Хакейная вясна пачнецца дынамічна. Ужо 2 сакавіка «Дынама-Мінск» пачне выступленне ў плэй-офф Кантынентальнай хакейнай лігі. Сапернікам зуброў стане ўладальнік Кубка Кантынента маскоўскае «Дынама». На 2 і 4 сакавіка запланаваны сустрэчы ў Маскве, а 6 і 8 сакавіка матчы пройдуць на «Мінск-Арэне».
Напярэдадні адказных гульняў хакеісты і трэнерскі штаб «Дынама-Мінск» сустрэліся з журналістамі і падзяліліся сваімі чаканнямі і планамі на першы раўнд плэй-оф. Галоўны трэнер «зуброў» Дзмітрый Квартальнаў адразу папярэдзіў, што лёгка не будзе. Але ж тым цікавей. «Маскоўскае „Дынама“ — сур’ёзны супернік, які заняў першае месца ў рэгулярным чэмпіянаце, гэтым усё сказана. Выпадковасцяў не бывае. У нас вельмі добрая ліга – добрага ўзроўню. І калі на працягу 68 гульняў, ідзе сур’ёзная барацьба і каманда займае першае месца, значыць, гэта шыкоўная каманда. Ёсць майстравітыя гульцы, яны лепшыя па рэалізацыі большасці», — сказаў Дзмітрый Квартальнаў. Аднак і «зубры» перад моцным супернікам рукі не апусцяць. «Трэба паказаць свае моцныя бакі. Трэба гуляць дысцыплінавана, паколькі кошт выдаленняў будзе высокім. Спадзяюся, хлопчыкамі для біцця не будзем і згуляем сваімі моцнымі якасцямі. Многія хлопцы ў нас будуць выступаць на такім узроўні першы раз, і ніколі не ведаеш, чаго чакаць. Самае галоўнае — не стушавацца, а проста гуляць, атрымліваць асалоду і паказаць лепшае. Трэба паказваць тое, што ўмееш, не трэба нешта прыдумляць у працэсе. Зусім не трэба. Дзесьці згуляць крыху прасцей. Як казаў вялікі трэнер: гуляць проста — вельмі складана. Трэба згуляць як мага прасцей і паказаць пры гэтым свае лепшыя якасці», — падкрэсліў галоўны трэнер «Дынама-Мінск».
Дзмітрый Квартальнаў заўважыў, што ў «зуброў» добрая першая лінія, якая павінна праявіць сябе. Па яго словах, хакеісты не баяцца выходзіць на лёд «з адкрытым забралам». Канешне, не абыходзіцца без праблем, але яны вырашальныя.
У рэгулярным чэмпіянаце КХЛ гэтага сезону «Дынама-Мінск» ні разу не выйгрывала ў маскоўскіх аднаклубнікаў. Але па словах Дзмітрыя Квартальнава, плэй-оф — гэта зусім іншы турнір з іншай псіхалогіяй. «Маятнік можа ў любы бок хістацца. Проста так мы здавацца не збіраемся. У нас ёсць хлопцы, якія забіваюць нават без галявых момантаў. Гэта і ёсць майстэрства. Нам гэтага ў рэгулярцы не хапала. А ў плэй-офф уключаюцца іншыя рэчы. Майстэрства будзе вырашаць, але на першы план выходзяць характар, камандны дух, рэалізацыя плана на гульню», — растлумачыў ён.
Галоўны трэнер назваў стадыю плэй-офф лепшым часам у сезоне. У пачатку сезона прыходзіцца шмат працаваць — гэта цяжка. А ў плэй-офф трэба паказваць усе свае здольнасці, не пакідаючы нічога на потым. «Калі нешта не атрымаецца, мы павінны хаця б сапраўды сабе сказаць, што мы зрабілі ўсё магчымае і аддалі ўсё. Усё будзе вырашацца на лёдзе. Гульня пачынаецца пры ліку 0:0», — падкрэсліў ён.
Журнілісты спыталі ў Дзмітрыя Квартальнава, як змянілася каманда з пачатку сезона. «Гэта проста новая каманда. Пайшлі шмат добрых хлопцаў, якіх я б з задавальненнем пакінуў. Калі б была магчымасць пакінуць Алістрава і Сапегу і не браць замежнікаў, я б з задавальненнем гэта зрабіў. Але з пэўных прычынаў мы не можам гэтага зрабіць і атрымліваецца новая каманда. Прыйшлося збіраць склад па-іншаму ў ліпені і падцягваць вялікую колькасць маладых беларускіх хлопцаў. Я сам гэтага не чакаў, але ў жыцці ўвесь час нешта змяняецца. Да нас прыйшло шмат маладых хлопцаў, якія павінны добра сябе праявіць і пры правільнай працы, яны могуць стаць лідарамі. У нас былі гульні з моцнымі супернікамі, дзе маладыя гульцы праявілі лідарскія якасці. Не кожны гэта можа, але яны малайцы. У нас склалася маладая забіяцкая каманда, якая павінна ісці наперад», — адказаў ён.
Трэнерскі штаб «Дынама-Мінск» ужо вызначыўся са складам каманды на выязныя матчы. У Маскве гонар мінскага клуба будуць абараняць:
У Мінску па медыцынскіх паказаннях засталіся Аляксандр Сувораў, Дзмітрый Дзярабін, Мікіта Смірноў і Іван Сякерын.
Нападаючы Уладзіслаў Кадола каманду «Дынама-Масква» ведае вельмі добра. У плэй-офф ён ужо тры разы гуляў з хакеістамі гэтай каманды. А да ліпеня 2023 года і сам уваходзіў у склад каманды. «Настрой выдатны. Рэгулярны сезон ззаду, зараз пачынаецца ўсё самае цікавае. Супрацьстаянне супраць маскоўскага „Дынама“ будзе прынцыповым, асабліва для мяне», — падзяліўся ён з журналістамі.
«Чакаем такой жа ўпартай барацьбы, якая была на ўсіх матчах рэгуляркі. Мы скончылі рэгулярны чэмпіянат на пазітыўнай ноце. У плэй-офф не выбіраюць саперніка, хто вышэйшы той мацнейшы. І ўсё залежыць толькі ад нас. Плэй-офф — гэта зусім іншая гульня, тут яшчэ больш барацьбы», — адзначыў абаронца Дзмітрый Корабаў. Ён паабяцаў, што на дамашінх матчах супраць маскоўскага «Дынама» мінчане зробяць усё, каб парадаваць балельшчыкаў, якія былі разам з камандай увесь сезон.
«Асабліва выкладземся 8 сакавіка», — запэўніў Дзмітрый Корабаў.
Маскоўскія дынамаўцы выйшлі ў плэй-офф КХЛ ужо 15-ы раз. Мінчане ў гэтую стадыю прабіліся ў восьмы раз. Як паведамляе партал hockey.by мінскае і маскоўскае «Дынама» сустракаліся ў Кубку Гагарына толькі аднойчы ў 2012 годзе. Тады ў другі раўнд прабіліся масквічы. Магчыма, прыйшоў час узяць рэванш!
Валерыя СЦЯЦКО
Фота «Дынама-Мінск»
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».