Вы тут

Якія праекты будуць прадстаўлены ў фінале конкурсу «100 ідэй для СНД»


18–20 кастрычніка ў Мінску сустрэнуцца найлепшыя маладыя наватары Садружнасці Незалежных Дзяржаў і прэзентуюць свае распрацоўкі на Міжнародным маладзёжным праекце «100 ідэй для СНД». Галоўная яго мэта — фарміраванне ў маладзёжным асяродку дзелавой і інавацыйнай культуры.


Набыў статус нацыянальнага

— Мы знаходзімся на парозе вельмі значнай маладзёжнай падзеі, — падкрэслівае сакратар ЦК БРСМ Аляксандра Ганчарова. — Гісторыя праекта насамрэч унікальная. Дванаццаць гадоў таму БРСМ пачаў яго рэалізоўваць, і зусім хутка мы ўбачылі, як іншыя краіны-ўдзельніцы падхапілі нашу ідэю. Летась мне ўдалося пабываць на падобным праекце ва Узбекістане, пераканалася, што наша задумка пашырае сваю геаграфію. Таленавітая і адораная моладзь атрымлівае падтрымку не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах СНД. А ў нас праект стаў не толькі візітнай карткай маладзёжнай арганізацыі, але і брэндам маладой незалежнай Беларусі.

Трэба заўважыць, што для ўдзелу ў дванаццатым сезоне папулярнага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі», які набыў статус нацыянальнага, было пададзена 1200 заявак. А за ўсе гады яго правядзення — больш як 18 тысяч. І звыш 3 тысяч распрацовак укараняецца сёння ў практычнае жыццё. Кожны год ён прырастае новымі імёнамі, новымі навукова-тэхнічнымі, інтэлектуальнымі і сацыяльнымі распрацоўкамі.

На міжнароднай арэне Беларусь прадставяць сёлета 12 пераможцаў рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі» адзінаццатага і дванаццатага сезонаў. Пазнаёмімся бліжэй з імі праектамі.

Распусціць вугаль у вадзе

«Атрыманне высокаактыўнага мезапорыстага вугалю з адходаў дрэваапрацоўчай вытворчасці» — так называецца праект, якія будзе абараняць выпускнік адукацыйнага напрамку «Зялёная хімія» Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, студэнт першага курса хімічнага факультэта БДУ Андрэй Мамаеў.

Андрэй Мамаеў: «Адна з пераваг — высокая сарбцыйная здольнасць мезапорыстага актываванага вугалю».

— У нашай краіне ўтвараецца каля паўмільёна тон драўняных адходаў, і ў той жа час мы імпартуем штогод больш за 570 тон актываванага вугалю коштам да 20 тысяч долараў за тону. Таму мы з маім навуковым кіраўніком прафесарам Дзмітрыем Грыншпанам вырашылі распрацаваць тэхналогію атрымання актываванага вугалю з кары і пілавіння, — расказаў юнак. — Для гэтага правялі хімічную апрацоўку здробненай сыравіны хімічным рэагентам, затым тэрмічную апрацоўку і атрымалі мезапорысты актываваны вугаль. Наяўнасць мезапор дазваляе выкарыстоўваць актываваны вугаль для ачысткі паветра ад радыёактыўных газаў, лёгкалятучых неарганічных спалучэнняў і пароў арганічных растваральнікаў, для ачысткі сцёкавых водаў АЭС ад сярэдне- і нізкаактыўных радыёнуклідаў, сцёкавых вод фармацэўтычнай прамысловасці ад антыбіётыкаў, гарманальных прэпаратаў, паверхнева-актыўных рэчываў, для ачысткі спіртаўтрымлівальных прадуктаў — ад сівушных алеяў у лікёра-гарэлачнай вытворчасці.

