Вы тут

Што адбываецца ў Польшчы?


Польскі Сойм пачаў свае паседжанні пасля таго, як на мінулым тыдні работа ніжняй палаты парламента была адкладзеная з-за глыбокага канстытуцыйнага крызісу. Як адзначыў агенцтву РАР маршал (спікер) Сейма Шымон Халаўня, орган знаходзіцца «ў стане глыбокага расколу», паведаміла ТАСС. «Мы знаходзімся ў стане вострай спрэчкі», — прыводзіць словы маршала інтэрнэт-партал onet. pl. «Я чакаю вострых пасяджэнняў Сейма, але бойкі не чакаю», — заўважыў Халаўня, дадаўшы, што ён гатовы «да ўсіх варыянтаў». Ён паведаміў, што дэпутаты будуць абмяркоўваць бюджэт, пытанні вышэйшай адукацыі і навукі, а таксама шпіёнскую праграму Pegasus, з дапамогай якой маглі праслухоўвацца тэлефоны шэрагу польскіх палітыкаў. Цяпер 460-мясцовы Сойм расколаты на два варагуючыя лагеры. 194 крэслы належаць прадстаўнікам нацыяналістычна-кансерватыўнай былой кіруючай партыі «Права і справядлівасць», а парламенцкую большасць з 266 месцаў маюць дэпутаты аб’яднанай апазіцыі, якая сфарміравала новы ўрад Польшчы. Гэта адлюстраванне агульнай сітуацыі ў краіне, якую эксперты нярэдка называюць «халоднай грамадзянскай вайной». Што ж адбываецца ў краіне-суседцы?


Вайна кланаў

З кабінетаў і залаў паседжанняў палітычнае супрацьстаянне пашыраецца на вуліцах. Партыя «Права і справядлівасць» на мінулым тыдні аб’явіла антыўрадавы масавы пратэст у Варшаве, на якім сабраліся некалькі тысяч чалавек. «Прэзідэнт і канцылярыя — за „ПіС“, Канстытуцыйны трыбунал, аналаг нашага Канстытуцыйнага Суда, — за „Права і справядлівасць“, а сейм знаходзіцца ў руках кааліцыі 11 партый, — акрэсліў сітуацыю ў эфіры „Альфа Радыё“ палітолаг Пётр Пятроўскі. — Канстытуцыйны трыбунал яшчэ да пачатку паседжання Сейма вынес рашэнне, што ўсе змены заканадаўства ў Польшчы — на карысць еўрабюракратыі. Я нагадаю, што еўрабюракраты ў момант праўлення краінай кабінета міністраў Маравецкага вынеслі цэлы спіс патрабаванняў, якія трэба ўкараніць у заканадаўства, змяніць законы Польшчы. І Канстытуцыйны трыбунал прызнаў гэтыя патрабаванні неканстытуцыйнымі. Такім чынам, Туск апынуўся ў такой сітуацыі, што ён не можа прыняць законы на падставе патрабаванняў Бруселя, і чаму? Нават калі ён іх прыме, Канстытуцыйны трыбунал іх заблакуе. І Туск вырашыў павысіць стаўкі і арыштаваць былых міністра і намесніка міністра ўнутраных спраў, якія, дарэчы, ужо былі прыцягнуты да адказнасці. І тут парадокс у тым, што Дуда іх памілаваў. Гэта значыць, фактычна Туск праз свае суды пачынае адмяняць памілаванне Дуды. Адбываецца канфлікт устаноў, інстытутаў».

Эксперт адзначыў, што Польшча цяпер знаходзіцца ў глыбокім палітычным крызісе, калі паміж двума кланамі — кланам лібералаў кампаніі Туска і кланам нацыянал-кансерватараў Качыньскага — адбываюцца жорсткая барацьба і вайна:

— Але мы павінны тут разумець, што, умоўна кажучы, адны — шыла, другія — мыла. Сама сістэма польская не суверэнная. І не дарма што адны, што другія бегаюць да пасла Злучаных Штатаў Амерыкі Марка Бжэзінскага, які, дарэчы, даў дабро на пасадку людзей, сказаў, што гэта, цытую, «аднаўленне канстытуцыйнасці і законнасці ў Польшчы». Тое, што Качыньскі аб’явіў вось гэтых двух — экс-міністра і яго намесніка — першымі палітвязнямі пасля 1989 года — гэта хлусня. Давайце згадаем хоць бы Матэвуша Піскорскага ці Анджэя Лепера, нават не палітвязня, можна яго назваць ахвярай палітычнага рэжыму Польшчы, які пры нявысветленых абставінах загінуў. І такіх прыкладаў вельмі шмат. Колькі людзей запалохвалі, атручвалі, колькі было спраў крымінальных і не толькі. Так што польскі рэжым і іх сённяшняя сістэма — вельмі жорсткія, — дадаў Пётр Пятроўскі.

