Вы тут

Анатоль Ісачанка правёў прыём грамадзян ў Магілёве


Па дапамогу ў вырашэнні надзённых пытанняў да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі прыйшлі жыхары Магілёўскага раёна, Шклова і Клімавіч.


Шматдзетны бацька панаракаў на тое, што яму не даюць дадатковы зямельны ўчастак. Сутнасць справы такая: у заяўніка ва ўласнасці 6 сотак зямлі, але год таму ён звярнуўся ў Магілёўскі райвыканкам з просьбай выдзеліць яму яшчэ адзін участак, які б прымыкаў да таго, што ўжо ёсць. Мяркуючы па інфармацыі аб незанятых зямельных участках, якая размяшчалася на сайце Магілёўскага райвыканкама, падыходзячы варыянт быў. Па заяве мужчыны райвыканкам накіраваў пакет дакументаў у Магілёўскае агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры для афармлення права валодання адным з такіх участкаў. Паслуга абышлася кліенту ў 354 рублі. Але праз некалькі месяцаў высветлілася, што зямля, якая падавалася, як не занятая, мае гаспадароў. У выніку заяўніку адмовілі. Ён звяртаўся ў землеўпарадкавальныя службы райвыканкама і аблвыканкама, каб дапамаглі разабрацца, але чуў адзін і той жа адказ: зямля ўжо ў карыстанні. Каб вырашыць пытанне, шматдзетны бацька прыйшоў па дапамогу да губернатара. Ён аргументаваў, што сям’я ў яго вялікая і тых шасці сотак, якія ёсць, не хапае. Да таго ж праблема ўзнікла не па яго віне. 

Анатоль Ісачанка паабяцаў, што пытанне будзе вывучана ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, а па выніках яго разгляду дадзены пісьмовы адказ.

Яшчэ адна зямельная праблема стала прычынай звароту на прыём да губернатара сужэнцаў з Магілёўскага раёна. У 2018-м годзе яны набылі ў вёсцы Гарадшчына 10 сотак зямлі, а сёлета звярнуліся ў Буйніцкі сельсавет і Магілёўскі райвыканкам, каб купіць яшчэ адзін — плошчай 9 сотак. Іх абнадзеілі і яны вырашылі, што здзелка адбылася. Аплацілі кадастравы кошт зямлі ў памеры 6 тысяч рублёў і добраўпарадкавалі яшчэ не аформлены на іх участак— завезлі 70 машын грунту, паставілі агароджу, засеялі газон, пасадзілі пладовыя дрэвы. А калі звярнуліся ў сельсавет узаконіць зямлю, даведаліся, што ім адказалі ў яе выдзяленні. 
Губернатар даў распараджэнне разабрацца з пытаннем у адпаведнасці з заканадаўствам і дапамагчы сям’і. 

Жыхары Шклова паўторна звярнуліся ў аблвыканкам наконт капрамонту дарогі па вуліцы Луначарскага з просьбай зрабіць адвод вады з пешаходных дарожак. Праблема ў тым, што дарожкі восенню і вясной залівае вадой і па іх немагчыма прасоўвацца. Шклаўчане паведамілі, што даўно спрабуюць вырашыць пытанне, але безвынікова. Сёлета раённыя ўлады паабяцалі зрабіць рамонт да верасня, але прыступілі да яго ў лістападзе. Дарожкі паспелі разабраць, але прыціснулі маразы і будаўнікам прыйшлося прыпыніцца. Жыхары абураюцца, што цяпер ім наогул прыйдзецца зімаваць без дарожак. 

Анатоль Ісачанка паабяцаў, што вясной работы будуць праведзены належным чынам. Пытанне пастаўлена на кантроль.
А вось з праблемай будаўнічых недаробак, на якія паскардзілася шматдзетная маці з Клімавіч, старшыня аблвыканкама патрабаваў разабрацца да Новага года. Летась заяўніца атрымала кватэру ў новым пяціпавярховіку, і з тых часоў яна ходзіць па розных інстанцыях з шэрагам прэтэнзій. Яе не задавальняе якасць уваходнай дзверы, газавай пліты, укладкі ламіната. Ёсць акты абследаванняў, якія пацвярджаюць наяўнасць недахопаў. Акрамя гэтага, жанчына скардзіцца на тое, што ў доме не працуе ліфт, хаця аплата за карыстанне ім спаганяецца, і на неабгрунтаванасць налічэння аплаты за ацяпленне. Анатоль Ісачанка патрабаваў на гэтым жа тыдні камісійна абследаваць кватэру і зафіксаваць усе недахопы, якія трэба будзе ліквідаваць да Новага года.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.