Патэнцыяльныя спажыўцы прадукцыі — «Белмедпрэпараты», «Атлант», канцэрн «Белдзяржхарчпрам», ААТ «Мінск Крышталь» і ўсе прадпрыемствы, якія маюць праблемы з ачысткай сцёкавых вод. Паводле папярэдніх разлікаў сабекошт атрыманага намі з драўняных адходаў мезапорыстага вугалю складае 5 тысяч долараў за тону, што ў чатыры разы танней за імпартныя аналагі.

«На тэрыторыі Беларусі і краін СНД мезапорысты актываваны вугаль не вырабляецца. А еўрапейскія і кітайскі аналагі саступаюць нашай распрацоўцы, — сцвярджае інаватар. — Адна з пераваг атрыманага мезапорыстага актываванага вугалю — яго высокая сарбцыйная здольнасць: так, калі здольнасць імпартных сарбентаў па стандартным маркеры складае 15–300 мг/г, то ў актываванага вугалю з пілавіння гэты паказчык — 595–610 мг/г. Наш вугаль цалкам распускаецца ў вадзе. Калі кінуць у шклянку з вадой звычайную аптэчную таблетку вугалю, то яна проста выпадзе ў асадак. А калі кінуць у посуд з вадой нашу таблетку з мезапорыстага вугалю, то яна цалкам распусціцца і ўтворыцца аднародная субстанцыя. У чым перавага? Дапусцім, вы атруціліся і спажываеце актываваны вугаль. Таксіны знаходзяцца па ўсім страўнікава-кішэчным тракце. Але калі вы спажываеце аптэчную таблетку, таксіны паглынаюцца толькі вакол самой таблеткі, і трэба адначасова прыняць шмат таблетак, каб атрымаць чаканы эфект. А раствор, атрыманы з нашай таблеткі, раўнамерна размяркоўваецца і эфектыўна працуе. Да таго ж дзіця не заўсёды можна прымусіць выпіць таблеткі, а выпіць чорную вадзічку, якая не мае ніякага смаку, малечы нашмат прасцей. Менавіта такі раствор паспрабаваў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падчас наведвання 1 верасня Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Прэзідэнт ацаніў распрацоўку і даручыў укараніць яе ў рэальны сектар эканомікі нашай краіны».

Паразумецца на мове жэстаў

Праект студэнткі першага курса Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Лізаветы Івановай — сэнсарная пальчатка для алічбавання жэстаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Стваралася распрацоўка пад куратарствам школьнай настаўніцы інфарматыкі Хрысціны Куставай. Дзяўчына марыць зрабіць навакольны свет не толькі зручным, але і тэхналагічным.

Лізавета Іванова: «Ідэя — дапамагчы кантактаваць з тымі, хто не ведае мову жэстаў».

Для большасці здаровых людзей праблемы інвалідаў часта падаюцца занадта далёкімі і недастаткова актуальнымі. Мы прызвычаіліся бачыць, чуць, займацца любімымі справамі, не ўсведамляючы таго, што побач з намі жывуць тысячы людзей з адсутнасцю слыху і маўлення.

— Наша ідэя заключалася ў тым, каб дапамагчы людзям з абмежаванымі магчымасцямі кантактаваць з тымі, хто не ведае мовы жэстаў, — патлумачыла Лізавета. — Гэта надзвычай актуальна для ўстаноў аховы здароўя, службы хуткай дапамогі, прыёмных аддзяленняў бальніц, аптэк, сацыяльных устаноў, дзяржаўных органаў улады... Звычайна людзі, якія размаўляюць на мове жэстаў, пішуць тое, што ім трэба, на паперы ці на экране смартфона, каб іх зразумелі. Але як быць у экстранных выпадках, калі чалавеку патрабуецца неадкладная медыцынская дапамога? Сэнсарная пальчатка ўзаемадзейнічае са смартфонам з устаноўленай на ім мабільнай праграмай «Лёгка скажы», выкарыстоўваючы тэхналогію bluetooth. Для алічбоўкі жэстаў быў напісаны праграмны код. Жэсты распазнаюцца праграмай і выводзяцца на экран смартфона ў выглядзе тэксту. Каб чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі пачаць кантактаваць, дастаткова проста надзець пальчатку і націснуць у дадатку кнопку «Распазнаванне». Пасля ўключэння гэтай каманды смартфон пачынае счытваць жэсты, якія паказваюцца рукой, і дубляваць іх на экране. Затым, калі карыстальнік пераканаўся, што ўсе яны былі ідэнтыфікаваны правільна, праграма адаптуе іх у рускамоўны тэкст.

