Вы тут

Андрэй Дзмітрук: Крок за крокам вучуся быць кіраўніком


«Мне здаецца, што шчаслівае дзяцінства — адзін з самых вялікіх поспехаў у жыцці чалавека, — кажа загадчык мінскага дзіцячага сада № 252 Андрэй Дзмітрук. — Дзяцінства — гэта ўнікальны час, калі ашчаслівіць цябе могуць мыльныя бурбалкі, зробленыя з шампуню ў ваннай. Гэта час, калі для таго, каб пабудаваць дом, табе дастаткова двух крэслаў і коўдры, а грошы лёгка можа замяніць сабранае ў парку лісце. Гэта цудоўная пара, калі бацькі маладыя і поўныя сіл, а для шчасця табе дастаткова любімага марожанага. Свет здаецца неабсяжным, каляровым, а да зорак можна дацягнуцца рукой. Пагадзіцеся, стаўшы дарослымі людзьмі, кожны з нас не раз прыгадваў сваё дзяцінства з добрай, шчымлівай усмешкай і падзякай, марыў хоць на дзень вярнуцца ў гэты незабыўны час...»


Праз дзесяць дзён мы ўсёй краінай будзем падводзіць вынікі адыходзячага года і сустракаць новы. Для нашага героя «Плеяды маладых» 2023 год, безумоўна, запомніцца перамогай у Рэспубліканскім фестывалі «Педагагічны дэбют». Фестываль праводзіўся ў краіне ўпершыню, але мае ўсе шанцы стаць традыцыйным. У цэнтры ўвагі апынуліся маладыя настаўнікі, выхавальнікі дашкольных устаноў, маладыя дырэктары школ і маладыя загадчыкі ўстаноў дашкольнай адукацыі. Удзельнікі павінны былі адпавядаць некалькім крытэрыям: узрост — да 31 года і стаж работы на пасадзе — не больш як пяць гадоў, незалежна ад кваліфікацыйнай катэгорыі.

Капітан карабля

Звяртаючыся да канкурсантаў, намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай канстатаваў: «Маладосць — гэта адначасова і перавага, і недахоп, таму што яна хутка праходзіць. Дык цаніце яе, не бойцеся праяўляць наватарства, смеласць, таму што ў вас пакуль адсутнічае закасцянеласць педагагічнага мыслення, уласцівая больш старшым вашым калегам».

На фестывалі «Педагагічны дэбют» разам з калегамі

— Прыняць удзел у фестывалі мне прапанавалі ва ўпраўленні адукацыі Кастрычніцкага раёна Мінска. Мой агульны стаж у прафесіі — дзесяць гадоў. Але загадчыкам дзіцячага садка я працую толькі два гады. Некаторы час быў намеснікам загадчыка ў дзіцячым садзіку № 327. Конкурс расцягнуўся на цэлых дзевяць месяцаў, — расказвае Андрэй Дзмітрук. — Спачатку праходзілі раённыя, абласныя і Мінскі гарадскі этап, які прыраўноўваецца да абласнога. Затым быў завочны рэспубліканскі этап, падчас якога загадчыкі ўстаноў дашкольнай адукацыі пісалі эсэ і метадычную распрацоўку пасяджэння педагагічнага савета. Я прысвяціў эсэ сваёй маці.

У верасні адбыўся вочны заключны этап, які праходзіў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Першым выпрабаваннем стала візітная картка на тэму «Я і мая каманда». Маёй задачай было прыгожа прыпаднесці наш Сокал. Пасёлак Сокал ствараўся для авіятараў, а цяпер гэта адзін з мікрараёнаў Мінска, ён актыўна будуецца, сюды ахвотна едуць жыць шматдзетныя мінчане, але разам з тым ён размешчаны на адлегласці 20 кіламетраў ад сталіцы. Мікрараён незвычайны: ты доўга едзеш па шашы, з’язджаеш з яе, лес быццам бы расступаецца, і ты аказваешся ў экалагічна чыстым аазісе. Прызнаюся, што калі мне паступіла прапанова ўзначаліць дзіцячы садок у Сокале, у найбліжэйшую свабодную суботу (гэта было летам), я прыехаў сюды, пахадзіў вакол садзіка, які быў зачынены, падыхаў паветрам і адчуў: гэта маё! Вырашыў, што мне тут будзе камфортна! З аднаго боку, ціха, утульна, а з іншага — ёсць усе выгоды сталіцы. Развітая інфраструктура, добрыя транспартныя зносіны, школа, паліклініка, храм.

