Вы тут

Святло розных слоў...


У Беларусі, дзе прасторна прадстаўнікам розных канфесій і дзецям розных народаў, можна і турызм адмысловы ладзіць, з улікам знаёмства з асаблівасцямі розных рэгіёнаў сапраўды шматнацыянальнай краіны. Можна па гарадах і мястэчках вывучаць, напрыклад, і вытокі яўрэйскай літаратуры, і культуры яўрэйскага народа. Шмат хто з ураджэнцаў старажытных паселішчаў зрабіў свой важкі ўнёсак у яўрэйскае прыгожае пісьменства.


Давайце зазірнём хоць бы на Міншчыну, у некаторыя яе паселішчы... Узда, Шацк, Дукора, Смілавічы, Ігумен — сённяшні Чэрвень, Беразіно...

Спярша пабываем на Уздзеншчыне. У сённяшнім райцэнтры ў 1887 годзе нарадзілася пісьменніца Двора Барон. Першыя асветніцкія ўрокі атрымала ў роднай сям’і. Вядома, што на Міншчыне яна закончыла гімназію. А ў 1911 годзе выехала з Беларусі. Выйшла замуж за рэдактара адной з яўрэйскіх газет. Жыла ў старонцы, якая яшчэ толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў стане дзяржавай Ізраіль. У 1910-я гады пачалося фарміраванне нашай зямлячкі як пісьменніцы. Першыя апавяданні — пра жыццё ў звычайным мястэчку ў Беларусі, Расійскай імперыі. Першы зборнік — «Апавяданні» (1927). Затым пабачылі свет кнігі «Пакуль што» (1943) і «Справы» (1951). Двора пераклала на іўрыт раман Г. Флабера «Мадам Бавары».

З Удзеншчыны, магчыма, завітаўшы ў Магільнае (альбо — Наднёман), на радзіму вельмі папулярнага напрыканцы ХІХ стагоддзя яўрэйскага празаіка Якнегоза, скіруем свой шлях на Шацк, мінём Рудзенск.

І зробім прыпынак у Дукоры. 1880-я гады падаравалі свету сям’ю літаратараў Чарны. Вядомыя пісьменнікі. Ды, праўда, трэба ўдакладніць, што вядомасць іх распаўсюджваецца на Амерыку, тыя краіны, дзе зараз ведаюць літаратуру на ідзіш. Старэйшы з усіх — Шмуэль Нігер (Чарны). Нарадзіўся ў 1883 годзе. У Мінск з мястэчка перабраўся ў 1896 годзе. Першыя артыкулы друкаваў у газеце на іўрыце. Пасля рэвалюцыі 1905 года перайшоў на ідзіш. У 1908 годзе заснаваў у Вільні часопіс. Лепшыя нарысы, творчыя партрэты пісьменнікаў увайшлі ў яго кнігі — «Гутаркі пра яўрэйскіх пісьменнікаў» (1913), «Гутаркі пра кнігі» (1922). З 1919 года — у ЗША. У Амерыцы наш зямляк напісаў і выдаў манаграфіі пра Шалома-Алейхема, Мендэле Мойхера-Сфорыма, І. Л. Пераца, Г. Левіка. Памёр у Нью-Ёрку ў 1955 годзе. Другі брат у сям’і пісьменнікаў — Барух Чарны (вядомы і пад псеўданімам Уладак Чарны, Б. Уладак). Нарадзіўся ў Дукоры ў 1886 годзе. Займаўся паэзіяй, прозай, крытыкай. У маі 1907 года ўдзельнічаў у Лонданскім з’ездзе сацыял-дэмакратаў. У амерыканскіх перыядычных выданнях у 1908 годзе надрукаваў серыю нарысаў «Дзеці народа». У гэтым жа годзе да чытача прыйшла яго драма «Моша Рабейні».