Маштабны крызіс

Польскія эксперты таксама адзначаюць глыбокі раскол грамадства, які пашыраецца. «У Польшчы разгараецца маштабны палітычны крызіс, які пагражае дэстабілізацыяй у краіне! Гэтаму садзейнічала палітыка ўладаў за апошнія 30 гадоў». Такім меркаваннем падзяліўся на телеканале «Беларусь 1» галоўны рэдактар польскага партала Strajk. eu Мачэй Вішнеўскі. Паводле яго слоў, польскае грамадства цяпер расколатае на дзве часткі і пакуль няма перадумоў да яго аб’яднання. «Сітуацыя, у якой мы сёння апынуліся, — мы да яе ішлі ў прынцыпе 30 гадоў пасля распаду ПНР з 1989 года, калі палітычныя эліты „салідарнасці“, ліберальных дэмакратаў, кансерватараў, прыхільнікаў Захаду ўзялі Польшчу ў свае рукі. І гэта вынік таго, што тады эліты не справіліся з адказнасцю за дзяржаву. Крызіс будзе працягвацца з нейкімі спробамі яго вырашыць. Прычым я не вельмі веру ў поспех гэтых спробаў. А калі будуць нейкія бурныя выступленні і людзі паспрабуюць вырашаць свае праблемы праз пратэсты на вуліцы, то гэта можа мець вельмі сур’ёзныя вынікі. Адно зразумела, незалежна ад таго, што будзе, краіна застанецца падзелена на дзве Польшчы».

У Варшаве рознагалоссі паміж партыямі на мяжы закона. Так лічыць польскі палітолаг і прадстаўнік таварыства «Польшча — Усход» Аляксандр Яцэк. «Гэтае супрацьстаянне існуе ў Польшчы доўгія гады. Праўда, за апошнія 8 гадоў перамога была за „ПіС“, Качыньскі ў прынцыпе руліў Польшчай без звароту ўвагі на апазіцыю. Цяпер гэты парадак памяняўся. Сапраўды, „ПіС“ вельмі цяжка пагадзіцца з тым, што яны страцілі ўладу. Але з іншага боку, яны прадугледзелі гэта. І за апошнія гады прынялі шмат законаў і арганізавалі шмат прадпрыемстваў, каб гэтую ўладу ўтрымліваць нават пасля пройгрышу ў выбарах. І вось цяпер, каб ім адабраць гэтую ўладу, каб забраць дзяржаўную медыйную прастору, даводзіцца Туску і новаму ўраду гуляць на мяжы права».

Шляхам правакацый

Як адзначыў на YouTube-канале БелТА незалежны ваенны аналітык Аляксандр Алесін, супрацьстаянне Дуды і Туска можа мець цяжкія наступствы: «Улічваючы прыкладную роўнасць сімпатый сярод польскіх выбаршчыкаў да аднаго і другога блока, мы можам гаварыць аб сур’ёзных сутыкненнях на мяжы грамадзянскай вайны. Калі адсачыць усе дзеянні Туска, які прыйшоў да ўлады, то ён пачаў з прыватызацыі сродкаў масавай інфармацыі, якія раней знаходзіліся ў руках дзяржавы і папсавалі яму нямала крыві падчас перадвыбарнай кампаніі». На думку аналітыка, Дональд Туск будзе паступова канфіскоўваць з-пад кантролю ПіС сілавыя рычагі. «Мы бачым, што людзі, якія карыстаюцца пэўным аўтарытэтам у коле сілавікоў, паступова адбіраюцца з рэальнай палітыкі і пераводзяцца ў ранг зняволеных. Я думаю, гэты курс працягнецца і надалей. Але „Права і справядлівасць“ глядзець на гэта абыякава не будзе і выкарыстоўвае рычагі, якія ў іх яшчэ засталіся. Гэта будзе вельмі жорсткае супраціўленне», — лічыць Аляксандр Алесін.

Пры гэтым напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў Дуда можа паспрабаваць дасягнуць поспеху ў польскіх выбаршчыкаў шляхам правакацый, лічыць ваенны аналітык. «У Польшчы ўжо хутка стартуе кампанія па выбарах прэзідэнта. А ўлічваючы маленькую перавагу, якая ёсць у апазіцыі над „Правам і справядлівасцю“, шалі могуць нахіліцца ў любы бок. Як мне ўяўляецца, Дудзе неабходны поспехі. Наўрад ці ў самой Польшчы ён можа зрабіць нейкія вырашальныя дасягненні. Асабліва на фоне праблем з эканомікай і абвастрэння адносін з Украінай. У Польшчы для яго склалася тупіковая сітуацыя», — адзначыў Аляксандр Алесін. Такім чынам, лічыць аналітык, Анджэй Дуда будзе спрабаваць дасягнуць нейкіх мэт на знешнепалітычнай арэне. 

