Вы тут

Якія акцэнты расставіць айчынная вытворчасць фільмаў


У беларускага кіно і ў месца, дзе адбываецца яго вытворчасць, заўсёды былі як прыхільнікі, так і крытыкі. Але, нягледзячы ні на што, на кінастудыі працягваюць ствараць новыя кінастужкі. Яна застаецца месцам прыцягнення як для маладых спецыялістаў, так і тых, хто жадае працягваць рэалізоўваць свае ідэі ў кінематографе. Пра тое, на чым будзе сканцэнтравана работа «Беларусьфільма» ў наступным годзе і якіх фільмаў чакаць ужо найбліжэйшым часам, распавялі прадстаўнікі кінасферы.


Фота: БелТА

Што пракату гарантуе поспех…

Нядаўна на вялікі экран выйшла кінастужка «На другім беразе». Таксама актыўна працягваецца работа над шэрагам праектаў, якія ўбачаць свет зусім хутка. У прыватнасці, плануецца прадставіць на сёлетнім кінафестывалі «Лістапад» фільм маладога рэжысёра Кірыла Халецкага «Кіношнікі».

— Я хацеў бы падзяліцца інфармацыяй аб пракаце нашага асноўнага на сёння фільма «На другім беразе», паказ якога мы распачалі 14 верасня. Кінастужка літаральна за некалькі тыдняў мае дастаткова нядрэнныя касавыя зборы (за два тыдні пасля старту было сабрана парадку 600 тысяч беларускіх рублёў). І пастаянна ёсць запыт на яе дэманстрацыю як у кінатэатрах, так і ў працоўных калектывах, у навучальных установах, — распавядае генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей. — Хутка фільм выйдзе і на тэлебачанні. Мы падпісалі пагадненне з «Беларусь 1», і яны будуць паказваць яго першымі. Таму тыя, хто не змог па нейкіх прычынах наведаць кінатэатры, змогуць убачыць кінастужку дома на тэлеэкранах.

Мы развіваемся. І будзем далей тое рабіць з улікам нашых магчымасцяў і сусветных тэхналогій у кінаіндустрыі. Пастаянна назіраем і аналізуем дасягненні іншых, каб нешта браць і сабе на ўзбраенне. Але наша кінастудыя, па маім меркаванні, павінна здымаць менавіта беларускае кіно. І доказ таму вышэйзгаданы фільм «На другім беразе». Беларускі глядач успрыняў гэтую кінастужку і адгукаецца на яе. Таму і далейшую вытворчасць фільмаў мы плануем базіраваць дакладна на нашай гісторыі, нашым фальклоры, на нашых беларускіх каранях, — патлумачыў Юрый Аляксей. — Будзем прасоўваць нашых людзей праз дакументалістыку. Паказваць і нагадваць, якія рэжысёры працавалі на кінастудыі «Беларусьфільм». 

І не стомімся гаварыць пра нашых заслужаных кінатворцаў. У нас дастаткова планаў на наступны год. Пакуль маем абароненых 39 фільмаў. І кожны з іх адлюстроўвае непасрэдна інтарэс беларускага народа, беларускую культуру.

Дакументалістыка на любы густ

Маюць шмат ідэй для рэалізацыі ў найбліжэйшай перспектыве, да прыкладу, на студыі дакументальнага кіно «Летапіс». Яна існуе пры кінастудыі ўжо больш за паўстагоддзя, ствараючы фільмы, якія захоўваюць для нашчадкаў гісторыю краіны ў бачных вобразах.

— У нас шмат фільмаў, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны. Але апошнім часам мы супрацоўнічалі з Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь і сумесна з імі цяпер ствараем цыкл фільмаў, які ўмоўна назвалі «Трыбунал памяці», — распавядае дырэктар студыі «Летапіс» Аксана Эйхарт. — Ён будзе складацца з некалькіх фільмаў. Першыя два — спаленыя вёскі, якіх выяўляецца ўсё больш, і лагеры смерці. Яшчэ адзін фільм у нас называецца «Галоўная крэпасць» — ён раскажа пра генерала Карбышава. У наступным годзе мы будзем адзначаць 100-годдзе беларускага кіно, таму частку нашай праграмы прысвяцілі выбітным асобам, якія стварылі яго славу.

