Вы тут

Дні башкірскай літаратуры ў Беларусі


Адна са старонак беларуска-башкірскага літаратурнага сяброўства — гэта далучанасць да лёсу нашага сінявокага края, да нашай лясной і азёрнай Беларусі башкірскіх паэтаў і празаікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 гг. Раскажам хаця б некаторыя старонкі гэтай часткі ў біяграфіі нашай літаратурнай дружбы. 


У вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прымаў удзел паэт, празаік, драматург Шарыф Сагадатулавіч БІКУЛАЎ (1924 — 1995). Заслужаны работнік культуры РСФСР. Лаўрэат прэміі імя Г. Саляма. У вайну ён займаў пасады камандзіра агнявога ўзвода, камандзіра артылерыйскай батарэі. Шарыф Бікулаў у складзе падраздзяленняў, вайсковых злучэнняў Заходняга фронта, 3-га Беларускага фронта вызваляў Смаленшчыну, некаторыя раёны Беларусі. У 1944 годзе пісьменнік быў цяжка паранены і пасля лячэння ў шпіталях дэмабілізаваны. Ш. Бікулаў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны», баявымі і юбілейнымі медалямі. Яшчэ на фронце Шарыф Сагадатулавіч уступіў у члены КПСС. Вярнуўшыся дадому, дваццацігадовы ветэран вайны паступіў у Башкірскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Закончыўшы вучобу, Бікулаў працаваў выкладчыкам, загадчыкам вучэбнай часткі ва Уфімскім тэатральным тэхнікуме. У 1952 — 1962 гады пісьменнік працаваў рэдактарам рэспубліканскага часопіса «Піянер» і газеты «Піянер Башкартастана». З 1962 года Шарыф Сагадатулавіч — адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Башкірскай АССР. Башкірскі літаратар — аўтар рамана «Мы яшчэ пажывём» (кніга пабачыла свет на башкірскай і рускай мовах), зборнікаў вершаў і паэм «Імкненне», «Сучасніку», «Успамінаючы мінулае», «На досвітку», «Цудоўны сон», «Калі б я ведаў...» Пад вокладкамі гэтых кніг — і «беларускія старонкі» Шарыфа Бікулава. Шмат башкірскі пісьменнік зрабіў і ў галіне мастацкага перакладу, пераўвасобіўшы на родную мову творы А. С. Пушкіна, М. А. Някрасава, С. Міхалкова, А. Макаранкі, Тактагула, Сафрона Данілава...

У складзе 112-й Башкірскай кавалерыйскай дывізіі ваяваў паэт і драматург Даян КАДЫР (1910 — 1975). Заслужаны дзеяч мастацтваў Башкірскай АССР. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, двойчы — «Знак Пашаны». Разам з байцамі і камандзірамі легендарнага вайсковага злучэння лісупрацоўнік дывізіённай газеты Кадыр Даянаў (Кадыр Даян — гэта ўжо пісьменніцкае прозвішча) удзельнічаў у Гомельска- Рэчыцкай аперацыі ў лістападзе 1943 года. Азяршчына, Рэчыца, Краснаполле, Холмеч, Калінкавічы. Гомель — вось адрасы, які звязаны з гэтай вайсковай аперацыяй. А ў студзені 1944 года башкірскія кавалерысты ўдзельнічалі ў Мазырскім рэйдзе, удзельнічалі ў вызваленні Мазыра. Пасля вайны пісьменнік (а друкавацца Даян Кадыр пачаў яшчэ ў 1929 годзе) працаваў рэдактарам Башкірскага кніжнага выдавецтва, затым — літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў Башкірскай АССР. Загінуў паэт 19 кастрычніка 1975 года, выратоўваючы дзіця, якое звалілася на чыгуначныя рэйкі на станцыі Чышмы-Уфа. Даян Кадыр — аўтар многіх п’ес, казак для дзяцей, якія і зараз чытаюць хлопчыкі і дзяўчынкі Башкартастана. 

