 годзе. Радуе, што з кожным годам удзельнікаў становіцца больш і больш. Выдатна, што ў такое свята яшчэ і спорт нас аб’ядноўвае», — сказаў Дзяніс Макарэвіч.

«Лічу, што наш абавязак і адказнасць — паказваць сваю грамадзянскую пазіцыю. Выйшаўшы на старт камандай „Гроднааблнафтапрадукт“, мы паказваем, што мы разам, мы адна сям’я. Настрой класны, бадзёры, мы зараджаныя прабегчы разам з усімі па вуліцах Гародні», — адзначыла працаўніца «Гроднааблнафтапрадукт» Алена Імбрыс. На рахунку дзяўчыны, якая любіць бег, нават марафонская дыстанцыя ў 100 км. «Бегаю на розных рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх спаборніцтвах. А яшчэ люблю веласпорт. Стараюся хоць бы праз дзень выходзіць на прабежку, калі не, то кампенсую роварам», — сказала яна.

Традыцыяй стаў удзел у такіх забегах для інжынера-хіміка гродзенскіх цеплавых сетак РУП «Гроднаэнерга» Наталлі Марозавай: «Лёгкую атлетыку люблю з дзяцінства. Сёння хачу падзякаваць адміністрацыі горада Гродна за правядзенне такога цудоўнага прабегу ў Дзень народнага адзінства. Гэты прабег сімвалізуе сілу і адзінства беларускага народа. У трэці раз я выходжу на старт 17 верасня. Вельмі добрая арганізацыя, якасная траса, урачыста, святочна. Заўсёды пасля прабегу пачуццё радасці перапаўняе».

«Сваю перамогу сёння я прысвячаю нашаму народу! Настрой выдатны. Вынік быў для мяне быў другасны, галоўнае — атмасфера сапраўднага свята, яднанне», — сказаў прадстаўнік абласнога дыспансера спартыўнай медыцыны Кірыл Андрэйчык, які першым завяршыў забег.


Каля 2 тыс. удзельнікаў сабраў велапрабег у Гомелі да Дня народнага адзінства

У Гомелі 17 верасня адбыўся велапрабег «У адзінстве — сіла!», прысвечаны Дню народнага адзінства, які сабраў каля 2 тыс. удзельнікаў, паведамляе БелТА.

Больш за 2,2 тыс. гамяльчан з’ядналіся сёння ў спартыўным адзінстве. Веласіпедысты ўсіх узроўняў, а таксама маленькія пасажыры двухколавага транспарту выйшлі на старт. Велагрупы калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, сямейныя экіпажы, студэнты і школьнікі прыкацілі на агульнагарадскі заезд.

Стартавалі веласіпедысты на пляцоўцы ля Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта на вул. Ланге і далей па вуліцах Савецкай, Хатаевіча, праз Усходні абыход па вуліцах Каменшчыкава і Мазурава да абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву.

Жывой ракой праехала велакалона па цэнтральных вуліцах горада над Сожам.

«Гэта асаблівае пачуццё — калі едзеш на веласіпедах такой велізарнай камандай, усім горадам. Мы любім велапрагулкі сваёй сям’ёй, а такі вопыт у нас першы. Вельмі спадабалася, будзем працягваць», — падзялілася маладая сям’я Церахавых.

Летась акцыя таксама аб’яднала тысячы гамяльчан.

Фота: БелТА


Прывалаў: Дзень народнага адзінства пацвярджае духоўнае сваяцтва жыхароў беларускай зямлі

Дзень народнага адзінства пацвярджае духоўнае сваяцтва жыхароў беларускай зямлі. На гэтым акцэнтаваў увагу старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў на ўрачыстым адкрыцці свята «Новы час» на плошчы Леніна, перадае БелТА.

