Вы тут

Пра родавыя дрэвы і свае карані


І маёй сяброўцы з маленькім сынком, і маладзенькай нявестцы, і стрыечнай сястрычцы з трыма дарослымі дзецьмі і двума ўнукамі і яшчэ шмат і шмат каму са сваякоў і знаёмых, якія з зацікаўленасцю сочаць за маімі захапляльнымі пошукамі, але самі — ні кроку наперад, я хачу прысвяціць свой праект. А, у першую чаргу, безумоўна, вам, дарагія чытачы, бо на самай справе я даўно ўжо адчуваю, што вельмі шмат хто хоча паглыбіцца ў гэты дзіўны, цудоўны свет пад назвай генеалогія, ды не ведае, з чаго пачаць.


І таму вырашыла зрабіць падрабязную інструкцыю, ці то шпаргалку, ці то дапаможнік пра тое, як скласці радавод і не ўпусціць ніводнай дэталі. Практычныя парады, дакладныя адрасы, карысныя спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы, сацыяльныя сеткі і іншыя крыніцы, дзе магчыма шукаць звесткі пра сваякоў — усё тое, што праштудзіравала сама, зараз рада на талерачцы з блакітнай аблямоўкай прыпаднесці ўсім вам, дарагія пачаткоўцы. Даць менавіта «вудачку», таму што лавіць сваю залатую «рыбку» кожнаму прыйдзецца самастойна. Бо, каб вырасціць сапраўднае генеалагічнае дрэва, нам спатрэбіцца авалодаць сістэмай з шэрагам прыёмаў.

Шчыра кажучы, мне і самой будзе вельмі цікава зрабіць першыя абагульненні сваіх даследаванняў і асэнсаваць тое, што я знайшла і ведаю пра сваіх продкаў на сёння.

На машыне часу праз 350 гадоў

Ёсць розныя спосабы ажывіць сваіх продкаў. Глядзець на іх фотаздымкі; слухаць тых, хто іх ведаў; шукаць у архівах дакументы, нават самыя «сухія» і амаль не звязаныя, на першы погляд, з непасрэдным іх жыццём; чытаць дакументальныя кнігі па гісторыі; дасканала вывучаць час, калі жылі продкі, і паглыбляцца ў тое «асяроддзе».

Інакш не назавеш гэты захапляльны пошук, які вядзе па ланцужку ўсё далей і далей, як найцікавейшым падарожжам на машыне часу праз сотні гадоў. Напрыклад, праз 350. Менавіта такога ўзросту продкаў па лініі мужа да дзявятага калена, Букатага Томаша, 1779 года нараджэння, і ягоную жонку Марыяну Данілаўну, якая нарадзілася 01.04.1780 года, мне пашчасціла знайсці. А таму гэта падарожжа нагадвае наведванне блізкіх, бо ўся тая мясцовасць — не чужыя мне краявіды, і тыя людзі з мінулых часоў маюць да мяне непасрэднае дачыненне.

А першым чалавекам, які пасеяў ува мне зерне прагі ведаць карані, прычым супраць маёй волі, была мая матуля. Менавіта яна вельмі даўно пачала шукаць нітачкі, распытваць сваіх бацькоў, падпісваць, хто на фотаздымках, каб мы потым ведалі, «калі надыдзе час». Яна захоўвала ўсе паштоўкі, лісты, медалі дзядулі, родавую схему, якую перадала ёй стрыечная сястра па агульнай лініі Паўловічаў. Але ў мяне ад чарады бясконцых сваякоў толькі ў вачах мільгацела.

Не інакш, каб яшчэ больш заблытаць тых, хто будзе вывучаць іх радавод, нашы продкі па матулінай лініі давалі сваім дзецям у адной сям'і аднолькавыя імёны. Два Мікалаі (Мікола і Мікалай) у сям'і Сідара Паўловіча. Дзве Марыі (Маня і Марыйка) і дзве Ганны (Ганна і Анюта) у сям'і Васіля Баешкі (Гэта я потым даведалася, што ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў было звычайнай практыкай ужываць розныя формы аднаго імя, у залежнасці ад веравызнання.). Да таго ж і жылі ўсе матуліны сваякі ў адной вёсцы — Бабы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.