Яркая асоба ў шматнацыянальнай расійскай літаратуры — народны паэт Рэспублікі Башкартастан Назар НАДЖМІ (1918 — 1999). За свае творчыя здзяйсненні пісьменнік адзначаны Дзяржаўнай прэміяй РСФСР імя М. Горкага, Дзяржаўнай прэміяй Башкірскай АССР імя Салавата Юлаева. Літаратар удзельнічаў у вызваленні Беларусі, Малдовы, Польшчы. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, Чырвонай Зоркі, баявымі медалямі; за творчую працу адзначаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга. Назар Наджмі — аўтар многіх паэтычных і празаічных кніг. Яны пабачылі свет на башкірскай, рускай, татарскай мовах. Выйшаў ва Уфе і трохтомны збор твораў Н. Наджмі. Удзячныя землякі надзіва шмат зрабілі для захавання памяці пра таленавітага творцу. У сяле Мінішты Дзюрцюлінскага раёна, дзе нарадзіўся пісьменнік, працуе Дом-музей народнага паэта. Імя Назара Наджмі носіць гімназія ў горадзе Дзюрцюлі. 

Пры фарсіраванні Дняпра быў цяжка паранены башкірскі паэт Муса ГАЛІ (1923 — 2004). У час вызвалення Беларусі ад фашыстаў ён — памочнік камандзіра ўзвода. Савецкі і расійскі башкірскі паэт, Муса Галі пачаў займацца літаратурнай працай яшчэ ў час даваеннай вучобы ў Даўлеканскім педагагічным вучылішчы. Вярнуўшыся з вайны, закончыў Башкірскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, затым, у 1965-м, — Вышэйшыя літаратурныя курсы. Першы зборнік вершаў Мусы Галі — «Светлы дзень» — паабчыў свет у 1953 годзе. Спадчына творцы складаецца болей чым з 40 паэтычных кніг. Публіцыстычныя, літаратурна-крытычныя артыкулы башкірскага мастака слова аб’яднаны ў зборніку «Кветкі і зоркі» (1981). У 1979 годзе паэт атрымаў Дзяржаўную прэмію Башкірскай АССР. У 1982 годзе літаратар атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры Башкірскай АССР. У родным сяле імем пісьменніка названы вуліца і сярэдняя школа. Муса Галі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў. 

Вызваляў некаторыя раёны Беларусі і башкірскі празаік Галі ІБРАГІМАЎ (1918 — 1989). Заслужаны работнік культуры РСФСР, заслужаны работнік культуры Башкірскай АССР, лаўрэт Дзяржаўнай прэміі БАССР імя Салавата Юлаева, ён пакінуў значны след у башкірскай нацыянальнай літаратуры. У 1959 — 1973 гг. Галі Ібрагімаў — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Агідэль», галоўнага башкірскага пісьменніцкага часопіса. Галоўны твор празаіка — раман «Кінзя», па якому зняты шматсерыйны мастацкі фільм. Твор прысвечаны тэме ўдзелу башкір у паўстанні Емяльяна Пугачова. 

Падзеям Вялікай Айчыннай вайны прысвяціў многія свае творы празаік, паэт і журналіст Дзініс ІСЛАМАЎ (1921 — 1973), які таксама ваяваў у Беларусі. За баявыя подзвігі пісьменнік узнагароджаны чатырма баявымі ордэнамі — Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I і II ступеняў, а таксама медалямі. Пяру таленавітага башкірскага мастака слова належаць кнігі «Гады і дарогі», «Тры сустрэчы», «Зеелаўскія вышыні», «Дарога Масквы», «Паўднёвае сонца», «Шчодрая зямля», «Дзяўчаты»... 