Малады рацыяналізатар падкрэсліла, што асноўнай перавагай праекта стала функцыя навучання. Цяпер асвойваць мову жэстаў можа любы ахвотны.

Ежа будучыні з картрыджа

Загадчык сектара комплексных даследаванняў мясных прадуктаў аддзела тэхналогій мясных прадуктаў Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі Ірына Калтовіч будзе прадстаўляць у фінале «100 ідэй для СНД» праект «HoReCa 3D-food prіntіng», які перамог сёлета на рэспубліканскім узроўні ў намінацыі «Найлепшая бізнес-ідэя».

Ірына Калтовіч: «3D-мясныя прадукты маюць цалкам натуральны склад»

— Мясны 3D-прынцінг — новы напрамак у харчовай прамысловасці, які мае шмат пераваг, — тлумачыць Ірына. — Замест чарнілаў у картрыджах — харчовыя інгрэдыенты. З дапамогай гэтай тэхналогіі можна індывідуалізавана мадэляваць харчовую і біялагічную каштоўнасць прадукту, уключаць у яго тыя мікра- і макраэлементы, якія патрабуюцца канкрэтнаму чалавеку і, наадварот, выключаць з прадуктаў непатрэбныя кампаненты, каб папярэдзіць алергічную рэакцыю. У нашым інстытуце былі распрацаваныя ўнікальныя тэхналогіі вытворчасці 3D-мясных прадуктаў, 3D-мясных сумесяў і 3D-мясных эмульсій. Заўважу, што 3D-мясныя прадукты маюць цалкам натуральны склад, для мясных сумесяў выкарыстоўваецца толькі высакаякасная сыравіна, у іх адсутнічаюць харчовыя дабаўкі. Яны вылучаюцца працяглым тэрмінам захоўвання — да шасці месяцаў пры тэмпературы 18 градусаў (плюс-мінус два градусы). Іх можна браць у палярныя экспедыцыі і нават у касмічныя палёты. Па сутнасці, гэта абязводжанае мяса, канцэнтрат, які аднаўляецца па аналогіі з бульбяным пюрэ хуткага прыгатавання. Толькі ты атрымліваеш карыснае мясное пюрэ.

Заўважу, што 3D-мясны прынцінг спрыяе развіццю персаніфікаванага лячэбна-дыетычнага, спартыўнага, дзіцячага і гіпаалергеннага харчавання. Таксама тэхналогія дазваляе ўлічваць індывідуальныя патрэбы пажылых людзей, якія маюць, напрыклад, дэфіцыт кальцыю, спартсменаў — для дасягнення імі высокіх вынікаў і гэтак далей. Тэхналогія дазваляе вырабляць унікальныя прадукты нестандартнай формы і дызайну з зададзеным смакам па спецыялізаваных заказах спажыўцоў. Для малых, якія адмаўляюцца есці, можна рабіць прадукты ў выглядзе персанажаў з папулярных мульцікаў, «надрукаваць» арыгінальны мясны пірог ці мясное пірожнае. Дзіця з задавальненнем з’есць такі прадукт. Пры гэтым мы зможам забяспечыць патрэбы арганізма тымі нутрыентамі, якія патрэбныя для росту і развіцця канкрэтнага дзіцяці. Фактычна размова ідзе пра ежу наступнага пакалення.

