Вы тут

Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь


Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Аб стане Канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь — Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.


Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

Аб стане Канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П. П., намесніка Старшыні Карповіч Н. А., суддзяў Бодак А. М., Бойка Т. С., Варановіча Т. В., Данілюка С. Я., Козыравай Л. Р., Рабцава В. М., Рабцава Л. М., Цікавенкі А. Г., Чыгрынава С. П., разгледзеўшы ў судовым пасяджэнні пытанне аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, кіруючыся артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 174–176 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», вырашыў:

1. Прыняць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (дадаецца).

2. Апублікаваць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь» у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П. П. МІКЛАШЭВІЧ.

5 сакавіка 2024 г., г. Мінск

№ ПР-2/2024


Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь

30-гадовы перыяд дзеяння Канстытуцыі, якая ўстанавіла канстытуцыйныя асновы беларускай дзяржавы і грамадства, вызначыла вектар палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага развіцця, пацвярджае прыхільнасць народа Беларусі да сваіх традыцыйных каштоўнасцяў, культурных і духоўных традыцый, імкненне захаваць нацыянальную самабытнасць і суверэнітэт.

На канстытуцыйных прынцыпах роўнасці і справядлівасці, адзінства і патрыятызму развіваюцца дэмакратычныя формы народаўладдзя, мэтанакіравана і паслядоўна фарміруецца дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.

Праведзены 27 лютага 2022 г. рэспубліканскі рэферэндум аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю пераканаўча паказаў, што беларускі народ з’яўляецца сапраўдным гаспадаром свайго лёсу і актыўным суб’ектам гістарычнага працэсу, які свабодна і адкрыта выказвае сваю волю пабудаваць сацыяльна справядлівае паспяховае грамадства.

Прыняцце на ўсенародным рэферэндуме абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — сведчанне праяўлення волі народа захаваць базавыя параметры абранай сацыяльна-эканамічнай мадэлі развіцця, умацаваць дзяржаўны суверэнітэт, абараніць нацыянальную ідэнтычнасць.

Мінулы перыяд дзейнасці Канстытуцыйнага Суда пацвердзіў значэнне канстытуцыйнага кантролю для абароны канстытуцыйнага ладу, асноўных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Унесеныя ў Канстытуцыю змяненні і дапаўненні ўзмацнілі ролю Канстытуцыйнага Суда як канстытуцыйнага арбітра ў сістэме органаў дзяржаўнай улады, пашырылі магчымасці канстытуцыйнага кантролю па абароне правоў і свабод грамадзян.

І

Абноўленая Канстытуцыя з’яўляецца залогам паступальнага канстытуцыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на доўгатэрміновую перспектыву. У ёй вызначана мадэль сучаснай беларускай дзяржавы: дзяржава засноўваецца на волі народа, выражае волю народа, функцыянуе ў інтарэсах народа. Дадзены канстытуцыйны арыенцір абавязвае дзяржаўныя органы, службовых асоб, грамадска-палітычныя інстытуты ў сваёй стваральнай дзейнасці зыходзіць з волі народа і дзейнічаць на карысць народа і, служачы прагрэсу грамадства і дзяржавы, усямерна садзейнічаць дасягненню важнейшых канстытуцыйных мэт: забеспячэнню міру і грамадзянскай згоды, дабрабыту грамадзян, непахіснасці народаўладдзя, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя — Асноўны Закон дзяржавы — з’яўляецца жыватворнай асновай нацыянальнага права: яе прынцыпы і нормы нясуць у сабе арганізуючы пачатак, забяспечваюць адзінства і ўзаемасувязь, збалансаванасць і гарманічнае развіццё ўсіх састаўляючых прававой сістэмы. Валодаючы велізарным рэгулятыўным патэнцыялам, Канстытуцыя знаходзіць свой працяг у законах, вызначае іх сэнс, змест і вектары ўдасканалення прававога рэгулявання важнейшых грамадскіх адносін.

Канстытуцыяналізацыя заканадаўства, паслядоўнае развіццё каштоўнасцяў, прынцыпаў і нормаў Канстытуцыі ў палажэннях законаў і падзаконных нарматыўных прававых актаў выступаюць канстытуцыйна-прававой асновай пабудовы суверэннай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.

У заключэннях і рашэннях Канстытуцыйнага Суда раскрываецца шматгранны змест канстытуцыйных прынцыпаў і нормаў, адзначаецца неабходнасць іх выканання ў прававым забеспячэнні дынамічнага развіцця грамадства і дзяржавы.

Канстытуцыйным Судом звернута ўвага, што дынамізм сацыяльных і эканамічных працэсаў прадвызначае патрэбнасць своечасовага, а часам і апераджальнага прававога рэгулявання грамадскіх адносін; пры гэтым указана на прынцыповую важнасць забеспячэння найбольш поўнай рэалізацыі канстытуцыйных палажэнняў у прававым рэгуляванні новых сфер грамадскіх адносін, абумоўленых дасягненнямі навукі і развіццём тэхналогій як базы ўстойлівага інавацыйнага развіцця (рашэнні ад 20 студзеня 2015 г., ад 26 снежня 2020 г.).

Адзначана, што сучасныя працэсы лічбавізацыі грамадскіх адносін напрамую ўздзейнічаюць на аб’ём і змест канстытуцыйнага статусу асобы, з’яўляюцца новыя інфармацыйна-лічбавыя магчымасці, фарміруюцца лічбавыя правы і абавязкі; неабходна своечасовае заканадаўчае рэгуляванне новых грамадскіх адносін, якія ўзнікаюць у сувязі з лічбавізацыяй, і новых механізмаў рэалізацыі правоў і свабод, якія маюць віртуальнае выражэнне (рашэнне ад 11 сакавіка 2021 г.).

У сучасных умовах на аснове прынцыпаў і нормаў Канстытуцыі ажыццяўляецца заканадаўчая дзейнасць Парламента, а таксама нарматворчая дзейнасць іншых дзяржаўных органаў па прававым забеспячэнні выкарыстання інавацыйных тэхналогій, эфектыўнай абароны персанальных даных, лічбавізацыі дзяржаўнага кіравання і лічбавай трансфармацыі эканомікі, уключаючы функцыянаванне лічбавых баз даных сацыяльнага прызначэння, развіццё робататэхнікі, стварэнне складаных інтэграваных сістэм з элементамі штучнага інтэлекту ў сферах транспарту, прамысловасці, сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя і іншых.

