Вы тут

«Электрасмецце» ад мабільніка, ноўтбука, аўтамабіля


Апошнія некалькі гадоў у Беларусі збіраецца па 180 тон элементаў сілкавання, у тым ліку літый-іонных акумулятараў (ад мабільнікаў, ноўтбукаў, электраінструменту, электрамабіляў). Апошніх ужо захоўваецца амаль тона, і спецыялісты ў найбліжэйшыя гады чакаюць вялікага наплыву такіх элементаў. Ва ўсёй краіне змешчана каля 200 тысяч спецыялізаваных кантэйнераў для збору небяспечнага смецця. Аднак сабраць асобна ўдаецца пакуль менш як чвэрць (20%) элементаў сілкавання (акумулятараў і батарэек), ад агульнага аб’ёму тых, што адпрацавалі свой тэрмін, так што працаваць ёсць над чым, у тым ліку і над тэхналогіяй перапрацоўкі шкодных адходаў, сведчаць у прадпрыемстве «БЕЛВТІ», што займаецца зборам і перапрацоўкай бытавой тэхнікі, а таксама элементаў сілкавання, якія адпрацавалі сваё. Спецыялісты абмеркавалі праблему абыходжання з «электрасмеццем» на каардынацыйным экасавеце пры Мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


Салявыя, шчолачныя, нікель-металгідрыдныя, літый-іонныя…

Сістэма па зборы элементаў сілкавання пачыналася кампаніяй як пілотны праект у 2015 годзе са 100 кантэйнераў, каб батарэйкі і акумулятары, тэрмін жыцця якіх скончыўся, не траплялі на звалку і не забруджвалі глебу, а знайшлі далейшае выкарыстанне і былі належна і правільна перапрацаваны. Яшчэ адзін пілотны праект праходзіў у пасёлку Мачулішчы, дзе кантэйнеры для збору батарэек размяшчаліся на прыдамавых тэрыторыях, то-бок у крокавай даступнасці.

У Мінску і сталічнай вобласці цяпер усталявана 1200 кантэйнераў для збору элементаў сілкавання, а сёлета ў сталіцы, дзе змешчана 819 кантэйнераў, як мяркуецца, з’явіцца яшчэ каля 200 ёмістасцяў для небяспечнага смецця. Філіялы прадпрыемства ёсць у Брэсце, Віцебску, Гродне, Магілёве, Гомелі. І такая паслуга па зборы адпрацаваных батарэек і акумулятараў ужо даволі запатрабавана ў беларусаў. Штогод расце разуменне людзей, што такія небяспечныя адходы нельга кідаць разам з іншымі, павышаецца ўсведамленне таго, што такое смецце неабходна ўтылізаваць асобна, расказаў Аляксандр Дзятко, намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці таварыства «БЕЛВТІ»:

— Згодна са статыстыкай, 1-2% ад аб’ёму сабранага «электрасмецця» — літый-іонныя акумулятары (ад мабільнікаў і ноўтбукаў). Збіраем элементы сілкавання бясплатна. Іх можна выкінуць у кантэйнеры, прынесці ў любы прыёмны пункт і аддаць або здаць разам з бытавой тэхнікай, калі вы выклікалі нашу машыну на вываз. Трапіўшы ў кантэйнер, батарэйкі пасля сартуюцца ўручную і падзяляюцца па відах: салявыя, шчолачныя, нікель-металгідрыдныя і літый-іонныя.

Паўнавартаснай тэхналогіі перапрацоўкі акумулятараў ад электрамашын пакуль няма. Літый-іонныя акумулятары збіраюцца асобна, упакоўваюцца ў герметычную тару, перасыпаюцца вермікулітам і захоўваюцца на вытворчай базе прадпрыемства, дзе можна змясціць да 20 тон акумулятараў ад электрааўто. І гэта першасная задача — развіць сістэму збору небяспечнага «электрасмецця» і перадаць яго на правільную перапрацоўку.

