Вы тут

«На душы лёгка, нібы нарадзіліся нанава». Сем’і з сектара Газа пасля прыбыцця ў Гродзенскую вобласць


Дзве сям’і, эвакуіраваныя з сектара Газа, прыбылі ў Ваўкавыскі раён, перадае БелТА.


Для размяшчэння шматдзетных сем’яў, у кожнай з якіх па трое дзяцей, быў падрыхтаваны катэдж, размешчаны ў санаторыі «Энергетык». Святлана Панасюк, якая родам з Ваўкавыска, і яе муж Абдэль-Карым Алхіндаві дзеляцца эмоцыямі пасля трохдзённай дарогі і доўгачаканага прыезду ў Беларусь. «На душы вельмі лёгка. Дзякуй богу. Была вельмі цяжкая дарога, прайшлі вельмі шмат складанасцей, болю, сумна было там. І вельмі баяліся за дзяцей, сваякоў. А цяпер — як быццам нарадзіліся нанава. Дзякуй усім, што былі з намі і дапамаглі», — падзяліўся эмоцыямі пасля прыезду Абдэль-Карым Алхіндаві.

Фота БелТА

Яго жонка Святлана дадае: «Ёсць адчуванне цяпер, што мы на радзіме, у бяспецы. Таму што ў Газе бяспечных месцаў няма, хоць нам гаварылі, каб мы пераходзілі з паўночнага на паўднёвы бок. Мы так зрабілі, але там таксама страляюць, па 200 чалавек кожны дзень паміраюць. А ў Беларусі мы адчуваем сябе ў бяспецы. Цяпер можна ўздыхнуць спакойна».

Муж Святланы — акушэр-гінеколаг, які спецыялізуецца на экстракарпаральным апладненні. З вялікім шкадаваннем ён расказвае аб тым, як была разбурана справа яго жыцця: «Столькі сіл і сродкаў было ўкладзена ў мой цэнтр. Але ўсё разбамбілі. Было вялікае памяшканне, столькі апаратуры было куплена. А цяпер — нічога».

Рассяляючыся ў доміку, які спецыяльна падрыхтавалі і для сям’і Шэйх-Алі, ледзь стрымліваючы слёзы, гаворыць жонка Эма: «Вярнулася на радзіму пасля 25 гадоў жыцця ў Газе. Трэба пачынаць усё з нуля. Дзякуй усім вялікі, Прэзідэнту нашаму, Камітэту дзяржбяспекі, нашым райвыканкаму і аблвыканкаму. Я не чакала. Я два месяцы таму была тут і нават не ўяўляла, што так давядзецца вяртацца».

Яе муж Абдэль дадае: «Дзякуй богу мы ў Беларусі. Пакінулі родных маіх там і мы не ведаем жывыя яны ці не. Мы ўдзячны беларускім дыпламатам. Усе пытанні былі вырашаны, дапамагалі ад пачатку да канца, падтрымлівалі нас і не было ніякіх праблем».

На новым месцы часовага жыхарства сем’і сустрэлі ў тым ліку і медыкі, якія агледзелі дарослых і дзяцей. Акрамя жылля сем’і забяспечылі прадуктовымі наборамі, гігіенічнымі сродкамі, коўдрамі і інш.

Як адзначыла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік, у бліжэйшы час спецыялісты персанальна даведаюцца аб планах сем’яў, а таксама аб тым, якія меры падтрымкі ім неабходны, якая дапамога патрэбна.

Як паведамлялі раней у МЗС, беларускім бокам у кантакце з калегамі з Ізраіля і Егіпта, а таксама пры садзейнічанні Расіі і Катара праведзена работа па арганізацыі выхаду беларускіх грамадзян і членаў іх сем’яў з сектара Газа. Эвакуіраваліся грамадзяне Беларусі, якія прайшлі праз пагранічны пераход «Рафах» на тэрыторыю Егіпта. Учора за беларусамі быў адпраўлены гуманітарны рэйс «Белавія» з медыкамі і псіхолагамі з Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС «ЗУБР» на борце. Дарослым і дзецям была аказана ўся неабходная дапамога. Паветранае судна прыбыло ноччу ў Беларусь.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.