Дукора. Пухавіцкі р-н. Маёнтак (з малюнка Н. Орды)

...Незадоўга да смерці вядомага ў Беларусі Рыгора Рэлеса мне давялося сустракацца з гэтым літаратарам, ураджэнцам Бешанковіч, і пашчасціла падрыхтаваць вялікае інтэрв’ю са старэйшынам яўрэйскіх пісьменнікаў у Беларусі. Сярод іншых нашых землякоў Рыгор Рэлес згадваў і дукорскіх братоў Чарны. Асобная старонка ў біяграфіі Боруха — знаёмства з паэтам Г. Левікам. Але да яго асобы мы звернемся, завітаўшы ў Чэрвень... Самы малодшы з братоў Чарны — Даніэль — нарадзіўся ў Дукоры ў 1888 годзе. Хворы ад нараджэння, ён шмат часу праводзіў у бальніцах, клініках Расіі, Швейцарыі, Германіі, іншых краін. Уласныя фізічныя пакуты знайшлі месца і ў творчасці. За 50 гадоў літаратурнай работы Даніэль Чарны напісаў нямала і дзіцячых кніг. А галоўны твор нашага земляка — раман «Сямейная хроніка». Можна толькі здагадвацца, колькі там «дукорскага» матэрыялу! Ужо ў сталым узросце Чарны ўзяўся за работу, якую збіраўся ажыццявіць з самых малых гадоў, — гісторыка-краязнаўчы нарыс «Дукор» (менавіта так і ў перакладзе гучыць — Дукор). Кніга пра роднае мястэчка пабачыла свет у Канадзе ў 1951 годзе. Памёр Даніэль Чарны ў Бостане. Кнігі таленавітага літаратара па-ранейшаму выдаюцца і зараз у ЗША і Ізраілі. З маладзейшага пакалення яўрэйскіх пісьменнікаў Беларусі — і ўраджэнец Дукоры Ліпа Гелер (нарадзіўся ў 1915 годзе). Яго зборнік вершаў на ідзіш — «Нараджэнне» — пабачыў свет у Мінску ў 1934 годзе. У 1941–1945 гадах Ліпа Гелер — на фронце. Пасля Вялікай Айчыннай вайны настаўнічаў, жыў у Смаленску. Да літаратурнай творчасці вярнуўся ў 1970-я... Пачаў ізноў друкавацца. Апошнія свае гады (памёр у 1989 годзе) правёў у Мінску. Пэўна, завітваў і ў Дукору, роднае мястэчка. І для таго ж, каб ушанаваць памяць пра загінулых родных: у лістападзе 1941 года фашысцкія карнікі расстралялі ў Дукоры 275 яўрэяў.

З Дукоры — лічаныя кіламетры да Смілавіч. Адтуль па дарозе на Магілёў едзем у Чэрвень — старажытны Ігумен. У павятовым горадзе 25 снежня 1888 года нарадзіўся Левік Гальперын. Бацька яго працаваў настаўнікам. За ўдзел у рабочым руху маладога паэта выслалі ў Сібір. З высылкі Левік уцёк у 1913 годзе. Месцам жыхарства абраў ЗША. І там яны сустрэліся з адным з братоў Чарны. Болей дасведчаны і спрактыкаваны літаратар Борух Чарны дапамог земляку пазнаёміцца з рознымі выдавецтвамі, рэдакцыямі часопісаў і газет. Аказаў садзейнічанне ў выданні першага вершаванага зборніка. У 1930–1940-я гг. Левік прыняў актыўны ўдзел у антыфашысцкім руху. Катастрофе яўрэяў у Еўропе прысвяціў шэраг вершаў і паэм. У 1936 годзе наведаў СССР. І, адчуваючы з Еўропы моцны вецер фашызму, стаў у Амерыцы адным з арганізатараў магутнай антыфашысцкай кампаніі. Памёр ураджэнец Чэрвеня—Ігумена ў 1962 годзе.

Ігумен (Чэрвень). Прачкі (пач. ХХ стагоддзя)

Смілавічы. Манастыр (з малюнка Н. Орды)

Узда (1918 год)

Мы не зазірнулі ў Смаргонь, Баранавічы і Шклоў, Віцебск і Чашнікі... Гэта ўжо — за межамі Міншчыны. І тыя гарады, мястэчкі вылучылі таксама вялікую кагорту яўрэйскіх пісьменнікаў Беларусі. Шмат хто з іх разгарнуў свой талент у 1920–1930-я гг., калі ўсталёўвалася Савецкая ўлада. Дарэчы, у даваенны час у Саюзе пісьменнікаў БССР нават існавала асобная яўрэйская секцыя. Літаратура, створаная ўраджэнцамі і Уздзеншчыны, і Пухавіччыны, і Чэрвеньшчыны, — яркая крыніца сацыяльнага, грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі. 

Смілавічы (1918 год)

І яшчэ, відавочна, прыйдзе час, калі на гэтую акалічнасць звернуць увагу не толькі літаратуразнаўцы, але і гісторыкі.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.