Вы тут

Сенатары адобрылі шэраг законапраектаў, у тым ліку па сацыяльным абслугоўванні


На пасяджэнні адзінаццатай сесіі Савета Рэспублікі сенатары адобрылі шэраг праектаў законаў, у прыватнасці, «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах адміністрацыйных працэдур», «Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных выплат», «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2024 года», «Аб ратыфікацыі Мемарандума аб абавязацельствах Рэспублікі Беларусь у мэтах атрымання статуса дзяржавы-члена Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва».


Для даступнасці і зручнасці

Якія змяненні прапануюцца для павышэння даступнасці і зручнасці адміністрацыйных працэдур, расказаў міністр юстыцыі Сяргей Хаменка, прадстаўляючы сенатарам праект закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах адміністрацыйных працэдур».

Паводле слоў міністра, значны блок змяненняў накіраваны на комплекснае рэгуляванне пытанняў інфармацыйна-камунікацыйнага ўзаемадзеяння пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур. Гэта абумоўлена тым, што цяпер актывізавана работа ўсіх дзяржаўных органаў па пераводзе працэдур у электронную форму. Менавіта шырокае прымяненне інфармацыйных тэхналогій створыць максімальную зручнасць, аператыўнасць і даступнасць гэтых паслуг для грамадзян і суб’ектаў гаспадарання. А гэта, безумоўна, дасць магчымасць забяспечыць практычную рэалізацыю патрабаванняў абноўленай Дырэктывы нумар 2.

Ён звярнуў увагу на тое, што цяпер адміністрацыйныя працэдуры, працэс якіх поўнасцю лічбавізаваны, адсутнічаюць. Размешчаныя на адзіным партале паслугі прадугледжваюць магчымасць электроннага ўзаемадзеяння толькі на стадыі падачы заявы. У якасці навел, накіраваных на павышэнне даступнасці, зручнасці і аператыўнасці ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур, прадугледжана магчымасць падачы зацікаўленай асобай дакументаў незалежна ад яе месца жыхарства (месца знаходжання), а таксама выкарыстання праактыўнага фармату. 

Як адзначыў Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец, новым дакументам уводзіцца такі інстытут як праактыўны фармат рэалізацыі адміністрацыйнай працэдуры, калі тыя ці іншыя дзеянні ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў звязаны з узнікненнем тых ці іншых юрыдычных падзей, напрыклад, нараджэннем дзіцяці, уступленнем у шлюб. 

— Рэалізацыя самой адміністрацыйнай працэдуры не будзе залежаць ад заяўнага характару і дзеянняў самога грамадзяніна, а будзе з’яўляцца абавязкам упаўнаважанага дзяржаўнага органа — сабраць неабходны пакет дакументаў і праінфармаваць грамадзяніна аб надыходзе тых ці іншых прававых наступстваў. Такім чынам, гэта вельмі важны праект заканадаўчага акта, які, безумоўна, пасадзейнічае спрашчэнню працэдуры рэалізацыі грамадзянамі сваіх маёмасных правоў і ў перспектыве, калі ўся сістэма аказання электронных паслуг ужо будзе замкнута на адзіным партале электронных паслуг, паслужыць таму, што грамадзяне ў максімальна зручным для сябе рэжыме і максімальна аператыўна змогуць вырашаць усе пытанні, звязаныя са сваім жыццезабеспячэннем, — патлумачыў Сяргей Сівец.

Задачы сацыяльнай абароны будуць выкананы 

Прадстаўляючы законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных выплат», міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч адзначыла, што ва ўмовах дэмаграфічнага старэння насельніцтва клопат аб старэйшым пакаленні становіцца выклікам для ўсяго грамадства. 

— У прыярытэце дзяржавы застаецца галоўны прынцып — максімальна стварыць умовы для старэння ля дамашняга ачага, — падкрэсліла Ірына Касцевіч. 

Праект закона накіраваны на ўдасканаленне дзейных прававых механізмаў у сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і павышэння даступнасці сацыяльных паслуг на аснове індывідуальнай ацэнкі патрэбы грамадзян у такім абслугоўванні

У ліку асноўных новаўвядзенняў — устанаўленне правоў і абавязкаў пастаўшчыкоў і атрымальнікаў сацыяльных паслуг; арганізацыя дзейнасці камерцыйных арганізацый, якія аказваюць сацыяльныя паслугі ў форме стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання, на падставе ліцэнзіі; дапаўненне пераліку паўнамоцтваў дзяржаўных органаў у галіне сацыяльнага абслугоўвання. Таксама прапануецца вызначыць пералік дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання, змяніць назву асобных устаноў (дамы-інтэрнаты на пансіянаты, спецыяльныя дамы на дамы (кватэры) суправаджальнага пражывання). Праектам закона таксама прадугледжана ўстанаўленне права арганізацыі па бясплатным падвозе работнікаў да аддаленых устаноў сацыяльнага абслугоўвання ў выпадку адсутнасці рэгулярных перавозак транспартам агульнага карыстання.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Дзмітрый Дзямідаў, каментуючы законапраект «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2024 года», адзначыў, што дакумент захоўвае сацыяльную скіраванасць. 

— Падводзячы напаўненне бюджэту фонду ў бягучым годзе, мы можам канстатаваць, што ён выконваецца з прафіцытам. Прафіцыт звязаны з тым, што асноўныя адлічэнні робяцца з заработнай платы, а у краіне яна расла, прычым нядрэннымі тэмпамі. Гэта дазволіла ў поўным аб’ёме дасягнуць запланаваных паказчыкаў па росту пенсій, стабільнай выплаце рознага кшталту дапамог. Прымаючы праект на наступны год, мы таксама закладваем бюджэт з прафіцытам. Пры гэтым мы бачым, што тыя прагнозныя паказчыкі па росту заработнай платы, якія пралічыў урад, таксама дазволіць у поўным аб’ёме выконваць задачы сацыяльнай абароны насельніцтва, якія стаяць перад фондам, прычым з сур’ёзным ростам, — адзначыў Дзмітрый Дзямідаў.

Алена КРАВЕЦ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.