Вы тут

Міжнародны кангрэс ВНУ культуры і мастацтваў прайшоў у Мінску


Міжнародны кангрэс «ВНУ культуры і мастацтваў у міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве: глабальныя выклікі і стратэгія дзеянняў» нядаўна чарговы раз сабраў гасцей у беларускай сталіцы. На працягу двух дзён яго ўдзельнікі абмеркавалі шэраг важных тэм, абмяняліся вопытам і меркаваннямі адносна таго, як супрацьстаяць сусветным працэсам, якія непазбежна ўплываюць на культурную сферу.


«Кангрэс з’яўляецца маштабным форумам для навукоўцаў і практыкаў, для супольнасці найбуйнейшых вузаў культуры і мастацтваў розных краін і народаў. Гэтае мерапрыемства накіравана на сустрэчу і камунікацыю аднадумцаў і апанетаў, у выніку якіх выпрацоўваюцца новыя ідэі, падыходы і праекты... Кангрэс — гэта і магчымасць намеціць планы на будучыню, выпрацаваць сумесныя міжнародныя праекты, актуальныя напрамкі даследаванняў, якія вызначаць далейшае развіццё культурных прафесій нашых краін», — адзначыў у прывітальным адрасе міністр культуры Анатоль Маркевіч.

Штогод гэты форум дазваляе вызначыць і абмеркаваць найбольш важныя пытанні, якія ставіць перад творчымі элітамі час. Перш чым заслухаць выступленні спікераў, прысутныя змаглі здзейсніць відэападарожжа ў гісторыю культурнага сімпозіуму. За гады свайго існавання кангрэс быў госцем у Парыжы, Стамбуле, Душанбэ, Бранску і іншых гарадах. А сёлета, што сімвалічна ў Год міру і стваральнай працы, яго ўдзельнікі чарговы раз сустрэліся ў Мінску. Кангрэс сабраў кіраўнікоў рэгіянальных устаноў культуры, а таксама дзеячаў навукі, культуры і мастацтваў Расіі і Беларусі, Узбекістана, Таджыкістана, Кітайскай Народнай Рэспублікі і іншых дзяржаў. Гэты значны міжнародны праект аб’яднаў прадстаўнікоў навукова-педагагічнай, культурнай і палітычнай эліты, грамадскіх, бізнес-структур краін свету. На кожным наступным сімпозіуме выносілі на абмеркаванне важныя тэмы і праблемы.

Як адзначыла ў пасланні ўдзельнікам кангрэса старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, кандыдат педагагічных навук Ірына Старавойтава, «адукацыя, навука, культура з’яўляюцца базавымі каштоўнасцямі для нашых краін і народаў. Таму кангрэс — адна са знакавых падзей у культурным жыцці Беларусі ў бягучым годзе. Падобны фармат камунікацыі вельмі важны для кансалідацыі культурнай прасторы, для абмену прафесійным вопытам і каб выпрацаваць новыя ідэі і праекты культуры і адукацыі ў нашых краінах».

У гэтым годзе цэнтральнымі для абмеркавання сталі задачы: вызначыць прынцыпы міжнароднага супрацоўніцтва на новым этапе цывілізацыйнага развіцця і мадэрнізацыі ўсіх узроўняў мастацкай і культуралагічнай адукацыі, распрацоўка прапаноў для ўдасканалення сфер адукацыйнай і культурнай палітыкі дзяржаў, стварэнне міжнародных платформ узаемадзеяння профільных ВНУ з мэтай фарміравання духоўнай і інтэлектуальнай эліт і многія іншыя. Да прыкладу, рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская выступіла з дакладам на тэму «Інавацыйныя адукацыйныя практыкі ў сферы культуры: вопыт Рэспублікі Беларусь», адзначыўшы, што «Інавацыйны падыход у падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы культуры ў нашай краіне накіраваны на рэалізацыю такіх прыярытэтных напрамкаў, як стварэнне ўмоў для павышэння сацыяльнай і эканамічнай эфектыўнасці ў сферы культуры, захаванне культурнай ідэнтычнасці Беларусі ва ўмовах глабалізацыі, нарошчванне і рэалізацыя культурнага капіталу нацыі і ўмацаванне станоўчага знешняга і ўнутранага культурнага іміджу Беларусі, а таксама завяршэнне працэсу інтэграцыі беларускай культуры ў сусветную культурную прастору», але найважнейшым рэсурсам для дадзенай мэты з’яўляецца чалавек, які валодае сучаснымі ведамі і навыкамі... А вось рэктар МДІК Кацярына Кудрына, раскрываючы тэму «Нацыянальныя сістэмы адукацыі ў сферы культуры: патэнцыял інтэграцыі і стратэгіі развіцця», адзначыла: «Нашы краіны звязваюць доўгія ўзаемаадносіны і супрацоўніцтва ў самых розных абласцях, у тым ліку і ў галіне адукацыі. Але нам удаецца захоўваць унікальнасць нацыянальных сістэм галіновай адукацыі, якая вызначаецца духоўнымі, гістарычнымі, экакультурнымі і грамадска-палітычнымі ўмовамі, якія ёсць і складваюцца ў нашых краінах. Мяркую, што гэтыя сістэмы маюць высокі інтэграцыйны патэнцыял, які можа быць выкарыстаны ў працэсе фарміравання новага стану міждзяржаўных узаемаадносін, партнёрскага ўзаемадзеяння, культурнай кансалідацыі краін і народаў і найперш на постсавецкай прасторы. І сёння мы сустракаемся, і гэта таксама адзін з крокаў у фарміраванні новага стану адукацыйнай прасторы, у якой сістэмастваральнай дамінантай, на наш погляд, з’яўляецца і выступае культура і мастацтва». На думку выступоўцы, толькі сумесна можна супрацьстаяць працэсу сусветнай глабалізацыі і яе наступствам... У перспектыве даклады ўсіх удзельнікаў кангрэсу плануюць выдаць асобнай кнігай, што дазволіць азнаёміцца з ім больш дэтальна.

Форум цягам двух дзён збіраў сваіх удзельнікаў на некалькіх лакацыях: у сценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і іншых. Так, напрыклад, адкрыццё кангрэса і дыскусійная пляцоўка «Фарміраванне новай культурнай ідэнтычнасці чалавека ў зменлівым свеце: місія культуры і мастацтва» прайшлі ў канферэнц-зале гасцініцы «Беларусь». У сценах Нацыянальнай бібліятэкі абмяркавалі «Устойлівае развіццё бібліятэк ва ўмовах культурнай і лічбавай інтэграцыі». А ў другі дзень форуму ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў прайшлі майстар-класы: «Сцэнічны рух», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Рэжысура тэатра», «Мастацтва эстраднага вакалу». Паралельна там таксама працавалі экспертныя сесіі, дыскусійныя пляцоўкі, прэзентацыйная пляцоўка «Інавацыйныя падыходы ў павышэнні эфектыўнасці дадатковай прафесійнай адукацыі». Акрамя гэтага, да 12 кастрычніка ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» чакае сваіх наведвальнікаў выставачны праект студэнтаў і педагогаў ВНУ культуры і мастацтваў Беларусі і Расіі «Дыялог школ», арганізаваны пры ўдзеле Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У экспазіцыі прадстаўлены найлепшыя работы студэнтаў і выпускнікоў вядучых ВНУ, дзе кожны зможа азнаёміцца з творчымі дасягненнямі маладых аўтараў у сферы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама крэатыўнага дызайну.

Алена ДРАПКО

Фота дадзена прэс-службай БДУКМ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.