Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі выйграла пяты паядынак запар у Рэспубліканскай хакейнай лізе, паведамляе БелТА.
У сённяшняй сустрэчы на лёдзе мінскай «Алімпік-Арэны» дружына кіраўніка дзяржавы перайграла каманду Гродзенскай вобласці з вынікам 10:4 (2:0, 4:1, 4:3).
У пачатку першага перыяду сённяшняй сустрэчы больш актыўнымі былі госці, якія не стушаваліся перад грозным сапернікам і не раз стваралі небяспечныя моманты. Аднак вызначыцца ім не ўдалося, а на 15-й хвіліне ў чарговы раз выдатна спрацаваў сямейны звязак гаспадароў: пасля дакладнай перадачы капітана каманды Алега Антоненкі лік адкрыў яго сын Арцём. За паўхвіліны да перапынку другую шайбу закінуў Максім Парфеявец. У пачатку другой трэці пасля паса Аляксандра Лукашэнкі вызначыўся лепшы бамбардзір турніру Андрэй Касціцын. На гэтым ён не спыніўся, і неўзабаве зноў пасля перадачы кіраўніка дзяржавы аформіў галявы дубль. Затым эфектны сольны праход дакладным кідком завяршыў Арцём Каркоцкі, і толькі пасля гэтага Вячаслаў Лісічкін адыграў адну шайбу. А потым вынік другога перыяду падвёў Мікалай Лукашэнка — 6:1. Заключная трэць паядынку прайшла на сустрэчных атаках, і гледачы ўбачылі сем узяццяў варот. У пераможцаў вызначыліся Андрэй Касціцын, Мікалай Лукашэнка, Аляксей Шантыка і Алег Антоненка, гродзенская каманда адказала галамі Вячаслава Лісічкіна, Максіма Скібы і Аляксандра Коўшыка.
Лепшымі ігракамі сённяшняй сустрэчы прызнаны Арцём Каркоцкі і Максім Скіба. Прызы ім уручыла бронзавы прызёр Алімпіяды-2004, васьміразовая чэмпіёнка свету па трэкавых велагонках, заслужаны майстар спорту Наталля Цылінская.
Як і ва ўсіх матчах гэтых спаборніцтваў, у перапынках гледачы ўбачылі яркія выступленні беларускіх эстрадных выканаўцаў. Акрамя таго, самыя актыўныя фанаты на лядовай пляцоўцы паўдзельнічалі ў займальных конкурсах, пераможцы якіх сталі ўладальнікамі прызоў ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Па традыцыі адразу пасля заканчэння гульні заўзятары атрымалі дзесяткі цацак ад каманды Прэзідэнта.
У гэтым сезоне прэзідэнцкая дружына перамагла зборную Брэсцкай вобласці (7:2), потым абыграла хакеістаў Мінскай вобласці (9:4), затым выйграла ў каманды Гомельскай вобласці (12:6), а таксама была мацнейшай за магіляўчан (8:4).
Спіс лепшых бамбардзіраў узначальвае Андрэй Касціцын, у якога 15 ачкоў (9 шайб і 6 дзейсных перадач).
Прэзідэнцкая каманда — 14-ціразовы пераможца рэспубліканскага аматарскага турніру, па адным тытуле ў хакеістаў Гомельскай і Мінскай абласцей. У фінальнай серыі мінулага сезона лядовая дружына кіраўніка дзяржавы двойчы абгуляла каманду Мінскай вобласці — 6:1 і 6:4. Бронзавыя ўзнагароды заваявалі хакеісты Брэсцкай вобласці, якія перамаглі ў матчы за трэцяе месца зборную Гомельскай вобласці з вынікам 5:3.
Арганізатары хакейнага аматарскага турніру — Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».