Вы тут

Чаму хадзіць у Пушкінскую бібліятэку цікава, сучасна і неабходна?


25 снежня найстарэйшай установе культуры Беларусі Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна споўнілася 123 гады. На пачатку мінулага стагоддзя тут пісаў свае вершы класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч, ганаровым членам бібліятэкі быў абраны знакаміты пісьменнік Леў Талстой. Сёння Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна — гэта сучасны культурна-асветніцкі і метадычны цэнтр амаль 400 бібліятэк сталічнай вобласці і цікавае месца арганізацыі вольнага часу наведальнікаў рознага узросту.


Дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Наталля Вашчыла і дырэктар Данской дзяржаўнай бібліятэкі Яўгенія Калеснікава падчас Дзён Растоўскай вобласці ў Беларусі.

Бібліятэка... Як шмат хаваецца ў адным гэтым слове... Ціхі шолах папяровых старонак, пах друкарскай фарбы, адчуванне добраахвотнай «ізаляцыі» ад знешняга свету і атмасфера святла і летуценнасці. Аднак не толькі кнігамі здаўна славіліся бібліятэкі. Яшчэ да распаўсюджвання інтэрнэту, сацыяльных сетак і мэсэнджараў «храмы ведаў і навукі» выконвалі ўсе гэтыя функцыі — тут знаёміліся, размаўлялі, улюбляліся і нават заводзілі сем’і, бібліятэкі былі эпіцэнтрам апошніх навін.

І, зразумела, тут умудраліся актыўна забаўляцца: гулялі ў «настолкі» або ладзілі ў бібліятэчных залах сапраўдныя «квэст-румы» — задоўга да таго, як гэта стала мэйнстрымам.

Цяпер, калі ўсе забаўкі свету даступныя па пстрычцы пальцаў, а дакладней — лёгкім свайпе па экране смартфона, бібліятэкам становіцца ўсё цяжэй прывабліваць новае пакаленне чытачоў. Маладыя людзі сённяшняга дня не вельмі шануюць «магію» папяровых носьбітаў, свежыя чуткі яны могуць прачытаць у любым пабліку «ВКонтакте», а ў бібліятэку зойдуць, у лепшым выпадку, каб зняць на фоне кніжных паліц чарговы танец для «ТикТок». І ўсё ж на фоне такой моцнай перавагі тэхналогій бібліятэкі не здаліся — выжылі, падстроіліся пад новую рэальнасць і нават у нейкім сэнсе эвалюцыяніравалі. Цяпер кожная бібліятэка, якая паважае сябе, не толькі выдае на дом кнігі, але і выконвае функцыі паўнавартаснага цэнтра вольнага часу, дзе, гаворачы мовай мемаў, «добры вядучы і конкурсы цікавыя».

Адным з флагманаў такой стратэгіі ў нашай краіне з’яўляецца Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна, якая апошнія гады стала актыўна прыцягваць да сябе чытачоў, у тым ліку з дапамогая культурна-асветніцкай і забаўляльнай работы. Курс на ўсебаковае развіццё сацыякультурнага складніка бібліятэка ўзяла з прыходам новага дырэктара Наталлі Мікалаеўны Вашчыла. Стратэгія кіраўніка дазволіла ператварыць бібліятэку ў паўнавартасны культурна-забаўляльныі асветніцкі цэнтр, які прапануе сваім чытачам як традыцыйныя бібліятэчныя паслугі, так і разнастайныя мастацкія і фотавыставы, літаратурна-музычныя мерапрыемствы, культурна-масавыя імпрэзы.

На мерапрыемстве, прысвечаным тэме генацыду.

Практыка паказала, што такая работа з насельніцтвам запатрабавана часам. Дзякуючы даступнасці і актуальнасці культурна-відовішчных мерапрыемстваў Мінская абласная бібліятэка зарэкамендавала сябе як тэрыторыя высокага густу і інтэлекту, дзе заўсёды гатовы здзіўляць і цешыць чытачоў усіх катэгорый: дзяцей малодшага ўзросту, студэнтаў, шмаддзетныя сем’і, людзі сталага ўзросту. Пры гэтым увесь час удасканальваючы сваю дзейнасць, дзякуючы шматлікім водгукам, у тым ліку апублікаваным у сацыяльных сетках.

Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Мінскай абласной бібліятэкі складана назваць маладым — па мерках чалавечага веку ён яшчэ немаўля, бо з’явіўся толькі пазалетась. Яшчэ на пачатку 2022 года культурнае жыццё ў бібліятэцы цякло спакойна і мерна — кожны аддзел па меры сваіх сіл імкнуўся разнастаіць асноўную дзейнасць уласнымі прыдумкамі і фарматамі, але гэтага было мала — бракавала маштабу, стройнай канцэпцыі прасоўвання бібліятэкі ў вялікую сацыякультурную прастору Мінскай вобласці і беларускай сталіцы. Тады на сцэну выйшлі яны — супрацоўнікі наваспечанага аддзела арганізацыі культурнай актыўнасці. Не «рыцары ў бліскучых даспехах», але людзі з досведам, энтузіязмам і, галоўнае, вялікім жаданнем вывесці сацыякультурны аспект бібліятэкі на якасна новы ўзровень. Выпадковы наведвальнік лёгка можа пераблытаць яе з мастацкай галерэяй — і будзе блізкі да ісціны. У аддзеле маркетынгу справядліва палічылі: — навошта абмяжоўвацца адной, няхай і вялікай, залай, калі ў іх распараджэнні — уся бібліятэка, два паверхі з мноствам месцаў, прыдатных для экспанавання карцін, фотаздымкаў, работ народных майстроў і прызнаных мастакоў-прафесіяналаў? Пры гэтым тут не гоняцца за колькасцю, аддаючы перавагу якаснаму і разнастайнаму сэнсаваму напаўненню выставачных пляцовак. Так у сценах «Пушкінкі» з’явіліся самабытныя пейзажы французскага мастака з беларускай прапіскай Івааё і фотавыставы членаў народнага фотаклуба «Мінск», якія затым змяняюцца гіганцкімі палотнамі вядомых мэтраў айчыннага авангарда з калекцыі Яўгена Ксяневіча і фларыстычнымі калажамі Лізаветы Канстанцінавай. Экспазіцыі рэгулярна абнаўляюцца, але нязменным застаецца адно: кожны глядач, незалежна ад узросту, знаходзіць тут нешта сваё.

У культурным актыве бібліятэкі ёсць і прасторная, шматфункцыянальная выставачная (актавая) зала — і ў ёй, як кажуць, ёсць дзе разгарнуцца, як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Менавіта тут, як правіла, праходзяць прэзентацыі найбольш значных выставак і кніжных навінак, творчыя вечарыны і бенефісы вядомых артыстаў, напрыклад, саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі, кампазітара, аранжыроўшчыка і спевака Аляксандра Балотніка. Неабыякавыя да жывапісу чытачы нярэдка зазіраюць у залу, каб праслухаць чарговую мастацтвазнаўчую лекцыю ад арт-эдвайзера і аўтара куратарскіх праектаў у сферы сучаснага беларускага жывапісу Дар’і Пушко. Нярэдка сцены залы ўздрыгваюць ад тупату мноства маленькіх ног, калі групы юных аматараў музыкі падчас школьных канікулаў прыходзяць сюды на спектаклі Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Але часцей у выставачнай зале гучыць музыка — як класічная, так і сучасная, айчынная і замежная. Літаратурна-музычныя вечарыны з жывым гукам і не менш жывой рэакцыяй аўдыторыі ўжо даўно сталі візітнай карткай бібліятэкі. Часам ажыятаж на падобныя мерапрыемствы перавышае нават умяшчальнасць самой залы, у чым змаглі асабіста пераканацца ўдзельнікі аднаго з вечароў салісткі Маскоўскай дзяржаўнай акадэмічнай філармоніі Кацярыны Анохінай: на яе канцэрце давялося падсаджвацца на банкеткі, дзіцячыя стулчакі і нават на падлогу, бо не хапала пасадачных месцаў.

А якая ў актавай зале цудоўная акустыка! Салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі не дадуць схлусіць.