Рэалізацыя канстытуцыйнага палажэння аб садзейнічанні дзяржавы развіццю навуковых і тэхнічных даследаванняў, укараненню інавацый на карысць агульных інтарэсаў патрабуе фарміравання ў нацыянальнай прававой сістэме лічбавага права, якое ахоплівае пытанні забеспячэння комплекснага і сістэмнага прававога рэгулявання адносін, звязаных з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій, прымяненнем штучнага інтэлекту, забеспячэннем кібербяспекі, пры захаванні гарантый канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, дэмакратычных асноў дзяржаўнага кіравання, ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства.

Нацыянальная канстытуцыйная ідэнтычнасць увасоблена ў фундаментальных палажэннях Канстытуцыі аб асновах канстытуцыйнага ладу, канстытуцыйных правах і свабодах чалавека і грамадзяніна, дэмакратычных прынцыпах функцыянавання органаў дзяржаўнай улады. Канстытуцыйныя каштоўнасці, прынцыпы і нормы, якія ўтвараюць канстытуцыйную ідэнтычнасць беларускай дзяржавы, падкрэсліваюць унікальнасць Рэспублікі Беларусь як паўнапраўнага члена міжнароднага супольніцтва.

Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаўся да пытанняў зместу канстытуцыйнай ідэнтычнасці і яе належнага забеспячэння. Так, адзначана, што ўдзел Рэспублікі Беларусь у міждзяржаўных утварэннях абумоўлівае неабходнасць захавання прававога суверэнітэту і канстытуцыйнай ідэнтычнасці ва ўмовах узаемадзеяння міжнароднага, наднацыянальнага і нацыянальнага права. Пры фарміраванні наднацыянальнага права неабходна зыходзіць з вяршэнства Канстытуцыі, фундаментальных канстытуцыйных асноў беларускай дзяржавы, якія прадвызначаюць канстытуцыйную ідэнтычнасць. Пры гэтым акты міжнароднага і наднацыянальнага права не могуць абмяжоўваць суверэннае права беларускага народа самастойна вызначаць свой шлях развіцця, прымяншаць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, змяняць дэмакратычны, сацыяльны і прававы характар беларускай дзяржавы (рашэнні ад 21 студзеня 2014 г., ад 20 студзеня 2016 г., ад 23 студзеня 2018 г., ад 14 сакавіка 2019 г.).

Дактрынальна-нарматыўныя палажэнні аб вяршэнстве Канстытуцыі, сутнасці і змесце канстытуцыйнай ідэнтычнасці, сфармуляваныя ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда пры праверцы канстытуцыйнасці законаў у парадку папярэдняга кантролю, знайшлі адлюстраванне ў Канцэпцыі прававой палітыкі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2023 г. № 196.

Канстытуцыя, з’яўляючыся палітыка-прававым актам з адметнымі ўласцівасцямі, дазваляе перакладаць на мову дзеючага заканадаўства, прававой ідэалогіі і рэальнай палітыкі ідэалы асобы, грамадства і дзяржавы і служыць прававым фундаментам дэмакратычнага ўладкавання грамадства і дзяржавы; эвалюцыйнае канстытуцыйнае развіццё на аснове фундаментальных канстытуцыйных ідэалаў і каштоўнасцяў забяспечвае пераадоленне новых пагроз вяршэнству права і канстытуцыйнаму правапарадку (рашэнне ад 11 сакавіка 2021 г.).

Воля народа, выказаная на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 г. у прыняцці гістарычна наспелых змяненняў Канстытуцыі, узмацняе яе ідэалагічную функцыю ў забеспячэнні кансалідацыі і адзінства грамадства, абароны фундаментальных канстытуцыйных каштоўнасцяў.

Ідэалогія беларускай дзяржавы, што замацавана ў палажэннях Канстытуцыі і ў сваёй аснове з’яўляецца агульнанароднай ідэалогіяй, атрымала вышэйшую легітымацыю ў артыкуле 4 Канстытуцыі як ідэалогія дзяржавы, на аснове якой ажыццяўляецца дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь і, такім чынам, ствараецца будучыня нашай краіны і дабрабыт кожнага яе грамадзяніна.

У прэамбуле і іншых палажэннях Канстытуцыі абвешчаны базавыя пачаткі і імператывы ідэалогіі беларускай дзяржавы. У іх ліку прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцяў, захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту, апора на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, культурныя і духоўныя традыцыі, сцвярджэнне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, асноў прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства, забеспячэнне міру і грамадзянскай згоды, дабрабыту грамадзян, непахіснасці народаўладдзя, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь.

Палажэнні Канстытуцыі, якія ўстанаўліваюць абавязак дзяржавы і абавязак кожнага грамадзяніна захоўваць гістарычную праўду і памяць аб гераічным мінулым беларускага народа і яго неўміручым подзвігу ў гады Вялікай Айчыннай вайны, садзейнічаюць умацаванню пачуцця патрыятызму, грамадзянскасці, вернасці сваёй Айчыне і гатоўнасці абараніць інтарэсы Радзімы.

Ідэалогія беларускай дзяржавы ляжыць у аснове пабудовы беларускай мадэлі дзяржаўнага развіцця — дзяржавы для народа, вызначае стратэгію гэтага развіцця на доўгачасовы перыяд.

Духоўна-маральны змест і ідэалагічны патэнцыял Канстытуцыі фарміруюць у грамадскай свядомасці разуменне таго, што павага, усвядомленае і добраахвотнае выкананне Канстытуцыі і законаў сваёй краіны з’яўляецца асновай кансалідацыі і адзінства грамадства.

Дактрынальнае асэнсаванне палажэнняў абноўленай Канстытуцыі ў іх сістэмнай узаемасувязі дазваляе зрабіць вывад, што бяспека асобы, грамадства і дзяржавы акумулюецца ў дыялектычна шматпланавым паняцці канстытуцыйнай бяспекі. Канстытуцыйная бяспека характарызуе абароненасць жыццёва важных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад унутраных і знешніх пагроз, непахіснасць канстытуцыйнага ладу і немагчымасць яго змены нелегітымным шляхам.

Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаў увагу заканадаўца, што ва ўмовах сучасных выклікаў і глабальных пагроз асаблівае значэнне набывае рэальнае забеспячэнне канстытуцыйна-прававога статусу асобы, правоў і свабод грамадзян, а таксама юрыдычных гарантый іх рэалізацыі. Зыходзячы з прынцыпу вяршэнства права заканадаўцу належыць забяспечваць прававое рэгуляванне грамадскіх адносін, якое адпавядае прынцыпу канстытуцыйнай бяспекі асобы, устанаўліваючы аб’ектыўна неабходныя і сацыяльна абгрунтаваныя прававыя абмежаванні і ўскладаючы дадатковыя абавязкі на грамадзян, прытрымліваючыся аптымальнага балансу прыватных і публічных інтарэсаў, захоўваючы сутнасць і цэласнасць каштоўнасна-сутнаснага зместу канстытуцыйных правоў і свабод чалавека.

ІІ

1. Забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйны Суд ажыццяўляе праз кантроль за канстытуцыйнасцю ўсіх нарматыўных прававых актаў у дзяржаве. 

У рашэннях і фармулюемых у іх прававых пазіцыях Канстытуцыйны Суд шляхам выяўлення канстытуцыйна-прававога сэнсу нормаў законаў і іншых нарматыўных прававых актаў сцвярджае вяршэнства Канстытуцыі ў нарматворчасці і правапрымяненні, спрыяе выпрацоўцы прававых механізмаў развіцця і абароны канстытуцыйных каштоўнасцяў і дасягнення канстытуцыйна значных мэт, арыентуе заканадаўца і правапрымяняльнікаў на няўхільнае выкананне канстытуцыйных палажэнняў і іх рэальнае забеспячэнне.

Праз канстытуцыйнае правасуддзе змяняецца якасць прававой сістэмы: фарміруецца асаблівы палітыка-прававы рэжым вяршэнства Канстытуцыі, яе прававой абароны як акта прамога дзеяння, які гарантуе збалансаваную рэалізацыю фундаментальных каштоўнасцяў грамадства і дэмакратычнай прававой дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд пастаянна звяртае ўвагу, што пры ажыццяўленні прававога рэгулявання грамадскіх адносін ад нарматворчых органаў патрабуюцца паслядоўная і сістэмная рэалізацыя і развіццё канстытуцыйных прынцыпаў і каштоўнасцяў у мэтах легітымнасці і сацыяльнай прымальнасці нарматыўных прававых актаў. Пры гэтым у заканатворчай дзейнасці галоўнай умовай абароны асноў канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, сцвярджэння канстытуцыйнай законнасці выступае рэалізацыя ў поўнай меры прынцыпу вяршэнства Канстытуцыі.

У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах» (прынята 12 ліпеня 2018 г.) Канстытуцыйным Судом выказана прававая пазіцыя, згодна з якой вызначэнне і раскрыццё заканадаўцам зместу прынцыпаў нарматворчай дзейнасці мае на мэце забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі, каштоўнасцяў і прынцыпаў Канстытуцыі, якія прадвызначаюць сутнасць і змест прававой сістэмы Беларусі, а таксама дасягненне адназначнага разумення заканадаўчых прадпісанняў, якімі павінны кіравацца ўсе суб’екты нарматворчай дзейнасці на ўсіх стадыях нарматворчага працэсу.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі ў заканатворчай дзейнасці азначае, што ў выпадках устанаўлення ў законах абмежаванняў правоў і свабод асобы межы дыскрэцыйных паўнамоцтваў заканадаўца вызначаюцца канстытуцыйнымі прынцыпамі і нормамі з захаваннем балансу і суразмернасці ахоўваемых Канстытуцыяй каштоўнасцяў і інтарэсаў.

У рашэннях Канстытуцыйнага Суда сфармуляваныя палажэнні, якія развіваюць прававую дактрыну вяршэнства і прамога дзеяння Канстытуцыі, вызначаны асноўныя кірункі сучаснага беларускага канстытуцыяналізму, арыенціры далейшага стабільнага канстытуцыйнага развіцця прававой сістэмы. Звернута ўвага, што вяршэнства Канстытуцыі ў дзяржаўным і грамадскім жыцці прадугледжвае няўхільнае выкананне дзяржавай, усімі яе органамі і службовымі асобамі, а таксама грамадзянамі і арганізацыямі прадпісанняў Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства, што, у сваю чаргу, стварае неабходныя перадумовы забеспячэння ў дзяржаве належнага ўзроўню канстытуцыйнай законнасці (рашэнне ад 20 студзеня 2016 г.); праз сцвярджэнне вяршэнства Канстытуцыі, канстытуцыйных каштоўнасцяў у нарматворчасці і правапрымяненні ажыццяўляецца канстытуцыяналізацыя грамадскіх адносін, устанаўліваецца рэжым канстытуцыйнай законнасці, пры якім дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы, а таксама арганізацыі і грамадзяне дзейнічаюць на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, а права як важнейшы сацыяльны рэгулятар забяспечвае дасягненне мэт і вырашэнне задач, вызначаных Асноўным Законам дзяржавы (рашэнне ад 14 сакавіка 2023 г.).

На сучасным этапе развіцця беларускай дзяржаўнасці ў мэтах забеспячэння рэалізацыі прынцыпу вяршэнства Канстытуцыі, абароны канстытуцыйнага ладу, гарантаваных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, далейшага ўмацавання канстытуцыйнай законнасці ў заканатворчасці і правапрымяненні ў абноўленай Канстытуцыі ўдасканалены канстытуцыйна-прававы механізм ажыццяўлення канстытуцыйнага кантролю, які прадугледжвае значнае пашырэнне кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда.

2. Абарона канстытуцыйнага ладу з’яўляецца неабходнай умовай жыццядзейнасці і ўстойлівага грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця, а таксама важнейшай функцыяй дзяржавы, ажыццяўленне якой выступае гарантыяй яе суверэнітэту, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, служыць асновай забеспячэння вяршэнства права, рэалізацыі правоў і свабод кожнага, сцвярджэння Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай прававой дзяржавы.

