Вы тут

Куды рушыць Польшча перад самымі выбарамі?


Літаральна праз некалькі дзён у Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Асноўнае супрацьстаянне разгортваецца паміж кіруючай партыяй «Права і справядлівасць» і партыяй экс-прэм'ера Польшчы Дональда Туска «Грамадзянская платформа». Барацьба за галасы выбаршчыкаў разгарнулася нежартоўная — салодкія абяцанні падмацоўваюцца бруднай вайной кампраматаў і ліхаманкавым пошукам ворагаў (як знешніх, так і ўнутраных). Відавочна, што многія простыя палякі стаміліся ад нявызначанасці і не бачаць дастойных палітыкаў, з якімі атаясамляюцца перамены да лепшага. Усё гэта ўскладняецца імклівым зніжэннем узроўню жыцця, згортваннем сацыяльных гарантый і ў шэрагу выпадкаў — нават жабрацтвам. Куды ж рушыць Польшча?


Няма на што жыць

Пасля васьмі гадоў кіравання партыі «Права і справядлівасць» у Польшчы цэны ўзраслі настолькі, што просты паход у краму ператварыўся ў стрэс для палякаў. Пра гэта на YouTube-канале БелТА распавёў польскі палітолаг, публіцыст Томаш Грыгуч. «Пасля васьмі гадоў кіравання партыі «Права і справядлівасць» у Польшчы адмоўнае стаўленне да яе значна ўзрасло. Акрамя таго, у нас у краіне ёсць вельмі шмат людзей, якія не прадстаўлены ні ў Сейме, ні ў СМІ. Гэта так званая выключаная частка польскай нацыі, меркаванні і голас якой з'яўляюцца ў інтэрнэце. Я маю гонар належаць да гэтай групы незалежных галасоў польскай грамадскай думкі. Таму што мы, палякі, разумеем, што адбываецца. І мы спрабуем адкрыта і сумленна казаць пра гэта, у тым ліку ў беларускіх СМІ. Калі вы спытаеце ў палякаў, што такое Беларусь, то адказ будзе просты: Беларусь — гэта брат, сусед і сябар», — адзначыў Томаш Грыгуч.

Вяртаючыся да вынікаў праўлення партыі «ПіС», палітолаг адзначыў, што яе кіраўніцтва сваёй васальнай палітыкай у адносінах да ЗША прывяло краіну да каласальнага росту цэн. «Людзям прыходзіцца працаваць на дзвюх работах, таму што ўсё вельмі дорага, асабліва паліва. Цяпер яны знізілі цэны на паліва ў Польшчы, таму што наперадзе выбары. Але людзям проста няма на што жыць. Паход у краму па пакупкі — гэта вялікі стрэс. Якасць жыцця імкліва зніжаецца», — заўважыў Томаш Грыгуч.

Як высветлілася, усё больш людзей у Польшчы не могуць дазволіць сабе гарачае харчаванне і не даядаюць. Як паведамляе Busіness іnsіder Polska, даследаванне было праведзена сярод людзей, якія атрымліваюць дапамогу ў харчовых банках ва ўсіх ваяводствах краіны. Паводле апошняй справаздачы Федэрацыі польскіх харчовых банкаў (FPBZ), больш за палову палякаў, якія атрымліваюць дапамогу ў харчовых банках, хоць бы раз у год займалі грошы на ежу. «У Польшчы ёсць людзі, якія недаядаюць з-за беднасці. Гэта велізарная сацыяльная праблема, якая, на жаль, узмацняецца з-за высокай інфляцыі», — адзначыла кіраўнік FPBZ Беата Цепла.

Людзям проста не хапае грошай для паўнавартаснага харчавання: інфляцыя пашыраецца, а зарплаты практычна стаяць на месцы. Амаль 78 працэнтаў беднякоў, якія атрымліваюць бясплатную ежу ад дабрачынных арганізацый па ўсёй Польшчы, заявіла, што «за апошні год іх эканамічнае становішча пагоршылася». Шэсць з дзесяці апытаных кліентаў Харчовага банка заявілі, што ім даводзілася займаць грошы для набыцця прадуктаў харчавання. Толькі кожны чацвёрты можа дазволіць сабе паўнавартасную гарачую ежу кожны дзень.

Рэспандэнты заявілі, што ім недаступныя некаторыя віды прадуктаў харчавання з-за цэн. 60 працэнтаў адмаўляецца ад рыбы, 53 працэнты — ад мяса і каўбасных вырабаў і амаль 41 працэнт — ад гародніны. Некаторыя апытаныя выключылі са спіса прадуктаў таксама цукар, прысмакі і напоі, у тым ліку каву і чай.