У сваёй візітнай картцы я выйшаў у касцюме авіятара, сеў у сапраўднае крэсла пілота, павітаў усіх «пасажыраў» на борце, запрасіў разам здзейсніць захапляльнае падарожжа, паабяцаў, што канцавым пунктам нашага маршруту будзе курорт «Ластаўчына гняздо» (гэта назва нашага садка): «Прашу прышпіліць рамяні, наш палёт пройдзе ў сяброўскай атмасферы. Лайнер набраў патрэбную вышыню. Нашы ўтульныя апартаменты знаходзяцца ў экалагічна чыстым мікрараёне беларускай сталіцы. Гісторыя курорта „Ластаўчына гняздо“ бярэ адлік з далёкага 1986 года. Але пасля мадэрнізацыі, праведзенай у 2015 годзе, ён атрымаў другое жыццё, стаўшы сучаснай установай, якую кожны дзень наведвае 220 выхаванцаў ва ўзросце ад двух да сямі гадоў. І мы з упэўненасцю можам сказаць, што адпавядаем усім сусветным стандартам у катэгорыі „дзіцячы сад“ і гэтак далей».

Выбар зроблены…

Сказаць, што мужчына ў сістэме дашкольнай адукацыі — рэдкасць, не сказаць нічога. Іх можна пералічыць па пальцах. Гэта традыцыйна жаночая сфера, яшчэ больш жаночая, чым школьная адукацыя. І пра гэта міжволі думаеш, назіраючы за мужчынам-кіраўніком у дзіцячым садку…

— Педагогіку нельга падзяляць на мужчынскую і жаночую. Галоўнае ў педагогіцы — гэта ўзровень прафесіяналізму, — адказвае нам Андрэй Дзмітрук.

Свой шлях у прафесію ён пачынаў з Салігорскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа.

— Я сам родам з Палесся, з Драгічынскага раёна. Заканчваў сельскую школу. У маім дзяцінстве мабільнікі ў дзяцей былі рэдкасцю, і інтэрнэта асабліва не было, затое мы часта гулялі ў школу. Дзялілі ролі паміж сабой: я настаўнік, ты вучань. У выніку і я, і мае стрыечныя сёстры аказаліся ў педагагічным каледжы. Я абраў спецыяльнасць «Дашкольная адукацыя». Выкладчыкі былі вельмі моцныя. Уся тэорыя, што выкладалася, неадкладна падмацоўвалася практыкай. Адзін дзень на тыдзень мы абавязкова праводзілі ў дзіцячым садку, і ўсё, чаму нас вучылі ў каледжы, прымянялі на практыцы.

Пасля заканчэння каледжа малады спецыяліст трапіў па размеркаванні ў Мінск, восем гадоў працаваў выхавальнікам у дзіцячым садку. І адразу паступіў на завочную форму навучання на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Прызнаецца, што гісторыя з самага дзяцінства яго захапляла, і ў школьнай праграме менавіта гэты прадмет быў яго любімым. Цікавімся ў нашага героя: выбіраючы выкладанне гісторыі, ён, напэўна, планаваў з часам сысці ў школу?

— Паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка гісторыі было маёй марай з дзяцінства, — прызнаецца Андрэй Аляксандравіч. — Магчыма, калі б не было ў маім жыцці каледжа, а потым працы ў дзіцячым садку, і я адразу пайшоў бы на гістфак, то маё прафесійнае жыццё склалася б інакш.