Зрэшты, сацыякультурная дзейнасць Пушкінкі актыўна рапаўсюджваецца на інтэрнэт-прастору. Папулярныя сацыяльныя сеткі, а таксама YoyTube-канал бібліятэкі дзякуючы прафесіянальнаму вядзенню кантэнту нядаўняй выпускніцай БДУКМ Алінай Чарнавокай паспяхова прырастае падпісчыкамі, а значыць і чытачамі.

А з верасня 2023 года дырэктар бібліятэкі Наталля Вашчыла пачала ўдзельнічаць у радыёперадачах, пасля яе замяніў вядучы бібліятэкар аддзела Мікіта Мішчанка. Ён на рэгулярнай аснове наведвае студыю канала «Мір» у якасці кніжнага аналітыка і збірае тысячныя прагляды падпісчыкаў папулярнага радыёканала. З перыядычнасцю раз на месяц у рамках радыёшоу «Сусветная раніца з „Пад’ёмнай сілай“» тут абмяркоўваюцца самыя цікавыя навіны літаратуры і навінкі бібліятэчнага фонду разам з вядучымі перадачы Аляксеем Клачковым, Антонам Котавым і Кацяй Жаваранак.

Нялішнім будзе нагадаць і аб тым, што Мінская абласная бібліятэка — гэта не толькі пляцоўка для правядзення мерапрыемстваў, але і «кузніца талентаў», своеасаблівая «Фабрыка зорак» для беларускіх школьнікаў. Вялікі рэзананс выклікала правядзенне міжнароднага конкурсу «Пад Зоркай Венеры» ў сакавіку 2023 года, які ўжо стаў знакамітым. Амаль дзве тысячы юных чытальнікаў з усёй Беларусі і з-за яе межаў даслалі свае тэатралізаванія відэаролікі з дэкламаваннем вершаў Максіма Багдановіча. А цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу сабрала найлепшых прыхільнікаў знакамітага беларускага паэта з усёй Беларусі і нават Расіі. Многія юныя таленты, якія прыехалі тады ў Мінск, наведалі бібліятэку ўпершыню. Па іх вачах і ўсмешках можна было зразумець, што вернуцца. Хто ведае, магчыма, нават ужо са сваімі сольнымі праектамі.

Вельмі цікава, з грамадскім рэзанансам прайшла ў Мінскай абласной бібліятэцы нядаўняя прэзентацыя сумеснага з Гомельскай абласной бібліятэкай праекта «Мы не рабы! Лёсы астарбайтараў у фотадакументах, лістах і ўспамінах». Імпрэза была прымеркавана да Міжнароднага дня памяці ахвяр злачынстваў генацыду. Ініцыятарам стварэння праекта выступіла Гомельская абласная пракуратура і асабіста пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў. Гэтае мерапрыемства выклікала вялікую цікавасць у студэнтаў гістарычнага факультэта БДУ, курсантаў Акадэміі МУС, сталічных школьнікаў. У зале панавала напружаная цішыня, калі на экране з’явілася фотахроніка, гучалі расповеды пра трагічны лес людзей, загнаных у няволю.

З кожным годам «Пушкінка», нягледзячы на свой паважны ўзрост, маладзее і прыгажэе, як быццам выкупаўшыся ў крыніцы казачнай «жывой вады». Усё часцей у сценах бібліятэкі можна ўбачыць маладых людзей, якія захоплена разглядаюць карціны, прыйшлі на чарговы вечар паэзіі або ладзяць тут персанальную фотасесію. Паступова паход у бібліятэку становіцца для іх любімым заняткам. А супрацоўнікі бібліятэкі, імкнучыся ісці ў нагу з часам, больш не просяць гасцей «не шумець» — радасныя эмоцыі, музыка і смех сталі такімі ж неад’емнымі атрыбутамі «Пушкінкі», як і кніжныя паліцы, запоўненыя цікавай літаратурай. Сучасная бібліятэка — гэта сапраўдная планета ведаў і цікавага вольнага часу, якая адкрывае шлях у вялікае жыццё.

Наталля ЖАРКЕВІЧ

Фота дасланы аўтарам

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?