Сярод людзей з самым нізкім прыбыткам у найбольш складанай сітуацыі пенсіянеры, дзеці, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама бацькі, якія выхоўваюць дзяцей у няпоўнай сям'і. Насуперак стэрэатыпам менавіта сем'і з адным з бацькоў, а не шматдзетныя падвяргаюцца найбольшай рызыцы недаядання. Асабліва цяжкае жыццё ў работнікаў, якія атрымліваюць мінімальную зарплату, у буйных гарадах, дзе цэны на тавары і паслугі самыя высокія.

Праграма — красці

Падтрыманне існуючай карумпаванай сістэмы з'яўляецца часткай інтарэсаў кіруючай партыі Польшчы, заявіў польскі палітолаг Томаш Грыгуч. «Маравецкі і яго жонка — мільянеры. У іх шмат зямлі і грошай. А ў каго з кіруючай партыі няма схаваных грошай на рахунках? У іх па некалькі кватэр у Варшаве або іншых гарадах, яны папаўняюць свае рахункі. Бо менавіта гэта іх мэта, таму яны і прыйшлі ў палітыку, — лічыць Томаш Грыгуч. — «ПіС» можа крычаць пра патрыятызм і пра тое, што Польшча для іх важней за ўсё. Але мы дакладна ведаем, навошта яны прыйшлі ў палітыку».

Польская апазіцыя накіравала ў пракуратуру заяву ў дачыненні магчымага здзяйснення злачынства прэм'ер-міністрам Матэушам Маравецкім, які сваім рашэннем выдзеліў дзяржаўныя сродкі на выбарчую кампанію партыі «Права і справядлівасць». Пра гэта паведамляюць польскія СМІ. Дэпутат Грамадзянскай кааліцыі Цэзарый Томчык прадставіў копію газеты «Twoj glos referendalny» («Твой голас на рэферэндуме»), якая, паводле яго слоў, змяшчае крытыку кіраўніка партыі «Грамадзянская платформа» Дональда Туска. Гэта выданне фінансуецца з фонду «Незалежныя Медыя». Паводле інфармацыі польскага парламентарыя, гэты фонд атрымаў з надзвычайнага рэзерву прэм'ер-міністра каля 6 мільёнаў злотых, якія нарматыўна былі прызначаны для фінансавання работ ратавальных службаў і пакрыцця незапланаваных выдаткаў, звязаных з надыходам надзвычайных сітуацый — пажараў, паводак і г. д. Томчык падкрэсліў, што выдзяленне з рэзервовага фонду прэм'ер-міністра гэтых грашовых сродкаў звязана з уцягваннем фонду «Незалежныя Медыя» ў актыўную работу па прасоўванні наратываў кіруючай партыі «Права і справядлівасць» і яе кіраўніка Яраслава Качыньскага ў рамках інфармацыйнай кампаніі па правядзенні рэферэндуму. У сваю чаргу генеральны сакратар партыі «Грамадзянская платформа» Марцін Кервіньскі заявіў, што рэферэндум, запланаваны на 15 кастрычніка, служыць не для таго, каб даць палякам права голасу па важных пытаннях, а для незаконнага фінансавання перадвыбарчай кампаніі партыі «Права і справядлівасць».

Відавочна, што клопат пра насельніцтва не з'яўляецца часткай палітыкі кіруючай партыі, перакананы палітолаг Томаш Грыгуч. «У інтарэсах нашых палітыкаў у Сейме — падтрыманне карумпаванай сістэмы. Яна ўключае мясцовыя органы ўлады, бальніцы, службы занятасці, універсітэты. Усюды кіруюць карумпаваныя супольнасці. Карупцыя ў Польшчы пракралася паўсюль», — падкрэсліў ён. Томаш Грыгуч апісаў праграму польскіх палітыкаў наступным чынам: «Гэтая палітычная праграма такая: яны павінны красці, каб забяспечыць фінансавую будучыню сабе і сваім дзецям» .

