Вы тут

Ляўковіч правёў прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію ў Полацку


У Полацкім раёне кіраўніцтва трымае праблемныя пытанні жыхароў на кантролі, але працу трэба ўзмацніць, у тым ліку па інфармаванні грамадзян. Аб гэтым пасля прамой тэлефоннай лініі і асабістага прыёму грамадзян у Полацку журналістам заявіў памочнік Прэзідэнта Беларусі — інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч, перадае БелТА.


Фота: БелТА

Жыхарка Полацкага раёна звярнулася з пытаннем выкупу дома, які належыць сельгаспрадпрыемству. Яе мужу, бацьку шматдзетнага сямейства, які працаваў крыху больш за сем гадоў, кіраўнік гаспадаркі адмовіў у продажы жылля, бо работнік планаваў звольніцца. Сяргей Ляўковіч падкрэсліў, што кадры ў сельскагаспадарчай галіне патрэбны, іх важна ўтрымаць, і заўсёды трэба кіравацца заканадаўствам. У райвыканкаме заяўніцы адказалі, што пытанне вырашаецца на карысць яе сям’і, бо жыхары раёна выхоўваюць траіх дзяцей, у тым ліку дзіця-інваліда.

Палачанка паскардзілася на адсутнасць камфорту ў кватэры — у памяшканні пахне каналізацыяй пасля правядзення некаторых прац, на кухні даводзіцца ўвесь час бяліць столь з-за дрэннай вентыляцыі, таксама яна не згодна з тым, што заварылі смеццеправод у хаце. Спецыялісты ЖКГ рэкамендавалі ёй устанавіць выцяжку на кухні, аднак палачанка ад гэтага адмаўляецца. Сяргей Ляўковіч даручыў комплексна вывучыць пытанне і ўстараніць праблему, тым больш што на месцы заяўніцы прапанавалі некалькі варыянтаў рашэння. Што да смеццеправода, то яго закрылі ў адпаведнасці з рэспубліканскай праграмай, а для жыхароў дома арганізаваны вываз смецця з кантэйнераў.

Дзве пенсіянеркі з Полацка звярнуліся з падобнымі паміж сабой пытаннямі — яны скардзіліся на холад у кватэры і, як лічаць, нестабільную работу ацяпляльных прыбораў. Прадстаўнікі жылкамгаса расказалі, што абедзве палачанкі пастаянна пакідаюць заяўкі на тэлефонную лінію ЖКГ, але не пускаюць у свае кватэры спецыялістаў, якія маглі б абследаваць памяшканні. Сяргей Ляўковіч папрасіў пенсіянерак усё ж пусціць да сябе работнікаў ЖКГ, якія замераць тэмпературу ў кватэрах і толькі тады змогуць устараніць праблему даступнымі спосабамі.

Жыхар аграгарадка Зялёнка, які клапоціцца пра населены пункт, дзе пражывае, звярнуўся на прыём грамадзян да інспектара па Віцебскай вобласці па пытанні ўзаемадзеяння з сельсаветам. Малады чалавек адзначыў, што ў аграгарадку дамы прыходзяць у непрыдатнасць, прылеглыя тэрыторыі зарастаюць, а пытанні па канфіскацыі закінутых участкаў не вырашаюцца. Жыхар Полацкага раёна таксама расказаў аб стане дарог у сельсавеце, якія чысцяцца, паводле яго слоў, недастаткова. Памочнік Прэзідэнта адзначыў, што ў сельсавеце, дзе кіраўніка пакуль няма, а ёсць выконваючая яго абавязкі, трэба даць новаму кіраўніку шанц праявіць сябе. Сяргей Ляўковіч акцэнтаваў увагу, што мясцовыя органы ўлады павінны працаваць больш прадукцыйна і аператыўна, улічваць ініцыятывы грамадзян.

На прыёме грамадзян Сяргей Ляўковіч таксама абмеркаваў з заяўнікамі пытанні прыватызацыі жылля, садзейнічанні ў працаўладкаванні. Жыхары Полацкага раёна звярталіся і на прамую тэлефонную лінію з пытаннямі стану дарог, якія патрабуюць рамонту, працаўладкавання, добраўпарадкавання ў невялікіх вёсках, паслуг аховы здароўя, а таксама асартыменту аўтакрам. Сяргею Ляўковічу прадстаўнікі райвыканкама расказалі, што многія з дарог знаходзяцца на кантролі мясцовай улады, у цёплы час года будуць весціся дарожна-будаўнічыя работы, якія плануюць завяршыць да канца года. Што тычыцца нараканняў на пакупкі ў аўтакрамах, у райвыканкаме таксама ў курсе пажаданняў грамадзян, у прыватнасці, па хлебабулачных вырабах. Раён абслугоўвае Ушацкае райспажыўтаварыства, а вяскоўцы просяць прывозіць хлеб полацкага завода.

Адносна некаторых пытанняў, з якімі прыходзілі жыхары Полацка і раёна, інспектар па Віцебскай вобласці адзначыў, што бываюць звароты, якія кранаюць складаныя тэхнічныя рашэнні, як у прыкладзе з ацяпленнем у шматкватэрных дамах. «Такія факты маюць месца, гэтых людзей нельга пакідаць без увагі, з усімі трэба мець зносіны і спрабаваць знайсці магчымасць пайсці ім насустрач. Хоць мы разумеем, што ў шматкватэрным жылым доме, асабліва ў тых, што пабудаваны дастаткова даўно, складана адрэгуляваць тэмпературны рэжым індывідуальна па кожнай кватэры, а па многіх дамах гэта ў цяперашніх умовах немагчыма тэхнічна выканаць, на жаль», — сказаў Сяргей Ляўковіч.

Гаворачы аб асаблівасцях асабістага прыёму грамадзян у розных рэгіёнах, ён адзначыў, што колькасць зваротаў залежыць ад колькасці пражываючых у вобласці або раёне. «Найбольшая колькасць зваротаў паступае з буйных гарадоў. У прыватнасці, у Полацку мы бачым нямала пытанняў, звязаных з жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Хачу адзначыць, што ўсе пытанні, якія гучалі на прыёме, знаходзяцца на кантролі мясцовай улады, бачу, што прымаюцца пэўныя рашэньні, не застаюцца безуважнымі прадстаўнікі выканкаму. Але трэба работу ўзмацняць, поўна і своечасова інфармаваць грамадзян па тых праблемах, якія сёння складаюцца», — падкрэсліў памочнік Прэзідэнта.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.