Вы тут

Як у Строчыцах Масленіцу спраўлялі


Карнавал падняпроўцаў, панямонцаў, палешукоў і гарадскiх «панаехалых» прайшоў у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах — тут гулялі Масленіцу!


Яркае, самабытнае народнае свята пад песні прыгажунь-спявачак і хлопцаў-музыкаў пачалося 16 сакавіка з шэсця, якое ўзначаліў конь. На руках неслі казляня, гусака ў кошыку ды іншыя жывеліны прысутнічалі, якія прыпісаны да тэрыторыі музея-скансэна. 

Усім натоўпам пайшлі па хатах. Наведалі маладуху Ганну, нежанаціка Яся, а шаноўную цётку Лілю вазілі на возе, дзе замест каня аглоблі цягнуў зухаваты конюх. Тут нічога не зробіш – рэканструкцыйныя абрады патрабуюць ахвяраў дзеля большай вясялосці і крэатыву. І свята заззяла, як даўгачаканае сонца, і пайшло, як па масле! 


Спрадвеку, і дыалектыка жыцця такая, што побач з чалавекам блытаюцца і весялосць, і смутак: адбылося «Пахаванне Дзеда» — абрад, які з вёсак Маскаляняты і Даўгаполле, что на Віцебшчыне, даўно перакачаваў у Строчыцы. «Пахаванне Дзеда» зусім не сумная справа. Міфалагічны дзед Сідорка абжора, п’яніца, гуляка, хоць і працавіты чалавек, жыццялюб, знянацку памёр. Жанчыны галасілі, мужчыны падкрэслівалі найлепшыя рысы характару і факты з жыцця, амаль героя, міфалагічнага памерлага. Сідорку паспрабаваў рэанімаваць мясцовы ўрач, які адразу ад прафесійнага бясілля і за памін душы дзеда прыклаўся да пляшачкі з моцным напоем. Паклікалі бацюшку-свяшчэнніка і ўсёй вёскай правялі дзеда Сідорку ў апошні шлях за бліжэйшую спадзіну-касагор. 

Тым часам на многіх інтэрактыўных пляцоуках строчыцкага музея гулялі ўсе: слухалі песні, танчылі і вадзілі карагоды. Глядзелі тэатр «Батлейку» і ценявы «Вяртэп» – гэта мясцовыя фішкі, якія зауседы праходзяць з аншлагам. Рэзалі дровы, біліся мяшкамі і, канечне, спрабавалі залезці на масленічны слуп. Тут доўга не даходзіла справа да галоўнага прыза – гусака, які чакаў гаспадара-трыумфатара ў клетцы. Спрытны хлопец Дзяніс нарэшце стаў уладальнікам «жывой» узнагароды і паабяцаў гусаку шчаслівае жыццё на вясковым азярцы. 

Кульмінацыяй дня з’явілася спальванне пудзіла Марэны — вялікай смешнай і адначасова страшнай лялькі, якую вырабляюць з саломы або ануч і звычайна прыбіраюць у жаночую вопратку.(Хто б сумняваўся, што з даўніх часоў жанчынам дастаюцца і доля, і ролі такія вар’яцкія).

Сёння гэты абрад правядуць у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту зноў у рамках адзначэння Даравальнай нядзелі. Ачышчальны агонь можа пазбавіць ад нягод і няшчасцяў, і наступае пара сонечных вясновых дзён.

 

Тамара ХАМІЦЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.