Фота: БелТА

Паводле слоў Уладзіміра Прывалава, гэты дзень — адна з галоўных дат у дзяржаўным календары Беларусі, якая сімвалізуе адзінства падзеленага супраць сваёй волі беларускага народа. І гэтае свята заслужана стаіць нароўні з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці. «Асабліва сімвалічна, што ініцыятыва адзначаць Дзень народнага адзінства прагучала на VI Усебеларускім народным сходзе, што сведчыць аб яго прызнанні сярод жыхароў нашай сінявокай краіны. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адзначыў яго значнасць. Гэты дзень вярнуўся ў наш святочны каляндар не толькі як напамін пра каштоўнасць свабоды і незалежнасці, але і як даніна эпосе, якая падарыла нам, беларусам, права заняць сваё месца на карце свету», — распавёў ён.

Старшыня гарвыканкама нагадаў гістарычную аснову свята. «У верасні 1939 года адбылася падзея, якая стала адной з самых знамянальных у нашай гісторыі. У выніку вызваленчага паходу Чырвонай Арміі беларускі народ зноў стаў адзіным. Уз’яднанне Беларусі стала падмуркам, які дазволіў выстаяць у Вялікай Айчыннай вайне, умацаваць дзяржаву, захаваць нацыянальную ідэнтычнасць. Новы статус лёсавызначальнай для Беларусі даты стаў актам гістарычнай справядлівасці. Гэтае свята пацвярджае духоўнае сваяцтва народа беларускай зямлі, дэманструючы багацце і разнастайнасць культурных традыцый людзей, якія імкнуцца жыць у міры, згодзе, узаемаразуменні і любові», — адзначыў ён.

Мэр падкрэсліў, што свабоднае развіццё ўсіх, хто пражывае у рэспубліцы, стварэнне ўмоў для гарманічнага ўмацавання і захавання гісторыка-культурнай духоўнай спадчыны з’яўляецца неад’емнай часткай сацыяльнай палітыкі краіны.

«Захаванне адзінства беларускага народа — залог дабрабыту, развіцця краіны ў будучыні. Сёння важна не забываць мінулае Беларусі і перадаваць назапашаныя веды падрастаючаму пакаленню. Толькі ў адзінстве можна стварыць грамадства, яко гарманічна развіваецца», — рэзюмаваў Уладзімір Прывалаў. Мэр пажадаў усім гараджанам і гасцям Гомеля шчасця і дабрабыту, аптымізму і шчырага гонару за нашу краіну і наш народ.

Працягвае свята фестываль нацыянальнай культуры «Мы розныя, але мы разам». Нацыянальныя кампазіцыі гучаць на фолк-канцэрце «Спадчына. Грані традыцый».


Лабадзінскі: Беларусаў аб’ядноўваюць імкненне да міру і любоў да роднай краіны

Беларусаў аб’ядноўваюць імкненне да міру і любоў да роднай краіны. Такое меркаванне выказаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі, паведамляе БелТА.

Нягледзячы на тое што Дзень народнага адзінства ў Беларусі адзначаюць толькі трэці раз, у Брэсце ўжо складваюцца пэўныя традыцыі святкавання. Так, жыхары абласнога цэнтра раніцай 17 верасня збіраюцца каля ўваходу ў парк культуры і адпачынку. Там знаходзіцца помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў-вызваліцеляў, якія загінулі ў 1939 і 1944-1945 гадах. Прадстаўнікі мясцовых органаў улады, дыпламаты і брэстаўчане ўсклалі кветкі да падножжа мемарыяла і ўшанавалі памяць абаронцаў хвілінай маўчання.

