Вы тут

Нацыянальная бібліятэка і Беларуская праваслаўная царква падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве


Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Беларуская праваслаўная царква падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве. Па меркаваннях бакоў, гэта дазволіць вывесці іх узаемадзеянне на новы ўзровень, дасць магчымасць і надалей рэалізоўваць цікавыя, карысныя і патрэбныя нашаму грамадству праекты і ініцыятывы. Адразу пасля падпісання ў сценах кніжнай скарбніцы прайшоў навуковы круглы стол «Духоўнасць і культура: традыцыі і сучаснасць», дзе прадстаўнікі навуковых і рэлігійных колаў пагаварылі пра шэраг важных і актуальных тэм.


Фота: БелТА

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, ва ўступным слове звярнуў увагу на тое, што сёння ў свеце востра адчуваецца духоўны крызіс, які выяўляецца стратай чалавекам сэнсу свайго быцця і прызначэння:

— Глабалізацыя і тэхналагічны прагрэс, якія забяспечваюць усё больш камфортнае існаванне, вядуць і да ўсё большай страты чалавекам сваёй індывідуальнасці, да духоўнай расслабленасці. Асобаснае прызначэнне становіцца для чалавека ўсё больш невыразным і нават цяжкім. Як і для грамадства, што найбольш бачна праяўляецца ў сыходзе ад класічнай, універсальнай адукацыі. Нават цэлыя супольнасці не здольныя ўспрымаць адказы, якія дае хрысціянства. 

Што такое свабода і ў чым сапраўдны сэнс творчасці, прызначэння, мастацтва? Дыскусіі па гэтых пытаннях, калі і ўзнікаюць, то вельмі часта вядуцца без звароту да духоўнай традыцыі. У той жа час звычайны чалавек усё ў большай ступені пачынае разумець, што знаходзіцца ў стане адчужэння, занядбанасці, разгубленасці... Чалавек усё больш адчувае такое адасабленне, якое не прыносіць яму ні карысці, ні радасці, а больш абцяжарвае яго душу. Абавязак, свабода, маральнасць у яе высокім выяўленні, здольнасць да творчасці — гэтыя асноватворныя характарыстыкі чалавека дадзены яму, як і дадзена жыццё. А духоўнасць — тое, што звязвае яго са Стваральнікам, — адзначыў Уладыка. — Менавіта так Царква разумее сэнс чалавечага існавання. Суадносіны і ўзаемасувязь свету духоўнага і свету культуры. З прыняццем хрысціянства духоўна-маральныя арыенціры напоўнілі свет, культуру і мастацтва нашага народа глыбокім зместам і ўнутранай прыгажосцю. Вызначыўшы іх высокае прызначэнне — спрыяць духоўнаму росту чалавека. Нездарма цудоўныя творы, думкі, сцвярджэнні, сабраныя на беларускай зямлі, занялі годнае месца ў скарбніцы сусветнай культуры. Гэты прынцып духоўнага пачатку, мяркую, павінен быць пакладзены ў аснову нашага пагаднення, якое мы падпісалі.

Двухбаковае пагадненне мае на ўвазе правядзенне навукова-даследчых, адукацыйных, асветніцкіх, культурных і культурна-масавых мерапрыемстваў у сценах Нацыянальнай бібліятэкі. У ходзе круглага стала прысутныя абмеркавалі шэраг важных і актуальных тэм. Напрыклад, пагаварылі пра ідэалагічныя прынцыпы ўзаемадзеяння дзяржавы і царквы на сучасным этапе.

