Вы тут

Ігар Бузоўскі: Якасныя кнігі дапамагаюць працаваць розуму, сэрцу і душы


З 14 да 17 сакавіка кнігалюбы збіраюцца на XXXI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. Гэта адна з самых значных падзей для выдаўцоў, пісьменнікаў і чытачоў — усіх, хто шануе папяровую кнігу сёння, нягледзячы на вялікую папулярнасць інтэрнэту і гаджэтаў. Напярэдадні выстаўкі намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі даў інтэрв’ю нашаму выданню.


Фота БелТА

— Ігар Іванавіч, сёлета ўдзельнікамі кніжнай выстаўкі ў Мінску стала каля 20 краін: Расія, Іран, Егіпет, Кітай... Наколькі цяжка ўсё гэта падрыхтаваць? 

— Арганізацыя мерапрыемства такого ўзроўню заўжды складаная, бо закранае не толькі такую з’яву, як цікавасць да кнігі, але і тое, што сёння адбываецца ў свеце наогул. Гэта патрабуе ад нашага міністэрства пэўных высілкаў і ўпэўненасці ў сваёй справе, бо і геапалітычная абстаноўка ў свеце, і ковідныя працэсы, і эканамічная сітуацыя — усё закранула нашу краіну. Здавалася б, якое дачыненне да ўсяго гэтага мае кніга? Але ж для Беларусі гэтая выстаўка больш не камерцыйнае, а сацыяльнае мерапрыемства, якое ў сваёй аснове мае камунікацыю краін і людзей на разуменні таго, што кніга — гэта мудрасць, якая сёння кансалідуе наша грамадства. Мы пастараліся паказаць як мага больш кніг — цікавых, яркіх. Імкнуліся, каб гэтыя выданні былі не толькі для адпачынку ў вольны час (хаця такія кнігі патрэбны таксама), а прымушалі думаць, падштурхоўвалі да новых ведаў. У наведвальнікаў выстаўкі ёсць магчымасць пазнаёміцца з кнігамі, якія расказваюць пра гісторыю і культуру не толькі Беларусі, але і іншых краін. Сёлета цэнтральны экспанент — Іран. Больш за 500 выданняў на рускай мове, мастацкай літаратуры, прысвечаных гісторыі, культуры, традыцыям гэтай краіны, прадстаўлены на яе стэндзе. Усе ахвотныя змогуць не толькі паглядзець, але і набыць іх. Мы зрабілі ўсё магчымае, каб паказаць найлепшыя ўзоры літаратуры як Беларусі, так і замежных выдавецтваў. 

— За 30-гадовую гісторыю выстаўкі сфарміраваліся пэўныя традыцыі. Якія з іх можаце вылучыць? 

— Калі казаць пра традыцыі, больш значныя для падзеі такога ўзроўню, то варта згадаць сімпозіум «Пісьменнік і час», які напярэдадні адбыўся ў Мінску. Гэта тое, што нас вылучае сярод іншых арганізатараў кніжных выставак. Мы даём магчымасць выказацца ўсім неабыякавым да праблем літаратуры. Гэта не проста размова з удзелам пісьменнікаў, а дыялог на грамадска-палітычныя тэмы праз прызму кнігі... Таксама адна з душэўных традыцый — паэтычны аўтобус, якім наведвальнікі могуць даехаць ад метро да выстаўкі: падчас паездкі паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, дэкламуюць свае вершы. Дзе вы яшчэ пабачыце такое ўзаемадзеянне творцаў і наведвальнікаў? 

Добрая традыцыя таксама — пры пераразанні на адкрыцці выстаўкі выкарыстоўваць стужкі з беларускім арнаментам, кавалачкі якой высокія госці ў далейшым сімвалічна забіраюць з сабой як закладкі для новых кніг, якія яны набудуць падчас выстаўкі. 

Яшчэ адна добрая традыцыя — штогод згадваць нашых юбіляраў: сёлета 125-годдзе з дня нараджэння Міхася Лынькова, 110-годдзе Аркадзя Куляшова, 95-годдзе Еўдакіі Лось, 100-годдзе Васіля Быкава і Алеся Савіцкага. Гэтыя даты адзначаны кніжнымі праектамі, якія рэалізаваны непасрэдна да выстаўкі. 

— Якія асаблівасці мае сёлетняя выстаўка? Ці ёсць нейкія новаўвядзенні або сюрпрызы для наведвальнікаў? 

