Вы тут

Свякроў і нявестка — хто яны ў адносінах паміж сабой? Маці і дачка ці чужыя людзі?


Вось я адразу стала называць сваю свякроў мамай і звяртацца да яе на «вы». Мае свякроў і свёкар былі простымі вясковымі людзьмі. У самым пачатку сямейнага жыцця, падчас прыезду да іх ці ад’езду я старалася кожнага абняць і пацалаваць, але яны чамусьці ад мяне адхіляліся. У той час я не разумела, чаму яны так сябе паводзяць. Гэта ўжо потым дайшло, калі больш даведалася аб іх жыцці.


Калі маёй свякроўцы Валянціне быў усяго годзік, не стала яе ласкавай і добрай матулі. Вясной, калі вада была яшчэ надта халоднай, яна пераходзіла праз рэчку і моцна застудзілася. Жанчына «згарэла» ў адзін момант ад высокай тэмпературы. Бацька з цягам часу прывёў другую жонку, якая аказалася злой і жорсткай мачахай. Калі дзяўчынцы споўнілася сем, мачыха аддала яе ў заробкі да чужых людзей, дзе Валя няньчыла дзяцей гаспадыні і рабіла розныя работы на агародзе і ў хаце. А ў васямнаццаць гадоў дзяўчына страціла і роднага бацьку. Жыццё з мачыхай стала нясцерпным. І калі да Валі пасватаўся хлопец з суседняй вёскі, яна яму не адмовіла, хоць і разумела, што выходзіць замуж за нялюбага. Мікола таксама, калі б не моцная траўма пазваночніка, якую ён атрымаў яшчэ ў дзяцінстве, магчыма, і не глянуў бы ў бок Валянціны — яна была з твару не вельмі прыгожая, ды яшчэ галеча. Вось так дзяўчына трапіла ў чужую сям’ю, дзе не прыйшлася даспадобы ні свёкру, ні свякроўцы. Але мусіла скарыцца і цярпець. А нарадзіўшы чатырох дзяцей, гадавала іх і працавала ў саўгасе на розных цяжкіх работах. Так і жыла, пазбаўленая бацькоўскай і мужняй любові, так і сама не змагла выхаваць сваіх дзяцей у любові ды ў ласцы. Бо не ўмела і не ведала, як гэта рабіць.

Мой свёкар заўсёды адносіўся да мяне добра, а вось свякроў... па-рознаму. Безумоўна, яна ніколі не адпускала нас у горад з пустымі сумкамі, але давала гасцінцы як бы без душы (хаця мы кожныя выхадныя і ў водпуску ездзілі да бацькоў мужа і дапамагалі ім). А яшчэ паводзіла сябе поўнаўладнай гаспадыняй, любіла даваць каманды і хацела, каб іх абавязкова выконвалі, што мы і стараліся рабіць без спрэчак. А яшчэ мая свякроў ніколі не запрашала сваіх унучак пагасцяваць у яе на канікулах. А аднойчы сказала так: «Калі зрабіць хоць адзін раз паслугу, дык будзеш усё жыццё ў даўгу».

Мая ж мама, у якой было пяцёра дзяцей і, адпаведна, багата ўнукаў, ніколі так не гаварыла. Усе ўнукі прыязджалі да маіх бацькоў на канікулы, і ўсім бацькі дарылі любоў, ласку, увагу і клопат, а дзеці адказвалі ім тым жа.

У некаторых маіх знаёмых жанчын вельмі добрыя свякроўкі, якія паводзяць сябе, як родныя матулі, і таму нявесткам з імі проста і лёгка. Ёсць каму дапамагчы дагледзець дзяцей, адвесці і забраць з садка і школы, прыгатаваць якую-небудзь страву, быць побач з дзецьмі, калі яны хварэюць... Іх нявесткам, можна сказаць, пашанцавала. Яны могуць спакойна хадзіць на працу, не перажываць і не хвалявацца.

Але ёсць і такія «сучасныя» свякрухі, якім усё роўна, як жывуць іх дзеці і ўнукі. Яны лічаць, што выканалі свой абавязак: нарадзілі і выгадавалі дзяцей, а далей няхай спраўляюцца самі. Для іх жа наступіў, урэшце, час пажыць для сябе, заняцца сваімі любімымі справамі. (Хоць я лічу, што ўсё гэта можна сумяшчаць з клопатамі аб дзецях і ўнуках.) І вось тут нявесткам не пазайздросціш. Яны пачынаюць разрывацца паміж працай і домам, што прыводзіць да ператамлення, стрэсаў і нервовых зрываў. Тут і да развалу сям’і недалёка…

Мая свякроў з гадамі, вядома, змянілася. Яна навучылася разумець, як сябе паводзіць, каб усім было добра. Калі я прыязджала да яе, мы ўсё рабілі разам. Часта за якой-небудзь працай я распытвала і з задавальненнем слухала расповеды пра далёкае мінулае. І яшчэ шмат пра што мы маглі з ёю пагаварыць. А ўнучкі сталі ўсё часцей ездзіць да яе і называць «наша бабулечка».

Але, каб такія адносіны ўзніклі паміж свекрывёй і нявесткай, трэба мець вялікае жаданне і цярпенне, як кажуць, з’есці разам не адзін пуд солі.

Усім нявесткам я жадаю, каб добрых, любячых, клапатлівых свякровак, якія ўмеюць не ствараць праблемы, а, наадварот, паспяхова іх вырашаць, было як мага больш!

Таццяна ЧЭКЕД

г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.