Вы тут

Якія кнігі прадставілі на фінале літаратурнага стартапа LitUP


Фінал чацвёртага літаратурнага стартапа LitUP, які арганізаваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прайшоў на XXXI Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.


Гэты конкурс дае магчымасць пераможцам быць апублікаванымі вядучымі беларускімі выдавецтвамі. Так, ужо на гэтай выставе-кірмашы можна было знайсці на паліцах кнігі фіналістаў трэцяга стартапа.

Сёлета журы трэба было выбраць каля 20 самых лепшых аўтараў з больш як 200 работ. Сярод фіналістаў была Валянціна Быстрымовіч, два рукапісы якой будуць апублікаваны ў Выдавецкім доме «Звязда».

— Першая — містычная, пад назвай «Тупат мяккіх лапак», — падзялілася пісьменніца. — Спачатку сумнявалася, пісаць мне містыку ці не, таму вырашыла задаць пытанне людзям падчас сваіх выступаў: ці здараліся з вамі гісторыі, якія вы лічыце містычнымі? Самае цікавае, што ўсе да адзінага паднялі рукі. Таму я вырашыла, што гэтая кніга будзе цікавая.

Другая кніга — раман «І ўсё ж я яго пацалую». Галоўная гераіня, гарэзная і трохі адчайная жанчына гадоў 40 адпраўляецца ў ААЭ дапамагаць сям’і дачкі даглядаць маленькае дзіця. І там з ёй адбываюцца розныя прыгоды ад добрага і кранальнага сяброўства да амаль шэкспіраўскага запалу.

Таксама хутка Выдавецкі дом «Звязда» апублікуе і кнігу Людмілы Кебіч «Чароўны куфэрак часу» для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.

Пісьменніца прызналася, што для яе напісанне гэтага твора было нечым дзіўным.

— Па жыцці я паэтэса, і дзіцячыя кніжкі таксама пісала вершаваныя. Але тут да мяне прыйшло азарэнне: я ўявіла сабе цэлае кіно і па ім напісала гэтую кнігу, — прызналася Людміла Кебіч.

Атрымалася апавяданне з элементамі фэнтэзі. Па сюжэце праўнучкі Яначка і Сафійка прызджаюць на зімовыя канікулы да сваёй прабабулі Веры і заўважаюць там вялікі куфар, заслонены канапай і прыкрыты вышыванай дарожкай. Але ж прабабуля найстрога забараніла адчыняць яго. Канешне, гэта не магло спынiць дзяўчат, i калi прабабуля сышла ў краму, яны залезлi ў яго. Куфар зачыняецца, і адбываецца сапраўдны цуд: яго дно адзялілася і паплыло ўніз, а дзяўчаты апынуліся ў мінулым 100-гадовай даўніны.

Цікава, што ў творы чытачы праз розныя прыгоды галоўных гераінь знаёмяцца з беларускай культурай, у тым ліку і з азбукай беларускага арнамента.

Уразіла таксама і прэзентацыя Вікторыі Кляўко. Яе раман «Вырай» будзе апублікаваны ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

— Хацелася расказаць гісторыю пра вяртанне дадому. Мая галоўная гераіня 17 гадоў таму эмігравала ў Германію ў пошуках лепшага жыцця. Прафесійна яна рэалізавалася, але асабістае жыццё, нажаль, не склалася, — расказала пісьменніца. — На парозе свайго 50-годдзя яна вымушана вярнуцца ў родную вёску на поўначы Беларусі і праводзіць сваю маці ў апошні шлях. Там яна сутыкаецца з тым мінулым, ад якога так старалася ўцячы, шмат чаго пераасэнсоўвае і ў выніку вяртаецца ў Беларусь, бо разумее, што яе месца тут.

Чырвонай лініяй ідуць тэмы любові да Радзімы і адраджэння вёскі, што з’яўляецца вельмі блізкім для самой Вікторыі Кляўко.
— Я выкупіла дом сваіх прабабулі і прадзядулі, планую займацца рэстаўрацыяй, каб стварыць там радавое гняздо, — падзялілася пісьменніца.

Але ж галоўная думка твора ў тым, што без любові не выжыць, бо чалавек прыйшоў у гэты свет, каб навучыцца любіць.

Даволі актуальным зараз з’яўляецца і дэтэктыў Ганны Альхоўскай «Пустэча ў вачах таго, хто глядзіць», які распавядае пра небяспекі сусветнай павуты.

Па словах пісьменніцы, ахвярай злачынства не абавязкова можа стаць той, хто ідзе цёмнай ноччу па вуліцы ці той, каго хочуць абрабаваць, ахвярай злачынства можа стаць любы чалавек, які завісае ў інтэрнэце.

— Вы вельмі шмат пра сябе туды выкладваеце. Нават калі выдаліце, гэта нікуды не знікае. Бо інтэрнэт — гэта сусветнае павуцінне, а ў павуцінні заўсёды ёсць павук. І калі хакер захоча зламаць ваша жыццё, ён гэта зробіць, — дадала Ганна Альхоўская.

Атрымліваецца, карыстацца дабротамі цывілізацыі вельмі зручна, але рабіць гэта трэба ўсё ж такі з асцярожнасцю.

У лік фіналістаў, творы якіх будуць апублікаваны ў Выдавецкім доме «Звязда», таксама ўвайшлі Андрэй Дарожкін, Іна Зарэцкая, Ганна Сяўбо, Тамара Кавальчук, Наталля Кандрашук і Таццяна Сучкова.

Лізавета ГОЛАД

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.