Вы тут

Алкагольная залежнасць — гэта як любая іншая хвароба


Аднойчы я вярталася з вёскі дадому ў горад. У электрычцы ехала шмат дачнікаў з вёдрамі і кошыкамі, поўнымі ягад і фруктаў. Побач сядзела жанчына з сумным выглядам і час ад часу цяжка ўздыхала. Мне стала яе шкада, і я запыталася: «Мабыць, у вас здарылася нейкая бяда?»


Жанчына адказала, хоць і не адразу. «Вось гляджу я на гэтыя ягады і фрукты, і зусім не салодкія ўспаміны яны выклікаюць. Мы таксама з мужам прывезлі з вёскі, ад яго бацькоў, шмат гэтых дароў. Усе паліцы ў прасторнай кладоўцы былі запоўнены слоікамі з кампотамі ды варэннем. Куды нам столькі? А тут пачула ад людзей, што ўсё гэта можна скарыстаць... на выраб самагону. І вось у хуткім часе мы адвезлі ў вёску шмат слоікаў з варэннем. Выгнаўшы самагонку, муж ужо не адыходзіў ад вялікай бутлі, нібыта прырос да яе. Мне прыйшлося рабіць усе справы на агародзе і па гаспадарцы адной, нават навучыцца касіць траву. І ва ўсім гэтым я вінаваціла толькі сябе. Бо мая сквапнасць (каб дабро не прапала!) выйшла на першае месца. Мала таго, што мужу ўжо з дзяцінства прывівалі любоў і цягу да спіртнога, дык яшчэ і я пасадзейнічала займець бясплатную выпіўку».

Суразмоўніца замаўчала і больш да канца паездкі не вымавіла ні слова. Магчыма, выгаварылася, і ёй стала лягчэй.

І вось цяпер, калі я прыпомніла тое здарэнне, мне захацелася падзяліцца ўласнымі меркаваннямі.

На працягу жыцця я часта сутыкалася з запойнымі (на маю думку, няшчаснымі) людзьмі, бо алкагольная залежнасць — гэта як любая іншая хвароба. Адрозненне толькі ў тым, што запойнага чалавека вылечыць немагчыма, пакуль ён не захоча гэтага сам. Можна ўгаварыць такога легчы ў спецклініку, але ён усё роўна адтуль збяжыць. Або, прайшоўшы курс лячэння, зноў сарвецца і пачне піць яшчэ больш. Па віне алкаголікаў, хоць многія сябе такімі не лічаць, распадаюцца сем’і, пакутуюць блізкія людзі, асабліва дзеці. Калі п’е мужчына, яшчэ паўбяды, калі пачынае піць жанчына, гэта горш удвая. Колькі з-за п’янства адбываецца забойстваў, няшчасных выпадкаў, аварый на дарогах і шмат чаго іншага. Запойныя людзі не разумеюць, што губяць не толькі сябе і сваё здароўе, а здароўе тых, хто побач, робяць сябе і іх няшчаснымі. Каб жыць з алкаголікам, трэба мець стальныя нервы і цярпенне. Многія жонкі шкадуюць такога чалавека, стараюцца з усіх сіл выцягнуць яго з багны. А некаторыя ламаюцца самі і пачынаюць піць разам з мужам. 

І бедным дзецям, калі яны ёсць, няма куды дзявацца…

Адна мая знаёмая выйшла замуж за хлопца, які нават на спатканні прыходзіў падвыпіўшым. Але ёй думалася, што менавіта разам з ёю ён зменіцца і не будзе гэтага рабіць. Атрымалася наадварот. І каго ў тым вініць? Толькі сябе. Аднак знаёмая лічыць, што «гэта ёй наканавана» і яна «павінна цярпліва несці свой крыж да канца жыцця». Калі ж і дачцэ трапіўся муж-алкаголік, яна ёй казала: «Вось і ты паўтараеш мой лёс. Цярпі». А ўнучка, чуючы ўсё гэта і гледзячы на п’яных дзеда і бацьку, пыталася: «Дык што, і мне трапіцца муж-п’яніца?»

Аднаго разу восенню я вырашыла ў час свайго водпуску паездзіць у калгас, што знаходзіўся за горадам, на сельгасработы. Грошы за гэта не плацілі, а разлічваліся агароднінай. Так што можна было назапасіць яе на зіму і такім чынам сэканоміць на што-небудзь іншае (зарплаты ў нас з мужам у той час былі невялікія). І вось што я прыкмеціла: пасля кожнага працоўнага дня ў калгасе некаторыя з тых людзей, з якімі працавала, стаялі з той агароднінай каля рынку ці крамы. А на атрыманыя ад продажу грошы спяшаліся хутчэй купіць бутэльку са спіртным.

Я ж на сэканомленыя грошы зрабіла дзецям і мужу падарункі. Усе былі задаволеныя і шчаслівыя! Вось для таго, каб прынесці радасць сваім блізкім, я і патраціла большую частку свайго водпуску. А добрая справа вярнулася ад родных да мяне: любоўю, павагай, клопатам.

Да тых людзей таксама вярнуўся «бумеранг», але ўжо ў іншым выглядзе: нездароўя і разладу ў сем’ях. Безумоўна, гэта іх уласны выбар. Але ці не лепш спыніцца, пакуль для гэтага яшчэ ёсць сілы і час?..

Таццяна ЧЭКЕД

г. Гомель

Загаловак у газеце: Пакуль не позна...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.