Вы тут

У выпускніцы БДУ незвычайнае хобі — танцы на пілоне


У выпускніцы БДУ Юліі Раманьковай захапленняў шмат: ад спеваў і ігры на гітары да фатаграфіі. А пэўны час таму дзяўчына адкрыла для сябе яшчэ адзін новы занятак — танцы на пілоне (шасце). Мы пагаварылі аб яе незвычайным хобі.


Суразмоўніца прызнаецца: усё пачалося цікавым чынам.

— Мы з мамай любім па вечарах глядзець розныя рэаліці-шоу. Неяк у адным з выпускаў такой праграмы ўдзельнічала дзяўчына, якая займалася танцамі на пілоне. Я жартам сказала маме, што таксама хачу так танцаваць. Яна адказала: «Чаму б і не?» Яе рэакцыя мяне вельмі здзівіла, і я задумалася: магчыма, сапраўды трэба паспрабаваць? Раптам спадабаецца? Ужо на наступны дзень занялася пошукам студый, стала даведвацца пра кошт і ў выніку запісалася на занятак.

Яшчэ адна прычына, па якой Юлія вырашыла паспрабаваць сябе ў танцах на пілоне, — жаданне на нешта пераключыцца. У той перыяд дзяўчына страціла работу, была вельмі засмучаная і не ведала, у якім кірунку ёй далей рухацца. Мама прапанавала Юліі паспрабаваць нешта новае, каб вызваліцца ад сумных думак.

Бацькі станоўча паставіліся да новага захаплення дачкі. Тата Юліі глядзіць ролікі, якія дзяўчына здымае падчас заняткаў, маці, у сваю чаргу, з гонарам паказвае відэа сябрам і калегам. Юлія размяшчае запісы з заняткаў у Instagram, многія сваякі глядзяць іх, хваляць дзяўчыну і здзіўляюцца яе здольнасцям. Сябры дзяўчыны таксама падтрымліваюць яе ў новым хобі.

— Я лічу, што гэта вельмі прыгожа. Калі пачала займацца, па-сапраўднаму захапілася гэтым відам танцаў. Пераканалася, што ён найбольш мне падыходзіць, бо ў ім харэаграфія спалучана з акрабатыкай і спартыўнай гімнастыкай.

— Калі прыйшла на першы занятак і ўбачыла пілон, наогул не ведала, што ён можа сам круціцца. Мне здавалася, што дзяўчаты, якія танцуюць на ім, выконваюць усё самастойна.

З пятага класа Юлія займалася ў спартыўнай школе, да гэтага два гады прысвяціла прафесійнаму плаванню, але нават такая фізічная падрыхтоўка не дала дзяўчыне магчымасці доўга пратрымацца на пілоне. Для гэтага патрэбны вельмі моцныя рукі.

Цяпер Юлія ўмее працаваць з пілонам, разумее, што ён з сябе ўяўляе. Дзяўчына здольная выконваць невялікія звязкі — танцы, якія складаюцца з некалькіх элементаў. Адна з асаблівасцяў работы на пілоне — сінякі на целе, мазалі на руках. Па словах суразмоўніцы, з цягам часу скура і мышцы прывыкаюць, становіцца прасцей:

— Ёсць цяжкасці з выкананнем некаторых заданняў. З-за плавання ў мяне накачанае цела, але няма гнуткасці. Праз гэта нейкія элементы ў танцы мне пакуль недаступныя, некаторыя я прапрацоўваю працяглы час.

Нягледзячы на цяжкасці, Юлія з нецярпеннем чакае дня, калі трэба ісці на трэніроўку. Дзяўчына займаецца ў вячэрні час — гэта зручна, бо хобі не перашкаджае іншым справам.

— Танцы на пілоне станоўча паўплывалі на маё маральнае і фізічнае самаадчуванне, — кажа яна. — Я адкрыла для сябе нешта абсалютна новае і незнаёмае. Калі перастала прафесійна займацца плаваннем, фізічная падрыхтоўка крыху пагоршылася, хоць я і хадзіла ў басейн. Пасля двух месяцаў заняткаў на пілоне змагла вярнуць ранейшы фізічны стан, умацавала спіну, пазбавілася ад болю ў паясніцы. Я даведалася, што для пілона ёсць дзве катэгорыі спаборніцтваў: профі і аматары. У другой катэгорыі спаборнічаюць людзі з вопытам адзін-два гады — чаму б не паспрабаваць? Мне хацелася б рэалізаваць сябе на якіх-небудзь спаборніцтвах па гэтым відзе спорту.

Лізавета МАЛЬЧУК

Фота дадзена гераіняй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.