— Лейтматывам стануць Год якасці і даты, якія мы адзначаем усёй краінай. Гэта 30-годдзе беларускай Канстытуцыі, 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва Рэспублікі Беларусь і, канешне ж, 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтай падзеі будзе прысвечаны нацыянальны беларускі стэнд, дзе можна пры дапамозе QR-кода паглядзець і набыць кнігі ваеннай тэматыкі, выданні аб генацыдзе беларускага народа, як беларускіх выдаўцоў, так і замежных. Гэта больш за сотню праектаў. Сімвалічна, што цэнтральная пляцоўка ўяўляе сабой менавіта плошчу Перамогі, вакол якой — выявы беларускіх гарадоў у храналогіі даваеннага, ваеннага і пасляваеннага часу. Гэта частка велізарнага праекта «Бацькаўшчына», які развіваецца і сёлета прырастае анлайн-праектам «Беларусь непераможная», арганізаванага пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага гістарычнага музея. 
Запрашаю ўсіх прыйсці на выстаўку (уваход бясплатны ўсе дні) не толькі па добрую кнігу, але і каб далучыцца да шматлікіх акцый, мерапрыемстваў, у тым ліку акцыі БРСМ — напісаць ліст салдату часоў Вялікай Айчыннай вайны: гэта можна зрабіць штодня каля спецыяльна створанай экспазіцыі, прысвечанай аперацыі «Баграціён». 

Падчас выстаўкі адбудзецца такая значная падзея, як падпісанне дамовы з кітайскім бокам, што дазволіць беларускай сталіцы ўвайсці ў серыю 100 гарадоў на Шаўковым шляху. Замежныя чытачы змогуць пазнаёміцца з інфармацыяй пра Мінск не толькі на рускай, але і на англійскай і кітайскай мовах. Варта нагадаць пра такі праект, як «Чытанка» (мабільны дадатак з аўдыякнігамі): да выстаўкі яна папоўнілася новымі творамі нашых класікаў і сучаснікаў. Мы павінны развівацца і ў гэтым кірунку, які дыктуе час. Але сёлета чарговы раз усё роўна робім акцэнт на папулярызацыі менавіта папяровага выдання. Нават не столькі на продажы і распаўсюджванні (такая магчымасць у наведвальнікаў і ўдзельнікаў выстаўкі ёсць), колькі на папулярызацыі чытання і стымуляванні цікавасці да добрай і карыснай кнігі. Мы павінны зацікавіць як мага больш людзей. Чакаецца, як і летась, каля 60 ты¬сяч наведвальнікаў. 

— Напярэдадні выстаўкі была агучана статыстыка. У мінулым годзе на 30 % павялічылася колькасць выданняў (агульны тыраж 20 мільёнаў). Выйшла ў свет больш за 9 тысяч кніг. Гэтаму спрыяла правядзенне і такога стартапа, як ЛітUp. Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра конкурс. 

— Многія кажуць, што не могуць знайсці свайго выдаўца. Але чацвёрты па ліку ЛітUp паказаў: калі сапраўды працуеш, вынік будзе. Гэта ўніверсальны шлях адразу ва ўсе вядучыя выдавецтвы. Сёлета было прапанавана больш за 200 праектаў, амаль кожны з іх можна разглядаць як патэнцыяльную кнігу. У ЛітUp такія ўмовы, што ўдзел маглі браць амаль усе ахвотныя, незалежна ад узросту і прафесіі. Гэта аднолькавыя магчымасці для таленавітых людзей. Нагадаю, што падчас выстаўкі будуць падведзены вынікі і Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», а таксама конкурсу «Першацвет». У іх розныя статусы, але галоўная мэта ўсіх нашых творчых спаборніцтваў адна — стымуляванне да стварэння добрай кнігі і як вынік — папулярнасць чытання. 

— Цікава пачуць ваша меркаванне адносна таго, што такое якасная кніга сёння? Гэта адлюстраванне ўнутранага свету аўтара, акно ў свет навакольны? Кажуць, усе добрыя кнігі нават пра мінулае — аб будучыні... 