Здабыць карыснае з небяспечнага

Каля 80% батарэек, якія збіраюцца, — салявыя і шчолачныя, перапрацоўваць іх умеюць. З такіх элементаў сілкавання здабываюць чорны метал і адпаведныя сумесі. Аднак апошнім часам назіраецца пераход ад шчолачных да літый-іонных, тэрмін ужывання якіх значна даўжэйшы, і неўзабаве спецыялісты чакаюць усплёску павелічэння іх колькасці.

Два гады таму акумулятарамі пачалі займацца ў фізіка-тэхнічным інстытуце НАН Беларусі. Пачыналі з нуля, і цяпер рабочая група працуе ў рамках дзяржпраграмы развіцця электратранспарту, рэалізоўваючы праект, згодна з якім сёлета навукоўцы павінны прадставіць базавую тэхналогію перапрацоўкі літый-іонных акумулятараў, паведаміў Ігар Смяглікаў, намеснік дырэктара па навуковай рабоце фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі:

— Самі па сабе літый-іонныя акумулятары досыць разнастайныя. У асноўным яны ўяўляюць сабой батарэю, якая складаецца з ячэек, а тыя ў сваю чаргу — з электронных кампанентаў. Менавіта гэтыя кампаненты ўтрымліваюць у сабе мноства рэчываў, якія можна выкарыстоўваць у далейшым у прамысловасці.

З акумулятараў можна здабыць літый, кобальт, нікель, марганец, жалеза і іншае. Згодна з ацэнкамі вучоных, з адной тоны такіх элементаў можна атрымаць каля 18 кілаграмаў літыю, па 55 кіло кобальту і нікелю і каля 50 кіло магнію.

Існуюць тры асноўныя спосабы перапрацоўкі. Піраметалургія — калі элементы сілкавання спальваюцца пры высокіх тэмпературах, аднак эфектыўнасць перапрацоўкі пры гэтым 30–60%. Гідраметалургія — хімічная апрацоўка элементаў у растворах, якая можа даць да 90% эфектыўнасці апрацоўкі. Прамая перапрацоўка — калі кампаненты вымаюцца з акумулятараў напрамую, мадыфікуюцца і выкарыстоўваюцца для вырабу новых акумулятараў (эфектыўнасць да 98%), расказаў вучоны:

— Неабходна наладзіць збор, транспарціроўку і захоўванне элементаў сілкавання. Часткова гэтую задачу пачало вырашаць прадпрыемства «БЕЛВТІ», аднак ёсць шэраг нявырашаных пытанняў. Адно з іх — адсутнасць на сённяшні дзень заканадаўства, якое б рэгулявала ўсе працэсы: выкарыстання, транспарціроўкі, захоўвання і перапрацоўкі.

У цэлым тэхналогія ўяўляе сабой папярэднюю апрацоўку (ідэнтыфікацыя, сартаванне, ацэнка акумулятараў). Нейкія элементы застаюцца для выкарыстання ў менш тэхналагічных прыладах, накшталт захоўвання накапляльнікаў энергіі ў ветраках. Іншыя разраджаюцца і перадаюцца на разбор (уручную ці механізаваным спосабам). Потым акумулятары разбіраюцца на складальнікі (электродныя матэрыялы), з якіх пэўным спосабам перапрацоўкі выдзяляюцца карысныя кампаненты, патлумачыў Ігар Смяглікаў:

— Каб працаваць бяспечна, мы ствараем аўтаматызаваны стэнд па разборцы элементаў тыпу 18650. Неўзабаве чакаецца наплыў адпрацаваных акумулятараў, што звязана ў асноўным з электратранспартам. Тэрмін эксплуатацыі акумулятара электракара — пяць-сем гадоў, таму наспеў час задумвацца над утылізацыяй такіх прадуктаў.

