Вы тут

«Жаночая сіла: змяняць, ствараючы». Альбіна Пажаева: На пенсіі жыццё толькі пачынаецца!


У свае 83 гады яна танцуе, спявае, грае на гітары і выступае на канцэртах. Займаецца валанцёрствам: дапамагае ветэранам і дзецям. А яшчэ сочыць за модай і ведае 80 спосабаў прыгожа завязваць шалік. Энергічная, жыццярадасная жанчына дасць фору маладым. 


Хтосьці скажа: напэўна, ніколі не падводзіла яе здароўе. І памыліцца: Альбіна Іванаўна Пажаева перанесла цяжкія хваробы. І дзяцінства яе не песціла, бо прыйшлося на гады вайны. Тым не менш, аптымізму пенсіянеркі можна толькі пазайздросціць. Даведаліся, чым жыве і чым захапляецца ў сваім элегантным узросце гэтая моцная духам і вельмі абаяльная жанчына. 

У 72 гады пачала займацца танцамі

Ідзе рэпетыцыя танцавальнага ансамбля «Дэбют». Абцасы ўпэўнена стукаюць па паркеце ў такт музыцы. Аж самой захацелася пусціцца ў скокі: такі запал і пачуццё рытму дэманструе калектыў.

— Гэта вы яшчэ не бачылі нас у касцюмах! — усміхаецца Альбіна Іванаўна. — Яны вельмі прыгожыя. Кашулі ў народным стылі з выцінанкамі, спадніцы — некаторыя з іх мы самі шыем. Калектыў часта запрашаюць на канцэрты, раённыя і гарадскія святы. Нават у Палацы Рэспублікі выступалі. Асабліва чакаюць нас ветэраны, зараз рыхтуемся зноў выступіць перад імі. Ведаем розныя танцы: беларускія, грузінскія, яўрэйскія. Сярод любімых — усе беларускія, яўрэйскі танец «7-40». А гледачам дужа палюбілася гумарыстычная сцэнка, у якой я апранаю кашулю, штаны, боты, капялюш і танцую мужчынскую партыю. 

Танцам Альбіна Іванаўна пачала актыўна займацца ў 72 гады. Пасля дзвюх складаных аперацый, інсульту вырашыла радавацца кожнай хвіліне жыцця. Так з’явілася ідэя стварыць танцавальны гурток для пажылых. Прыйшла з прапановай у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Партызанскага раёна Мінска. Знайшлі выкладчыцу і актыўных жанчын для групы. Калектыў назвалі «Дэбют».

— Хацела паказаць, што пенсія і хваробы — не канец свету. У чалавека столькі магчымасцяў! Проста трэба не сядзець на месцы, знайсці захапленне і рэалізоўвацца ў любым узросце. 

У 57 гадоў Альбіна Іванаўна перанесла найскладанейшую аперацыю. У 70 гадоў жанчына захварэла на анкалогію. Зноў аперацыя. Змагацца з цяжкімі хваробамі дапамагалі вера ў свае сілы і прафесіяналізм дактароў.

— Пабываўшы ў бальніцах, вырашыла не ўпадаць у дэпрэсію, як многія, а жыць інакш. Колькі ўжо гадоў прайшло з таго часу, а я не скарджуся на здароўе. Акрамя танцаў, запісалася на ёгу, пілатэс, асвоіла новыя хобі, — пералічвае мая суразмоўніца. 

Атрымала званне «Супербабуля»

Альбіна Іванаўна — выдатная рукадзельніца. Сярод яе работ — каралі з тканіны і дрэва, ружы з аксаміту, вязаныя вырабы. 

— Нават не ведаю, што мне падабаецца больш, — усміхаецца яна. — Абажаю вязаць, вышываць, гатаваць... Аднойчы мне падарылі кнігу па карвінгу (тэхніка выразання з гародніны і садавіны — заўвага аўтара). Спачатку падумала, што гэта вельмі складана. Пачала з яблыка. Цяпер выразаю кветкі, птушак і нават жывёл. А вось маляваць не ўмею, аб чым дужа шкадуе мая праўнучка Ліза. Затое ўдваіх з ёю гатуем варэнікі, пельмені, беляшы, пірагі... Потым прыгожа накрываем на стол, частуем родных і суседзяў. 

Альбіна Пажаева ўдзельнічала ў конкурсе і атрымала тытул «Супербабуля». У яе два ўнукі, тры праўнукі. «Сакрэт цёплых адносін з дзецьмі і ўнукамі — павага і бескарысная любоў», — упэўнена жанчына. 

Натхняецца прыродай

Кожная пара года па-свойму адметная, кожная прыносіць маёй суразмоўніцы задавальненне. Каб адчуць непарыўную сувязь з прыродай, па нядзелях у любое надвор’е жанчына разам з такімі ж прыхільнікамі здаровага ладу жыцця ходзіць у лес. 

— Мы цікавімся кожнай птушкай, дрэўцам, раслінкай. Летам купаемся на Мінскім моры, а зімой катаемся са снежных горак. У паходах ля вогнішча спяваем пад гітару, танцуем, расказваем гісторыі. 

Дарэчы, Альбіна Іванаўна з імпэтам асвойвае майстэрства ігры на гітары. Першае, што захацела сыграць, — песню «Крутится, вертится шар голубой». Менавіта яе спяваў Альбіне ў дзяцінстве тата...

Прысвяціла жыццё ратаванню людзей

— Я была зусім маленькай, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. А калі мне споўнілася тры гады, памерла мая маці, — успамінае тыя цяжкія часы Альбіна Іванаўна. — Мы галадалі і маглі б загінуць, але людзі побач, нашы суседзі дапамагалі. Дзе супу нальюць, дзе хлеба дадуць. Тыя цеплыня і дабрыня ў адносінах да нашай сям’і захаваліся ў маім сэрцы. З дзяцінства вырашыла стаць медыкам і прысвяціць жыццё ратаванню людзей. 

