Вы тут

Майстар-клас ад верталётчыкаў


Моцны снегапад і нізкая тэмпература не сталі перашкодай для планавых вучэбна-трэніровачных палётаў у 50-й змешанай авіяцыйнай базе. Магутны шум рухавіка «Іл-76МД» разбудзіў ваенны аэрадром «Мачулішчы» — тэхнічны састаў рыхтаваў самалёт да палётаў. Авіяспецыялісты правяралі сістэмы самалёта, ажыццяўлялі дазапраўку. У неба сінхронна ўзнімаліся ваенна-транспартныя верталёты «Мі-8МТВ-5», ударныя «Мі-24», а таксама новыя шматмэтавыя ўдарныя верталёты «Мі-35М», якія паступілі на ўзбраенне ў жніўні гэтага года. Таксама свой палёт здзейсніў і экіпаж пасажырскага самалёта «Ту-134А-3».


Лётчыкі адпрацоўвалі тэхніку пілатавання, палёты на вельмі малых вышынях і заходы на пасадку выключна па прыборах у складаных метэаўмовах. Палёты праходзілі як днём, так і ноччу. Начныя палёты займаюць асаблівае месца ў праграме падрыхтоўкі экіпажаў як верталётаў, так і самалётаў. Кожны пілот павінен валодаць навыкамі кіравання ва ўмовах абмежаванай бачнасці, калі неабходна выканаць палётнае заданне, ажыццявіць бяспечныя ўзлёт і пасадку, арыентуючыся выключна па прыборах. Дарэчы, лётны састаў дапускаецца да палётаў на паветраным судне толькі пасля падрыхтоўкі да палётаў на зямлі і абавязковай адпрацоўкі ўсіх элементаў палёту на трэнажоры. Гэта дае магчымасць палепшыць якасць выканання палётных заданняў, зменшыць затраты на падрыхтоўку лётнага саставу. У авіябазе ёсць неабходныя для гэтага трэнажоры, якія даюць магчымасць адпрацоўваць задачы як у простых, так і ў складаных метэаралагічных умовах.

Агульны парк тэхнікі авіябазы вылічаецца дзясяткамі лятальных апаратаў, сотнямі адзінак аўтамабільнай і спецыяльнай тэхнікі. Гэта ўнікальная авіяцыйная воінская часць вырашае шырокі спектр задач: перавозку вышэйшых службовых асоб Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне, патруляванне Дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы, дзяжурства па пошукава-выратавальным забеспячэнні, перавозку і дэсантаванне асабовага складу і тэхнікі, палёты па міжнародных паветраных лініях, а таксама іншыя спецыяльныя задачы.

Каб палёты прайшлі без заўваг, інжынерна-тэхнічны склад старанна падрыхтаваў авіятэхніку для вылетаў. Дарэчы, аб авіяцыйных тэхніках. Узаемадзеянне паміж лётчыкам і тэхнікам у авіяцыі мае асаблівае значэнне. Жыццё адных у літаральным сэнсе знаходзіцца ў руках іншых. Важна падкрэсліць: ва ўмелых і надзейных руках. Калі бачыш стараннасць тэхнікаў, іх перажыванні за вынік, невычэрпную працавітасць, то разумееш: яны таксама паўнацэнныя ўдзельнікі палётаў. Бо толькі калі кожны спецыяліст інжынерна-авіяцыйнай службы выканае неабходны набор аперацый па сваім напрамку, авіяцыйная тэхніка будзе гатова да вылету.

...Загудзелі рухавікі, закруціліся лопасці. Вінтакрылая машына, шматмэтавы ўдарны верталёт «Мі‑35М» накіроўваецца на ўзлётку. Калючы марозны вецер б’е ў твар. «Мі‑35М» — навічок у авіяцыйнай сям’і базы. Гэта глыбокамадэрнізаваны транспартна-баявы верталёт «Мі‑24», які атрымаў у войсках мянушку «кракадзіл». Па тэхніцы пілатавання «Мі-35М» падобны на «Мі-24», можа развіваць хуткасць да 305 км/г. Верталёт прызначаны для паражэння бранятанкавай тэхнікі, агнявой падтрымкі падраздзяленняў сухапутных войскаў на полі бою, дэсанта і эвакуацыі параненых.