Пыха vs прагнасць

Пры гэтым Польшча сама не ведае, чый яна агент, заўважыў расійскі палітолаг, кандыдат палітычных навук Дзмітрый Яўстаф'еў. «Польшча — гэта дзяржава, у якой змагаюцца пыха і прагнасць. Звычайна перамагае пыха. Паглядзім, што будзе гэтым разам, усё-ткі палякі даволі моцна змяніліся за мінулыя 50 гадоў. Проста цікава, як будзе паводзіць сябе Польшча, калі ў гэтай барацьбе пыхі і прагнасці пераможа прагнасць. Я думаю, што з Польшчай, у якой пераможа польская прагнасць, справу мець можна. Таму што з Польшчай, у якой рэгулярна да гэтага перамагала пыха, справу мець нельга ў прынцыпе. Размаўляць з палякам у момант, калі ў Польшчы дамінуе пыха, немагчыма. Таму Польшча яшчэ не вырашыла, чый яна агент», — сказаў Дзмітрый Яўстаф'еў.

Насамрэч паўстае прывід гіены, з якой праз намаганні польскіх улад атаясамляецца суседняя краіна. «У Польшчы змагаюцца вельмі розныя тэндэнцыі, і тое, што ў сутыкненні жабы і гадзюкі (жаба — гэта Качыньскі і яго каманда і гадзюка — гэта Туск) можа з'явіцца нейкая трэцяя сіла, якая, вядома, не будзе дамінантнай, але якая будзе агучваць нейкую новую, больш прагматычную лінію, легалізуючы яе, — на гэта будзе вельмі цікава паглядзець, — дадаў палітолаг. — Таму што вось гэтая глыбінная Польшча рана ці позна сваё слова можа сказаць, і гэтае слова не спадабаецца нікому».

Праблема ў тым, што ў Польшчы няма з чаго выбіраць, адзначыў палітолаг Вадзім Ялфімаў. «Акрамя таго, палякам 30 гадоў прамывалі мазгі, мылі ў іх гістарычную памяць, раздзімалі ў іх надмерныя амбіцыі. Таму, калі гаворка ідзе пра парламенцкія выбары ў Польшчы, гэта пытанне адсутнасці выбару, — заўважыў БелТА эксперт. — Калі ў той жа Германіі ёсць хоць нейкая альтэрнатыва і хоць нейкае разумнае крыло, то ў Польшчы гэта палітычна разумнае поле цалкам зачышчана».

У Польшчы сфарміравалася праамерыканская эліта, заўважыў Вадзім Ялфімаў. «Гэта пачыналася яшчэ ў часы Леха Валенсы. Яны прэтэндавалі на ролю бандыцкага наглядальніка ў Еўропе — у першую чаргу ва Усходняй і Цэнтральнай яе частках. Гэтую пазіцыю яны занялі як мінімум 30 гадоў таму. Ці нават раней, калі толькі ствараўся рух «Салідарнасць». І гэтая пазіцыя прывяла палякаў да заканамернага выніку: яны цалкам пазбавіліся якой-небудзь палітычнай самастойнасці і дзяржаўнага суверэнітэту, — падкрэсліў палітолаг. — Калі называць рэчы сваімі імёнамі, уладу ў Варшаве захапілі амерыканскія замежныя агенты. Яны вядуць Польшчу да чарговага краху. Усе гэтыя агрэсіўныя лозунгі даводзяць шырокія масы польскага насельніцтва да істэрыі. Польшча фактычна знаходзіцца на мяжы вайны. Адзінае, што іх спыняе, — гэта жорсткая пазіцыя Беларусі і Расіі. Акрамя таго, на беларускай тэрыторыі размяшчаецца тактычная ядзерная зброя. І гэта стрымлівае палякаў. Сучасная Польшча падобная на аўтобус, кіроўца якога заснуў або звар'яцеў. Куды ён едзе, невядома».

Каб адносіны Польшчы і Беларусі былі добрасуседскія, палякам патрэбныя смеласць, дальнабачнасць і харызматычныя лідары, адзначыў Томаш Грыгуч. «Усё больш і больш палякаў прыязджаюць у Беларусь, каб убачыць, якая гэта цікавая краіна, поўная добрых людзей, здаровай і экалагічна чыстай ежы. Гэта сапраўды казачна прыгожая краіна, — падкрэсліў польскі палітолаг. — У Беларусі вы свабодна можаце гаварыць і на рускай, і на польскай — з гэтым няма праблем».

Томаш Грыгуч перакананы, што беларусы і палякі павінны жыць у міры і развіваць эканамічнае супрацоўніцтва: «Польскія фермеры маглі б выкарыстоўваць беларускія трактары, камбайны, грузавікі. У Варшаве маглі б ездзіць аўтобусы MАЗ. Палякам патрэбныя толькі смеласць, дальнабачнасць і харызматычныя лідары. У беларусаў усё гэта ўжо ёсць».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.