— Кніга заўжды была носьбітам інфармацыі. Я з пэўнай доляй скепсісу стаўлюся да падзей, якія звязаны з працэсамі, што адбываліся ў сувязі з дзейнасцю Францыска Скарыны, калі кніга пайшла ў масы. З аднаго боку, яна стала больш даступнай для кожнага, а з іншага страціла сваю сакраментальнасць. Кнігі раней перадавалі з рук у рукі, перапісвалі. Гэта былі веды, якія дазвалялі рухаць, можа, нават саму цывілізацыю. У далейшым гэтыя веды былі запушчаны ў шырокія масы, так, гэта дазволіла ўзняць узровень адукаванасці, што з’яўляецца каласальным плюсам, які ўсе разумеюць. Аднак наша задача сёння — не дазволіць кнізе стаць супрацьлегласцю першапачатковай, што можа адбыцца з-за масавага тыражыравання, пазбегнуць абясцэньвання тых ведаў, якія яна несла з веку ў век, яе ролі як носьбіта важнай інфармацыі. Перавага камерцыйнага складніка, з’яўленне так званай масавай літаратуры — гэта тое, што непакоіць сёння. Менавіта таму наша дзяржава і выдае кнігі, якія камусьці здаюцца і не такімі запатрабаванымі, але яны важныя для развіцця нашага грамадства, яны сапраўды актуальныя і вызначаюць асоблівую ролю ў гісторыі нашай краіны. Кожны разумны чалавек ведае, што геапалітычная прастора — гэта не дзяржава, дзяржава — калі ёсць пэўная місія, дух, нацыя, разуменне таго, што нас кансалідуе, яднае і вылучае сярод іншых народаў. Сёння мы павінны зразумець, хто мы беларусы такія і якім шляхам ідзём. Я пагаджуся з даволі вядомым выразам: той, хто чытае разумныя кнігі, кіруе тымі, хто глядзіць тэлевізар. Яшчэ прывяду цікавы факт на бытавым узроўні: бортправаднікі пры пералётах заўважылі тэндэнцыю — у бізнес-класе пасажыры звычайна чытаюць кнігі, а ў эканом — гуляюць на тэлефоне і глядзяць фільмы. Паколькі чалавек — істота сацыяльная, у яго ёсць патрэба быць прызнаным у соцыуме. Калі патрэба чытання ў грамадстве не сфарміравана, то і чытаць будуць значна менш. Праз выстаўку, шматлікія тэматычныя мерапрыемствы, у тым ліку такія знакавыя для нашай краіны, як Дзень беларускага пісьменства, мы спрабуем зноў папулярызаваць чытанне. Але варта чытаць не ўсё, што трапляе ў рукі, а менавіта якасныя кнігі, якія дапамагаюць працаваць розуму, вашаму інтэлекту, душы і сэрцу. 
На жаль, не ва ўсіх ёсць разуменне таго, што трэба даносіць да чытача сёння. Ёсць цэлы масіў шэрых і нават разбуральных па змесце кніг, які накрыў сусветны, і ў тым ліку наш, літаратурны рынак. 

— Якія парады можаце даць наведвальнікам выстаўкі і нашым чытачам, каб яны набылі менавіта добрыя кнігі? Як выбіраеце літаратуру для сябе? 

— Каб кніга прадавалася, вядома, яна павінна прывабліваць вокладкай, мабыць, «золатам» альбо іншай яскравасцю ў афармленні ці неяк зачапіць назвай, якая можа заінтрыгаваць. Але як выбраць добрую кнігу? Галоўнае — вызначыцца з матывацыяй: для чаго яна вам патрэбна — даведацца пра нешта новае, добра правесці час, займацца самаразвіццём альбо іншае? Скажу са свайго пункту гледжання, як чалавек, які курыруе літаратурную галіну і наогул чытае для сябе: я не шукаю твор па вокладцы і якасці паперы, колькасці старонак. Для мяне самае важнае — напаўненне кнігі. Яно наогул для кожнага сваё. Магу параіць наведвальнікам выстаўкі ў першую чаргу ісці да стэнда таго выдавецтва, кнігі якога адпавядаюць іх поглядам і зацікаўленасцям. Выбар будзе вялікі: духоўна-асветніцкая, навуковая, мастацкая, дзіцячая літаратура і г. д. Мы далі магчымасць паказаць свае найлепшыя кнігі ўсім вядучым выдавецтвам, не толькі дзяржаўным, як беларускім, так і замежным. Цяпер — толькі жаданне самога чытача набыць тую ці іншую літаратуру ў залежнасці ад сваёй цікавасці да пэўных персон ці падзей. 

— Напрыканцы нашай размовы назавіце, калі ласка, кнігі, якія сёння ёсць на вашым стале. 

— На маім рабочым стале сёння: «Прысмак каляровых рэвалюцый» — кніга, якая перавыдаецца ўжо каторы раз, «Рэванш гісторыі» Аляксандра Панарына, філасофскі аналіз «Беларусь ва ўмовах глабальнай сацыядынамікі», «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча, «Цяжкія дарогі жыцця. Трывожныя дні» Мікалая Чаргінца, «Блакнот агітатара» Андрэя Мукавозчыка, «Улада камунікацыі» Мануэля Кастэльса. 

Зразумела, калісьці я чытаў самую разнастайную літаратуру, у тым ліку творы нашых класікаў. Але сёння мяне больш цікавяць кнігі, якія дапамагаюць у пра¬цы, у навуковай дзейнасці, кнігі аб грамадстве. 

На мой погляд, наша агульная справа — працаваць з сучаснікамі, нашымі суайчыннікамі над тым, каб кніга была запатрабаваная. І каб такія кнігі ў нас былі. Гэта неад’емная частка развіцця нашага грамадства. Запрашаю ўсіх на XXXI Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш! 

Ірына ПРЫМАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.