— Фюзеляж «Мі-35М» падобны з"Мі-24«, але гэта ўжо зусім іншы верталёт, — заўважаюць авіятары. — На «Мі‑35М» удасканалены навігацыйны комплекс, прыцэльнае абсталяванне. Прынцыпова новая дапаможная сілавая ўстаноўка, новыя рухавікі, лопасці. Верталёт можа з аднолькавай эфектыўнасцю манеўраваць у начных і дзённых умовах дзякуючы аглядна-прыцэльнай станцыі апошняга пакалення, абсталяванай цеплавізійным і тэлевізійным каналамі. Адным словам, машына магутная і сучасная, 
Наступным у неба спяшаўся адправіцца прабацька «Мі-35М», стары добры «Мі-24». І ў нашы дні рэпутацыя ў гэтай крылатай машыны бездакорная. Прайшоўшы праз многія войны і лакальныя канфлікты, дваццацьчацвёрка даказала сваю эфектыўнасць у баі і фантастычную жывучасць. Нездарма «Мі-24» называюць лятаючым танкам. Акрамя таго, верталёт здольны перавозіць дэсант і эвакуіраваць параненых.

Верталёты і самалёты адзін за адным узнімаліся ўгору. Іншыя, вярнуўшыся на аэрадром, рыхтаваліся да чарговага вылету. Вось ад лопасцяў ваенна-транспартнага верталёта «Мі-8МТВ-5» падымаецца снежная віхура, якая закрывае верталёт ад вачэй назіральніка. Гэта сучасная машына выдатна зарэкамендавала сябе ў Ваенна-паветраных сілах і войсках супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі. Верталёты бяруць удзел у дзясятках вучэнняў, у тым ліку міжнародных, дзе паказваюць сябе з самага лепшага боку. Геаграфія эксплуатацыі «Мі-8» — практычна ўся планета. Ён выкарыстоўваецца не толькі ў грамадзянскіх мэтах, але і рэгулярна бярэ ўдзел у вайсковых канфліктах. Таму нядзіўна, што «Мі-8» мае дзясяткі мадыфікацый. Адной з самых удалых стаў «Мі-8МТВ-5».
У ліку «навасёлаў» змешанай авіяцыйнай базы — і пасажырскі «Ту-134А-3». Самалёт па праве лічыцца адным з найбольш масавых савецкіх пасажырскіх самалётаў, усяго было выпушчана 852 машыны ўсіх мадыфікацый.

Да свайго чарговага палёту рыхтуецца гонар змешанай авіяцыйнай базы — «Іл-76МД». Гэты ўнікальны самалёт прызначаны для дэсантавання асабовага складу і транспарціроўкі грузаў, тэхнікі рознага прызначэння. Нарэшце, пілоты завяршылі праверку прыбораў і запусцілі рухавікі Яшчэ некалькі хвілін — і шматтонны працаўнік «Ільюша» па-гаспадарску выкіроўвае на ўзлётна-пасадачную паласу аэрадрома. Самалёт гатовы да ўзлёту. Роў турбін — і ён, нібы гоначны балід, імкліва набірае хуткасць. Затым плаўна адрываецца ад зямлі, хутка набіраючы вышыню. Прыгажосць і веліч. 

— Асноўны прынцып у авіяцыі — рабі, як я, — адзначае камандзір 50-й змешанай авіяцыйнай базы палкоўнік Уладзімір СКОРКІН. — Інструктары, вопытныя лётчыкі перадаюць сваё майстэрства моладзі. Што датычыцца асваення «Мі-35М», то яно ідзе планава. Лётны склад цяжкасцяў не адчувае, па сваёй мадыфікацыі верталёт блізкі да «Мі-24». Практычна 90% авіятараў перавучаны і могуць яго эксплуатаваць. Верталёты «Мі‑35М» даўным-даўно заступілі на баявое дзяжурства, выконваюць палёты днём і ноччу. Калі казаць пра «Ту-134А-3», то ідзе планавая падрыхтоўка. З цяжкасцямі лётны склад падчас засваення гэтай авіяцыйнай тэхнікі не сутыкнуўся, толькі ўдасканальваюцца навыкі.

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.