Вы тут

«Калі б не эвакуацыя, мы б страцілі надзею»


Напярэдадні ноччу самалёт з выратаванымі з сектара Газа беларусамі і членамі іх сем’яў прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Кашмар, які перажылі гэтыя людзі, складана нават уявіць. Больш за месяц яны знаходзіліся ва ўмовах гуманітарнай катастрофы — без вады і электрычнасці. Наша дзяржава не засталася абыякавай да сваіх грамадзян, якія сталі ахвярамі палесціна-ізраільскага канфлікту, што ўспыхнуў у пачатку кастрычніка. Таму Прэзідэнт даручыў эвакуіраваць іх разам з сем’ямі (а сярод іх ёсць і дзеці) і перавезці ў Беларусь.


Фота БелТА

Усяго з пекла вайны ўдалося вывезці 41 чалавека, з іх 19 дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, у іх ліку адно немаўлятка. Эвакуіраваным з Газы беларусам і іх сем’ям была аказана медыцынская і псіхалагічная дапамога ўжо ў дарозе — на борце самалёта «Белавія» былі супрацоўнікі цэнтра медыцынскага прызначэння РАСН «Зубр» — два медыкі і два псіхолагі.

Калі борт нарэшце прызямліўся ў аэрапорце, першымі на трап ступілі дзеці. Прыбыўшых захутвалі ў пледы і хутка праводзілі да аўтобусаў. Клімат у Газе далёка не той, што ў Беларусі, таму некаторыя нашы суайчыннікі і іх сем’і былі адзеты лёгка.

Людзі не стрымлівалі эмоцый: абдымаліся, смяяліся, плакалі — і зноў смяяліся. Іх стан можна зразумець. Яны выбраліся з сапраўднага кашмару, і, каб ачуцца, ім патрэбны час. Асабліва дзецям. «Гэта вельмі няпроста. Калі б не эвакуацыя, мы страцілі б надзею. У мяне пяцёра дзяцей. Рада, што нас тут сустрэлі. Але там засталіся нашы сябры. Спадзяюся, што з імі ўсё будзе добра», — расказала эвакуіраваная з Газы беларуска Алена.

Тых, хто прыбываў з Газы, сустракалі прадстаўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа. Дарослым і дзецям перададзена гуманітарная дапамога — цёплае адзенне, пледы, прадметы гігіены, а таксама прадуктовыя наборы. Аказвалася псіхасацыяльная падтрымка. Супрацоўнікамі арганізацыі ў тым ліку вялося транспартнае суправаджэнне эвакуіраваных грамадзян да месцаў размяшчэння. Многіх эвакуіраваных сустракалі сваякі, якія забралі іх да сябе дадому. Але без даху над галавой, увагі і клопату не застаўся ніхто з тых, хто прыляцеў.

Часовым жыллём для сям’і з 14 чалавек стаў турысцка-рэкрэацыйны цэнтр ТЦСАН у Валожынскім раёне. «Для нашых гасцей мы падрыхтавалі ўсё неабходнае, да іх прыезду работнікі цэнтра нават паспелі прыгатаваць гарачую ежу. Ужо сёння мясцовае райспажыўтаварыства даставіла ў цэнтр хлебабулачныя вырабы, усяляк аказвае садзейнічанне выканкам. На працягу дня будзем вырашаць пытанні першай неабходнасці, як медыцынскія, сацыяльныя — ад забеспячэння цёплымі рэчамі і сродкамі гігіены, так і пытанне занятасці. Напрыклад, для малых будуць прапанаваны месцы ў дзіцячых садках», — цытуе БелТА намесніка дырэктара цэнтра Вольгу Пратасевіч.

Дзве эвакуіраваныя сям’і прыбылі ў Ваўкавыскі раён. Для размяшчэння шматдзетных сем’яў, у кожнай з якіх па трое дзяцей, быў падрыхтаваны катэдж, размешчаны ў санаторыі «Энергетык». Святлана Панасюк, якая родам з Ваўкавыска, і яе муж Абдэль-Карым Алгіндаві падзяліліся эмоцыямі пасля трохдзённай дарогі і доўгачаканага прыезду ў Беларусь. «На душы вельмі лёгка. Дзякуй богу. Была вельмі цяжкая дарога, прайшлі вельмі шмат складанасцяў, болю, сумна было там. І вельмі баяліся за дзяцей, сваякоў. 

А зараз — як быццам нарадзіліся нанова. Дзякуй усім, што былі з намі і дапамаглі», — падзяліўся эмоцыямі па прыездзе Абдэль-Карым Алгіндаві.

Яго жонка Святлана дадае: «Ёсць адчуванне зараз, што мы на радзіме, у бяспецы. Бо ў Газе бяспечных месцаў няма, хоць нам казалі, каб мы пераходзілі з паўночнага на паўднёвы бок. Мы так зрабілі, але там таксама страляюць, па 200 чалавек штодня паміраюць. А ў Беларусі мы адчуваем сябе ў бяспецы. Цяпер можна ўздыхнуць спакойна».

Рассяляючыся ў жытле, якое спецыяльна падрыхтавалі і для сям’і Шэйх-Алі, ледзь стрымліваючы слёзы, кажа жонка Эма: «Вярнулася на радзіму пасля 25 гадоў жыцця ў Газе. Трэба пачынаць усё з нуля. Дзякуй усім вялікі, Прэзідэнту нашаму, Камітэту дзяржбяспекі, нашым райвыканкаму і аблвыканкаму. Я не чакала. Я два месяцы таму была тут і нават не ўяўляла, што так давядзецца вяртацца».

На новым месцы часовага жыхарства сем’і сустрэлі ў тым ліку і медыкі, якія агледзелі дарослых і дзяцей. Акрамя жылля, забяспечылі прадуктовымі наборамі, гігіенічнымі прыладамі, коўдрамі і інш.

Як адзначыла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік, у найбліжэйшы час спецыялісты персанальна даведаюцца аб планах сем’яў, а таксама аб тым, якія меры падтрымкі ім неабходны, якая дапамога патрэбна.

Гатовы аператыўна аказаць дапамогу эвакуіраваным з Газы беларусам і Беларускі Чырвоны Крыж, запэўніў генеральны сакратар арганізацыі Дзмітрый Шаўцоў: «Пры звароце ў тэрытарыяльныя арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа з эвакуіраванымі з Газы беларусамі будзе весціся далейшая комплексная работа па падтрымцы. Мы раздалі ўсім прыбыўшым анкеты для адзнакі патрэб. Цяпер вядзецца маніторынг сітуацыі. Магу запэўніць, што Беларускі Чырвоны Крыж гатовы аператыўна аказаць дапамогу ўсім эвакуіраваным з Газы беларусам».

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Палесціна ў Рэспубліцы Беларусь Ахмед Махамед Алмадбух, які ў Нацыянальным аэрапорце Мінск сустракае эвакуіраваных з Газы беларусаў з сем’ямі, выказаў падзяку Беларусі за іх выратаванне:

«Мы вельмі ўдзячныя Беларусі за выратаванне жыццяў гэтых людзей. Застацца ў сектары Газа цяпер раўназначна смерці. Можна сказаць, што гэтыя людзі нарадзіліся нанова, калі іх выратавалі. На борце шмат дзяцей, а іх жыцці — гэта самае каштоўнае. Самае галоўнае — у гэтых людзей з’явіцца магчымасць гадаваць дзяцей у мірнай абстаноўцы, чакаць унукаў».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.