Але нават калі я працаваў выхавацелем, дзеці называлі мяне настаўнікам. Мы з маёй напарніцай Аленай Канстанцінаўнай Дзегцяровай набіралі старшую групу, рыхтавалі дзяцей да школы. Выстройваліся чэргі з бацькоў, якія хацелі аддаць дзіця менавіта да нас.

У дашкольным узросце вельмі важнае развіццё дробнай маторыкі, ад якой залежыць наша памяць і развіццё псіхічных працэсаў. Я прыносіў стос часопісаў, і дзеці нажніцамі выразалі з іх малюнкі, потым мы рабілі разам з аплікацый калажы.

Асабістая формула поспеху

Дарэчы, пасля заканчэння вучобы на гістфаку наш герой пайшоў у магістратуру БДПУ на спецыяльнасць «Менеджмент у адукацыі», але сістэму дашкольнай адукацыі, дзе яму ўсё роднае і знаёмае, не пакінуў... 

Пытаемся ў яго: «Што для вас цікавей: быць на „перадавой“, працаваць непасрэдна з дзецьмі ці ўсё ж такі несці адказнасць адразу за ўсіх і займацца кіраўніцкімі задачамі?»

— А я адкрыў для сябе педагогіку яшчэ і як сферу рэалізацыі кіраўніцкай дзейнасці. Крок за крокам з вялікім інтарэсам вучуся быць кіраўніком установы дашкольнай адукацыі і выводжу сваю асабістую формулу поспеху. Часам даводзіцца вырашаць задачы з «зорачкай», памнажаць шматгадовы вопыт маіх калег на ўласнае крэатыўнае мысленне і новыя метады працы і шукаць правільны адказ. Прычым яго нельга зверыць з рашэбнікам ці спісаць у суседа па парце... Бацькі навучылі мяне шукаць і знаходзіць выйсце, нават у самой здавалася б бязвыхаднай сітуацыі, — падкрэслівае Андрэй Дзмітрук. — Гэтага прынцыпу я прытрымліваюся і ў сваёй кіраўніцкай дзейнасці. Не сакрэт, што поспех кіраўніка ў першую чаргу залежыць ад яго каманды. Мяне вельмі добра прынялі ў цяперашнім калектыве. І педкалектыў, і тэхнічны калектыў укамплектаваныя ў нас на ўсе сто працэнтаў. У садку пераважна працуюць тыя, у каго ёсць педагагічны і ўласны сямейны вопыт, але пры гэтым яны яшчэ даволі маладыя, у сярэднім ім па 35–45 гадоў. Усе жывуць у Сокале. А тут, як у вялікай вёсцы, усе адзін аднаго ведаюць. Кухня таксама ўкамплектавана людзьмі, якія гатуюць з любоўю, як дома, таму што ў садок ходзяць іх унукі…

Ва ўстанове функцыянуе 12 груп, тры з іх — ясельныя, ёсць спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і група інтэграванага навучання і выхавання.

Рыхтуючыся да фестывалю «Педагагічны дэбют», Андрэй Дзмітрук вывеў для сябе формулу поспеху. Для гэтага выкарыстаў вобраз цацачнай піраміды, якую так любяць дзеці.