Нейтралізаваць і абясшкодзіць

Акрамя стварэння прадпрыемства для перапрацоўкі, найперш трэба зрабіць участак па даследаванні і распрацоўцы тэхналогій, якія ўжо амаль гатовы. Пасля трэба разабрацца з аптымізацыяй тэхналагічнага працэсу перапрацоўкі, маштабаваць гэтую распрацоўку і выбудаваць канцэпцыю стварэння прадпрыемства, агучыў планы вучоны:

— Канцэпцыя ўключае два асноўныя моманты. Гэта нейтралізацыя акумулятараў і перапрацоўка — падзяленне іх на першасныя кампаненты (металы — медзь, алюміній) і электронныя матэрыялы. Ужо існуе дамоўленасць з БЕЛВТІ, каб на тэрыторыі прадпрыемства стварыць участкі, аналагічныя тым, на якіх перапрацоўваюцца цяпер шчолачныя батарэі. Аднак участкі для работы з літый-іоннымі акумулятарамі будуць больш складанымі адпаведна іх складу. Здабытае з іх «чорнае рэчыва», якое ўтрымлівае нікель, кобальт, магній, можна ўжо будзе перапрацоўваць на базе інстытута (невялікія аб’ёмы) або ствараць адпаведнае прадпрыемства.

Літый-іонныя акумулятары — досыць небяспечны элемент, таму да іх транспарціроўкі і захоўвання павінны прымяняцца асобыя падыходы, якіх цяпер заканадаўча няма. Магчыма, варта было хаця б удасканаліць і дапоўніць такія дакументы, як закон аб абыходжанні з адходамі і класіфікатар адходаў. Патрабаванні да такіх адходаў значна вышэйшыя, бо, калі такія элементы проста захоўваць у кучы, гэта можа прывесці да ўзгарання. Паміж ячэйкамі акумулятара можа ўзнікнуць кароткае замыканне і яны нагрэюцца, што можа прывесці да пажару. Нельга і проста загрузіць адпрацаваны акумулятар ад электракара і прывезці яго ў кузаве грузавой машыны на здачу ў БЕЛВТІ — гэта небяспечна, асабліва калі акумулятар пашкоджаны падчас аварыі. Для захоўвання такой прадукцыі неабходны спецыяльны бяспечны палігон. А для тушэння электрамабіля, напрыклад, выкарыстоўваюць спецыяльны аўтамабіль з басейнам вады, дзе аўто знаходзіцца цалкам суткі ці двое, расказалі эксперты.

А яшчэ нельга падыходзіць да перапрацоўкі акумулятараў як да бізнесу, бо хоць яго перспектыва ў гэтай нішы і бачная, але пакуль вельмі далёкая, перакананы Ігар Смяглікаў:

— Напачатку такое прадпрыемства будзе стратным, а прыбытак зможа прыносіць толькі ў перспектыве (калі будзе назапашана досыць карысных рэчываў, а гэта не год і не два), а вытворчасць будзе высокай. Так што такому прадпрыемству неабходна будзе пабочнае фінансаванне, каб падтрымліваць перапрацоўку. Мы працуем над тым, каб атрымліваць не толькі хімічныя злучэнні металаў, таго ж кобальту і нікелю, а напрамую атрымліваць металічную фазу ў выглядзе магнітных і немагнітных парашкоў. Гэта гатовы камерцыйны прадукт, які шмат дзе будзе патрэбны, аднак яго трэба ствараць не кілаграмы, а хоць бы дзясяткі тон, каб мець аддачу.

Самы распаўсюджаны спосаб абясшкоджвання акумулятараў — іх памол, пасля чаго літый-іонныя элементы становяцца бяспечнымі ў плане ўзгарання. Для далейшага абясшкоджвання неабходна стварыць комплекс па здрабненні батарэек і асобнага атрымання з іх медзі, алюмінію і «чорнага рэчыва». Тэхналогія перапрацоўкі «чорнага рэчыва» для атрымання карысных элементаў айчыннымі спецыялістамі амаль распрацавана.

Ужо цяпер трэба тэрмінова думаць над месцамі для захоўвання такіх акумулятараў, бо ўжо ёсць і адпрацаваныя элементы ад электракараў, а магчымасці пляцовак БЕЛВТІ не бязмежныя. Плюс да гэтага яшчэ і акумулятары ад гарадскога электратранспарту будуць збірацца, падсумавалі эксперты планы на далейшую работу з «электрасмеццем».

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.