Вы тут

Качанава аб падрыхтоўцы да XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі: Аб’ём работы будзе вялікі


Якія пляцоўкі разгорнуцца на XІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які традыцыйна праводзіцца пад эгідай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі і адбудзецца ў Віцебскай вобласці ў 2024 годзе, абмеркавалі ў Полацку ўдзельнікі нарады пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай.


У якасці асноўных пляцовак для арганізацыі секцый, выставак і прыёму гасцей вызначаны Віцебск, Полацк, таксама разглядаюцца некаторыя ўстановы і прадпрыемствы ў Наваполацку, у прыватнасці Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай і ААТ «Нафтан». Такі фармат правядзення будзе выкарыстоўвацца ўпершыню, да гэтага два дні Форуму праходзілі ў адным горадзе. Усю праграму мерапрыемства, дату яго правядзення будуць абмяркоўваць на пасяджэнні аргкамітэта, у які ўвойдуць прадстаўнікі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі.

Усе аб’екты — да 10 чэрвеня

Адной з пляцовак у старажытным Полацку стане былы Дом афіцэраў, дзе сёння ідуць рамонтныя работы і мадэрнізацыя аб’екта. Ён размяшчаецца ў цэнтральнай частцы горада побач з райвыканкамам. Гэта адзіны будынак 1930–1940-х гадоў, які захаваўся. У яго архітэктуры найбольш поўна адлюстравана стылістыка сталінскага перыяду. Ён быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1940 годзе і тады называўся Домам Чырвонай Арміі. У час Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаліся нямецкая воінская часць, шпіталь, а ў момант вызвалення горада ад акупантаў будынак быў на 70% разбураны, унутраную частку амаль поўнасцю знішчыў пажар. Аднавілі яго ў 1947 годзе, і ў той жа час змянілася яго назва — Дом афіцэраў.

Доўгія гады тут праходзілі значныя для Полацка мерапрыемствы, будынак знаходзіўся ў распараджэнні розных устаноў і арганізацый, і ў 2021 годзе былы Дом афіцэраў перадалі Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Ефрасінні Полацкай (ПДУ).

Наталля Качанава агледзела аб’ект, ацаніла ход работ. Рэктар ПДУ Юрый Раманоўскі расказаў Старшыні Савета Рэспублікі, як павінен па праекце выглядаць будынак, якія памяшканні і залы будуць размяшчацца ўнутры. «Трэба аформіць фасад у адзінай каляровай гаме з навакольнымі будынкамі, Полацк прыгожы сваёй камернасцю, гэта трэба ўлічваць», — падкрэсліла спікер.

Да 10 чэрвеня 2024 года ўсе аб’екты, якія будуць задзейнічаны ў XІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, павінны быць гатовы — такую задачу паставіла перад кіраўніцтвам Віцебскай вобласці Старшыня Савета Рэспублікі.

Прадумаць усё да дробязяў

З удзельнікамі нарады ў Полацку Наталля Качанава абмеркавала, якія секцыі і дзе будуць арганізаваны. Ім будзе прысвечаны першы дзень Форуму. Тры секцыі плануецца арганізаваць у Віцебску і шэсць — у Полацку і Наваполацку. 

Прамысловасць, адукацыя, ахова здароўя, гандаль, інавацыйны сектар, культурна-гістарычная спадчына, турызм — усё гэта неабходна паказаць гасцям маштабнага мерапрыемства. Для гэтага на нараду былі запрошаны кіраўнікі міністэрстваў адукацыі, культуры, транспарту і камунікацый, старшыні аблвыканкама, гарвыканкамаў, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў. Наталля Качанава нацэліла міністраў, кіраўніцтва вобласці, гарадоў на актыўную работу ў падрыхтоўцы аб’ектаў, бо часу застаецца не так многа. «Аб’ём работы вялікі, нельга губляць ні дня», — акцэнтавала ўвагу спікер.

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што неабходна прадумаць усё да дробязяў — ад лагістыкі і трансферу паміж гарадамі, дзе пройдзе Форум, да сувенірнай прадукцыі для гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства. Як дабрацца, дзе размясціцца, куды схадзіць пасля работы секцый і як пазнаёміцца з прыгажосцю віцебскага краю — кожны нюанс трэба прапрацаваць і зрабіць так, каб удзельнікі і госці адчувалі сябе камфортна.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін расказаў, што з абласнога бюджэту на падрыхтоўку да маючага адбыцца Форуму ўжо выдзелена 100 млн рублёў. 

У абласным цэнтры абновяць шэсць буйных аб’ектаў, у ліку якіх Канцэртная зала «Віцебск», плошчы Перамогі і Свабоды, Летні амфітэатр, гасцініца. У Полацку рамонт і рэканструкцыя будуць праводзіцца на буйных помніках і мемарыялах, у жылфондзе. Таксама будуць праводзіцца дарожна-рамонтныя работы на трасах і вулічнай сетцы гарадоў. У тым ліку мясцовыя ўлады ў Віцебску, Полацку і Наваполацку зоймуцца добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторый.