«Першае кольца піраміды — гэта аснова, якая задае тон і кірунак развіцця, — тлумачыць ён. — Яно павінна быць трывалым і надзейным. Гэта кіраўнік, які адначасова з’яўляецца менеджарам, псіхолагам, юрыстам, эканамістам, метадыстам, справаводам, гаспадарнікам і г. д. Наступнае кольца — надзейная апора кіраўніка — яго намеснікі. Дзякуючы ім у дзіцячым садку выбудоўваецца вопытная адукацыйная, метадычная і гаспадарчая работа. Педагогі — ключавая частка піраміды. Яны дзень пры дні аддаюць цяпло сваіх сэрцаў дзецям, закладваюць аснову іх характару, развіваюць іх здольнасці, з’яўляюцца для іх і настаўнікамі, і другімі мамамі. Незаменныя іх спадарожнікі — памочнікі выхавальніка, якія ствараюць у групе парадак і ўтульнасць, клапоцяцца пра малых, гатовы прыйсці на дапамогу ў любой сітуацыі. Важная частка піраміды — кухары, якія ўмеюць гатаваць смачна, па-дамашняму. Не самы прыкметны, але важны супрацоўнік — гэта вартаўнік. А як жа абысціся без залатых рук рабочых па абслугоўванні, якія і мосцік змайструюць, і электрыку адрамантуюць, без прыбіральшчыкаў памяшканняў і тэрыторыі?! І, вядома ж, на вяршыні піраміды знаходзяцца выхаванцы, якія радуюць педагогаў сваімі поспехамі і дасягненнямі...»

Адкрытыя, шчырыя, кранальныя…

У сваім майстар-класе ў фінале на тэму «Мая формула поспеху» Андрэй Дзмітрук параўнаў дзяцінства з букетам нашых родных беларускіх кветак — яркіх, рознакаляровых, якія нібыта пахнуць сонцам і любоўю.

— Букет, дзе кожная кветка — гэта важная частка чагосьці дарагога, асабістага, частка маёй душы, — тлумачыць ён. — Напрыклад, васілёк — сапраўднае ўвасабленне беларускай зямлі. Для мяне васілёк — гэта сімвал нашай гісторыі і памяці пра яе. Сімвал выпрабаванняў, якія вытрымаў наш народ. Вытрымаў і не зламаўся. Гісторыя з самага дзяцінства захапляла мяне. Мне падабалася слухаць нашы цудоўныя беларускія песні, якія спявалі на маім родным Палессі. 

Я вывучаў беларускія абрады, прыказкі, любіў, калі маці ў дзяцінстве чытала мне народныя казкі і легенды. Бо ў іх столькі мудрасці, вопыту, назапашанага не адным пакаленнем продкаў.

Стаўшы кіраўніком дашкольнай установы, я вялікую ўвагу надаю фарміраванню самасвядомасці нашых маленькіх беларусаў. Чалавек, які не ведае сваёй гісторыі, не мае будучыні. Таму важнымі задачамі свайго калектыву лічу фарміраванне ў дзяцей цікавасці да сваёй гісторыі. Вялікую ўвагу мы ўдзяляем такім святам, як Дзень беларускага пісьменства, Купалле, Каляды, свята ўраджаю. 

У нашым дзіцячым садку нават ёсць уласны міні-музей «Сялянская хатка», які дапамагае нашым выхаванцам вывучаць побыт і традыцыі беларускага народа. І я лічу гэта вельмі важным.

У маім букеце знайшлося месца цюльпанам — сімвалу 9 Мая (бо менавіта гэтую кветку мы дорым ветэранам, нясём да абеліскаў), ландышам, рамонкам, півоням, ружам і падснежнікам. За кожнай кветкай стаяць пэўныя сэнсы. Падснежнікі вельмі падобныя на нашых дзяцей — яны адкрытыя, шчырыя, кранальныя. Дзеля іх мы жывём і працуем. Дзяцей трэба перш за ўсё любіць. І гэта галоўнае правіла калектыву нашай установы, найвышэйшая наша каштоўнасць. Дзіця — гэта асоба, якую трэба паважаць, непаўторная індывідуальнасць, якую трэба развіваць.

Вяртаючыся да вашага пытання, што цікавей — работа з дзецьмі ці кіраўніцкія задачы, — скажу так: мне вельмі важна не губляць непасрэднага кантакту з малышамі, размаўляць з імі, слухаць іх, удзельнічаць у мерапрыемствах і ранішніках. Дзеці — вельмі шчырыя і адкрытыя. Яны табе давяраюць, і ты не маеш права не апраўдаць іх даверу.

