Вы тут

Як вадалазы ў пагонах удасканальваюць сваё майстэрства


Калі слупок тэрмометра паўзе ўніз, а роўнядзь вадаёмаў пакрываецца тоўстым пластом лёду, у ваенных вадалазаў надыходзіць гарачая пара. Кожную зіму на адным з вадаёмаў палігона «Лосвіда» 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады праводзіцца збор вадалазных падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл. Сёлета павысіць сваю кваліфікацыю сюды прыехалі найлепшыя вадалазныя спецыялісты часцей спецыяльнага прызначэння, паветрана-дэсантнай і дэсантна-штурмавой брыгад сіл спецыяльных аперацый, а таксама спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС нашай краіны.


Рызыка і небяспека

Працэс спуску падобны на канвеер: пакуль адны — у вадзе, іншыя рыхтуюцца выконваць нарматывы. Перад тым як прыступіць да сваёй працы, вайскоўцы-вадалазы праходзяць сур’ёзную падрыхтоўку: як практычную, так і тэарэтычную.

Кожны ваенны вадалаз — унікальны і запатрабаваны спецыяліст. Дарэчы, праца вадалаза, роўна як і сапёра, не церпіць мітусні. Інакш чакай бяды. Галоўная зброя падводнага плыўца — стрыманасць і разважлівасць. Як гавораць самі вадалазы, пад вадой іншы свет, іншая рэальнасць. Проста так у яго не трапіць. А ўжо калі трапіў, будзь заўсёды напагатове.

Як адзначае вадалазны спецыяліст камандавання сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл падпалкоўнік Антон Ляпіч, асаблівасць збору ў тым, што ў ходзе практычных заняткаў ваеннаслужачыя вадалазных падраздзяленняў атрымліваюць навыкі выканання выбуховых работ пад лёдам. «Вадалаз — небяспечная прафесія, звязаная з рызыкай, таму важна пастаянна ўдасканальваць свае навыкі, абменьвацца вопытам, — кажа ён. — Падобныя зборы праводзяцца штогод. У іх бяруць удзел вопытныя спецыялісты, якія ў сваіх воінскіх часцях штодзень выконваюць вадалазныя работы. Галоўная мэта — даказаць, што ты можаш і ўмееш, тым самым павысіць кваліфікацыю. Усе заняткі праходзяць ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых. Задачы даводзілася выконваць розныя. Самае складанае пасля апускання — працаваць ва ўмовах нулявой бачнасці. Практычна навобмацак пад лёдам вайскоўцы ўстанаўлівалі выбуховыя прылады».

Па выніках збору вайскоўцы, якія паспяхова здалі экзамены, атрымалі кваліфікацыю «вадалаз-узрыўнік». Акрамя таго, усе вадалазы абагаціліся неабходным досведам вадалазных работ у зімовых умовах пад лёдам.

Знайсці і знішчыць

Вадалаз для падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый — гэта сінтэз гросмайстра, інтэлектуала і фізічна моцнага чалавека з навыкамі стралка і майстра адзінаборстваў. Падводны спуск — няпростая задача нават для вопытных спецыялістаў. Вадалаз павінен быць падрыхтаваны і псіхалагічна, і фізічна. Спускацца пад ваду трэба асцярожна, не дапускаць удараў зарадаў або кранання правадамі прадметаў. Пры кладцы і замацаванні зарадаў варта сачыць за тым, каб правады не зачапіліся за рыштунак.

Гэта пацвярджае гвардыі малодшы сяржант кантрактнай службы Раман Заруба з 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады. «Акрамя выбуховых работ пад лёдам ёсць заняткі па хаджэнні па азімуце пад вадой, выхад у пэўны раён і выкананне там розных задач, — тлумачыць малады чалавек. — На такіх зборах работа ідзе не толькі пад вадой, але і на паверхні. Таксама павышаем зладжанасць разлікаў, дасканала трэніруем страхавальных вадалазаў. Пры гэтым работа ў зімовых умовах для нас не праблема: пачынаючы са снежня і да красавіка вадалазы вучацца дзейнічаць пад лёдам».

Ваеннаслужачыя прызнаюцца, што зборы вельмі карысныя тым, што даюць магчымасць сустрэцца з калегамі, абмяняцца досведам. Важна, што ў зборах бяруць удзел і прадстаўнікі іншых сілавых ведамстваў.

...І вось зарад апускаецца на дно разам з вадалазам-мінёрам. На жаль, журналістам не бачныя маніпуляцыі баявога плыўца пад вадой. Таму пра ўсе нюансы падводнай работы расказвае гвардыі прапаршчык Максім Юдчыц, яшчэ адзін прадстаўнік дэсантна-штурмавога злучэння з Брэста. «Пад лёдам нічога не відаць, таму да месца выканання задачы выходзіш па азімуце, пасля чаго атрымліваеш сігнал да выканання задачы, — распавядае ён. — Далей усталёўваеш зарад, выходзіш наверх і робіш падрыў. Алгарытм нескладаны».

Беларускія вадаёмы дагэтуль захоўваюць небяспечнае рэха вайны. У гэтым злучэнні вадалазы займаюцца падводным размініраваннем, рэагуюць на тэрміновыя заяўкі аб знаходжанні выбухованебяспечных прадметаў пад вадой, якія паступаюць у тым ліку ад насельніцтва ці падводных паляўнічых. Задача гэтых рэдкіх і сапраўды высакакласных спецыялістаў — выехаць на месца, знайсці і абследаваць названы прадмет, а таксама знішчыць.

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Дэсант сыходзіць... Пад ваду

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.