Сяргей Лабадзінскі адзначыў, што беларусы аб’яднаныя ідэяй, каб наша краіна была лепшай і прыгажэйшай. «Напэўна, самае дарагое, што ёсць і што нас аб’ядноўвае, — мір і любоў да роднай краіны. Ад укладу кожнага з нас залежыць наш дабрабыт», — сказаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама. Ён заўважыў, што дата 17 верасня 1939 года для жыхароў Заходняй часткі Беларусі мае асаблівае значэнне. «Таму што гэтыя землі ўз’ядналіся ў цэласнасці з рэспублікай. Людзі, якія жывуць там, прайшлі прыгнёт польскіх паноў, мукі пекла, якія нас разрывалі на кавалкі. А сёння бачым, што ад Захаду да Усходу ўсе жывуць пад мірным небам аднымі мэтамі і ідэямі», — падкрэсліў мэр Брэста.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Яўген Зайцаў звярнуў увагу, што Дзень народнага адзінства хоць і маладое свята, але беларусы і раней не забывалі пра значнасць 17 верасня ў гісторыі краіны. «Мы павінны ганарыцца, што жывем у мірнай і цудоўнай краіне. Усё, што ў нас ёсць, нашым продкам даводзілася заваёўваць і ствараць у цяжкіх, суровых умовах сумеснымі намаганнямі, — адзначыў парламентарый. — Мы жывем нармальнымі ідэямі: сябраваць, ствараць, а не выношваць разбуральныя планы, у адрозненне ад краін Захаду. Трэба спаборнічаць у тэхналогіях, спорце, супрацоўнічаць і дасягаць вышынь, але ніяк не знішчаць тое, што стваралася гадамі і стагоддзямі».


Каля 300 чалавек сталі ўдзельнікамі забегу адзінства ў Магілёве

Каля 300 чалавек сталі ўдзельнікамі забегу адзінства ў Магілёве, перадае БелТА.

Месцам вялікага старту стаў гарадскі парк Падніколле. Даўжыня дыстанцыі склала 800 м. Спартыўнае мерапрыемства прысвечана Дню народнага адзінства.

Асаблівасць спартыўнага свята ў яго камандным духу. Усяго ў парку прайшло шэсць забегаў, з якіх тры — сямейныя.

Сярод удзельнікаў забегу — Анастасія Ярмішына разам з сям’ёй: мужам і дзвюма дачкамі. Падрыхтаваліся яны да спаборніцтва грунтоўна — ва ўсіх аднолькавая форма. «Мы прадстаўляем Упраўленне камунальных прадпрыемстваў. Таму і форма ў нас такая, каб адразу было зразумела, адкуль мы, — распавяла жанчына. — У забегу будзем удзельнічаць са старэйшай дачкой Васілісай, якой 10 гадоў. Наогул сям’я ў нас спартыўная, заўсёды стараемся прымаць актыўны ўдзел у такіх спаборніцтвах, асабліва ў такія важныя даты, як сённяшняя. Спорт — ён жа таксама пра аб’яднанне. І свята ў парку пацвярджае гэта: паглядзіце, як шмат людзей».

Як распавяла галоўны спецыяліст аддзела спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама Іна Семко, у сённяшніх забегаў ёсць яшчэ адна асаблівасць — фінішаваць каманды з трох чалавек павінны ўзяўшыся за рукі. «Гэта такі сімвалічны момант. Бо сёння — Дзень народнага адзінства. А спорт — гэта таксама пра згуртаванне. Сёння тут сабраліся магіляўчане рознага ўзросту, з розных галін і сфер дзейнасці. Прыемна адзначыць, што жыхары нашага горада заўсёды актыўна адгукаюцца на такія святы. Акрамя гэтага, часцяком людзі самі звяртаюцца да нас з просьбамі і прапановамі. І мы заўсёды стараемся ісці ім насустрач і рэалізоўваць іх ідэі», — падзялілася яна.

Паспрабаваць свае сілы ў камандным забегу прыйшла і Улада Барысава саіСДЮШАР № 5. Дзяўчынцы 14 гадоў, яна прафесійна займаецца лёгкай атлетыкай. «Цяпер у нас стартуе спаборніцкі сезон. І сённяшні забег — гэта магчымасць ацаніць свае сілы і стан пасля канікул. І вядома, заўсёды цікава ўдзельнічаць у такіх гарадскіх святах, — падзялілася яна. — Насамрэч, мне вельмі падабаюцца такія спартыўныя святы ў важныя для нашай краіны даты. Бо бег дорыць не толькі добрую фізічную падрыхтоўку, але і дысцыпліну, характар, сілу волі. А такія камандныя забегі дакладна падарылі ўсім шмат эмоцый».