— Як бы мы ні казалі пра сур’ёзныя пазіцыі царквы і рэлігійных арганізацыі, тым не менш устойлівымі застаюцца тэндэнцыі секулярызацыі. У Заходняй Еўропе, Лацінскай Амерыцы скарачаецца колькасць прыходаў. Сацыялагічныя апытанні паказваюць супярэчлівую рэакцыю звычайных людзей на гэта... Разам з тым, наша дзяржава ва ўзаемаадносінах з царквой ідзе сваім шляхам, не капіруючы мадэль заходнееўрапейскіх альбо нейкіх іншых краін. Кіраўнік нашай краіны неаднаразова казаў пра тое, што ў аснове ідэалогіі павінны быць біблейскія, традыцыйныя каштоўнасці. Дзяржава ў нас свецкая, але ў ёй аднолькава паважаюцца правы розных канфесій. Разам з тым, менавіта беларуская праваслаўная царква з’яўляецца прыхільніцай усіх нашых адукацыйных, культурных праграм. Яна шчыльна звязана з гісторыяй развіцця беларускай дзяржаўнасці«, — зазначыў Генеральный дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі кандыдат гістарычных навук Вадзім Гігін.

Архімандрыт Афанасій, рэктар Мінскай духоўнай акадэміі, нагадаў прысутным пра духоўныя запаветы беларускіх святых. Ён згадаў цытату Уладыкі Філарэта, які сказаў аднойчы:

— Гісторыя Белай Русі не будзе поўнай без прыкладаў падзвіжніцкага жыцця многіх угоднікаў Божых. Яны падобныя крыніцам жывой вады, з дапамогай якіх мы наталяем сваю духоўную смагу, пры знаёмстве з тым ці іншым перыядам гісторыі беларускага народа. Яны падобны пуцяводным зоркам, якія асвятляюць сабой часам вельмі цёмную прастору нашага шматпакутлівага мінулага і служаць незаменнымі арыенцірамі на шляху пазнання гэтага мінулага. Таму што без іх гісторыя губляе сэнс.

Загадчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі, кандыдат гістарычных навук Валянціна Цяплова, спынілася ў сваім дакладзе на традыцыях у культуры Беларусі, на якія паўплывала дзейнасць праваслаўнай царквы. Яна нагадала пра 200-годдзе археаграфіі Беларусі, калі свет убачыла выданне «Беларускі архіў старажытных грамат» протаіерэя Іаана Грыгаровіча — першы зборнік дакументаў па гісторыі Беларусі.

— Іаан Грыгаровіч нарадзіўся на Магілёўшчыне ў сям’і святара. Яму, як відаць, адкрывалася прызначэнне ісці па слядах свайго бацькі ад настаўніка павятовага вучылішча да святарскага служэння. Але знаёмства і супрацоўніцтва з дзяржаўным канцлерам графам Мікалаем Румянцавым прывяло да рэзкага павароту ў яго лёсе. Ацаніўшы здольнасці маладога чалавека, Румянцаў выдзеліў сродкі, каб Іаан Грыгаровіч змог працягнуць навучанне ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Менавіта там праявілася схільнасць будучага археографа да гістарычных даследаванняў, — распавядае Валянціна Анатолеўна. — Вярнуўшыся пасля вучобы да бацькі, Грыгаровіч не памяняў курс і працягнуў сваю даследчыцкую дзейнасць. Ён разбіраў Гомельскую бібліятэку Румянцава, наведваў манастыры і збіраў у іх арыгіналы дакументаў і копіі старадрукаваных кніг. Пазней гэтыя матэрыялы сталі асновай для зборніка дакументаў па гісторыі Беларусі, які ён апублікаваў у 1824 годзе.

Вучоны планаваў выдаць «Беларускі архіў старажытных грамат» у дзвюх частках, але ўдалося спраўдзіць задуму толькі на палавіну. Другая частка так і засталася ў выглядзе рукапісаў, якія зараз захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва. Валянціна Цяплова адзначыла, што перавыданне дзвюх частак «Беларускага архіва...» як адзінага помніка беларускай культуры такога кшталту сёння проста неабходнае, бо гэта вельмі каштоўная крыніца ведаў па грамадзянскай і царкоўнай гісторыі нашай краіны.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.