Вы тут

10 гадоў таму здарыўся трыўмф беларускіх спартсменаў


«Гульні ў Сочы сталі для нас вельмі запамінальнымі. Яны застаюцца для беларусаў самымі паспяховымі. Мы патрапілі ў дзясятку лепшых краін: занялі восьмае месца ў медальным заліку. Спадзяюся, у будучыні зможам паўтарыць ці нават перасягнуць гэты поспех», — адзначала генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Ксенія Санковіч. Сёлета самым паспяховым для беларусаў Гульням спаўняецца 10 гадоў.


Галоўны і самы важны для краін вынік сочынскіх Гульняў — трыўмф Дар’і Домрачавай. Першы залаты медаль біятланістка заваявала ў гонцы праследавання 11 лютага 2014 года. Літаральна праз тры дні Дар’я Домрачава стала пераможцай ў індывідуальнай жаночай гонцы на 15 кіламетраў. Па выніках гэтай гонкі Дар’я раздяліла п’едэстал з яшчэ адной беларускай. Надзея Скардзіна стала трэцяй у індывідуальнай гонцы. Кажуць, бог любіць троіцу. У выпадку Дар’і Домрачавай 10 гадоў таму так і атрымалася. У заключнай гонцы – гонцы з масавым стартам – біятланістка дапусціла ўсяго адзін промах і зноў перамагла. Такім чынам беларуская спартсменка назаўсёды ўпісала сваё імя ў гісторыю сусветнага біятлона. Яна першая і адзіная спартсменка, якая заваявала тры залатых медалі ў індывідуальных спаборніцтвах падчас аднаго турніра. І якога турніра — Алімпійскіх гульняў! 

Дар’я Домрачава стала першай у гісторыі Беларусі жанчынай, якая была ўдастоена звання Герой Беларусі. Адпаведны указ Прэзідэнт Беларусі падпісаў 17 лютага 2014 года, у дзень трэцяй алімпійскай перамогі спартсменкі. 

«Усведамленне, што я алімпійская чэмпіёнка, з’явілася, калі паднялася на алімпійскі п’едэстал і мне ўручылі медаль. Калі вымаўляюць гэтую фразу на трох розных мовах і бачыш сваё імя на фоне алімпійскага агню, калі лунае сцяг тваёй краіны, гучыць гімн, то зведваеш невымоўныя адчуванні», — такімі былі першыя словы чэмпіёнкі ў размове з журналістамі. Дарэчы, Дар’я расказвала, што за некалькі месяцаў да Алімпіяды паставіла на застаўку камп’ютара фота медаля Алімпійскіх гульняў у Сочы. Атрымліваецца, што візуалізацыя жаданняў усё ж дзейнічае, калі, канешне, не забываць упарта працаваць, як Дар’я Домрачава. 

Героямі Алімпійскіх гульняў у Сочы сталі і беларускія фрыстайлісты. Для Алы Цупер гэта былі пятыя ў кар’еры Алімпійскія гульні. Да гэтага яна кожны раз вярталася з галоўных стартаў без медалёў. Але ў фінале жаночых спаборніцтваў па лыжнай акрабатыцы Ала Цупер набрала 98,01 бал і нарэшце стала алімпійскай чэмпіёнкай! 

— Для мяне на той момант гэта былі ўжо пятыя Гульні, і, вядома, залаты медаль — самы доўгачаканы падарунак. Усім маладым людзям хачу пажадаць займацца спортам і верыць у сябе. Не адступайце ад сваіх мэт, рабяты! Мой медаль зараз таксама захоўваецца дома. Мае дзеці добра ведаюць, хто ў іх маці і як шмат трэба працаваць у спорце, каб перамагчы, — сказала Ала Цупер у інтэрв’ю прэс-службе НАК Беларусі. 

На гэтым тыдні Ала Цупер прыняла ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 10-годдзю Алімпійскіх гульняў у Сочы. Кампанію ёй склаў яшчэ адзін чэмпіён той Алімпіяды, фрыстайліст Антон Кушнір. У фінале ён выканаў вельмі складаны скачок — патройнае сальта з пяццю піруэтамі і атрымаў за яго 134,50, і як вынік – залаты алімпійскі медаль. 

«Знаходжуся ў шоку! Адчуваю вялікую стомленасць і вельмі вялікую радасць з-за таго, што сённяшні дзень для мяне склаўся гэтак удала. Вельмі рады ўсяму, што здарылася. Я верыў у перамогу на Алімпіядзе і вельмі моцна яе хацеў. Выступаючы, не думаў пра балы, пра адзнаку. Пры тым судзействе, якое было што на жаночай, што на мужчынскай акрабатыцы, атрыманай адзнацы я нават трохі здзівіўся. Яна сапраўды вельмі добрая. Я зрабіў усё, што мог!» — такімі былі эмоцыі Антона Кушніра адразу пасля перамогі. 

Пакуль на зімовых Алімпійскіх гульнях беларусы не пераўзышлі вынікі Сочы. Праз чатыры гады ў Пхёнчхане алімпійскай чэмпіёнкай стала фрыстайлістка Ганна Гуськова. Біятлонная каманда ў складзе Дар’і Домрачавай, Надзеі Скардзіна, Дзінары Алімбекавай і Ірыны Крыўко заваявалі золата ў складзе жаночай эстафеты, а Дар’я Домрачава таксама заваявала серабро ў мас-старце. Маючы тры медалі, у выніковым заліку Беларусь заняла 15-месца. А ў 2022-м годзе на Алімпійскіх гульнях у Пекіне беларускія спартсмены заваявалі ўсяго два сярэбраных медалі. Прызёрамі сталі біятланіст Антон Смольскі і фрыстайлістка Ганна Гуськова. Таму зараз вынік Алімпіяды ў Сочы — узор, да якога трэба імкнуцца, а ў ідэале і пераўзысці.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.