Усім, што матуля ведала, яна літаральна нашпігоўвала мяне сілком, а я ледзь не затыкала вушы — настолькі мне здавалася гэта заблытаным і нецікавым. Але, як потым высветлілася, на шчасце, я ўсмактала ўсё як губка. Цяпер і ўявіць сабе не магу, што гэта можа быць нецікавым! І — я не шкадую, як звычайна кажуць, што не паспела маму распытаць і ўсё страчана. Паспела! Прыязджаючы ў Бабруйск да бацькоў, я распытвала і запісвала на дыктафон усё, аб чым распавядалі мае матуля і тата, ужо ў апошні год іх жыцця, у 2017-м.

Зараз я адразу адкажу вам, як звалі сястру бабулі ці брата прадзядулі, таму што гэта прапушчана праз душу. Я ўдзячна маці яшчэ і за тое, што яна захоўвала ў памяці літаральна ўсе важныя даты жыцця сваіх блізкіх. Ці шмат на свеце такіх матуль, якія, напрыклад, памятаюць дакладную дату, калі іх дзіця зрабіла першы самастойны крок, адштурхнуўшыся ад лаўкі, і свае пачуцці ў тую хвіліну?..

Безумоўна, я здагадвалася, што гэта цяжкая праца, якой я павінна буду прысвячаць увесь свой час, але не была да гэтага падрыхтаваная. І таму так доўга і не бралася за радавод. Мне трэба было саспець, вырашыцца, каб потым ужо не саступаць. І аднойчы матуліна зерне прарасло. Я нават дакладна ведаю гэты дзень.

Сваяк з Крайняй Поўначы

Тры гады таму, 4 мая 2020 года, я ляжала дома ва ўгары ковіднай ліхаманкі, задыхаючыся ад кашлю, і раптам ціўкнуў мой тэлефон: прыйшло паведамленне з Расіі ад незнаёмага хлопца. Ён займаўся пошукам свайго роду на міжнародным генеалагічным сайце MyHerіtaіge і выявіў, што мы з ім сваякі. Ён — праўнук Ваўпшасава Станіслава Аляксеевіча, роднага брата маёй бабулі па лініі бацькі (у дзявоцтве Ваўпшайце), які мне даводзіцца стрыечным дзедам, і, дарэчы, гэта той самы вядомы разведчык, у гонар якога названа вуліца ў Мінску. Хвіліну таму я нават не падазравала, што ёсць на свеце такі Павел Косараў. А тут раптам аказваецца, што мы сваякі, і не важна, наколькі далёка жывём адзін ад аднаго! Я ў Беларусі, ён — на Крайняй Поўначы, у Северадзвінску, дзе Белае мора і Паўночная ззянне. Сам Ваўпшасаў памёр у 1977 годзе ў Маскве, яго жонка Ганна Сідараўна — таксама, і абодва сыны — Фелікс і Марат. Засталася толькі Дана Феліксаўна, якая выйшла замуж, і на гэтым сувязі абарваліся. І вось Павел, адзін з трох сыноў Даны, запрасіў мяне на свой сайт, як раней запрашалі дахаты на чай, пазнаёміў віртуальна са сваёй сям'ёй і папрасіў хоць нешта расказаць аб нашых агульных з ім продках па лініі Ваўпшас (гэта сапраўднае прозвішча Ваўпшасава С. А.). І ў тое ж імгненне я забылася пра сваю хваробу! Зарэгістравалася на гэтым сайце і пачала ствараць там сваё «лічбавае» родавае дрэва. А сістэма аўтаматычна далучыла маю галіну да родавага дрэва Паўла. Хвалюючае было пачуццё — убачыць цэльную сістэму Роду, а ў ёй — сябе як неад'емную частку! А яшчэ гэта адчуванне, калі перад табой на экране з'яўляюцца ўсе незапоўненыя ячэйкі, ты запаўняеш іх, запаўняеш, і раптам... вычэрпваеш свае веды, і як бы ні намагаўся, не здольны нічога дакладна напісаць: ні даты жыцця, ні месца нараджэння, ні пахавання. Вось тады пачынаеш разумець, як важна паспець даведацца, пакуль не абарваліся тонкія нітачкі. Інакш так і застануцца пустыя ячэйкі, як зарослыя травой узгорачкі на могілках.