Альбіна Пажаева адпрацавала ў медыцыне 52 гады. У хуткай дапамозе, медсястрой у тубдыспансеры, працавала і ў іншых установах аховы здароўя. «Выратаваць чалавеку жыццё — сапраўднае шчасце!» — кажа мая суразмоўніца. 

І цяпер, на пенсіі, яна працягвае дапамагаць людзям. Займае пасаду намесніка старшыні ветэранскай арганізацыі Партызанскага раёна.

— Ветэранам патрэбныя не грошы, — упэўнена Альбіна Іванаўна. — Выслухаць іх, падтрымаць, падзяліцца цяплом і ўвагай — вось што трэба гэтым людзям! У мяне ёсць дзве падапечныя, ім па 90 гадоў. Я раблю для іх падарункі сваімі рукамі — вяжу прыгожыя тапачкі. Частую свежай выпечкай. Дапамагаю выклікаць урача, памыць вокны, прыбрацца і г. д. У нашай валанцёрскай групе ўсе такія — вельмі адказныя. Разам з ветэранамі ездзім на розныя мерапрыемствы.

Акрамя гэтага, Альбіна Іванаўна — лідар валанцёрскай групы Партызанскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага крыжа. У межах гэтай дзейнасці дапамагала сацыяльна неабароненым грамадзянам, і абавязкова — дзецям. У прыватнасці, на акцыю «Аўтобус дабрыні» валанцёры перадалі шмат рэчаў і адзення. Дапамагала і сем’ям, дзе адзін з бацькоў трапіў у бальніцу.

Перамагла ў конкурсе «Жанчына года — 2022»

Усе дасягненні гэтай жанчыны, яе добрае, адкрытае людзям сэрца, яе няўрымслівасць у творчых справах не засталіся незаўважанымі. Па выніках рэспубліканскага конкурсу Беларускага саюза жанчын Альбіна Іванаўна стала «Жанчынай года — 2022» у намінацыі «Не старэюць душой ветэраны». 

— Спачатку не паверыла, што мне аказаны такі гонар, — кажа мая суразмоўніца. — Вакол столькі цудоўных, таленавітых і дастойных жанчын. Мой тэлефон разрываўся ад віншаванняў родных, сяброў, членаў танцавальнага калектыву. Канешне, было вельмі прыемна атрымаць узнагароду! Гэта прызнанне маёй працы і пацвярджэнне таго, што я рухаюся ў правільным напрамку. 

Ведае 80 спосабаў завязваць шалік

Ёсць стэрэатып: у такім паважаным узросце жанчына ўжо не цікавіцца модай. Альбіна Іванаўна сваім прыкладам абвяргае гэта меркаванне. За час нашай гутаркі яна змяніла некалькі вобразаў! 

— У мяне вялізны гардэроб: каля 10 вячэрніх сукенак, шмат пар туфель на абцасах, усе туфлі рознага колеру. Яшчэ адно маё хобі — шалікі, у мяне іх каля сотні. Калі наведваю санаторыі, выступаю на сцэне з майстар-класам па завязванні шаліка: ведаю больш за 80 спосабаў, як зрабіць гэта прыгожа! Зараз палюбіла нарады ў боха-стылі. Спецыяльна зрабіла пад іх каралі з тканіны. 

Раіць усім быць удзячнымі за тое, што маем

Напрыканцы гутаркі папрасіла Альбіну Іванаўну адказаць на некалькі пытанняў. 

— Як звычайна праходзіць Ваш дзень?

— Раніцай падымаюся, раблю зарадку. Па парадзе псіхолага кажу сабе словы падтрымкі. У мяне кожны дзень распісаны. У панядзелак — танцы, у аўторак — гітара, у сераду — зноў танцы, у чацвер — ветэранская арганізацыя, а ў пятніцу хтосьці абавязкова мяне куды-небудзь запросіць. Сумаваць няма калі!

— Ваш рэцэпт змагання са стрэсам. 

— Магу пасумаваць хвілін 20, пасля прыходзіць разуменне: гэта ўжо адбылося, трэба проста зрабіць высновы і ісці далей. Падчас цяжкіх хвароб дапамагалі медытацыі. Расслаблялася, настройвалася на тое, што хваробы сыдуць, а я буду жыць. 

— Падзяліцеся сваімі сакрэтамі маладосці. 

— Раніцай абавязкова п’ю ваду з лімонам і мёдам. Умываюся толькі халоднай вадой. Раз у 10 дзён раблю для скуры твару скраб з кавы. Заўжды стараюся выглядаць ахайна, з манікюрам і прычоскай.

— З якім пачуццем звычайна сустракаеце свой дзень нараджэння? 

— З задавальненнем! У гэты дзень атрымліваю не менш за 150 званкоў і смс. Наведваем з сям’ёй рэстаран. 

— Чаго хацелі б пажадаць нашым чытачам? 

— Што б ні здарылася, трэба жыць і не ўпадаць у дэпрэсію. Я ніколі не ныю, заўжды ўсміхаюся і ва ўсім стараюся знайсці пазітыў. Можа, таму мне шчасціць: вакол толькі добрыя людзі, любімая сям’я і цікавыя захапленні. Хачу ўсім пажадаць здароўя, мірнага неба, шчасця. Будзьце ўдзячныя за тое, што маеце, і дапамагайце іншым! 

Юлія РАМАНЬКОВА


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.