Вы тут

Аб вяртанні палітыкі годнасці


Назапашанага чалавецтвам вопыту — і станоўчага, і адмоўнага — дастаткова, каб народы Зямлі жылі годна і сёння, і ў будучым, падымаючыся з прыступкі на прыступку зямной цывілізацыі.


Дык чаму ж відавочны прагрэс у навуцы і тэхніцы, глабалізацыя жыцця на нашай планеце не вывелі чалавечую супольнасць на гэтую магістральную дарогу? Чаму ўзровень даверу паміж краінамі не толькі не ўзрастае, а з году ў год падае, часам катастрафічна? Пра баланс інтарэсаў, узаемавыгаднае супрацоўніцтва ўжо і гаворкі няма.

Агрэсіўнае стаўленне да Расіі і Беларусі ў многіх краінах узведзена ў статус нацыянальных стратэгічных прыярытэтаў. Гэта немагчыма ўсвядоміць, калі ўспомніць шматвяковую гісторыю.

Нам, беларусам, ніхто і ніколі не дапаможа ўцяміць: чым і якім чынам мы пагражаем заакіянскім краінам — ЗША, Канадзе? Што кепскага мы зрабілі народам гэтых краін, ды і людзям з еўрапейскай прапіскай? Колькі разоў еўрапейцы бруднымі ботамі тапталі нашу зямлю, пакуль яны не знаходзілі тут сваёй пагібелі або іх не выганялі адсюль з ганьбай. Здавалася б, такая палітыка павінна была даўно сябе вычарпаць: да гэтага часу з намі не разлічыліся за знішчэнне беларускага генафонду і матэрыяльнага багацця ў гады Другой сусветнай вайны, якая для нашага народа стала абарончай, свяшчэннай, Вялікай Айчыннай. Аднак не вычарпала, не змянілася ў лепшы бок.

З тэле- і радыёнавін, з паведамленняў іншых сродкаў масавай інфармацыі мы штодзень чуем прамовы палітыкаў Захада пра сучасныя падзеі. На першы погляд, усе іх заявы прасякнутыя пошукам разумных рашэнняў па вострых пытаннях міжнароднай абстаноўкі, клопатам пра жыццё людзей. Зрэшты, гэта і ёсць сэнс іх дзейнасці. Чаму ж тады ў розных краінах свету людзі выходзяць на вуліцы з пратэстамі супраць палітыкі, якую праводзяць урады? Адказ відавочны: рэальная палітыка вельмі часта разыходзіцца з тым, пра што гаворыцца з афіцыйных трыбун.

Мне часта ўспамінаюцца словы дзеючага Папы Рымскага Францішка, які аднойчы вельмі слушна заўважыў, што палітычная дзейнасць як высокая форма любові і служэння не павінна быць падпарадкавана «індывідуальным амбіцыям». Гэтае служэнне прадугледжвае ахвярнасць, самапасвячэнне, а часам нават і гатоўнасць стаць пакутнікамі дзеля свайго народа. Ад сябе хачу дадаць: калі б 
не існавала такіх амбіцый, то і не было б на зямлі ні лакальных узброеных канфліктаў, ні пагрозы новай сусветнай вайны.

Сёння, як ніколі раней, ёсць патрэба ў вяртанні палітыкі годнасці. Узаемныя абвінавачванні і дэмагогію, якія прысутнічаюць у адносінах паміж дзяржавамі, павінен замяніць адкрыты і паважлівы дыялог. Такім курсам ідзе Рэспубліка Беларусь, такую палітыку праводзіць наш нацыянальны лідар Аляксандр Лукашэнка.

Мне цяжка зразумець, чаму ў ХХІ стагоддзі ў якасці інструмента міжнароднай палітыкі выкарыстоўваюцца санкцыі. Гэта ж яўная непавага да народа іншай краіны, да яго суверэннага права на незалежнае, самастойнае гістарычнае развіццё. Санкцыі абкрадаюць народы з абодвух бакоў. Людзі не атрымліваюць таго, што маглі б мець. А калі гаворка ідзе пра санкцыі Еўрапейскага Саюза, то ад гэтага прайграюць народы дзясяткаў краін.

І яшчэ больш здзіўляе, калі за ўвядзенне санкцый супраць сваёй краіны выступаюць прадстаўнікі апазіцыі. Няўжо не разумеюць, што гэтыя санкцыі ў любой праяве шкодзяць эканамічнаму развіццю і, у рэшце рэшт, народу, якому апазіцыя нібыта жадае дабра? Няўжо ў такім выпадку можна разлічваць на падтрымку сваёй палітыкі, на перамогу на выбарах?