І калі я прыблізна «накідала» на паперы сваю радаслоўную, белых плям там, на жаль, было занадта шмат.

Сірата без сёмага калена

Дык навошта мне наогул той радавод? У старажытныя часы захоўванне ведаў аб сваім паходжанні было прамой неабходнасцю. Напрыклад, у казахаў, кіргізаў і башкіраў існавала «Жеті ата» («Сем продкаў») — сістэма складання радаводу, якая мела на ўвазе абавязак ведання імёнаў сваіх продкаў аж да сёмага калена. Сваякі да сёмага калена лічыліся блізкімі, і шлюбы паміж імі забараняліся, каб пазбегнуць кровазмяшэння. У ХVІ—XVІІ стагоддзях Есім-ханам нават быў уведзены закон, які караў парушальнікаў смерцю. А яшчэ ў казахаў ёсць прымаўка: «Хто не ведае сем пакаленняў сваіх продкаў — той сірата».

У наш час вывучэнне роду і гісторыі сям'і — гэта, па-першае, выдатны спосаб абудзіць у дзяцей цікавасць да ўласнага паходжання. Гісторыя радаводу таксама дапамагае адкрыць вочы на самога сябе, на прыкладзе сваіх бацькоў і іх сваякоў прасачыць праз пакаленні мадэлі паводзін, схільнасць да вызначанай прафесіі і родавых хвароб, фарміраванне звычак, структуру мыслення, асаблівасці маўлення. Усё гэта мы наследуем ад кожнага, па кропельцы крыві, што выяўляецца хутчэй праз адно калена, але часам і радзей.

Пойдзем разам у лес!

Радаводам, родавым ці генеалагічным дрэвам называюць умоўную схему, якая ахоплівае сувязі паміж сваякамі ў межах адной сям'і адразу ў некалькіх пакаленнях. Яна часта адлюстроўваецца і сапраўды ў выглядзе «дрэва». Каля каранёў звычайна размяшчаецца родапачынальнік, на «ствале» — прадстаўнікі асноўнай лініі роду, а на «галінах» — іншыя лініі радаводу. Чым большая іх колькасць, тым больш значна выглядае генеалагічнае дрэва, падобнае на велічныя рогі высакароднага аленя.

Можна, вядома, звярнуцца ў архіў ці да прыватнага спецыяліста, каб вам склалі радавод за грошы, але тут ёсць два «мінусы»: неабходнасць плаціць, і шмат, а галоўнае — вы страціце асабістую датычнасць да атрыманага плёну працы, той самы смак пошуку. Гэта ўсё роўна, што купляць на рынку грыбы, калі можна самому пайсці з кошыкам у лес.

Я заклікаю вас: хадземце разам у лес! Там цікава! А мы з дапамогай «Сямейнай газеты» пастараемся правесці вас па заблытаных сцежках, наблізіць да самых, здавалася б, аддаленых месцаў, падзей і часоў. Падарыць вам надзею на сустрэчу з мінулым, а, верагодна, і з будучым. Даць магчымасць акунуцца ў атмасферу невядомасці і патаемнасці. Знайсці ключы да разгадак...

Вы з намі?

Ала ЖУР

(Працяг будзе.)

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.