Вы тут

Алена Парчук: Лідар — той, хто дапамагае развівацца іншым


Алена Парчук — начальнік адукацыйнага Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, старшыня аб’яднанай арганізацыі МНС Беларускага саюза жанчын. З пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2022» у намінацыі «Паспяховы кіраўнік» пагаварылі аб яе прафесійным шляху, шматзадачнасці ў рабоце і асабістых якасцях жанчыны-лідара.


Удзельнічаюць у акцыі «Нашы дзеці»

— У Вашай біяграфіі, Алена Ігараўна, ёсць перыяд, калі Вы працавалі дырэктарам Бабруйскага дзіцячага дома. З якімі цяжкасцямі даводзілася сутыкацца?

— Рабоце ў Бабруйскім дзіцячым доме я прысвяціла 14 гадоў. Спачатку была дэфектолагам — дапамагала нашым выхаванцам развіваць мову, мысленне, памяць і ўвагу. Пасля чаго працавала сацыяльным педагогам: займалася сямейным уладкаваннем дзяцей і іх сацыялізацыяй. А потым на працягу амаль пяці гадоў была дырэктарам установы. Апроч іншага, займалася падборам персаналу, прыцягненнем фінансавання — каб палепшыць матэрыяльныя ўмовы жыцця дзяцей. Імкнулася зрабіць усё магчымае, каб дзяцінства нашых выхаванцаў было паўнавартасным.
Вядома, без цяжкасцяў не абыходзілася. Яны былі звязаныя, у тым ліку, і са станам здароўя дзяцей: мы мелі справу з хранічнымі захворваннямі, асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Лёс кожнага дзіцяці быў няпросты і не дапускаў абыякавага стаўлення.

— Пасля змены сферы дзейнасці Вы працягваеце падтрымліваць выхаванцаў дзіцячых дамоў. Пад Вашым кіраўніцтвам БСЖ МНС удзельнічае ў акцыі «Нашы дзеці». Дапамагаць сіротам — важна для Вас?

— У нашым жаночым Саюзе МНС — 20 пярвічных арганізацый, якія знаходзяцца па ўсёй краіне. І кожная з іх прыняла ўдзел у гэтай дабрачыннай акцыі. Жанчыны наведалі ўстановы для сірот, прыёмныя сем’і. Працуючы ў дзіцячым доме, падчас правядзення акцыі «Нашы дзеці» я разам з калегамі займалася падрыхтоўкай святочных мерапрыемстваў, канцэртаў для нашых гасцей — людзей, якія дапамагаюць дзецям. Жадаючых наведаць нас заўсёды было шмат.

Цяпер працягваю ўдзельнічаць у гэтай рэспубліканскай акцыі ўжо ў рамках дзейнасці БСЖ. Дарэчы, адным з першых мы наведалі Бабруйскі дзіцячы дом. Як ранейшы яго дырэктар, я добра ведала, што патрабуецца выхаванцам і самой установе.

Цяпер дапамагаем многім дзіцячым дамам. Загадзя тэлефануем кіраўнікам, удакладняем канкрэтныя патрэбы. Можа здацца, што вялікія пакеты з цукеркамі — добры падарунак. Але гэта не заўсёды так, бо многім выхаванцам супрацьпаказана салодкае. Забяспечваем малых садавінай, канцтаварамі, гульнямі. А таксама сродкамі гігіены, бытавой хіміі — гэта значыць тым, што неабходна для паўсядзённага жыцця.

Жанчыны — вялікая сіла

— У 2021 годзе Ваша дзейнасць на пасадзе старшыні Саюза жанчын МНС была заахвочана Падзякай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Чым жывуць сёння жанчыны-выратавальнікі?

— Мы прымаем удзел у мностве мерапрыемстваў, арганізаваных як Беларускім саюзам жанчын, так і намі самімі. Асабліва хачу адзначыць праект БСЖ МНС «Акорды Перамогі». Мы рэалізавалі яго ў 2023 годзе, прымеркаваўшы да Дня Перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне — 9 Мая. Жанчыны МНС выконвалі песні ваенных гадоў, якія некалі дапамагалі выстаяць савецкім людзям у смяротнай схватцы са страшным ворагам. Нашу акцыю «Акорды Перамогі» падхапілі і іншыя арганізацыі. Выхоўваць дзяцей у духу патрыятызму закліканы і праект Саюза жанчын МНС «Гаворым з дзецьмі аб вайне і Перамозе».

— На Ваш погляд, што падштурхоўвае жанчын аб’ядноўвацца?

— Сёння жанчыны — рухавік цэлага шэрагу грамадскіх ініцыятыў у падтрымку дзяржавы. Калі натхняемся агульнай ідэяй, калі нас гуртуе дух адзінства, мы становімся вялікай сілай.

Матывуюць на добрыя справы і цудоўныя ўмовы, створаныя ў дзяржаве для камфортнага жыцця і дзейнасці жанчын.

Запіс на заняткі — на месяцы наперад

— У чым унікальнасць адукацыйнага Цэнтра бяспекі МНС, які Вы ўзначальваеце?