Захаванне рэжыму канстытуцыйнай законнасці з’яўляецца канстытуцыйным абавязкам усіх суб’ектаў грамадска-палітычных адносін і грамадзян нашай краіны ў мэтах забеспячэння процідзеяння любому дэструктыўнаму ўздзеянню на стабільнасць і суверэнітэт дзяржавы, грамадзянскі мір і згоду ў грамадстве, устойлівасць канстытуцыйнага ладу.

25 жніўня 2020 г. Канстытуцыйны Суд выказаў канстытуцыйна-прававую пазіцыю па абароне канстытуцыйнага ладу, у якой указаў, што пры рэалізацыі палітычных правоў грамадзяне павінны ўлічваць, што ў адпаведнасці з часткай другой артыкула 3 Канстытуцыі любыя дзеянні па змяненні канстытуцыйнага ладу і дасягненні дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксама шляхам іншага парушэння законаў Рэспублікі Беларусь караюцца згодна з законам.

Зместам устаноўленых Канстытуцыяй асноў канстытуцыйнага ладу — сістэмы канстытуцыйных прынцыпаў, якія замацоўваюць асновы дзяржаўнага і грамадскага ладу, абумоўлена патрэбнасць прыняцця адэкватных мер, накіраваных на абарону Асноўнага Закона, уключаючы абавязак дзяржавы па ўстанаўленні неабходных для гэтага прававых механізмаў.

У мэтах абароны канстытуцыйнага ладу заканадавец, зыходзячы з прынцыпаў канстытуцыйнага правапарадку, не толькі мае права, але і абавязаны выкарыстоўваць усе даступныя ў рамках сваіх дыскрэцыйных паўнамоцтваў сродкі па ўстанаўленні юрыдычнай адказнасці фізічных і юрыдычных асоб за правапарушэнні, накіраваныя на падрыў канстытуцыйнага ладу.

У рашэннях па праверцы канстытуцыйнасці законаў Рэспублікі Беларусь «О недопущении реабилитации нацизма», «Об изменении законов по вопросам противодействия экстремизму», «Об изменении законов по вопросам защиты суверенитета и конституционного строя» Канстытуцыйны Суд сфармуляваў прававыя пазіцыі, указаўшы, што ў сучасных складаных геапалітычных умовах найбольш небяспечнай рэальнай пагрозай канстытуцыйнаму ладу Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, правам і свабодам грамадзян з’яўляюцца экстрэмізм як прыхільнасць да крайніх поглядаў і метадаў дзеянняў для дасягнення сваіх мэт, нацызм як адна з найбольш небяспечных форм яго праяўлення, а таксама акты тэрарызму, дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, незаконных узброеных фарміраванняў, масавыя беспарадкі. Вызначанае нормамі вышэйназваных законаў прававое рэгуляванне па недапушчэнні названых найбольш дэструктыўных і разбуральных сацыяльных з’яў, якое ўстанаўлівае ў тым ліку крымінальную адказнасць за ўчыненне адпаведных супрацьпраўных дзеянняў, мае на мэце забеспячэнне рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, палажэнняў Канстытуцыі аб абароне канстытуцыйнага ладу (рашэнні ад 30 красавіка 2021 г., ад 6 ліпеня 2021 г.).

Важнейшым фактарам дзейснай абароны канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод грамадзян з’яўляецца канстытуцыйны правапарадак, забеспячэнне якога ў сучасных умовах магчыма пры няўхільным выкананні ўсімі суб’ектамі грамадскіх адносін рэжыму канстытуцыйнай законнасці.

Правяраючы канстытуцыйнасць змяненняў, унесеных у Закон Рэспублікі Беларусь «О массовых мероприятиях», Канстытуцыйны Суд адзначыў, што згодна з артыкулам 35 Канстытуцыі свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання гарантуецца дзяржавай пры ўмове, калі пры гэтым не парушаюцца правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь. Пры заканадаўчым вызначэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў павінны быць забяспечаны прадугледжаныя ў артыкуле 35 Канстытуцыі і іншыя канстытуцыйныя каштоўнасці. Абавязак дзяржавы па ўстанаўленні прававых механізмаў, якія забяспечваюць грамадскі парадак і грамадскую бяспеку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, прадухіляюць магчымыя парушэнні канстытуцыйных правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў грамадзян, непасрэдна вынікае таксама з замацаваных Канстытуцыяй асноў канстытуцыйнага ладу (рашэнне ад 30 красавіка 2021 г.).

Рашэнні Канстытуцыйнага Суда, якія ўказваюць на патрабаванні і ўмовы выканання рэжыму канстытуцыйнай законнасці ў сучасных грамадскіх адносінах, рэалізацыя канстытуцыйных прынцыпаў як у заканадаўчай, так і ў правапрымяняльнай практыцы прадвызначаюць далейшыя кірункі развіцця прававой сістэмы для забеспячэння абароны асноў канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, умацавання канстытуцыйнага правапарадку.

3. У адпаведнасці з Канстытуцыяй кожны абавязаны паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб. З гэтага і іншых канстытуцыйных палажэнняў вынікае, што любы грамадзянін валодае правам на рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод толькі ў той меры, у якой гэта не парушае правы і свабоды іншых асоб, не замахваецца на канстытуцыйны лад і маральныя асновы грамадства. У выпадках, вызначаных законам, рэалізацыя правоў і свабод асобных катэгорый грамадзян можа быць спалучана са збалансаваным абмежаваннем правоў і свабод іншых суб’ектаў праваадносін.

Пры ажыццяўленні заканадаўчага рэгулявання юрыдычнай адказнасці павінен быць забяспечаны аптымальны баланс правоў і свабод прыцягваемай да яе асобы і публічнага інтарэсу, які заключаецца ў эфектыўнай абароне асобы, грамадства і дзяржавы ад правапарушэнняў. Устанаўліваемыя пры гэтым абмежаванні правоў і свабод павінны не толькі быць юрыдычна дапушчальныя, але і адпавядаць патрабаванням справядлівасці і суразмернасці канстытуцыйна прызнаваемым мэтам гэтых абмежаванняў, гэта значыць уводзіцца зыходзячы з вяршэнства Канстытуцыі і з улікам прынцыпу вяршэнства права, што мае значэнне ўніверсальнай каштоўнасці, на якой грунтуюцца гарантыі правоў і свабод асобы.

