Увосень кветкаводы часта задаюцца пытаннямі: як правільна падрыхтаваць мнагалетнік да зімы, якія віды абрэзаць, а якія пакінуць? Ці ўсе расліны трэба мульчыраваць? Што рабіць з апалай лістотай?
Апалае лісце — выдатны натуральны прадукт, які змяшчае ўсе неабходныя макра- і мікраэлементы для сілкавання раслін.
Таму яе варта пакідаць там, дзе гэта магчыма, але толькі ў выпадку, калі вы ўпэўнены, што яна не стане крыніцай распаўсюджвання шкоднікаў і хвароб. А для гэтага трэба праводзіць усе неабходныя апрацоўкі саду спецыяльнымі прэпаратамі з вясны да позняй восені.
Важна пасля лістападу старанна апырскаць расліны і прыствольныя кругі пад імі ў радыусе 1 м 3% растворам бардоскай вадкасці або 5% растворам меднага або жалезнага купарвасу. Таксама для гэтых мэт падыдзе 7% раствор мачавіны. Пры якасна выкананай апрацоўцы можна быць упэўненым, што ў апалай лістоце не застануцца зімаваць шкоднікі ці рассаднікі бактэрыяльных і грыбных захворванняў.
Іголкі, якія абсыпаліся, ад іглічных культур, а таксама абрэзкі пасля стрыжкі — таксама карыснае сілкаванне. Іх прыкопваюць неглыбока ў глебу пад раслінай. Акрамя таго, іглічны апад — выдатны падкісляльнік грунту для відаў, якія аддаюць перавагу кіслай зямлі: буякі, рададэндраны, азаліі, верас. Месцы іх пасадак можна мульчыраваць ігліцай на працягу ўсяго цёплага сезона.
Абразанне большасці садовых мнагалетнікаў можна адкласці на вясну. Іх надземная частка з часам цалкам раскладаецца і служыць кусцікам каштоўным харчаваннем. Таксама стварае ім камфортныя ўмовы: лепш затрымлівае снег, увесну забяспечвае неабходнай вільгаццю. А насенне, якое засталося ў суквеццях, прыцягвае зімой птушак, што таксама важна для далейшай барацьбы са шкоднікамі ў цёплы перыяд.
Не абразаем!
1. Вечназялёныя і мнагалетнікі, якія зімуюць з лісцем: бадан, барвінак, арабіс, падалешнік, прымула, гейхера, гейхерэла, ясколка, медуніца, дуброўка, панікніца, марознік, каменяломніца, скочкі, пахізандра, пячоначніца, палын, гарлянка паўзучая, флёкс шылападобны, брунера буйналісная, некаторыя віды садовай герані.
2. У травы (міскантус, келерыя, пажарніца востракветкавая, вострыца дзярністая, малінія блакітная) надземная частка засцерагае курціны ад вымярзання, а іх прыгожыя каласкі ўпрыгожваюць сад узімку. Каб сцёблы і лісты не ламаліся пад цяжарам снегу, іх звязваюць. Увесну па меры росту маладых парасткаў старыя лёгка выламаць і выдаліць.
3. Травяністыя мнагалетнікі, якія маюць прывабную восеньскую афарбоўку або ў іх захоўваюцца прыгожыя суквецці: купена, фактурныя суквецці астыльбы, зхінацеі, мардоўніку, сінегаловіка, сумніку, дэкаратыўных цыбулін.
4. Шматгадовыя расліны, якія цвітуць позна ўвосень і ўпрыгожваюць сад, нават калі выпадае першы снег: хрызантэма, салідастэр, расходнік відны, астра куставая.
1. Мнагалетнікі, якія страцілі дэкаратыўнасць: лісце стала карычневым, пацярпела ад замаразкаў і завяла, прыкметныя пашкоджанні хваробамі або шкоднікамі. Да іх адносіцца дэльфініум, лубін, лілейнік, лілея, флёкс, аквілегія, дзярбеннік, хоста. У гэтых раслін выдаляюць надземную частку, пакінуўшы прыкладна 5 см ад зямлі.
2. Суквецці ў мнагалетнікаў, якія добра размножваюцца самасевам. Сярод такіх аквілегія, касмея, лубін, нівянік, шніт-цыбуля.
Адно з правіл прафесійных садоўнікаў абвяшчае: лепш абрэзаць пазней, чым занадта рана. Сігналам для правядзення гэтай працэдуры служыць прыкметнае запаволенне руху соку.
У нашых шыротах гэта канец кастрычніка-лістапад.
Ідэальны варыянт — за 2-3 тыдні да ўстойлівых замаразкаў. Занадта ранняе выдаленне надземнай часткі правакуе рост новых маладых парасткаў, якія не паспяваюць выспець да прыходу зімы і ў выніку падмярзаюць. Але і пазніцца з абрэзкай нельга. Падмерзлыя галіны становяцца далікатнымі і лёгка пашкоджваюцца. Увесну такія абламаныя парасткі прыйдзецца выдаліць.
Калі расліну абразаюць на ўзроўні зямлі, яе трэба абавязкова ўцяпліць апалай лістотай, іглічнымі лапкамі або перагноем. Для невялікіх асобнікаў добра падыдуць у якасці аховы звычайныя пластыкавыя кантэйнеры, у якіх прадаюцца расліны ў садовых крамах і гадавальніках.
Падыходную па памеры ёмістасць пераварочваюць уверх дном і ўсталёўваюць над кветкай. Зверху лепш пакласці невялікі камень, каб кантэйнер не знесла ветрам. Адтуліны ў дне кантэйнера дазваляюць расліне атрымліваць кісларод і крыху святла, а паветраная праслойка ўнутры захоўвае ад замярзання нават пры адсутнасці снегу ў пачатку зімы.
Ірына ТАМКОВІЧ
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.