Вы тут

Праз абрысы і лініі


Сёння мала хто ведае, што ў юнацтве Васіль Быкаў марыў стаць не пісьменнікам, а прафесійным мастаком. Ён нават навучаўся на жывапісным аддзяленні Віцебскага мастацкага вучылішча, скончыць якое яму не давялося з-за недахопу грошай. І тым не менш маляваць Быкаў не кінуў. На паперы ён пакінуў не толькі выявы мясцін, дзе пабываў, хаты, у якой гадаваўся, а нават іранічныя, падобныя да коміксаў замалёўкі, што сведчаць пра побытавыя рэчы і нават розныя сітуацыі, у якія трапляў іх аўтар. Напрыклад, на малюнку з подпісам «момант ганьбы» ён паказаў, як яго спыніў інспектар дзяржаўтаінспекцыі. Замаляваў Быкаў і свае паходы да дактароў, паездкі на дачу і тое, як важдаецца з аўтамабілем (прынамсі, ва ўспамінах Быкаў прызнаваўся, што догляд за машынай у яго забірае шмат часу). Сярод цікавінак — падрабязна апісаны і замаляваны ў нататніку камп’ютар, калі Быкаў стараўся асвоіць новую тэхніку. Пабачыць гэтыя работы, а таксама дакументы, рукапісы, асабістыя рэчы класіка, сярод якіх — яго эцюднік, фарбы, нататнікі, паліто, можна ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры на літаратурна-мастацкай выстаўцы «Васіль Быкаў. Жыццё праз абрысы і лініі». Дырэктар музея Сяргей Усік падчас яе адкрыцця заўважыў, што гэта першае мерапрыемства з тых, што запланаваны і прымеркаваны да стагоддзя з дня нараджэння пісьменніка.


Часовая экспазіцыя — спроба распавесці пра Васіля Быкава з іншага падыходу, паказаць шматграннасць асобы. Нягледзячы на тое што выяўленчая спадчына Васіля Быкава налічвае сотні адзінак, яна застаецца да нашага часу не вядомай многім з прыхільнікаў яго твораў.

На выстаўцы прадстаўлена больш за 70 графічных і жывапісных работ Васіля Быкава. Многія з іх раскрываюць яго характар, а таксама эмоцыі, якія ён мог перадаць нават у няхітрых замалёўках. Напрыклад, побач з асобнікам «Жураўлінага крыку» (першай кнігі пісьменніка) у экспазіцыі змешчаны яго малюнак, прысвечаны гэтай падзеі. У ганарлівай фігурцы з задраным угору носам ён паказаў, што адчуваў, калі адбыўся як пісьменнік.

Малюнкі можна пабачыць і на рукапісах класіка. На некаторых з іх пазначаны пэўныя схемы, магчыма, планы размяшчэння герояў, а можа, тое, як аўтар узгадваў ці ўяўляў падзеі.

— Мне падаецца часам, што, калі б не мастацтва, мог бы не адбыцца цудоўны пісьменнік з такім выяўленчым словам. Яго творы не проста адчуваеш, а, быццам, бачыш асяроддзе і падзеі, і гэта ўжо не кажучы пра тое, як дакладна апісаны людзі, іх паводзіны, характары, — прызнаецца старшы навуковы супрацоўнік музея, куратар выстаўкі Ірына Князева.

Класік вывучае новую тэхніку

Прагу да малявання Быкаў іранічна назваў «мастацкім свербам» і нават перадаў гэта ў адным са сваіх малюнкаў. Праз абрысы і ліні можна прасачыць жыццё аўтара. Малюнкі Быкава супрацоўнікі музея пастараліся суправадзіць рэчамі. Так, у раздзеле экспазіцыі, прысвечаным маленству, размешчана першая кніга, якую маленькаму Васілю прачытаў яго бацька. Як народны пісьменнік напісаў у сваіх мемуарах, ні маці, ні тата яго творы не чыталі. Бацька ў пэўны час страціў зрок, акулярамі прынцыпова не карыстаўся. Калі ж яму іншыя зачыталі твор сына, з задавальненнем паслухаў, але сказаў, што ў Лынькова было цікавей.

Быкаў маляваў і ў перапынках паміж баямі. На жаль, гэтыя работы не захаваліся, згарэлі. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было ўсяго сямнаццаць гадоў. Супрацоўнікі музея ўзялі за аснову карту 1941 года і пазначылі на ёй, які баявы шлях прайшоў будучы класік, у якіх гарадах ён пабываў. Дарэчы, у свой час Быкаў вельмі цікавіўся картаграфіяй, падоўгу мог разглядаць розныя карты.

Эцюднік і фарбы Васіля Быкава

Трэба сказаць, што малюнкі Быкава ўжо часткова выстаўляліся. Летась музейныя супрацоўнікі вазілі яго работы ў мастацкае вучылішча ў Віцебску, на так званыя прагляды, якія прынята праводзіць са студэнтамі мастацкіх аддзяленняў. Тады народнаму пісьменніку «выпісалі» сімвалічны дыплом, маўляў, яму прысвоена кваліфікацыя мастака. Наогул, як прызналіся арганізатары выстаўкі, яны пастараліся зрабіць яе «хатняй». Такі падыход абраны не толькі таму, што Быкаў замалёўкі рабіў для сябе, а не для шырокай публікі. Пісьменнік не любіў афіцыёзных мерапрыемстваў. Засталіся яго ўспаміны пра тое, як прайшоў яго 50-гадовы юбілей у Гродне. Яго тады пасадзілі на вялікае пазалочанае крэсла з аксамітавай абіўкай. І пакуль аўтара ўхвалялі, той адчуваў сябе як вужака на патэльні, ёрзаў, то здымаў, то адзяваў акуляры. Яму больш даспадобы былі сустрэчы і гутаркі з сябрамі. Пра гэта сведчаць шматлікія фатаграфіі, размешчаныя на выстаўцы (дарэчы, у музейных фондах захоўваецца каля 600 адзінак). Тыя, што адбіраліся для выставачнага праекта, аб’яднаны ў стужкі, прысвечаныя пэўным тэмам, — сям’і, сяброўству, творчым сустрэчам, адпачынку. У экспазіцыі таксама падаюцца афішы да фільмаў і спектакляў, зробленых па творах Быкава.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.