Вы тут

«Мілая мая Марылька!»


Выстава з такой назвай адкрылася ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Гэтыя словы ўзяты з ліста Адама Багдановіча, якія ён адправіў сваёй жонцы.


Новая экспазіцыя прысвечана 155-годдзю маці паэта Марыі Апанасаўне. На жаль, дакладная дата яе нараджэння не вядомая, дарэчы, як і многія іншыя дэталі яе біяграфіі. Нават наконт таго, як і дзе пазнаёміліся будучыя бацькі Максіма Багдановіча, выказваюцца розныя версіі. Але мастацка-дакументальная выстаўка, якая з’явілася дзякуючы супрацы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, дазваляе даведацца пра новыя факты, звязаныя з сям’ёй класіка беларускай літаратуры і той эпохай, калі ён нарадзіўся.

Звычайна падчас экскурсій у музеі больш увагі ўдзяляецца Адаму Рыгоравічу, яго ролі ў выхаванні Максіма. Бацька навучыў яго любіць кніжны свет, разумець літаратуру, прывіў цікавасць да ведаў. Але нельга выключаць, што і маці паспела аказаць уплыў на свайго сына, нездарма ж кажуць, што многае закладваецца ў асобу ўжо ў першыя гады жыцця.

— Мы не ведаем, якія калыханкі яна спявала, якія словы казала. Але з яе лістоў можна пабачыць, што яна вельмі хвалявалася за сваіх дзяцей, калі яны раптам знікалі з яе поля зроку. Калі дзецьмі апекаваўся бацька, ён быў вымушаны падрабязна апісваць, як яны харчуюцца, чым займаюцца, ледзьве не па гадзінах распісваць усё, што адбывалася. Няма асабліва згадак пра маці і ў Максіма Багдановіча. Пра тое, што было схавана ў яго душы, мы можам рэканструяваць толькі дзякуючы вершам і аддаленым згадкам людзей, якія яго атачалі. У зборніку «Вянок» раздзел называецца «Мадонны», дзе стрыжнёвым вобразам паказваецца жанчына-маці, — заўважае дырэктар музея Міхаіл Бараноўскі і спадзяецца, што выстава дазволіць больш уважліва аднесціся да жанчыны, якая дала жыццё аднаму з геніяў беларускай літаратуры. Тым больш што асоба гэта сапраўды вельмі цікавая, жывая, эмацыянальная, непасрэдная, разам з тым таленавітая. Жанчына мела многа творчых задаткаў, якія не паспелі рэалізавацца. З-за цяжкай хваробы Марыі не стала ў 27 гадоў.

Вялікая частка архіваў сям’і Багдановічаў трапіла ў розныя установы як у Беларусі, так і за яе межамі. Вялікі комплекс дакументаў захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Працуючы з ім, можна адкрываць новыя факты, паглыбляцца ў мінулае, даведвацца пра ўзаемаадносіны паміж роднымі Максіма і людзьмі з іх акружэння, знаходзіць розныя падыходы да разумення творчасці паэта. Копіі некаторых з гэтых дакументаў прадстаўлены на выстаўцы «Мілая мая Марылька!». Аднымі з найбольш цікавых з іх з’яўляюцца лісты, якія Марыя і Адам Багдановіч слалі адно аднаму. Цёплыя, шчырыя словы ў іх сведчаць пра моцнае каханне паміж сужэнцамі, клопат, павагу. Таксама ў перапісцы падаецца і звычайнае побытавае жыццё. Марыя дакладае мужу пра тое, на што пайшлі грошы, расказвае пра капрызы сыноў, дзякуе за падарункі. Падаецца і перапіска Марылі з іншымі асобамі, напрыклад, з сястрой Адама Багдановіча. Пісьмовыя дакументы дапаўняюць фатаграфіі, каб паказаць людзей, з якімі сустракаліся, сябравалі бацькі Максіма Багдановіча. Дзякуючы вывучэнню дакументаў, пры падрыхтоўцы да выстаўкі атрымалася зрабіць некалькі новых адкрыццяў. Напрыклад, даследчыкі змаглі ідэнтыфікаваць адну з фатаграфій з сямейнага альбома, надпіс на адваротным баку якой раней падаваўся нечытэльным. Музейшчыкі ўстанавілі, што на фота — хросны бацька Максіма.

Дакументы сведчаць і пра тыя складанасці, якія выпалі на лёс Марыі Апанасаўны. Калі яе бацька памёр, а маці трапіла ў багадзельню, тады яшчэ зусім юная Марыя апынулася ў прытулку. Дзяўчынцы дапамагла жонка губернатара, якая забрала яе ў свой дом, накіравала вучыцца ў Мінскае жаночае вучылішча. Ёсць дакументы, якія пацвярджаюць, што Марыя вучылася і ў Пецярбургу ў земскай настаўніцкай школе... Адзін з лістоў захаваў і сведчанне пра тое, як цяжка было маладой жанчыне, калі яна захварэла на сухоты.

Расчытаць, што напісана ў лістах і цыдулках вельмі дробным почыркам, не так проста. Таму ўрыўкі з іх былі агучаны артыстамі народнага студэнцкага тэатра «Жывое слова» Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Пачуць гэтыя запісы можна дзякуючы QR-кодам побач з дакументамі.

На адкрыццё выставы прыехала ўнучатая пляменніца Максіма Багдановіча Вольга Дашкоўская. Яна нагадала пра ўспаміны Адама Багдановіча, калі той перажываў, як цяжка Максім мог успрыняць хваробу і смерць маці. Яго, гарэзлівага хлопчыка, бацька пакінуў на крэсле побач з хворай жонкай. Малы прасядзеў так некалькі гадзін...

Таксама відэазварот даслала з Краснадара Наталля Сарока. Яе прабабуля была сястрой Марыі Апанасаўны. Наталля Сарока падзякавала супрацоўнікам музея за пошукавую дзейнасць, якая дазваляе адкрываць новыя старонкі ў жыцці Максіма і яго родных.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.