Вы тут

«Полымя»: празрыстыя сэнсы ад аўтараў


Дзясяты нумар «Полымя» настройвае на высокі лад і аўтараў, і патэнцыяльных чытачоў, размяшчаючы на адвароце вокладкі атмасферны, адпаведны кастрычніцкаму настрою верш Анатоля Вялюгіна «Дрымотная мільгае ліставея…». Поўная прыгожых вобразаў і асацыяцый, арыгінальных мастацкіх дэталей, увасобленая паэтычная думка нібы «зазямляе» нас, навучаючы адчуваць у надвор’і, якое традыцыйна падабаецца не ўсім, эстэтыку, падказ­ваючы, як у восені ўбачыць нешта вартае, добрае і прыгожае. Разам з лірыч­ным героем мы спрабуем любіць і лета, якое «ржавее», і «вясёлы смутак», і «жураўліны рэквіем», і прастор, што нагадвае «наліты яблык». Каб убачыць усё гэта, можа, дастаткова здолець разгледзець у апалым лісці на гарадскіх тратуарах «маладосці спадчыну»? У кожным радку А. Вялюгін асыпае нас суквеццем непаўторных вобразаў і сэнсаў, запрашаючы разгарнуць часопіс і паглядзець, што падрыхтавала чытачу рэдакцыя...


Паэзiя ў кастрычніку прадстаўлена падборкамі Міхася Башлакова, Веры Вакулы, Івана Капыловіча, Станіслава Валодзькі. Надрукаваныя вершы ў многім падобныя, нават перагукаюцца тэматычна, магчыма, таму што аўтары прадстаўляюць адно пакаленне. Яно са смакам «перабірае» старонкі мінулага ў памяці, асэнсоўвае жыццё, назірае за светам прыроды, як і згаданы класік А. Вялюгін, ды думае пра тое, што заста­нецца пасля.

У нізцы М. Башлакова «У радасці быць разам і ў журбе» штораз мільгаюць словы «журавы», «мінулае», «развітанне», «душа», «айчына», «мова». Паэт літаральна «гартае ўспаміны», разважае, што для творцы аддаваць на суд часу вершы — непазбежная неабходнасць. Лірычны герой шчыра прызнаецца чытачу, што яму не пішацца, што з’яўленне паэзіі — не такі просты працэс, як можа здавацца, што пісаць трэба тады, калі не можаш іначай.

Вера Вакула падборку «Маляўнічы куток» адкрывае вершам «Тонеж», названым у гонар роднай вёскі пад Туравам. У творы расказваецца «крывавая», «вогненная» гісторыя гэтай мясціны, дзе рукамі карнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны было знішчана, як мы даведваемся з эпіграфа, 262 жыхары. «Ці ж была гэта воля Боскаю?» — задаецца глыбокім, светапоглядным пытаннем паэт, адказ на якое кожны павінен даць сабе сам. У адным з вершаў цяперашняя пара года персаналізуецца і перагукваецца ў свядомасці лірычнай гераіні з восенню чалавечага жыцця, а затым і з яе асабістай, позняй жаночай восенню.

Іван Капыловіч у нізцы «На валуно­вай вярсце» параўноўвае сябе з доўгажыхарамі зямлі — вялізнымі камянямі, рассыпанымі па ўсёй Беларусі ледніком, што прайшоўся па гэтых мясцінах. З магутнымі валунамі («ураслі яны ў грудзі зямлі») можна і паразмаўляць: калі прыгледзецца, у іх з чалавекам шмат агульнага. У творах прысутнічае і ўсведамленне даўжыні пройдзенага шляху («Жыцця утомлены бегам // спыніцца ніяк не магу»), і чаканне вясны з яе дзьмухаўцамі, нягледзячы на стому («А я не губляю надзеі // — Дзьмухаўцовы парадуе дзень»).

Станіслаў Валодзька ў падборцы «Ластаўкі над акном» прыглядаецца да птушак і вышуквае агульнае з імі ў чалавека. Ластаўка становіцца людзям сапраўднай раднёй, жывучы побач, да таго ж, падобна ёй, якая ляціць у далёкі вырай, чалавек таксама спяшаецца пажыць у іншых краінах. Па-мастацку асэнсоўвае аўтар і беларускае народнае свята Багач, і перажытую нашымі продкамі драматычную гістарычную часіну раскулачвання. Аўтар згадвае першы школьны званок, які даўно і незваротна мінуў, і па-ранейшаму, нягледзячы на восень на дварэ і восень свайго жыцця, марыць асвяціць сэрца гаючым каханнем да жанчыны.

Проза ў кастрычніцкім нумары — гэта нарысы «Забраннікаў бераг. З аповедаў жыцця» Уладзіміра Мароза і аповесць «Чаромхавыя халады» Зіновія Прыгодзіча.

