Вы тут

Андрэй Худык: Сумесны беларуска-кітайскі геацэнтр — вялікая дапамога нашым геолагам


Адбылася анлайн-сустрэча міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэя Худыка з кіраўніцтвам Кітайскай геалагічнай службы Міністэрства прыродных рэсурсаў КНР.


У ходзе мерапрыемства былі абмеркаваны такія тэмы, як інвестыцыйны клімат Беларусі, падатковыя, фінансавыя, прававыя і іншыя аспекты карыстання нетрамі, кітайскія тэхналогіі пошуку, разведкі і здабычы карысных выкапняў, у тым ліку вуглевадародаў, праблемы і перспектывы нафтагазавай галіны, стварэнне сумеснага геалагічнага цэнтра. Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык падкрэсліў, што вопыт Кітайскай геалагічнай службы ўяўляе для беларускага боку вялікую цікавасць і запрасіў дырэктара Кітайскай геалагічнай службы наведаць нашу краіну, каб на свае вочы ўбачыць магчымасці для эфектыўнага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая.

— Мы ведаем Кітай як высокатэхналагічную краіну з багатай гісторыяй развіцця геалагічнай галіны. Мы таксама гатовы дзяліцца сваім вопытам. Рэспубліка Беларусь мае значны патэнцыял розных карысных выкапняў. Улічваючы яе геаграфічнае размяшчэнне, да нас выгадна прыходзіць не толькі для іх разведкі і здабычы, але і для перапрацоўкі і наступнага экспарту на вялікія рынкі краін Еўразійскага эканамічнага саюза, ЕС і іншыя, — заявіў кіраўнік прыродаахоўнага ведамства.

У ходзе перамоў былі прэзентаваны беларускія інвестпраекты, у тым ліку на радовішчы Навадворскае, дзе будуць здабываць туфы і базальты.

— Нашы кітайскія калегі ўжо шукаюць нам патэнцыяльных інвестараў на тэрыторыі КНР. Ёсць некалькі буйных сусветных кампаній, якія выказалі жаданне прыехаць у Беларусь і на месцы вывучыць гэты інвестпраект. Мы ўпэўнены, што крок за крокам прыйдзем да добрага выніку. Безумоўна, такія сур’ёзныя праекты хутка не ствараюцца, — адзначыў Андрэй Худык.

Таксама ён паведаміў, што была дасягнута дамоўленасць аб павышэнні кваліфікацыі беларускіх геалагічных кадраў. Апрача таго, кітайскія калегі пацвердзілі свой намер наконт стварэння ў нашай краіне сумеснага геацэнтра «Беларусь-Кітай».

– Галоўны геолаг Кітая паабяцаў у бліжэйшы час прыбыць з камандай у Беларусь і канкрэтна вырашаць гэта пытанне. Падобны вопыт у Кітая ёсць. Ад гэтага праекта мы спадзяемся атрымаць максімальную карысць, — сказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Аднак тэрміны стварэння геацэтра пакуль невызначаны.

— Найперш трэба разабрацца з арганізацыйнымі пытаннямі: знайсці фінансы, вывучыць навуковы і практычны вопыт кітайскіх калег. Па гэтых напрамках працуем з імі даволі цесна... Спадзяемся стварыць сумесны геалагічны цэнтр на працягу першага паўгоддзя бягучага года, але ўсё можа змяніцца. У любым выпадку мы гатовы чакаць, бо гэты цэнтр — вялікая дапамога Беларусі і нашым геолагам, — падсумаваў Андрэй Худык.

Таксама ён выказаў упэўненасць, што прапановы і канкрэтныя паслядоўныя крокі, аб якіх удалося дамовіцца, будуць садзейнічаць развіццю беларуска-кітайскага супрацоўніцтва і дадуць магчымасць выканаць даручэнне Кіраўніка дзяржавы па інтэнсіфікацыі мінеральна-сыравіннай базы ў Беларусі.

Александрына ПАРШЫНА

Фота Віктара ДРАЧОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.