Заканадаўцу пры ўстанаўленні законам абмежаванняў таго ці іншага права ў адпаведнасці з канстытуцыйна вызначанымі інтарэсамі належыць выкарыстоўваць не празмерныя, а толькі строга абумоўленыя гэтымі інтарэсамі меры. Публічныя інтарэсы, названыя ў частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі, могуць апраўдваць абмежаванне правоў і свабод толькі ў тым выпадку, калі яны адэкватныя сацыяльна неабходнаму выніку.

У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (прынята 28 снежня 2020 г.) звернута ўвага, што меры забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, якія прадугледжваюцца гэтым Кодэксам, у тым ліку адміністрацыйнае затрыманне фізічнай асобы, накладанне арышту на маёмасць, будучы па сваёй сутнасці мерамі працэсуальнага прымусу, у пэўнай ступені абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян, правы і законныя інтарэсы юрыдычных асоб.

Канстытуцыйным Судом выказана прававая пазіцыя аб тым, што палажэнні названага Кодэкса, якія вызначаюць парадак прымянення мер забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, адпавядаюць нормам Канстытуцыі, паколькі гэтыя меры абмежавальнага характару не скажаюць сутнасці канстытуцыйных правоў і свабод, не вядуць да страты іх рэальнага зместу, прымяняюцца толькі ў адносінах да пэўных катэгорый асоб і за ўчыненне асобных канкрэтных правапарушэнняў. Такія абмежаванні ўлічваюць прынцыпы прапарцыянальнасці, справядлівасці і гуманізму, з’яўляюцца сродкамі прававой абароны грамадскага парадку, правоў і свабод іншых асоб і суразмерны абараняемым Канстытуцыяй мэтам і каштоўнасцям.

Замацаваныя ў Канстытуцыі права кожнага на судовую абарону і звязанае з ім права на абскарджанне ў суд рашэнняў і дзеянняў (бяздзеяння) дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія ўшчамляюць правы і свабоды, выступаюць гарантыяй у дачыненні да ўсіх іншых канстытуцыйных правоў і свабод. Права на судовую абарону з’яўляецца ўніверсальным прававым сродкам дзяржаўнай абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, выконвае важнейшую гарантыйна-аднаўленчую функцыю, у сувязі з чым дзяржава абавязана забяспечыць рэальны доступ да правасуддзя, поўнае ажыццяўленне права на судовую абарону.

Судовая абарона правоў і свабод грамадзян павінна забяспечваць эфектыўнае аднаўленне парушаных правоў, сцвярджэнне вяршэнства права, законнасці і справядлівасці. У сувязі з гэтым у шэрагу рашэнняў Канстытуцыйны Суд указваў, што канстытуцыйнае права на судовую абарону — гэта права не толькі на зварот у суд, але і на своечасовае і поўнае выкананне судовых рашэнняў з мэтай атрымання дзейснай абароны шляхам аднаўлення парушаных правоў і свабод у адпаведнасці з заканадаўствам; без поўнага і своечасовага выканання судовых актаў, што ўступілі ў законную сілу, немагчыма рэалізацыя канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, якое мае канчатковай мэтай аднаўленне парушаных правоў і законных інтарэсаў праз правасуддзе.

Няўхільнае прытрымліванне ў заканатворчасці прынцыпаў і нормаў Канстытуцыі стварае неабходныя прававыя механізмы для гарантавання і абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, справядлівага балансу публічна-прававых і прыватнаправавых інтарэсаў, забеспячэння канстытуцыйнай законнасці і канстытуцыйнага правапарадку.

ІІІ

1. Палажэнні абноўленай Канстытуцыі, устанаўліваючы паслядоўнае размежаванне кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда і судоў агульнай юрысдыкцыі ў сцвярджэнні канстытуцыйнай законнасці, абумоўліваюць неабходнасць іх узаемадзеяння для забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі, абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.

Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з сэнсу артыкула 60 Канстытуцыі, які гарантуе кожнаму судовую абарону яго правоў і свабод, паслядоўна і прынцыпова займаў пазіцыю аб неабходнасці забеспячэння прамога доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя і ўвядзення інстытута індывідуальнай канстытуцыйнай скаргі ў Рэспубліцы Беларусь (рашэнні ад 26 студзеня 2010 г., ад 25 студзеня 2011 г., ад 18 студзеня 2012 г., ад 14 сакавіка 2019 г. і інш.). Выказаныя Канстытуцыйным Судом прававыя пазіцыі ўлічаны і рэалізаваны ў абноўленай Канстытуцыі і прынятым у адпаведнасці з ёй заканадаўстве аб канстытуцыйным судаводстве.

Устанаўленне абноўленай Канстытуцыяй магчымасці звароту грамадзяніна аб праверцы канстытуцыйнасці закона, прымененага ў канкрэтнай справе, якім, па меркаванні грамадзяніна, парушаны яго канстытуцыйныя правы і свабоды, з’яўляецца важным этапам развіцця канстытуцыйнага правасуддзя ў Беларусі. Названыя канстытуцыйныя змяненні сведчаць аб узмацненні канстытуцыйных гарантый прававога статусу асобы і пашырэнні прававых механізмаў рэалізацыі і абароны правоў і свабод грамадзян. Па сутнасці, грамадзяне становяцца актыўнымі суб’ектамі сацыяльнага кантролю за якасцю нарматворчай дзейнасці, выкарыстоўваючы нададзенае ім права аспрэчваць канстытуцыйнасць законаў, якія закранаюць іх інтарэсы.

З моманту ўступлення ў сілу з 1 кастрычніка 2023 г. Закона «О конституционном судопроизводстве» ў Канстытуцыйны Суд паступіла больш за 50 зваротаў грамадзян аб праверцы канстытуцыйнасці законаў, прымененых у канкрэтнай справе, якія, па іх меркаванні, парушаюць канстытуцыйныя правы і свабоды.

Скаргі грамадзян, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд, вывучаюцца ва ўстаноўленым законам парадку і вызначаецца спосаб іх далейшага вырашэння. У выпадках неадпаведнасці канстытуцыйных скаргаў палажэнням Закона «О конституционном судопроизводстве» грамадзянам паведамляецца аб неабходнасці выканання патрабаванняў закона для разгляду канстытуцыйных скаргаў Канстытуцыйным Судом з вынясеннем рашэння.

Аналіз паказвае, што многія звароты не адносяцца да кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда, а падлягаюць разгляду ў судах агульнай юрысдыкцыі або ў іншых дзяржаўных органах.