Гасцей будуць прымаць не толькі гасцініцы ў абазначаных гарадах, але і ў прылеглых раёнах, задзейнічаюць базы адпачынку, школьныя лагеры. Да паслуг удзельнікаў Форуму рэгіёнаў і мясцовых жыхароў будуць адкрыты аб’екты грамадскага харчавання — як стацыянарныя, так і перасоўныя.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна прапанавала запрасіць дэлегацыі кітайскіх гарадоў-пабрацімаў, якія, акрамя знаёмства са славутасцямі гарадоў паўночнага рэгіёна, хацелі б стаць удзельнікамі Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Таксама яна адзначыла, што на базе нафтаперапрацоўчага завода можна было б арганізаваць выставу прадукцыі прадпрыемстваў галіновага кластара, і Наталля Качанава падтрымала гэту ідэю.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што важна стварыць станоўчы імідж будучага Форуму рэгіёнаў і інфарміраваць насельніцтва аб значным маштабным мерапрыемстве. Для гэтага яна прапанавала задзейнічаць брэндаваныя аўтобусы, вулічныя экраны, на якіх будзе трансліравацца інфармацыя аб Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, выкарыстоўваць нацыянальную сімволіку ў вулічных арт-аб’ектах — у кожным горадзе трэба прадугледзець такія моманты.

Часу застаецца мала

Па выніках нарады Наталля Качанава расказала журналістам, што па прапанове кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама быў выбраны менавіта паўночны рэгіён, каб паказаць нашу гісторыю, карані беларускай дзяржаўнасці. «Упершыню мы будзем праводзіць Форум рэгіёнаў у двух гарадах Віцебскай вобласці: у Полацку ў першы дзень будуць працаваць секцыі, а на другі дзень пленарнае пасяджэнне і частка секцый будуць праходзіць у Віцебску», — адзначыла спікер.

Наталля Качанава дадала, што падрыхтоўчай работы яшчэ шмат. «Часу застаецца мала, таму што ў нас важнае палітычнае мерапрыемства — электаральная кампанія. Але разам з тым мы паралельна рыхтуемся да важнага мерапрыемства, якое праводзіцца пад эгідай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі і Савета Федэрацыі Расійскай Федэрацыі, — Форуму рэгіёнаў. Яны добра сябе зарэкамендавалі — такія важныя мерапрыемствы, якія праходзяць штогод. У мінулым годзе юбілейны Форум рэгіёнаў прайшоў у горадзе Уфе, а ў нас наперадзе вялікая работа па напаўненні, бо важна выбраць тэматыку. Цяпер ужо ў поўнай меры ідзе падрыхтоўка па кантрактах, пагадненнях, якія будуць падпісаны ў рамках гэтага мерапрыемства, таму што гэта заўсёды асноватворнае», — расказала Старшыня Савета Рэспублікі.

Паводле слоў спікера, ідзе работа па падрыхтоўцы выступленняў, якія прагучаць на Форуме рэгіёнаў, па фармуляванні актуальных тэм, якія неабходна разгледзець на мерапрыемстве, а мясцовыя органы ўлады павінны зрабіць усё, каб нашы гарады выглядалі годна. «Робіцца ўсё, каб паказаць у поўным аб’ёме гістарычныя аб’екты, якія ёсць у Полацку, і горад Полацк як аснову нашай духоўнасці, меку нашай дзяржаўнасці, адкуль пачыналася гісторыя нашай краіны, дзе ёсць вялізная колькасць музеяў, гістарычных каштоўнасцяў, якія павінны ўбачыць госці, калі прыедуць да нас, і тыя, хто будзе ўдзельнічаць у Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі», — падсумавала Наталля Качанава.

Дарэчы

Наперадзе шмат працы

Пасля нарады ў Полацку Наталля Качанава ў размове з журналістамі закранула і дзейнасць Савета Рэспублікі. Спікер расказала аб выніках пасяджэння 11-й сесіі сёмага склікання, на якім разгледзелі важныя пытанні. «Вы ведаеце, што ў развіццё Канстытуцыі мы павінны былі разгледзець каля ста законапраектаў. Я скажу, што гэта работа практычна завершана. Мы разгледзелі важныя законапраекты, якія датычацца дзяржаўных закупак, інвестыцый, крымінальнай адказнасці (гэта Крымінальны кодэкс, мы ўнеслі туды дапаўненні і змяненні, іх падтрымалі члены Савета Рэспублікі), закон аб Прэзідэнце нашай краіны», — адзначыла Наталля Качанава, дадаўшы, што сенатары выканалі адказную работу, таму што яны разглядалі гэтыя законапраекты не толькі на фінальнай стадыі, але і падключаліся да гэтых тэм даўно, абмяркоўваючы іх на экспертных і экспертна-кансультатыўных саветах.

Таксама, гаворачы аб задачах, якія стаяць перад сенатарамі на парадку дня, Наталля Качанава адзначыла, што іх нямала, рэалізоўвацца яны будуць без сыходу на канікулярны час. «Мы вельмі актыўна працуем з людзьмі, праводзім прыёмы па асабістых пытаннях, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы ў калектывах, што вельмі важна. І гэта работа толькі набірае тэмп, ніколькі яе не змяншаем, паколькі бачым, што ёсць вынікі. Не проста даводзім інфармацыю, з якой мы прыходзім у калектывы або арганізацыі і тады, калі праводзім прыёмы па асабістых пытаннях, а мы робім аналіз зваротаў, якія паступаюць да нас у ходзе такіх сустрэч, і ў далейшым гэта выкарыстоўваем для сваёй работы», — падзялілася Старшыня Савета Рэспублікі.

Паводле БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.