Вы тут

Што рабіць з пластыкавымі адходамі


Згодна з данымі Інстытута ЖКГ НАН Беларусі, у нашай краіне штогод утвараецца каля 300 тысяч тон палімерных адходаў (і гэта толькі 8 працэнтаў ад агульнага аб’ёму смецця, якое «вырабляюць» беларусы). 


Фота з адкрытых крыніц

У 2022-м было сабрана і адпраўлена на перапрацоўку звыш 106 тысяч тон пластыку, хоць магутнасці па яго перапрацоўцы ў краіне дазваляюць выкарыстоўваць прыкладна 143 тысячы тон у год. Чаму магчымасцяў шмат, а рэалізуюцца яны не напоўніцу? І ці можна знайсці паміж імі баланс, а заадно паменшыць аб’ёмы пластыкавага смецця ў краіне, расказалі эксперты.

Шматслойныя плёнкі і тара са шклабою

У рэестры аб’ектаў па выкарыстанні адходаў зарэгістравана каля 170 аб’ектаў, якія займаюцца менавіта пластыкавымі адходамі, у тым ліку адходамі, якія вымаюцца з агульнай масы цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). 

У асноўным перапрацоўка такіх адходаў заключаецца ў вырабе з іх гранул і чыпсаў, з якіх у сваю чаргу ствараюцца вырабы з пластыку. А вось гэтым займаюцца фактычна два прадпрыемствы: «Белдругпалімер» у Гродне і Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, агульная магутнасць якіх — каля 10 тысяч тон у год.

— Апошнім часам распаўсюджваюцца так званыя шматслойныя бар’ерныя плёнкі: поліамід, поліэтылен і ПЭТ-поліэтылен. Пластмасы становяцца шматкампанентнымі — для патаннення вытворцы пачынаюць дадаваць у іх мел, тальк і іншыя кампаненты. У выніку іх перапрацоўка становіцца праблемнай ці ўвогуле немагчымай. Застаецца толькі спальваць такія адходы, бо іншых варыянтаў па перапрацоўцы пакуль не існуе. Самае актуальнае сёння рашэнне — забараніць выраб такіх відаў плёнкі, магчымасць перапрацоўваць якія цяпер адсутнічае, — расказаў Максім Бяспалы, намеснік начальніка ўпраўлення па абыходжанні з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі таварыства «Белрэсурсы».

Ён нагадаў таксама пра неабходнасць забароны імпарту ўпакоўкі з палімераў, якія не перапрацоўваюцца. А таксама забароны выкарыстання на ўпакоўках этыкетак ПВХ, наяўнасць якіх на тары забруджвае адходы для перапрацоўкі, псуе абсталяванне і ўскладняе далейшае выкарыстанне палімераў і гранул, якія атрымліваюцца з пластыку пасля перапрацоўкі.

— «Белрэсурсы» прымаюць актыўны ўдзел у павелічэнні вырабу экалагічна бяспечнай тары са шкла — займаюцца сарціроўкай і ачысткай змешанага шклабою. Аднак, на жаль, у 2023-м намецілася тэндэнцыя змяншэння паступлення на вытворчы ўчастак прадпрыемства адходаў шкла ад юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца нарыхтоўкай, — заўважыў спецыяліст. — Сёння ў Беларусі зарэгістравана 26 аб’ектаў па выкарыстанні адходаў шкла, аднак большая частка з іх не маюць магчымасцяў забяспечыць ачыстку і сарціроўку шклабою перад пастаўкай яго прадпрыемствам «Белрэсурсаў» па вырабе тары. Пэўна, трэба больш патрабавальна падыходзіць да ўключэння падобных суб’ектаў у рэестр перапрацоўшчыкаў.

Увядзенне забароны на выкарыстанне этыкетак ПВХ на вырабах з поліэтылентэрэфталату (ПЭТ-бутэльках) было адной з ініцыятыўных прапаноў Беларусі ў Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы ўпакоўкі». Новаўвядзенне падтрымалі ўсе дзяржавы Саюза, так што такая забарона ўжо ёсць. Калі Тэхрэгламент пройдзе ўнутрыдзяржаўнае ўзгадненне, забарона будзе ўведзена, пракаментаваў гэтую думку Максім Тарасаў, начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Яшчэ адной ініцыятывай Беларусі і Мінпрыроды ў рамках стратэгічных кірункаў развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года стала правядзенне навукова-даследчай работы па забароне на ўвоз і вытворчасць пэўных відаў пластыкавых вырабаў, у тым ліку аднаразовых. Па выніках гэтай работы падрыхтаваны і зараз разглядаецца даклад, дзе прапанаваны розныя шляхі па абмежаванні вытворчасці і ўвозу такіх пластыкавых вырабаў. Што датычыцца шматслойнай упакоўкі тыпу тэтрапак і пюрпак, якая не перапрацоўваецца, то ў 2022 годзе ў рэестры аб’ектаў зарэгістраваны два аб’екты двух суб’ектаў гаспадарання, якія прымаюць на выкарыстанне такія віды адходаў. На астатнія віды будзем улічваць вашы прапановы.

«Пластыкавыя» стандарты і патрабаванні

Некаторыя віды пластыку раскладаюцца цягам тысячы гадоў, так што такі від адходаў небяспечны сам па сабе, таму задача чалавецтва — мінімізаваць аб’ёмы іх утварэння, асабліва тых відаў, якія пакуль не перапрацоўваюцца. У Беларусі, у прыватнасці, у рамках рэалізацыі плана мерапрыемстваў, скіраваных на паэтапнае змяншэнне выкарыстання палімернай упакоўкі з яе замяшчэннем экалагічна бяспечнай, адзін з пунктаў датычыцца распрацоўкі стандартаў на аснове міжнародных патрабаванняў. Для яго рэалізацыі распрацавана праграма стварэння дзяржаўных стандартаў на аснове міжнародных, якая комплексна разглядала пытанні і розныя аспекты біяраскладальнасці ўпакоўкі, расказаў Аляксандр Скуратаў, дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС):

— У мэтах праграмы, якая цяпер цалкам выканана, распрацаваны 41 стандарт. Пры гэтым яна працягваецца ў рамках рэалізацыі патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза.