Яшчэ адной удзельніцай спартыўнага свята стала Паліна Целяпнёва. Дзяўчынка вучыцца ў 5-м класе сярэдняй школы № 35 і сёння прадстаўляе сваю школу. Бегчы ёй трэба было ў кампаніі дзевяцікласнікаў. «Мы з рабятамі не былі знаёмыя да гэтага, але я ведаю, што яны спартсмены. Я таксама займаюся спортам: каля 6 гадоў хаджу на лёгкую атлетыку, ёсць ужо сур’ёзныя дасягненні і перамогі, — распавядае школьніца. — Я люблю спорт. Ён дорыць перамогі, дае магчымасць праверыць свае сілы і кінуць сабе выклік, пазнаёміцца з новымі людзьмі».

Яркія эмоцыі, спаборніцкі дух і шмат новых знаёмстваў — усё гэта атрымалі ўдзельнікі спартыўнага мерапрыемства. А памятныя падарункі ад арганізатараў сталі прыемным дадаткам да сённяшняга дня.

Фота: БелТА


Качанава: Для таго каб краіна развівалася, народ павінен быць адзіны

Для таго каб краіна развівалася, народ павінен быць адзіны, заявіла журналістам старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на патрыятычным форуме «Мы — беларусы!», прысвечаным Дню народнага адзінства, перадае БелТА.

Фота: БелТА

«Для мяне гэта свята — любоў да роднай краіны, наша гісторыя, той цяжкі шлях, які прайшла наша краіна і наш народ. І гэта свята, калі мы адчуваем адзін аднаго душой і сэрцам. Калі мы ўсе разам думаем пра тое, што дзякуючы старэйшым пакаленням сёння маем магчымасць жыць у такой цудоўнай, выдатнай краіне. І яшчэ раз разумеем, наколькі важна нам быць разам для таго, каб жыць на сваёй зямлі, у суверэннай, незалежнай краіне», — адзначыла Наталля Качанава.

Па словах спікера, раз’яднанне народа заўсёды прыводзіць да сур’ёзных наступстваў для краіны. «Усё проста. Раз’яднанне нацыі — гэта заўсёды праблемы ў краіне, — падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі. — Для таго каб краіна развівалася, каб вырашаліся ўсе праблемы і задачы, якія трэба вырашаць у сваёй краіне, вядома, народ павінен быць адзіны. А, самае галоўнае, не будзе міру і спакою там, дзе няма згоды ў грамадстве».


Андрэйчанка: Дзень народнага адзінства — маладое свята з вялікай гісторыяй

Дзень народнага адзінства — маладое свята з вялікай гісторыяй, заявіў журналістам старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка на патрыятычным форуме «Мы — беларусы!», прысвечаным Дню народнага адзінства, перадае БелТА.

Фота: БелТА«Гэта маладое свята, але з вялікай гісторыяй. Таму што ў гэты дзень 1939 года наш народ стаў адзіным», — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

«Беларусы — гэта народ, які валодаў і валодае сваёй зямлёй, сваёй тэрыторыяй. І галоўнае — адзінствам. Асабліва ў гэты няпросты час, — дапоўніў спікер. — Калі мы разам — мы моцныя».


Пярцоў: Дзень народнага адзінства стаў сапраўды ўсенародным

Дзень народнага адзінства — усенароднае свята, заявіў журналістам міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў на патрыятычным форуме «Мы — беларусы!», прысвечаным Дню народнага адзінства, перадае БелТА.

Фота: БелТА

«Можна казаць, што свята стала сапраўды ўсенародным. Здавалася б, трэці год мы яго так шырока адзначаем, хоць гэтая дата добра вядомая. Асабліва ў заходніх абласцях ёсць шмат вуліц, названых у гонар 17 верасня і іншых аб’ектаў. Але трэці год адзначаем не толькі дату ўз’яднання Беларусі ў 1939 годзе пасля расстання, пасля разразання па-жывому нашай краіны і народа, але яшчэ і адзінства нашага народа ў цяперашні перыяд перад агульным ворагам», — сказаў Уладзімір Пярцоў.

Мы паказваем, што мы — маналітная нацыя, адзначыў міністр. «Мы адзіны народ і гатовыя любым выклікам, любым пагрозам супрацьстаяць плячо да пляча», — падкрэсліў ён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.