Вы тут

Як выбраць ідэальны букет?


Выбар ідэальнага букета — далёка не заўсёды простая задача. Напярэдадні Дня святога Валянціна і Міжнароднага жаночага дня мы даведаліся, што трэба прымаць да ўвагі пры выбары кветак і якія расліны падыдуць розным людзям.


Фота: pexels.com

Калейдаскоп фарбаў і водараў

Улічвайце перавагі таго, каму дорыце. Якія кветкі і водары маглі б спадабацца яму? Калі самастойна вызначыцца цяжка, звярніцеся па параду да каго-небудзь з яго асяроддзя.

Прыміце да ўвагі лад жыцця атрымальніка букета. Даведайцеся, ці няма ў яго алергіі або павышанай адчувальнасці да пэўных раслін. Калі ў планах падарыць «зялёнага сябра» ў гаршку, падумайце аб тым, ці будзе гаспадару камфортна яго даглядаць. Для людзей з насычаным графікам найлепшым выбарам стане непатрабавальная кветка.

Прэзентуючы букет, разам з ім мы даносім да чалавека пэўнае пасланне. Напрыклад, ружы з’яўляюцца сімвалам кахання і рамантыкі, сланечнікі асацыююцца са шчасцем і радасцю, рамонкі ўвасабляюць вернасць, а касачы — давер. Вызначыцеся, што менавіта вы хочаце «сказаць» чалавеку, і выберыце прыдатныя расліны.

Важную ролю адыгрывае і сезонная наяўнасць кветак. Выбраўшы актуальныя для цяперашняй пары года, вы можаце быць упэўнены ў іх свежасці і даступнасці. Акрамя таго, сезонныя кветкі часцяком валодаюць адмысловым шармам і зробяць ваш падарунак незабыўным.

У завяршэнне падумайце над тым, каб дапоўніць кветкавую кампазіцыю асабістымі штрыхамі. Гэта можа быць падарункавая ўпакоўка ў любімых колерах атрымальніка, сентыментальная запіска з сэрцайкамі (напрыклад, да Дня ўсіх закаханых) або паштоўка.

Букет раскажа пра пачуцці

Выбіраючы кветкі для розных людзей, варта ўлічваць не толькі іх асабістыя перавагі, але і вашы адносіны да чалавека, якому дорыце букет. 

Мама. Для галоўнага чалавека вашага жыцця варта абраць кветкі, якія пакажуць любоў і ўдзячнасць, — імі могуць быць ружы, архідэі і лілеі. Ружы з’яўляюцца класічным варыянтам для падарунка: ружовыя сімвалізуюць захапленне і ўдзячнасць, белыя — чысціню і нявіннасць.

Добрым выбарам стануць архідэі. Блізкі чалавек, несумненна, ацэніць гэтыя элегантныя экзатычныя кветкі, якія асацыююцца з любоўю, прыгажосцю і сілай.

Лілеі, у сваю чаргу, з’яўляюцца сімвалам мацярынства, увасабляюць чысціню і адданасць. Аддаўшы перавагу гэтай кветцы, звярніце ўвагу на сорт «Звездочёт» — ён знакаміты выдатным водарам і яркімі кветкамі.

Сястра. Добрым выбарам стануць цюльпаны, касачы ці півоні. Першыя вядомыя разнастайнасцю адценняў і з’яўляюцца сімвалам любові, даравання і вернасці. Перавагай цюльпанаў з’яўляецца іх універсальнасць і адмысловы шарм.

Звярніце ўвагу і на касачы. Элегантныя і яркія кветкі ўвасабляюць веру, надзею і мудрасць. Блізкаму чалавеку прыйдзецца па душы такі ўнікальны і прадуманы падарунак. Далікатную і жаноцкую натуру можна парадаваць букетам духмяных півонь. Кветкі сімвалізуюць вытанчанасць, грацыю і прыгажосць, а іх рамантычны выгляд не пакіне абыякавай ніводную дзяўчыну.

Сяброўка. У гэтым выпадку важна ўлічваць індывідуальнасць чалавека і тып сяброўства. Падыходнымі варыянтамі стануць рамонкі, сланечнікі і гваздзікі.

Рамонкі з’яўляюцца знакам вернасці і сяброўства. Можна абраць як звыклы колер раслін, так і аддаць перавагу яркім адценням — такі букет напэўна выкліча ўсмешку на твары прыяцелькі.

Сланечнікі сімвалізуюць шчасце і сяброўства. Іх сонечны выгляд не толькі імгненна прыцягне ўвагу, але і дапаможа вам выказаць удзячнасць.

Удалым рашэннем стануць і гваздзікі. Дзякуючы сваёй універсальнасці, іх можна камбінаваць з іншымі раслінамі і такім чынам ствараць разнастайныя прыгожыя кампазіцыі.

Калега. Для калегі варта падабраць кветкі, якія не толькі паднімуць настрой знешнім выглядам, але і захаваюць рамкі прафесійна-дзелавых адносін. Звярніце ўвагу на альстрамерыі, хрызантэмы і антурыумы. Першыя знакамітыя вялікай колькасцю расфарбовак, сімвалізуюць росквіт і поспех. Такім чынам вы парадуеце калегу і разам з гэтым пажадаеце ёй прафесійных дасягненняў. У дадатак да гэтага, альстрамерыі з’яўляюцца даўгавечнымі раслінамі — букет з іх зможа доўга ўпрыгожваць працоўнае месца вашай калегі.

Хрызантэмы асацыююцца са станоўчай энергіяй, шчасцем і даўгалеццем. Гэтыя кветкі будуць добра глядзецца, калі скласці букет толькі з іх. Не менш вытанчаныя і ў якасці дадатку да сабранай кампазіцыі.

Антурыумы — яшчэ адзін прыдатны варыянт для падарунка калезе. Экзатычныя і элегантныя кветкі ўвасабляюць гасціннасць і шчасце. Букет антурыумаў дадасць у працоўную прастору ноту вытанчанасці і свята.

Ці дарыць мужчыну кветкі?

Безумоўна, так! У апошнія гады гэтая тэндэнцыя толькі ўзмацняецца. Парадаваць мужчыну букетам можна ў любое свята, у тым ліку дзень нараджэння, юбілей, Дзень бацькі, Дзень святога Валянціна і гэтак далей. Звярніце ўвагу на архідэі, сланечнікі, трапічныя кветкі, каллы і касачы. У якасці альтэрнатывы можна разгледзець сукуленты ці расліны ў вазоне.

Пры падрыхтоўцы прэзента мужчыну рэкамендуецца аддаць перавагу нейтральным або яркім колерам, пазбягаючы пастэльных і мяккіх тонаў. Тым не менш, не забывайце аб асабістых перавагах чалавека. Ведаючы любімае адценне мужчыны, можна парадаваць яго кампазіцыяй у адпаведнай колеравай гаме.

Выбіраючы расліны, якія адпавядаюць асобе і перавагам атрымальніка букета, вы зможаце зрабіць значны і прыемны падарунак.

Лізавета МАЛЬЧУК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.