Вы тут

Цар Афрон з Бешанковіч


У 2024 годзе — 130-годдзе з дня нараджэння Веніяміна Рыгоравіча Гута ці Веніяміна Гутмана (1894 — 1949), савецкага акцёра. Не блытайце з Давідам Гутманам (1884 — 1946), які здымаўся ў фільме «Дзеці капітана Гранта» у ролі Мак-Набса. Дарэчы, Давід Гутман — другі рэжысёр ці сурэжысёр гэтага знакамітага фільма пастаноўкі 1936 года... І, што таксама не меней цікава, — родны брат Веніяміна Гута. Праўда, Давід нарадзіўся ў Ветцы, на Гомельшчыне, а вось Давід Рыгоравіч, праз дзесяць гадоў пасля старэйшага брата, — у Бешанковічах, на Віцебшчыне. 


У сярэдзіне 1910-х гадоў Веніямін вучыўся ў Медыцынскім універсітэце ў Нансі. Гэта — Францыя. Нансі — адміністрацыйны цэнтр дэпартамента Мёрт і Мозель у рэгіёне Латарынгія. Размешчана паселішча на рацэ Мозель. Даволі прыгожыя мясціны!.. Даліна Мозеля вядомая як раён вінаградарства. Клімат тут даволі цёплы. Шырокую вядомасць у свой час атрымала мозельскае віно. У гэтых мясцінах найболей распаўсюджаны пірог з цыбулі — страва, якая ўжо захапіла і многіх беларусаў, якія і ведаць, магчыма, не ведаюць, дзе вынайдзена такое кулінарнае дзіва... І хто ведае, можа быць, наш бешанковіцкі зямляк нават стаў бы сапраўдным нансійцам (так называюць жыхароў французскага горада), калі б не цяжкая хвароба, што памяшала завершыць яму вучобу. 

У 1917 годзе Веніямін Гут вяртаецца ў Расію. У тым самым годзе ўпершыню выступае ў Вятцы (Кіраве) як артыст эстрады. Тэатральныя, эстрадныя традыцыі ў гэтым краі даволі багатыя. Драматычны тэатр быў заснаваны ў Вятцы яшчэ ў 1877 годзе. У розныя часіны тут ставілі спектаклі па п’есах А. Астроўскага, А. Чэхава, Ф. Дастаеўскага, І. Буніна... 

З 1922 года ўраджэнец Бешанковіч — у Маскве. Сумесна з канферансье М. Арэшкіным ён стварае «Цвярскі тэатр». А яго брат Давід Гутман на той час арганізоўвае Маскоўскі тэатр сатыры і становіцца яго першым дырэктарам і мастацкім кіраўніком... Праз некаторы час здарылася бяда. Веніяміна арыштавалі. З 1924 года ён знаходзіцца ў мясцінах пазбаўлення волі. Праўда, у зняволенні ставіць спектаклі, арганізоўвае канцэрты, вядзе тэатральны гурток. 

У 1929 годзе акцёр і рэжысёр, а яшчэ і тэатральны педагог з астрожным, турэмным стажам, вяртаецца да нармальнага жыцця. Выступае як канферансье. З 1936 года і да канца жыцця найболей выяўляе сябе як артыст арыгінальнага жанра. Служыць Мельпамене і гледачу ў штаце Маскоўскага канцэртнага аб’яднання. Выконвае камедыйныя і парадыйныя нумары ў жанры тантамарэсак. Што ж гэта за дзіва такое..? Увогуле, калі не ведаеце, то варта патлумачыць, што тантамарэскай называюць лялек у лялечным тэатры, лялек, у якіх галава чалавека і лялечнае цела. Акрамя акцёра, чыя галава відаць гледачам, для кіравання рукамі, нагамі, тулавам тантамарэскі бываюць задзейнічаны іншыя акцёры... 

У 1939 — 1940 гг. Веніямін Гут падрыхтаваў па-свойму ўнікальны нумар «Новая казка пра рыбака і рыбку, ці Кукла-джаз». У праграме дзейнічалі лялькі, якія самастойна рухаліся. Лялькі былі ростам з чалавека. Веніямін Рыгоравіч выступаў у ролі кіраўніка аркестра. Кампазітарам нумара з’яўляўся легендарны кампазітар і піяніст Аляксандр Цфасман (1906 — 1971), вядомы родапачынальнік джаза, у 1939 — 1946 гады — кіраўнік джаз-аркестра Усесаюзнага радыё. Дарэчы, па бацькоўскіх карэннях Цфасман — з Гомельшчыны (яго бацька, цырульнік Навум Цфасман, нарадзіўся ў Петрыкаве). 

У час Вялікай Айчыннай вайны Веніямін Гут падрыхтаваў нумар «Адкрытыя вокны ТАСС». Выкарыстоўваючы добра адпрацаваны ім жанр тантамарэсак, злобна і едка выдаваў сатыру на Рыбентропа, Маннэргейма, гітлераўскага «астролага» і інш. В. Гут шмат выступаў у шпіталях, ездзіў са сваёй праграмай на фронт. З 1943 па 1949 гады Веніямін Рыгоравіч з’яўляўся мастацкім кіраўніком цыркавога аддзела Усерасійскага гастрольна-канцэртнага аб’яднання (Росканцэрта). Ставіў арыгінальныя нумары артысту-эксцэнтрыку І. Байдзе, ілюзіяністу Давіду Чыташвілі, братам Маслюковым... 

Вобраз нашага бешанковіцкага земляка застаўся і ў фільмаграфіі. У 1939 годзе Веніямін Гут сыграў у эпізодзе фільма «Залаты ключык», а праз два гады — цара Афрона ў фільме «Канёк-гарбунок» (першы савецкі фільм-казка, пастаўлены на студыі «Саюздзетфільм» рэжысёрам Аляксандрам Роу).

Памёр Веніямін Рыгоравіч Гут у Маскве ў 1949 годзе. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Прэв’ю: кино-тетар.ру

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.