Для эфектыўнай рэалізацыі грамадзянамі права на зварот з канстытуцыйнай скаргай неабходна кваліфікаваная падрыхтоўка такой скаргі, якая павінна адпавядаць усім умовам дапушчальнасці, а таксама агульным патрабаванням да яе зместу, уключаючы юрыдычна дакладна сфармуляваную пазіцыю грамадзяніна па пастаўленым у канстытуцыйнай скарзе пытанні аб неканстытуцыйнасці закона, прымененага ў канкрэтнай справе, са спасылкай на адпаведныя нормы Канстытуцыі. Для гэтага патрабуюцца арганізацыя ўсебаковай тлумачальнай работы з прыцягненнем існуючых інфармацыйных рэсурсаў і аказанне грамадзянам кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі.

У мэтах аказання садзейнічання рэалізацыі права грамадзян на доступ да канстытуцыйнага правасуддзя і стварэння максімальна спрыяльных для гэтага ўмоў у Канстытуцыйным Судзе актыўна ўкараняюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Так, грамадзяне, якія жадаюць звярнуцца ў Канстытуцыйны Суд, могуць падаць канстытуцыйную скаргу ў электроннай форме праз стварэнне на афіцыйным сайце Канстытуцыйнага Суда ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт асабістага кабінета і запаўненне ў ім спецыяльнай рэгістрацыйнай формы з дадаткам неабходных дакументаў і іншых матэрыялаў.

Інстытут канстытуцыйнай скаргі з’яўляецца важным фактарам захавання канстытуцыйнай законнасці ў заканадаўчым працэсе і правапрымяняльнай практыцы, стварае ўмовы для непасрэднага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя, што дазваляе ўстараняць скажэнне канстытуцыйна-прававога сэнсу нормаў закона пры прымяненні ў канкрэтнай судовай справе, павышае давер грамадства да заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін.

2. Забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь — задача не толькі Канстытуцыйнага Суда, але і ўсіх звёнаў сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі.

Абноўленай Канстытуцыяй устаноўлена права судоў агульнай юрысдыкцыі на зварот у Канстытуцыйны Суд з запытам аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню пры разглядзе судамі канкрэтных спраў. Такім чынам, праву судоў агульнай юрысдыкцыі ініцыяваць праверку канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта карэспандуе паўнамоцтва Канстытуцыйнага Суда правяраць ва ўстаноўленым парадку канстытуцыйнасць гэтага нарматыўнага прававога акта.

Па выніках разгляду і вырашэння справы Канстытуцыйны Суд выносіць рашэнне ці аб адпаведнасці Канстытуцыі (канстытуцыйнасці), ці аб неадпаведнасці Канстытуцыі (неканстытуцыйнасці) нарматыўнага прававога акта або яго асобных палажэнняў, што дазваляе ўстараняць з прававой прасторы не адпаведныя Канстытуцыі нарматыўныя прававыя акты, папярэджваць магчымасць дапушчэння судовай памылкі і забяспечваць тым самым канстытуцыяналізацыю правапрымяняльнай практыкі.

Праяўленне судамі агульнай юрысдыкцыі канстытуцыйнай актыўнасці ў рэалізацыі нададзенага ім Канстытуцыяй паўнамоцтва па звароце ў Канстытуцыйны Суд з запытам будзе ў поўнай меры адпавядаць мэтам забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і вяршэнства права, паслужыць фарміраванню канстытуцыйна-прававога механізму ўзаемадзеяння судоў агульнай юрысдыкцыі і Канстытуцыйнага Суда па дасягненні больш высокага ўзроўню судовай абароны правоў і свабод грамадзян.

ІV

Дзейснасць канстытуцыйнага правасуддзя, сцвярджэнне канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні асноўваюцца на своечасовым і эфектыўным выкананні рашэнняў Канстытуцыйнага Суда і рэалізацыі выражаных у іх прававых пазіцый.

1. У 2023 годзе выканана рашэнне Канстытуцыйнага Суда «О правовом регулировании письменных разъяснений применения нормативных правовых актов» (прынята 3 кастрычніка 2019 г.), у якім указана, што Закон «О нормативных правовых актах», надаючы ўпаўнаважаным дзяржаўным органам (арганізацыям) права пры неабходнасці падрыхтоўваць пісьмовыя растлумачэнні прымянення нарматыўных прававых актаў, не прадугледжвае палажэнняў аб юрыдычнай сіле і характары такіх пісьмовых растлумачэнняў, што сведчыць аб наяўнасці ў названым Законе прававой нявызначанасці, якая спараджае магчымасць неадназначнага разумення нормаў права і іх неаднастайнага прымянення і тым самым можа выклікаць парушэнне канстытуцыйных гарантый рэалізацыі і абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб. У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным выключыць з палажэнняў Закона названую прававую нявызначанасць.

Рашэнне выканана Законам Рэспублікі Беларусь ад 7 красавіка 2023 г. № 261-З «Об изменении Закона Республики Беларусь «О нормативных правовых актах», якім пункт 2 артыкула 69 Закона «О нормативных правовых актах» дапоўнены палажэннямі аб тым, што растлумачэнні прымянення нарматыўных прававых актаў носяць рэкамендацыйны характар; прававыя наступствы невыканання заканадаўства, дапушчанага з прычыны выканання растлумачэнняў прымянення нарматыўных прававых актаў, нададзеных дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), названымі ў частцы першай гэтага пункта, могуць устанаўлівацца заканадаўчымі актамі.

2. У шэрагу законаў былі рэалізаваны прававыя пазіцыі, якія змяшчаюцца ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда, прынятых у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў.

2.1. Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Гражданский процессуальный кодекс Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 28 снежня 2017 г. указаў, што ў адпаведнасці з часткай шостай артыкула 85 Закона «О конституционном судопроизводстве» нарматыўныя прававыя акты, прызнаныя згодна з заключэннямі Канстытуцыйнага Суда не адпаведнымі Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам, дэкрэтам і ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, не могуць прымяняцца судамі, іншымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі. Калі іншае не ўстаноўлена Канстытуцыйным Судом, заснаваныя на такіх актах рашэнні судоў павінны быць ва ўстаноўленым парадку перагледжаны, а прынятыя (выдадзеныя) іншымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі прававыя акты — спыніць сваё дзеянне.