У. Мароз як сцэнарыст у згаданым нарысе расказвае пра тры свае стужкі, у якіх прысутнічаюць здольная ператварыцца ў асобнага героя рака Нёман і прынёманскія мясціны. Магутныя воды ракі здаўна фігуруюць у літаратурных творах, а ў мінулым і цяперашнім стагоддзях — з развіццём айчыннай кінаіндустрыі — яны былі ўвекавечаны яшчэ і ў мастацкіх і дакументальных фільмах. Назву гэтаму нарысу дала графічная нізка дачкі пісьменніка, у прыватнасці адна з выяў дрэва на беразе Нёмана, якое было асуджана некалі абарвацца і паплыць у невядомасць. «Імклівыя гады ад нараджэння да смерці падмываюць карані, якімі мы прывязаны да сваёй зямлі. Натуральна, супраціўляемся такому стану рэчаў, але абмежаванасць зямнога існавання бярэ сваё, чалавек, як і дрэва на высокім беразе, у пэўны момант падае ўніз. І, што дзіўна, астатнія дрэвы на беразе быццам падступаюць да краю…» — запрашае чытача пафіласофстваваць разам з ім аўтар нарыса.

Зіновій Прыгодзіч у аповесці «Чаромхавыя халады» выкарыстоўвае папулярны з мінулых часоў мастацкі прыём — аповед у аповедзе, даючы прыгожае літаратурнае абрамленне галоўнай ідэі твора. Паводле сюжэта, унук звяртаецца да свайго дзядулі з пытаннем, якое хвалюе: ці любіць яго дзяўчына, ці варта звязваць з ёй лёс? Замест адказу стары дае нашчадку пачытаць свой дзённік, які вёўся ў маладосці і ў якім апісваецца падобная сітуацыя складаных узаемаадносін з каханай. Чытач пачынае здагадвацца, што гераіня проста не зацікаўлена ў героі задоўга да развязкі і агучанай напрыканцы прама і адназначна думкі: з чалавекам павінна быць лёгка, проста, зразумела. Фінал глядзіцца па-кансерватыўнаму каштоўна ў свеце сучаснага мастацтва, часта не «прыпраўленага» сэнсамі. Часам іх трэба адмыслова вышукваць на прасторах інтэрнэту, а то і наўпрост «выцягваць» з аўтара — яснасць перастае быць знакам якасці і ў айчынным мастацтве слова. Думка ў аповесці З. Прыгодзіча выяўлена празрыста, і ў такой выразнасці заклю­чаецца выхаваўчая і тэрапеўтычная сутнасць літаратуры (гэтага ўсё яшчэ мы прагнем ад мастацтва!), якая павінна не забывацца ставіць пытанні, а некалі і даваць адказы.

Да нашай увагі дзве навуковыя публiкацыi — «Аповесць Івана Цанкара “Батрак Ернэй і яго права” (1907) у Беларусі: рэцэпцыя, пасрэдніцтва, кантэкст» Міколы Труса, а таксама «Гісторыка-кантэкстны падыход у сучасным літаратуразнаўстве» Ганны Кісліцынай.

М. Трус збірае па кроплях літаратурна-выдавецкія факты знаёмства савецкага чытача з вядомым славенскім пісьменнікам і яго творам. Даследчык узнаўляе старонкі ўсходнеславянскай, у тым ліку айчыннай, рэцэпцыі твора, расстаўляючы новыя акцэнты і ў гісторыі славацка-беларускіх літаратурных сувязей. Кожны з прыведзеных у гэтым артыкуле цікавых фактаў культурнага жыцця, паводле аўтара, заслугоўвае асобнага разгляду.

Спецыяліст у галіне тэорыі літаратуры Ганна Кіслыцына абгрунтоўвае запатрабаванасць і плённасць заяўленага ў назве публікацыі метадалагічнага падыходу. Аўтар адштурхоўваецца ад сваіх назіранняў, зробленых у працэсе знаёмства з манаграфіямі, прысвечанымі розным перыядам гісторыі літаратуры і розным галінам літаратуразнаўства: у цэнтры ўвагі знаходзяцца метада­лагічныя стратэгіі такіх даследчыкаў, як Л. Сінькова, А. Мельнікава, І. Саверчанка, І. Багдановіч, В. Назараў. Публікацыя пераконвае, што гісторыка-кантэкстны падыход, які набывае папулярнасць у наш час — у пачатку ХХІ ст., перспектыўны.

Сапраўдным падарункам чытачу з’яўляюцца апублікаваныя «Дзённікі. 1987—88 гг. Сшытак» Вячаслава Адамчыка. Пазнаёміўшыся з тэкстам, можна ўзбагаціць сваё маўленне гронкамі народных сакавітых слоў, якія мы, сучасныя беларусы, карыстаючыся роднай мовай з неабнадзейлівай рэгулярнасцю, паволі губляем. У апублікаваны сшытак «ўрываюцца» і іншыя дзённікі — першых гадоў вайны, перажытых пісьменнікам, калі ў іх чытанне заглыбляецца сам аўтар. У асноўным жа тэксты прысвечаны актуальным падзеям з іх праблемамі і турботамі.