— Аналагаў нашаму Цэнтру няма ні ў СНД, ні ў краінах Еўропы. Мэта Цэнтра — навучыць насельніцтва правілам бяспечных паводзін у розных надзвычайных сітуацыях. На дадзены момант прадстаўлена 37 лакацый. Кожная з іх дае наведвальнікам важныя веды, таму цяжка вылучыць найболей цікавую і карысную. Заняткі праходзяць з выкарыстаннем імерсіўных тэхналогій: наведвальнік літаральна знаходзіцца ў той ці іншай надзвычайнай сітуацыі. Пры гэтым запамінанне адбываецца на ўзроўні падсвядомасці. Апроч вывучэння правілаў бяспекі, прывіваем людзям жаданне дапамагаць і вучым у любой сітуацыі не заставацца абыякавымі. Вельмі важна, каб нашы госці атрымалі не толькі карысныя веды і навыкі, але і задавальненне ад наведвання і зносін са спецыялістамі Цэнтра.

— Цэнтр карыстаецца папулярнасцю?

— Адказ на гэтае пытанне — запіс на заняткі па бяспецы на некалькі месяцаў наперад. Прычым прыязджаюць да нас не толькі мінчане і жыхары Беларусі, але і нашы суседзі з Расійскай Федэрацыі. Заняткі праводзім для арганізаваных груп з 25 чалавек.

«Пастаянна вучыцца — галоўнае патрабаванне»

— Ці цяжка жанчыне быць лідарам у такой сур’ёзнай і адказнай сферы? Якія здольнасці дапамагаюць «трымацца на плаву»?

— На мой погляд, сапраўдным лідарам з’яўляецца той, хто дапамагае іншым развівацца, удасканальвацца і станавіцца лепшым. Мяркую, сярод маіх найбольш важных лідарскіх навыкаў — адказнасць, прыстойнасць і неабыякавасць. Падбіраючы калектыў, рабіла стаўку на такіх жа зацікаўленых і ўцягнутых у працу супрацоўнікаў, як я сама. Цяпер мне, як кіраўніку, прыемна чуць ад падначаленых, што яны любяць сваю працу, ідуць на яе з задавальненнем. Значыць, створаны ўсе ўмовы для камфортнай службы.

— «Каб прафесійна і якасна рабіць сваю работу, навучаючы вялікую колькасць людзей, неабходна адточваць майстэрства і павышаць свой прафесійны ўзровень» — сказалі Вы ў адным з выступленняў. Пастаянная работа над сабой — гэта пра Вас?

— Калі чалавек хоча заставацца лідарам і прафесіяналам у сваёй сферы, пастаянна вучыцца — галоўнае патрабаванне незалежна ад узросту і вопыту работы. Я сама прытрымліваюся такой пазіцыі і заклікаю да гэтага свой калектыў. Заўсёды нагадваю падначаленым аб тым, што нельга спыняцца на дасягнутым, неабходна ўпэўнена рухацца наперад.

— Як Вам удаецца захоўваць прафесійны тонус і ўсё паспяваць?

— Самае галоўнае — уменне правільна планаваць справы. Неабходна паспяваць выконваць усю работу ў рамках працоўнага часу і прывучыць да гэтага свой калектыў. Вядома, бываюць сітуацыі, калі трэба затрымацца ці прыйсці нашмат раней. Здараецца таксама, што адначасова даводзіцца выконваць адразу некалькі сур’ёзных задач.

— Што матывуе Вас рухацца да новых вяршыняў?

— Важным стымулам з’яўляецца сям’я. Блізкія падзяляюць і падтрымліваюць мае ідэі. У мяне дзве дачкі. Адна на дыпламатычнай пасадзе і зараз прадстаўляе нашу краіну ў міжнароднай арганізацыі ў Злучаных Штатах Амерыкі, другая вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Заўсёды старалася быць для іх дастойным прыкладам, даносіць ім, як важна развівацца, імкнуцца наперад і дабівацца пастаўленых мэт.

«Заўважаць цудоўныя моманты»

— Раскажыце пра свае інтарэсы і захапленні. Чым займаецеся ў вольны час?

— У мінулым актыўна спявала і грала на гітары. Калі малодшая дачка вучылася ў музычнай школе, мы практыкаваліся разам. Я з задавальненнем выступала на сямейных святах. У розныя перыяды жыцця захаплялася рукадзеллем і кулінарыяй. Ідэальны занятак для майго выхаднога дня — рабіць нешта сумесна з мужам: прагуляцца на свежым паветры, атрымаць асалоду ад добрага надвор’я, прыгатаваць смачную страву. Любім таксама падарожнічаць па Беларусі.

— Падзяліцеся сакрэтам: што дапамагае Вам заўсёды добра выглядаць?

— Прытрымліваюся пазіцыі, што жанчына не павінна старацца выглядаць маладзей за свой узрост, а вось дагледжанай і акуратнай ёй варта быць. Вядома, удзяляю час касметычным працэдурам, бываю ў цырульніка, даглядаю сябе і дома. Нашу ўстанову наведвае вялікая колькасць гасцей, таму неабходна заўсёды выглядаць адпаведна.

— Вы шчаслівы чалавек, Алена Ігараўна?

— Лічу сябе шчаслівай жанчынай, хоць і цяжкасці на жыццёвым шляху, вядома, здараліся. Шчасце складаецца з маленькіх радасцяў. Таму важна ўмець заўважаць выдатныя моманты жыцця і атрымліваць асалоду ад іх.

Лізавета МАЛЬЧУК

Фота дадзена суразмоўніцай

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.