Smart-профіль заменіць візітоўкі

«Сучасны бізнес ужо складана ўявіць без стварэння рэсурсаў у інтэрнэце. На гэтым пабудавана не толькі інфармацыйная база, але і цэлая маркетынгавая стратэгія», — у гэтым упэўнены Ян Гулевіч, генеральны дырэктар ААТ «ЯнаўСэрвісГруп», які прадставіць у фінале «100 ідэй для СНД» праект «Yacard» — бескантактную smart-візітку.

— Yacard выводзіць на пярэдні план беспрэцэдэнтную функцыянальнасць, спрашчаючы сацыяльны абмен, дапамагае абменьвацца данымі адным дотыкам, — сцвярджае ён. — Дастаткова толькі прыкласці сваю smart-карту да чужога смартфона. Прадукты yacard утрымліваюць інтэлектуальны чып, які па бесправадной сетцы адпраўляе ўсю вашу інфармацыю (кантакты, электронныя адрасы, профілі ў сацыяльных сетках) на тэлефон вашага суразмоўніка. Абмен ініцыіруецца push-паведамленнем, якое з’яўляецца на тэлефоне іншага чалавека. Калі націснуць на гэта апавяшчэнне, ваш профіль загрузіцца ў браўзеры на яго тэлефоне. Smart-карта замяняе сотні візітовак. У smart-профіль можна дабавіць столькі інфармацыі, колькі яе ўладальнік палічыць патрэбным, можна яе карэкціраваць. А іншаму чалавеку не трэба ўстанаўліваць спецыяльную праграму для атрымання вашых звестак. Yacard можа пахваліцца сумяшчальнасцю практычна з ўсімі прыладамі. Для мадэляў тэлефонаў, у якіх няма NFC, на карце ёсць опцыя QR-кода.

Можна знайсці для smart-карты і іншае прымяненне: такая візітоўка дапаможа дарослым ідэнтыфікаваць асобу дзіцяці ў выпадку, калі тое згубілася. Ёй можна «ўзброіць» і людзей сталага веку, якія пакутуюць на страту памяці.

Касцюм-абагравальнік для ўсіх

Ідэя стварэння энергаэфектыўнага адзення прыйшла навучэнцу Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа Уладзіславу Малаткову падчас вытворчай практыкі.

Ідэя старэння энергаэфектыўнага касцюма прыйшла Уладзіславу Малаткову  падчас вытворчай практыкі

— Я працаваў на заводзе, дзе было холадна! — расказаў Уладзіслаў. — Падумаў, што трэба нешта зрабіць, каб у халодны час рабочым было працаваць больш камфортна.

Ідэальным рашэннем сталі лёгкія і кампактныя сонечныя панэлі. На цёплай падкладцы спіны касцюма знаходзіцца ніхромавая спіраль, якая награваецца ад гэтых сонечных батарэй. Спіне цёпла. Створаны гарнітур нашмат таннейшы ў параўнанні з замежнымі аналагамі, больш практычны (не патрабуе падзарадкі ад USB), больш лёгкі і зручны (на гарнітуры няма цяжкіх акумулятараў і дадатковых электрычных дэталяў), ён больш зручны ў выкарыстанні (уся дадатковая абагравальная канструкцыя з’яўляецца здымнай). Энергаэфектыўная спецвопратка прызначана для абароны чалавека, які працуе ў неспрыяльных кліматычных умовах. Адмысловы гарнітур мае пяць сонечных панэляў, якія выпрацоўваюць напругу 25В — гэтага досыць, каб абагрэць ніхромавым дротам увесь гарнітур, сумесна з камбінезонам. Дзякуючы тэрмарэгулятару перагрэў немагчымы. А ў рабочым абутку ў вусцілках размешчаны п’езагенератары. Прынцып дзеяння такі: падчас хады пятка цісне на вусцілку, выпрацоўваецца электрычнасць, якая паступае на абагравальную спіраль і грэе ногі. Такім спосабам можна абаграваць любы касцюм, напрыклад, для аўтамабілістаў, або выкарыстоўваць мамам для прагулак з дзецьмі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Загаловак у газеце: Ад Сінявокай да СНД: Праект, які стаў брэндам

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.