Вы тут

Адпавядаць асаблівасцям кожнага


Малады сімпатычны мужчына з Ружан — Юрый Слінка — працуе масажыстам у санаторыі. Гэта настолькі класны спецыяліст, што на сеансы да яго запісваюцца загадзя. А яшчэ ён іграе на баяне і піша вершы. Ёсць толькі адно «але» — Юрый слабавідушчы, і ў школьныя гады яму прыйшлося жыць асобна ад маці, у спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку, і праводзіць дома толькі выхадныя. Гэта быў цяжкі выбар для іх абаіх паміж магчымасцю атрымаць адукацыю і быць побач кожны дзень.


Я добра ведаю і Юру, і яго сям’ю. Прырода не дала яму добры зрок, але злітасцівілася і падарыла цудоўны голас. Дзякуючы яму малады чалавек трапіў у Маскву на перадачу да Андрэя Малахава «Песні ад усёй душы». Там ён чытаў вершы і спяваў песню, якая кранала за душу і выклікала слёзы, бо была пра маці — таго чалавека, які заўжды побач і без якога хлопцу цяжка. Гэта звычайная чалавечая гісторыя прымусіла мяне паразважаць на тэму сучаснага стану адукацыі асоб з парушэннямі развіцця.

Марыя Васільеўна нарадзіла сына ў 37 гадоў. Ён быў вельмі доўгачаканы і вельмі кволы. Бадай адразу стала зразумела — дзіця дрэнна бачыць. Хлопчыку зрабілі аперацыю, але прынцыпова палепшыць зрок не атрымалася. Так і рос Юра з дапамогай бацькоў да сямі гадоў, пакуль не прыйшоў час ісці ў школу. Трэба адзначыць, што падзеі адбываліся не ў буйным горадзе, а ў маленькай вёсцы.

Спачатку ў хлопчыка было надомнае навучанне, затым яго аддалі ў спецыяльную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Гэта былі сапраўдныя пакуты для маці — пакідаць свайго малога сына аднаго на ўвесь тыдзень і забіраць толькі на выхадныя. Колькі яна перажывала, малілася і плакала — сказаць цяжка.

Сёння Юра дарослы чалавек, сапраўдны прафесіянал, але цяжар успамінаў пра мінулыя гады назаўсёды застанецца і ў маці, і ў сына. Ці мог быць нейкі іншы варыянт школьных гадоў хлопца? У тыя часы — не. Сістэме адукацыі не хапала гнуткасці, каб адпавядаць асаблівасцям кожнага дзіцяці.

XXІ стагоддзе адметнае не толькі неверагоднымі тэхналогіямі, але і прынцыпова іншым стаўленнем да людзей з асаблівымі адукацыйнымі патрабаваннямі. Сёння наша дзяржава належыць да ліку тых краін, дзе ўпэўнены, што нельга рабіць выбар паміж навучаннем і магчымасцю дзіцяці жыць у сям’і. Сучасная сістэма адукацыі значна прасунулася наперад, шмат што робіцца па забеспячэнні школ усім неабходным для адукавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Гэта спецыяльныя пад’езды да будынка школы, размежаванне памяшкання, адметная маркіроўка межаў, прылады, якія павялічваюць малюнкі і выявы. Для асаблівых дзетак распрацоўваюцца асобныя заданні ў падручніках. На дапамогу сістэме адукацыі прыйшлі сучасныя камп’ютарныя дасягненні, якія прапануюць развіццёвыя гульні і навучальныя комплексы, увогуле робяць працэс адукацыі больш прыемным, у тым ліку больш даступным для некаторых катэгорый дзяцей. Больш за тое, дзяржава імкнецца стварыць рознабаковую сістэму ўстаноў, каб кожны меў права і магчымасць выбару адпаведнай формы атрымання адукацыі.

У цывілізаванай дзяржаве чалавек з парушэннямі развіцця, а тым больш дзіця, не можа быць па-за межамі грамадства. Таму ўжо на ўзроўні ўстаноў дашкольнай і школьнай адукацыі ствараюцца ўсе ўмовы для ўключэння малога ў асяроддзе звычайных аднагодкаў. Такім чынам, мы гаворым аб распаўсюджванні інтэграванага і інклюзіўнага навучання. Дзеці, у асяроддзе якіх трапляюць малыя з парушэннямі, з маленства прызвычайваюцца бачыць іх няздольнасці ў некаторых сітуацыях. Таму для іх становіцца простай і звычайнай справай дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Зразумела, што гэта добра з абодвух бакоў: і для норматыповых дзяцей, і для малых з асаблівасцямі развіцця, тым больш што спачуванне, узаемадапамога, цярпімасць — рысы, адметныя для нас, беларусаў, як нацыі.

Таццяна КУЛАШЧЫК, старшы выкладчык Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.