У стандартах, якія пацвярджаюць біяраскладальнасць пластмас у розных умовах, прыведзены методыкі ацэнкі якасці кампосту, які атрымліваецца, у тым ліку наяўнасці рэгламентаваных металаў і іншых шкодных прымесяў. Частка стандартаў па біялагічным раскладанні ўведзены ў красавіку 2021 года, частка — з 1 верасня 2022-га. Група стандартаў звязана з прымяненнем пластмас, праблемай іх перапрацоўкі і захавання. Дзеля змяншэння нагрузкі на наваколле шляхам памяншэння ўтварэння адходаў упакоўкі планам прадугледжана таксама распрацоўка стандартаў на кантэйнеры шматразовага выкарыстання. Стандарты па паўторным выкарыстанні ўпакоўкі ўведзены з мая 2022-га.

Яшчэ адна група стандартаў, якія ўступілі ў сілу з сакавіка 2023-га, — мяхі і мяхі-ўкладышы, якія прымяняюцца для збору бытавых адходаў з улікам спосабу, якім іх далей утылізуюць. Стандарты вызначылі патрабаванні як да саміх мяхоў, так і да біяраскладальнасці. Чарговая група стандартаў звязана з мінімізацыяй шкоднага ўздзеяння на атмасфернае паветра, водныя аб’екты, глебу, магчымыя наступствы для здароўя чалавека. Стандарты, якія пачалі працаваць з 1 верасня 2022-га, вызначылі найбольш важныя паказчыкі якасці; адпаведныя метады выпрабаванняў партый другасных полістыролу, поліэтылену, прапілену і іншых матэрыялаў, якія прымяняюцца пры вырабе паўфабрыкатаў і гатовай прадукцыі, а таксама працэдуры, неабходныя для забеспячэння прасочвальнасці перапрацаваных пластмас.

Стандарты па ўліку экалагічных аспектаў пры вызначэнні патрабаванняў да ўпакоўкі, скіраваныя на мінімізацыю любога неспрыяльнага ўздзеяння на наваколле, пачалі дзейнічаць з 1 верасня 2022 года.

— Для развіцця вырабу ўпакоўкі з матэрыялаў, якія падлягаюць перапрацоўцы і ўніфікацыі патрабаванняў да яе распрацавана больш як дзесяць дзяржстандартаў, якія ўступілі ў сілу 1 сакавіка 2023-га, — дадаў Аляксандр Скуратаў. — А ў праграму распрацоўкі дзяржстандартаў, якія забяспечваюць рэалізацыю патрабаванняў тэхрэгламента Мытнага саюза, уключана сем міждзяржаўных стандартаў на базе дзяржстандартаў Беларусі. Такім чынам, работа, выкананая на нацыянальным узроўні, знаходзіць адлюстраванне на ўзроўні краін пяцёркі і пераходзіць у разрад абавязковых патрабаванняў.

Дысбаланс магчымасцяў і аб’ёмаў

Дысбаланс паміж аб’ёмам магчымасцяў перапрацоўкі і памерамі рэальнай перапрацоўкі смецця мае тлумачэнні. У большасці прадпрыемствы перапрацоўваюць чыстыя вытворчыя адходы. А вось у дачыненні тых пластыкавых адходаў, што вымаюцца з ЦКА, трэба нарошчваць магутнасці, заўважыў Іван Бараноўскі, намеснік дырэктара па навуцы Інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі:

— З іншага боку, магілёўскі завод, які перапрацоўвае ПЭТ-бутэльку, можа павялічыць свае магутнасці, бо не задзейнічаны на 100 працэнтаў — не хапае збору прадукцыі для перапрацоўкі. Вызначыць жа баланс, хто толькі чыстыя вытворчыя адходы перапрацоўвае, а хто камунальныя — складана. Вось і атрымліваецца, што адно прадпрыемства недагружанае, а іншае не можа перапрацаваць.

Камунальныя адходы настолькі разнасортныя, што нават калі мы іх умоўна рассартыруем (пластык да пластыку, шкло да шкла), то яны будуць мець і розны колер, і састаў, і якасць, таму і складана будзе іх перапрацоўваць, заўважыў Валерый Ганчароў, дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі:

— Можна іх, напрыклад, паліць, але паліць правільна. У Акадэміі навук ёсць плазмавыя тэхналогіі, якія, па сутнасці, раскладаюць рэчыва да атамарнага складу. Тым самым мы атрымліваем адносна чыстую энергію і пазбаўляемся ад рэчаў, якія вельмі складана адсартаваць. Тэхналогіі на аснове плазменнага гарэння для перапрацоўкі шын, напрыклад, паспяхова працуюць. Магчыма, трэба тыражыраваць гэты правільны вопыт.

Такім чынам, відавочна, што цалкам адмовіцца ад пластмасавых вырабаў і ўпакоўкі чалавецтва не можа, але можа пастарацца максімальна карыстацца «добрым» пластыкам, які прыдатны да перапрацоўкі. А яшчэ — варта кожнаму рацыянальна ставіцца да колькасці ўжывання пластыкавых вырабаў і спадзявацца, што з часам вынайдуць новыя экалагічныя спосабы выкарыстоўваць тое, што пакуль перапрацаваць немагчыма.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.