«Я думаю, ён паспрабуе дэстабілізаваць сітуацыю ў нашай краіне. Улічваючы надыходзячую ў Беларусі электаральную кампанію, усе тыя, хто затаіўся на нашай тэрыторыі, могуць актывізавацца. Адначасова з гэтым пачнецца падсілкоўванне гэтых сіл з-за мяжы», — мяркуе ён. На думку Аляксандра Алесіна, Польшча можа распачаць новыя недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх перавозчыкаў і рэшткаў беларускага экспарту ў Еўропу.

Разрыў пашыраецца

Польшча апынулася ў стане палітычнага, эканамічнага і ідэалагічнага крызісаў. Такое меркаванне ў эфіры «Альфа Радыё» абгрунтаваў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, старшыня праўлення Беларускага таварыства «Веды» Вадзім Гігін. Ліквідацыю польскіх вядучых дзяржаўных СМІ эксперт расцаніў як самавыкрыццё заходняй дэмакратыі: «Гэта такі працэс, які дэманструе, што ніякай дэмакратыі на Захадзе няма. Прыхільнікі новага польскага прэм’ер-міністра Дональда Туска шчыра кажуць, што яны проста зводзяць рахункі. У апошнія месяцы прапагандысцкая машына Польшчы адпрацоўвала павестку ў інтарэсах кіруючай клікі Дуды, Качыньскага і Маравецкага, палівала брудам апанентаў кіруючай партыі «Права і справядлівасць».

Парламенцкія выбары ў Польшчы не толькі не завяршылі палітычны крызіс, яны яго пагоршылі, адзначыў Вадзім Гігін: «Польшча перажывае глыбокі зацяжны крызіс. Сур’ёзныя эканамічныя праблемы ў краіне звязаны з інфляцыяй, беспрацоўем, нераўнамерным развіццём рэгіёнаў. Разрыў у ідэалогіі паміж старэйшым пакаленнем палякаў і маладым, паміж Варшавай і астатняй Польшчай, паміж буйнымі і малымі гарадамі, паміж усходняй і заходняй Польшчай — проста каласальны, ён пашыраецца на вачах».

Па меркаванні Вадзіма Гігіна, усе польскія палітыкі так ці інакш карумпаваныя і злоўжывалі службовым становішчам. «Мы павінны разумець спецыфіку польскай палітыкі і тых скандалаў, у якія яна аказалася ўцягнутая і загразла. То бок польскі палітык, прыходзячы да ўлады, робіць усё для нанясення максімальнай шкоды сваім апанентам, выкарыстоўваючы гэтую ўладу. Гэта рабіла „Права і справядлівасць“, гэта робіць зараз урад Туска, — заўважыў эксперт. — Хоць, здавалася б, яны ішлі як лібералы, як урад грамадзянскага свету, яны пра гэта заяўлялі, заяўлялі пра гэта і малодшыя партнёры, „Лявіца“ і „Трэці шлях“, што яны не будуць зводзіць рахункі. Што адбылося? Поўны разгром польскіх дзяржаўных СМІ, бо яны цкавалі Туска. Цяпер ключавыя фігуры ўрада і адміністрацыі Маравецкага, Качыньскага зачышчаюцца, я думаю, што дойдуць і да самога Качыньскага. Аб гэтым адкрыта пішуць. Ён ім пакуль не па зубах, але будуць расследаванні. Колькі будзе Туск ва ўладзе, столькі ён будзе цкаваць Качыньскага. Так, гэта ворагі нашы ў любым выпадку, і тыя, і іншыя, але разам з тым той жа Качыньскі — ідэалагічны апанент вось гэтай неаліберальнай, заходнееўрапейскай і трансатлантычнай зграі. Ёсць спецыфіка такога шавіністычнага менталітэту польскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, мы гэта разумеем усё».

Як адзначыў эксперт, менавіта таму Беларусь выбудоўвае доўгатэрміновую лінію на абарону нашых нацыянальных інтарэсаў ад польскага ўплыву: «Мы павінны разумець, палякі — гэта моцны еўрапейскі і славянскі народ, які жыве з намі побач, але заўсёды, калі польскі ўплыў узмацняўся ў Беларусі, гэта абарочвалася катастрофай для нашага народа. Мы мусім гэта разумець. У гэтым таксічнасць так званага польскага лідарства, якое да канца ніколі не рэалізоўвалася. Польскай палітычнай эліце няма чаго прапанаваць рэгіёну».