... Усяго 36 гадоў пражыў башкірскі празаік, паэт і журналіст Дзім БАЯЗІТ (1909 — 1945). З 1932 года ён служыў у пагранічных войсках. Спярша на Далёкім Усходзе. З 1934-га — палітрук, затым — камісар палка. Прымаў удзел у баявых дзеяннях на возеры Хасан і на Халхін-Голе ў Манголіі. У пярэдадзень Вялікай Айчыннай злучэнне, у якім служыў пісьменнік, перакінулі на заходнюю мяжу СССР. 22 чэрвеня 1941 года Дзім Баязіт быў сярод тых, хто першымі прыняў на сябе ўдар фашысцкай армады. Адступаючы праз гарады і вёскі Беларусі, Смаленшчыны, літаратар адчуў на сабе ўвесь боль, усе пакуты простага люду, які заставаўся чакаць прыходу фашыстаў... Ззаду заставаліся Полацк, Віцебск, Жлобін... У баях пад Смаленсках Дзім Баязіт быў цяжка паранены. Але праз некаторы час ізноў вярнуўся ў строй. І ўсё ж праз некаторы час пісьменнік дэмабілізаваўся з арміі па інваліднасці. У 1943 — 1945 гг. літаратар з’яўляўся супрацоўнікам Башкірскага абласнога камітэта Усесаюзнай Камуністычнай партыі (бальшавікоў). Яшчэ ў 1936 годзе выйшаў першы зборнік апавяданняў Д. Баязіта «Ваенныя апавяданні», у 1941-м — другая кніга прозы «Франтавыя апавяданні», куды ўвайшлі і апавяданні пра першыя дні Вялікай Айчыннай вайны... 

Беларусь ад фашыстаў вызваляў і паэт і празаік, заслужаны работнік Башкірскай АССР Ханіф КАРЫМАЎ (1910 — 1983). Палітрук роты, камісар батальёна, карэспандэнт армейскай газеты, многія свае франтавыя ўражанні ўклаў у свае мастацкія творы. Поруч з баявымі ўзнагародамі — ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За абарону Масквы», «За ўзяцце Кёнігсберга» Ханіф Карымавіч быў адзначаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў. Друкавацца Ханіф Карымаў пачаў яшчэ ў 1930 годзе. Першая кніга вершаў — «Песня вартавога» — выйшла ў 1934 годзе. Башкірскі літаратар — перакладчык паэзіі А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, А. Міцкевіча, іншых класікаў сусветнай паэзіі. 

6 ліпеня 1944 года ў адным з баёў на тэрыторыі Беларусі загінуў башкірскі савецкі паэт Зінат КУЦІП (1918 — 1944). Да вайны працаваў настаўнікам гісторыі. У 1939 годзе Башкірскае дзяржаўнае выдавецтва выпусціла яго паэтычны зборнік для дзяцей — «Вершы», куды ўвайшлі і творы пра барацьбу іспанскага народа з фашызмам. Мо варта ў час, калі ў свеце разгарнулася супрацьстаянне, калі грымяць выбухі снарадаў, пісьменніцкім арганізацыям Башкартастана і Беларусі ўсталяваць Літаратурную прэмію імя Зіната Куціпа?.. 

Вялікую Айчынную вайну сустрэў на подступах да Мінска паэт Нур ІСМАГІЛАЎ (1919 — 1942). Цяжка паранены ў Беларусі, непадалёку ад Барысава, пасля доўгага лячэння ў шпіталі ён памёр 17 верасня 1942 года. Ваявалі ў Беларусі башкірскія пісьменнікі Аміры ГАЙНАН (1911 — 1982), Рамазан КУТУШАЎ (1924 — 2020), Хакім ГІЛЯЖАЎ (1923 — 1997). Вызваляў Горкі, Шклоў, іншыя беларускія паселішчы паэт Бадруш МУКАМАЙ, які загінуў ў Латвіі. 

... Відаць, да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ці да 80-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг. варта выдаць анталогію твораў тых пісьменнікаў Расіі, хто прайшоў сцежкамі нашага краю, хто застаўся ляжаць у беларускай зямлі. Гэта — і ўдмурцкі паэт Піліп Кедраў, і татарын Закі Нуры, які партызаніў у атрадзе Канстанціна Заслонава на Аршаншчыне, і калмык беларускі партызан Міхаіл Хонінаў, і класікі, добра вядомыя творцы рускай літаратуры Аляксандр Твардоўскі, Канстанцін Сіманаў, Міхаіл Матусоўскі, Яўген Далматоўскі, Барыс Дубровін... Такая анталогія памяці застанецца і для многіх наступных пакаленняў беларусаў і расіян, якім разам бараніць мір, якім разам супрацьстаяць варожай калатнечы. 

Максім ПЯСЧАНСКІ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.