Аповед пра існаванне і развіццё беларускага кіно дакументалісты плануюць прадставіць аўдыторыі ў некалькіх фільмах. У кінастужцы «Дэманстратар» (пра першыя кінатэатры Беларусі) паспрабуюць пастановачнымі сцэнамі ўзнавіць атмасферу нямога кіно. Пасля ўжо непасрэдна гісторыю станаўлення «Беларусьфільма» пакажуць у карціне «Трэст, які не трэснуў» (гэта будзе перыяд ад 1924 да ВАВ). І потым 60-я гады ўбачым у фільме «Залатая эпоха», калі ствараліся знакавыя для «Беларусьфільма» карціны.

У планах «Летапісу» таксама — работа над цыклам пра знакамітых асоб Беларусі, сярод якіх алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь, вядомы фатограф Юрый Іваноў, народная артыстка Ларыса Александроўская. Цікавымі для рознай аўдыторыі будуць таксама два цыклы аб прыродзе Беларусі.

Калі чакаць іншыя прэм’еры?

Ігравое кіно таксама зможа ў хуткім часе парадаваць новымі працамі. Працягваецца працэс стварэння фільма «Чорны замак Альшанскі», які быў запушчаны летась, і ў красавіку наступнага года ўжо чакаюць яго здачу. Ужо, па словах кіраўніцтва кінастудыі, усё адзнята, ідзе тэхнічны перыяд: здзяйсняецца мантаж, гукавое афармленне: «Гэта будзе вельмі сур’ёзны фільм. Мы спадзяёмся, што яго чакае пракат на сусветным узроўні, паказ на стрымінгавых пляцоўках».

— І ў ігравым кіно мы будзем шукаць важныя сацыяльныя пытанні для нас, для краіны, і імкнуцца ў адпаведнасці з гэтым выбудоўваць рэпертуарную палітыку. Зразумела, што ігравое кіно — гэта доўгі вытворчы працэс. Фільмы з’яўляюцца праз год-паўтара. Думаць на перспектыву складана, але з іншага боку рабіць тое важна і патрэбна, — кажа выконваючы абавязкі дырэктара студыі ігравых фільмаў Таццяна Команава.

Студыя анімацыі рыхтуецца запусціць некалькі важных праектаў, сярод якіх і духоўны фільм «Афрасіння» Наталлі Касцючэнкі, а таксама ёсць спадзеў, што выйдзе і казка-фэнтэзі «Песня Сірын», якая распавядзе пра пантэон славянскіх багоў, і іншыя.

Не сакрэт, што сёння робіцца асноўны акцэнт на прыцягненне маладых кадраў да работы на прадпрыемствах культуры. «Беларусьфільм», вядома, не выключэнне.

— Нядаўна мы абаранілі некалькі праектаў на 2023-2024 гады. Туды ўваходзяць у тым ліку альманах кароткаметражак-прыпавесцей, якія робяць маладыя людзі, «Старонкі з агульнага сшытка», фільм для дзяцей і юнацтва «Гарадская казка». Гатовая да старту карціна, над якой будзе працаваць выпускніца ВГИКа беларуска Ангеліна Станкевіч (студэнтка Мікалая Бурляева з курса рэжысуры аўтарскага кіно). Яна рыхтуецца рабіць фільм «Золата ў агні». Гэта будзе менавіта аўтарскае інтуітыўнае кіно, што не зусім характэрна для нашай кінастудыі, можна сказаць, фільм-эксперымент. І нам цікава, як прыме яго глядач. 

І я ўпэўнена ў запатрабаванасці такой кінастужкі на прафесійных кінафестывалях, — распавяла рэжысёр, мастацкі кіраўнік студыі маладзёжнага кіно «Смолка» Алена Турава. — Вядзецца работа над цэлай серыяй сацыяльна значных ролікаў, прысвечаных здароваму ладу жыцця, прафарыентацыі моладзі. Працуем і над тэмай 100-годдзя беларускага кіно. Да яго рыхтуюцца ўсе нашы падраздзяленні кінастудыі. І наша маладая студыя не магла абмінуць такую тэму.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.