Якія б людзі ні былі ў польскай уладзе, мы заўсёды выступаем за дружалюбны і добрасуседскі дыялог, падкрэсліў Вадзім Гігін. «Але мы заўсёды гаворым і памятаем гэтую фразу: „Памятай, ляша: па Буг — усё наша!“ Вось гэта дакладны пасыл, які мы даём, а далей давайце сябраваць, гандляваць. Нам усё роўна, хто ва ўладзе — Туск, Качыньскі. Вы да нас не лезьце, а ў сябе рабіце тое, што хочаце. Мы ў гэтым не паўдзельнічаем, мы нават не злараднічаем, мы проста канстатуем, — падкрэсліў эксперт. — Вось з гэтымі сваімі разборкамі сядзіце ў сябе і там разбірайцеся. Качыньскі, Туск, Сікорскі, да нас не лезьце. Будзеце лезці — атрымаеце па зубах вы і ваша агентура».

Тратыл у тры змены

Тым часам стала вядома, што абаронная галіна Польшчы перажывае зараз перыяд істотнага росту. Аб гэтым са спасылкай на даныя Rzeczpospolіtа паведаміла РІА «Новости». Напрыклад, кампанія Nіtro-Chem, размешчаная ў Быдгашчы, значна павялічыла вытворчасць. Кіраўнік кампаніі Дамінік Савіцкі заявіў, што вытворчасць тратылу вядзецца кругласутачна. Завод Lucznіk у Радаме праз два гады плануе вырабляць 100 тысяч аўтаматаў у год і цяпер набывае новую тэхніку. Аналагічнае становішча склалася і на іншых прадпрыемствах. Huta Stalowa Wola, адзін з самых буйных ваенных заводаў у Польшчы, вырабляе артылерыю, самаходныя гаўбіцы і іншыя цяжкія ўзбраенні, а ў хуткім часе стане пастаўшчыком БТР і БМП. Кіраўнік кампаніі Ян Шведа заявіў, што ім далі два гады на падваенне вытворчасці. На думку Rzeczpospolіtа, гэты інвестыцыйны бум у польскую абаронную галіну абумоўлены высокім рынкавым попытам, выкліканым канфліктам ва Украіне.

Польшча з’яўляецца самым важным саюзнікам ЗША на ўсходнім флангу НАТА, заявіў намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Анджэй Шэйна ў інтэрв’ю выданню Rzeczpospolіta. Ён назваў дзейнага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна падарункам нябёсаў для Польшчы. Шэйна таксама заявіў, што краіна гатова размясціць нямецкія войскі на сваёй тэрыторыі. «Калі немцы захочуць узмацніць усходні фланг НАТА ў Польшчы, як яны гэта зрабілі ў Літве, то сардэчна запрашаем», — сказаў дыпламат. Ён таксама падкрэсліў, што «ва ўмовах баявых дзеянняў за ўсходняй мяжой Польшчы» Варшава вітае любое супрацоўніцтва з боку саюзнікаў. Адзначаецца, што на дадзены момант на тэрыторыі краіны раскватараваны каля 10 тысяч амерыканскіх салдат. Акрамя таго, Анджэй Шэйна заклікаў палякаў быць гатовымі да новай хвалі бежанцаў з Украіны. Заява аб з’яўленні нямецкага ваеннага кантынгенту ў Польшчы выкліча новы віток «халоднай» грамадзянскай вайны ў краіне, мяркуе палітычны эксперт Аляксандр Насовіч, паведаміў sputnіk.by.

А пра простых палякаў польскія ўлады проста «забыліся». Як стала вядома, у краіне павялічваецца колькасць бяздомных. Прычым гэтая з’ява пашыраецца сярод моладзі. Паводле інфармацыі выдання Polіtyka, каля 800 чалавек ва ўзросце 18-25 гадоў перажываюць крызіс бяздомнасці. Аднак няўрадавыя арганізацыі лічаць, лічба моцна заніжаная, паколькі чыноўнікі атрымліваюць даныя ў асноўным з часовых прытулкаў — з месцаў, куды моладзь практычна не трапляе. Калі яшчэ 10 гадоў таму ў краіне маладымі бяздомнымі станавіліся былыя выхаванцы дзіцячых дамоў або папраўчых устаноў, то зараз адзначаецца рост колькасці такіх людзей з паўнацэнных сем’яў. У гэтай сітуацыі дакладна відаць прыярытэты афіцыйнай Варшавы. І яны дакладна не на карысць людзей.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?