Аднак у палажэннях правяраемага Закона, якімі рэгламентуюцца пытанні вядзення справы па пераглядзе судовых пастаноў па новаадкрытых акалічнасцях (глава 34 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), гэтая акалічнасць не ўключана ў пералік падстаў для перагляду судовых пастаноў, якія ўступілі ў законную сілу, па новаадкрытых акалічнасцях, што сведчыць аб прабеле канстытуцыйна-прававога рэгулявання грамадскіх адносін у гэтай сферы.

Дадзены прабел устаранёны Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2023 г. № 284-З «Об изменении законов по вопросам конституционного судопроизводства», якім частка другая артыкула 452 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, што вызначае пералік падстаў для перагляду судовых пастаноў па новаадкрытых акалічнасцях, дапоўнена такой падставай, як прызнанне Канстытуцыйным Судом нарматыўнага прававога акта, прымененага пры разглядзе справы, або яго асобных палажэнняў не адпаведнымі Канстытуцыі (неканстытуцыйнымі), калі ў адпаведнасці з заканадаўствам аб канстытуцыйным судаводстве такое прызнанне цягне перагляд судовых пастаноў.

2.2. Ацэньваючы норму аб выключэнні з артыкула 3 Закона Рэспублікі Беларусь «О почтовой связи» палажэння, згодна з якім заканадаўства аб паштовай сувязі складаецца ў тым ліку з міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 10 чэрвеня 2019 г. пацвердзіў прававую пазіцыю, сфармуляваную ў рашэнні ад 7 мая 2018 г., сутнасць якой заключаецца ў тым, што, разам з актамі ўнутрыдзяржаўнага заканадаўства — законамі Рэспублікі Беларусь, дэкрэтамі і ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падзаконнымі нарматыўнымі прававымі актамі, міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь уваходзяць у сістэму дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прававога рэгулявання, гэта значыць іх нормы з’яўляюцца састаўной часткай дзеючага права, і звярнуў увагу заканадаўца, што ў неабходных выпадках у сферу прававога рэгулявання адпаведных грамадскіх адносін, разам з Канстытуцыяй, законамі, актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншымі нарматыўнымі прававымі актамі, неабходна ўключаць таксама міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь, паколькі яны разам з актамі ўнутрыдзяржаўнага заканадаўства ўтвараюць прававую сістэму Рэспублікі Беларусь.

Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда ўлічана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2023 г. № 324-З «Об изменении законов по вопросам лицензирования», у адпаведнасці з якім артыкул 3 Закона «О почтовой связи» выкладзены ў новай рэдакцыі, якая прадугледжвае ў тым ліку, што адносіны ў галіне паштовай сувязі рэгулююцца заканадаўствам аб паштовай сувязі, а таксама міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь і іншымі міжнародна-прававымі актамі, якія змяшчаюць абавязацельствы Рэспублікі Беларусь.

2.3. У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О Совете Министров Республики Беларусь» (прынята 8 ліпеня 2008 г.) Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што рэдакцыя артыкула 4 дадзенага Закона, якая дапускае магчымасць уключэння ў склад Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь іншых службовых асоб, выкладзена неадназначна, што можа прывесці на практыцы да прыняцця рашэнняў, якія не адпавядаюць патрабаванням часткі чацвёртай артыкула 106 Канстытуцыі.

У адпаведнасці са змяненнямі Канстытуцыі, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 г., частка чацвёртая артыкула 106 Канстытуцыі прадугледжвае магчымасць уключэння ў склад Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь кіраўнікоў не толькі дзяржаўных органаў, але і арганізацый.

Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2022 г. № 236-З унесены змяненні ў Закон «О Совете Министров Республики Беларусь», якімі артыкул 4 гэтага Закона прыведзены ў адпаведнасць з названай нормай абноўленай Канстытуцыі.

3. У Пасланні «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2013 годзе» (рашэнне ад 21 студзеня 2014 г.) Канстытуцыйны Суд адзначыў, што канстытуцыяналізацыя грамадскіх адносін у Рэспубліцы Беларусь патрабуе мэтанакіраванага правядзення навукова абгрунтаванай прававой палітыкі дзяржавы. Дасягнуты ўзровень дзяржаўнага будаўніцтва і сацыяльна-эканамічнага развіцця, інтэграцыйныя працэсы, якія адбываюцца, абумоўліваюць неабходнасць распрацоўкі комплекснага дакумента — адзінай Канцэпцыі дзяржаўнай прававой палітыкі Рэспублікі Беларусь у мэтах належнага прававога забеспячэння дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, правоў і свабод грамадзян у сучасных умовах.

У Пасланні Канстытуцыйнага Суда «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (рашэнне ад 10 сакавіка 2022 г.) указана, што для забеспячэння працэсу дасягнення канстытуцыйных мэт сучаснага развіцця грамадства і дзяржавы неабходна прыняцце Канцэпцыі прававой палітыкі, якая вызначае стратэгію далейшага ўдасканальвання прававой сістэмы, нацыянальнага заканадаўства, развіцця прававой навукі і юрыдычнай практыкі, сістэмнага фарміравання правасвядомасці і прававой культуры.

Дадзеныя палажэнні пасланняў Канстытуцыйнага Суда рэалізаваны ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2023 г. № 196, якім зацверджана Канцэпцыя прававой палітыкі Рэспублікі Беларусь.

V

1. Для поўнай і эфектыўнай рэалізацыі палажэнняў абноўленай Канстытуцыі заканадаўцам выпрацаваны адпаведны заканадаўчы механізм: Парламентам — Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь прынята больш за 90 законаў, накіраваных на забеспячэнне функцыянавання на абноўленай канстытуцыйнай аснове сістэмы дзяржаўных органаў, інстытутаў народаўладдзя, магчымасцяў грамадзян па рэалізацыі і абароне сваіх канстытуцыйных правоў і свабод.

Заканатворчы працэс на розных стадыях забяспечваецца якаснай сістэмнай работай дзяржаўных органаў пры належным захаванні балансу канстытуцыйных функцый органаў заканадаўчай і выканаўчай улады.

У мінулым годзе зваротаў ад упаўнаважаных органаў аб праверцы канстытуцыйнасці нормаў прынятых законаў або па іншых канстытуцыйных спрэчках у Канстытуцыйны Суд не паступала.