Нельга не бачыць, што эканамічныя санкцыі супраць Расіі і Беларусі ў пэўным сэнсе дапамаглі абедзвюм краінам: яны не толькі не абмежавалі эканоміку, але і сталі стымулам для іх больш дынамічнага развіцця, для імпартазамяшчэння, уключэння шматлікіх рэсурсаў, якія раней не выкарыстоўваліся. Цяпер для ўсіх беларусаў стала відавочна: нам трэба мець сваю, аптымальную мадэль развіцця ўсіх галін народнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы, актыўна весці пошук новых рынкаў для ўзаемавыгаднага гандлю. Канкрэтная, змястоўная работа ў гэтым кірунку праводзіцца, і яна дае станоўчыя вынікі.

У кожнага народа ёсць нешта сваё, адметнае, непаўторнае, чаго няма ў іншых, што рухае навукова-тэхнічны прагрэс, узбагачае духоўна-культурнае жыццё нацыі. Невыпадкова ў розных краінах свету стаяць помнікі славутым беларусам, якія пакінулі свой прыкметны след у развіцці зямной цывілізацыі. І ў беларускім краі шмат такіх помнікаў, дзе ўвекавечана памяць выбітных дзеячаў чалавечай супольнасці, ураджэнцаў іншых краін. І мы не збіраемся іх знішчаць, як гэта робіцца, напрыклад, у памежнай з намі Украіне, дзе ўлады заклапочаны перайменаваннем вуліц з беларускімі назвамі, дзе нават на ўшанаванне памяці герояў Брэста паднялі руку (Крывы Рог). Я ўпэўнены, у нас нікому і ніколі не прыйдзе ў галаву думка аб перайменаванні ў Мінску вуліцы Лесі Украінкі ці бульвара Тараса Шаўчэнкі (ды і помнік украінскаму Кабзару стаіць і будзе непахісна стаяць у беларускай сталіцы). І гэта не проста словы, а праяўленне нашай культурнай традыцыі: мы з павагай ставімся да культурнага багацця як нашых суседзяў, так і народаў далёкага замежжа.

Калі мы бачым нешта каштоўнае ў замежных краінах, мы з задавальненнем пераносім гэта на сваю нацыянальную глебу, даём яму жыццё і на беларускай зямлі. Беларускія творцы на працягу ўсёй гісторыі нашай літаратуры плённа працавалі і цяпер працуюць над перакладамі найлепшых твораў сусветна вядомых майстроў слова. Такія кнігі ёсць у кожнай бібліятэцы як у сталіцы, так і ў беларускай глыбінцы. Штогод нашы выдавецтвы выпускаюць новыя кнігі замежных аўтараў.

Аднак мы не павінны забываць, што ў нас свае хрысціянскія, духоўна-культурныя каштоўнасці, якія мы атрымалі ў спадчыну ад нашых продкаў і якія сёння з’яўляюцца падмуркам і святлом нашага агульнанацыянальнага беларускага дома. Мы аберагалі і заўсёды будзем іх аберагаць. Асабліва гэта важна цяпер, калі ў свеце, паводле слоў Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, ідзе знішчэнне веры ў Бога, калі традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці, якія складваліся на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва, спрабуюць замяніць нейкімі абсурднымі, далёкімі ад нармальнага чалавечага жыцця, звычкамі і паводзінамі.

Вось чаму нам трэба пастаянна ініцыяваць і актыўна развіваць народную дыпламатыю, кантакты паміж вучонымі і дзеячамі культуры, грамадскімі арганізацыямі. Адных высілкаў кіраўніцтва краіны, урадавых структур мала. Прыкладам такой народнай дыпламатыі з’яўляецца ўзаемадзеянне на ўсіх магчымых грамадскіх пляцоўках прадстаўнікоў беларускай і расійскай грамадскасці. Найбольш яскрава бачым гэта на прыкладзе зацікаўленага дыялогу культур, культурных сувязяў у Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі. У адным з такіх мерапрыемстваў мне нядаўна пашчасціла ўдзельнічаць: у кастрычніку ў Маскве, на базе Бібліятэкі замежнай літаратуры імя М. І. Рудаміна, у Цэнтры славянскіх культур адбыўся вечар, прысвечаны беларускай дзіцячай літаратуры, прымеркаваны да юбілеяў яе класікаў — Янкі Маўра і Эдзі Агняцвет.

Падобныя мерапрыемствы спрыяюць узаемнаму духоўна-культурнаму ўзбагачэнню нашых брацкіх народаў, асвятляюць наш шлях у будучыню.

Верыцца, што ён будзе шчаслівы, бо Беларусь ідзе дарогай праўды і прагрэсу.

Іван КАРЭНДА, паэт

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.