Апублікаванае ўтрымлівае згадкі пра тое, што ў гэты час чытаў пісьменнік, а значыць, на чым будаваўся яго светапогляд як чалавека і творцы: сярод згаданых аўтараў — Бунін, Карамзін, Кафка, Пастарнак, сярод кніг — Біблія. Творчыя людзі могуць адчуць еднасць з пісьменнікам, які скардзіцца, што за рознымі справамі, «пасядзелкамі» і «гаварыльнямі», яму не застаецца часу на тое, каб займацца літаратурай. «Але як хочацца вярнуцца да прозы, да светлага слова, якое толькі і ратуе спакутаваную душу», — спавядаецца ён.

Вывучаючы гістарычныя дакументы, пісьменнік адзначае: «Добра вяртацца ў далёкі свет роднай гісторыі». Вяртацца ў яго не толькі добра, але і карысна, асабліва аўтарам гістарычных твораў, поспех якіх у значнай ступені абумоўлены ўменнем узнавіць сацыяльны, гіста­рычны, культурны кантэкст часу. Добра вывучаць не толькі мастацкія творы, у якіх адбіваецца рэчаіснасць, але і навуковыя — літаратуразнаўчыя, гістарычныя работы з прыведзенай у іх аналітыкай перыяду, пра які пішацца. У такой літаратуры можна знайсці і сюжэты для сваіх твораў: «Як мы не выкарыстоўва­ем гэтыя факты для сваіх гістарычных навелаў!» — абураецца інітэлектуальнай «безгаспадарлівасці» пісьменнік.

Казімір Камейша ва ўспамінах «Па літфондаўскай пуцёўцы» гэтым разам расказвае пра побыт у Іслачы — у Доме творчасці, дзе яму неаднойчы даводзілася гасцяваць у 80—90-я гг. З сумам аўтар канстатуе, што гэтую слаўную мясціну напаткаў лёс Каралішчавічаў, адразу просячы прабачэння за свой песімістычны настрой. Цытуецца Бунін, які гаварыў, што «дневник — одна из самых прекрасных литературных форм» і што «в недалёком будущем эта форма вытеснит все прочие». Мяркуючы па аб’ёме дзённікавых публікацый у «Полымі», а таксама мастацкім творы З. Прыгодзіча, які амаль цалкам складаецца з дзённіка, пісьменнік меў рацыю, стагоддзе таму прагназуючы папулярнасць такіх тэкстаў.

У рубрыцы «Культура мовы» прыводзіцца рэдкі для часопіса лінгвістычны артыкул Васіля Шура «Анамастычныя ўзаемаўплывы і ўзаемадзеянні ў сістэмах беларускай і рускай моў». Родная гаворка — не толькі носьбіт і транслятар традыцыі, але і сховішча праўдзівых ведаў пра вытокі сённяшніх беларусаў — іх імёнаў, прозвішчаў, пра вытокі тапонімаў. Аўтар пераканаўча даводзіць, у тым ліку прыкладамі з класічнай літаратуры: асноўнымі шляхамі ўзаемаўплываў былі міжэтнічныя кантакты — шлюбы, міжусобіцы, міграцыя.

Раман Сэрвач у публікацыі «Погляд на ўвесь свет» прапануе грунтоўную рэцэнзію на альманах «Далягляды», у якой гаворыцца пра тое, як са знікненнем Савецкага Саюза многія традыцыі ў развіцці міжнародных стасункаў беларускай літаратуры парушыліся. Нараджэнне альманаха ў апошняй чвэрці XX ст. было сапраўднай падзеяй, таму цяпер укладальнік і перакладчыкі з 2019 года спрабуюць «рэанімаваць» гэтую важную справу. Аўтар рэцэнзіі знаёміць з гісторыяй альманаха, таму звяртае ўвагу і на папярэднія выпускі. Выданне прадстаўляе розныя краіны, вялікую вагу ў ім маюць народы былога савецкага саюза, а сярод іх — Дагестана. Руская мова стала аб’яднаўчай для вялікай колькасці груп, што жывуць на тэрыторыі гэтай шматэтнічнай краіны, але з-за гэтага родныя мовы губляюцца.

Аўтар пераконвае, што ў «Даляглядаў» добрыя перспектывы, таму што актыўнасць з боку і чытача, і перакладчыка заўважаецца: шмат замежных твораў па-беларуску друкуюцца ў вядучых выданнях, напрыклад у «Маладосці». Перакладчыкам неабходна сур’ёзная аб’яднаўчая пляцоўка, якая дасць магчымасць камунікаваць, наладжваць творчыя сувязі. Ёю якраз маюць шанс стаць «Далягляды», дзе могуць змяшчацца і літаратуразнаўчыя, літаратурна-крытычныя работы ў галіне тэорыі і практыкі мастацкага перакладу.

Наталля БАХАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.