Канстытуцыйны Суд канстатуе, што рэжым канстытуцыйнай законнасці выконваецца ўсімі суб’ектамі канстытуцыйных адносін, якія дзейнічаюць у адпаведнасці са сваімі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі, правамі і абавязкамі ў мэтах падтрымання належнага канстытуцыйнага правапарадку ў краіне.

2. Пры ажыццяўленні прававой палітыкі неабходна не толькі своечасова рэагаваць на актуальныя праблемы прававога рэгулявання грамадскіх адносін, але і прымаць канкрэтныя прававыя меры па прадухіленні магчымых выклікаў і пагроз з дапамогай апераджальнай заканатворчасці.

Дасягненне высокай якасці заканадаўства, прававой вызначанасці, забеспячэнне зразумеласці прававых прадпісанняў і прадказальнасці для грамадзян прававых наступстваў сваіх дзеянняў — значныя фактары забеспячэння канстытуцыйнай законнасці.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што палажэнні Канцэпцыі прававой палітыкі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2023 г. № 196, служаць каштоўнасна-прававым арыенцірам для далейшага развіцця ўсёй нацыянальнай сістэмы заканадаўства і практыкі яго прымянення, у адпаведнасці з якімі ў аснове штодзённай дзейнасці дзяржаўных органаў і службовых асоб павінны знаходзіцца чалавек, яго канстытуцыйныя правы, свабоды і законныя інтарэсы.

3. Ва ўмовах сучаснага тэхнагенна-лічбавага грамадства пашыраюцца магчымасці прымянення навукова-тэхнічных інавацый у розных сферах, уключаючы выкарыстанне штучнага інтэлекту (у тым ліку нейрасетак). Пры гэтым вельмі важна забяспечваць своечасовае нарматыўна-прававое рэгуляванне далейшага развіцця інфармацыйна-лічбавай прасторы, якое адпавядае стандартам канстытуцыйнага вымярэння, а таксама ўлічвае прынцыпы навуковага прагназавання наступстваў прыняцця адпаведных актаў заканадаўства.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры фарміраванні лічбавага права неабходна стварэнне гнуткай сістэмы заканадаўчай рэгламентацыі, якая стымулюе развіццё тэхналогій штучнага інтэлекту і робататэхнікі, але пры гэтым гарантуе бяспеку, правы і свабоды чалавека.

4. Палажэнні абноўленай Канстытуцыі аб ажыццяўленні дэмакратыі ў Рэспубліцы Беларусь на аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы, а таксама разнастайнасці палітычных інстытутаў і поглядаў грунтуюцца на канстытуцыйна-прававой дактрыне суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь і з’яўляюцца заканамерным адлюстраваннем аб’ектыўнага гістарычнага працэсу развіцця беларускай дзяржаўнасці.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ідэалогія беларускай дзяржавы заклікана напоўніць глыбокім светапоглядным зместам далейшы суверэнны вектар развіцця грамадства і дзяржавы, які як выражае сучасныя грамадскія ідэалы і волю народа, так і адлюстроўвае нацыянальныя культурна-гістарычныя традыцыі і каштоўнасці.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што неабходна выпрацоўка эфектыўных прававых механізмаў, якія забяспечваюць рэалізацыю палажэння Канстытуцыі аб ідэалогіі беларускай дзяржавы ў мэтах процідзеяння насаджэнню чужой і разбуральнай для нашага грамадства сістэмы ідэй і псеўдакаштоўнасцяў.

5. Права на падачу канстытуцыйнай скаргі ўяўляе сабой спецыяльны від звароту для абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна канстытуцыйным правасуддзем, праява комплексу канстытуцыйных правоў, уключаючы права на судовую абарону, права на ўдзел у кантролі за заканатворчым працэсам.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што ўстаноўлены заканадаўчы механізм рэалізацыі права грамадзян на зварот у Канстытуцыйны Суд са скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці нормаў закона, прымененых у канкрэтнай судовай справе, патрабуе належнага юрыдычнага афармлення, атрымання кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што для дзейснага функцыянавання інстытута канстытуцыйнай скаргі неабходна ва ўстановах вышэйшай адукацыі пры падрыхтоўцы юрыстаў праводзіць спецыяльны навучальны курс «Канстытуцыйнае правасуддзе: інстытут канстытуцыйнай скаргі» і ўвесці пэўную спецыялізацыю ў сістэме адвакатуры.

6. Прававая асвета грамадзян, фарміраванне іх правасвядомасці і прававой культуры з’яўляецца доўгачасовым і прыярытэтным кірункам дзяржаўнай прававой палітыкі.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што патрэбна сістэмна працягваць работу па папулярызацыі і растлумачэнні палажэнняў Канстытуцыі ў працоўных калектывах, навучальных установах, сярод усіх слаёў насельніцтва з мэтай фарміравання паважлівага стаўлення да Асноўнага Закона краіны, ведання сваіх канстытуцыйных правоў, свабод і абавязкаў, а таксама разумення неабходнасці няўхільнага выканання канстытуцыйных нормаў у сваім штодзённым жыцці і прафесійнай дзейнасці. У гэтых мэтах належыць выкарыстоўваць Навукова-практычны каментарый да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падрыхтаваны высокакваліфікаванымі юрыстамі, у тым ліку суддзямі і супрацоўнікамі Канстытуцыйнага Суда.

7. Абноўленая Канстытуцыя і прыведзеныя ў адпаведнасць з ёй законы і іншыя нарматыўныя прававыя акты сфарміравалі прававую аснову для далейшага ўстойлівага і дынамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай.

На дасягненне канстытуцыйных мэт павінны быць накіраваны намаганні не толькі дзяржаўных органаў, але і грамадскіх арганізацый і грамадзян, якія добрасумленна і свядома рэалізуюць свае канстытуцыйныя правы і выконваюць канстытуцыйныя абавязкі.

Канстытуцыйны Суд, забяспечваючы вяршэнства Канстытуцыі, сваёй дзейнасцю абараняе канстытуцыйны лад, правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, уносіць уклад ва ўмацаванне канстытуцыйнага правапарадку ў краіне.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 5 сакавіка 2024 г.

Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П. П. МІКЛАШЭВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.