Увогуле, уменне выслухаць, усё роўна, хто гэта — калега, які прыйшоў па параду, або дзіця, якое давярае табе нейкую сваю таямніцу, — вельмі важная якасць кіраўніка. Як і ўменне матываваць навакольных, адказнасць, аналітычныя здольнасці, камунікабельнасць.

У сваёй дзейнасці я вельмі цаню давер паміж мной і калектывам, імкнуся не толькі цярпліва выслухаць суразмоўцу, але і знайсці правільнае рашэнне праблемы, з якой ён прыйшоў да мяне.

Мой кожны дзень распісаны: прыходжу ў садок, апранаю халат, іду на кухню. Там я кантралюю арганізацыю харчавання нашых выхаванцаў. Потым іду па групах, сачу за адукацыйным працэсам, гляджу, колькі дзяцей прыйшло, цікаўлюся іх станам здароўя. Гэты рытуал вельмі важны. У дзяцей я звычайна пытаюся, як прайшлі выхадныя, а выхавальнікі распавядаюць, што плануюць праходзіць сёння на занятках.

На сваім месцы

Гэтымі днямі ў садзіку праходзяць навагоднія святы. «Дзеці вераць у цуды, у Дзеда Мароза, пішуць яму лісты», — кажа наш суразмоўнік.

Цікавімся, а дарослы Андрэй Аляксандравіч верыць у цуды? І ці ёсць у яго сям’і нейкія навагоднія традыцыі?

— Канешне, веру. І жаданне пад бой курантаў загадваю. У нашай сям’і было прынята збірацца на Раство ў бабулі. У Святы вечар напярэдадні свята стол засцілаўся сенам. Зверху клалі абрус. Ежа была посная. Бабуля варыла вельмі смачны кісель. А мы з сёстрамі з 6 на 7 студзеня ішлі калядаваць, спявалі калядныя песні, а потым хваліліся пачастункамі, якія назбіралі. Я ўвогуле ўсё дзяцінства наведваў нядзельную школу пры праваслаўным храме. Калі бацюшка нам штосьці даручаў, мы ніколі не маглі яму адмовіць. І калі камусьці была патрэбная наша дапамога, абавязкова ішлі і дапамагалі. Лічу гэты аспект духоўнага выхавання вельмі важным. Мы разбіралі біблейскія гісторыі, шукалі мараль тых ці іншых учынкаў... На Вялікдзень мы з маёй малодшай сястрой абавязкова збіраемся ў бацькоў. Гэта таксама наша сямейная традыцыя…

«Уявіце, што ў вас з’явілася магчымасць вярнуцца ў той час, калі вы рабілі свой прафесійны выбар. Што вы маглі б сабе сказаць? Можа, ёсць хлопцы, якія не вырашаюцца разбурыць стэрэатып аб жаночай прафесіі, а ваш прыклад стане для іх сур’ёзным аргументам...»

— За дзесяць гадоў свайго прафесійнага шляху я ні разу не пашкадаваў пра свой выбар. Свет педагогікі — вельмі цікавы, адказны і шматгранны. Ну хто зробіць нашых дзяцей шчаслівымі, калі не мы? Гэта ж так важна — удзельнічаць у іх сталенні і развіцці. Менавіта гэта жаданне і прывяло мяне ў педагогіку, — упэўнена адказаў наш суразмоўнік. — Я ўдзячны году, які прынёс мне перамогу ў прафесійным конкурсе, удзячны яму за тое, што пазнаёміўся з мноствам выбітных людзей і сапраўдных прафесіяналаў, бо за маёй перамогай стаяла магутная каманда — калектыў садка, педагогі Кастрычніцкага раёна сталіцы, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. Конкурс даў каштоўны вопыт, уменне трымацца на публіцы. І, галоўнае, упэўненасць у тым, што я — на сваім месцы. Калі дзіця раніцай з ахвотай ідзе ў дзіцячы садок — у гэтым заслуга ўсяго нашага калектыву...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.