Вы тут

Мінпрыроды клапоціцца аб чысціні населеных пунктаў


Штогод увесну Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ладзіць акцыю па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Сёлета ў рэгіёнах Беларусі яна праходзіць з 1 сакавіка па 8 мая. Асноўныя работы засяроджаны на абразанні сухіх галінак, прыборцы лістоты і смецця. Шмат увагі аддаецца добраўладкаванню тэрыторый агульнага карыстання ў населеных пунктах, а таксама ўчасткаў уздоўж чыгункі і аўтамабільных дарог. У красавіку з надыходам цеплыні запланаваны пасадкі дрэў і хмызняку, будуць закладзены новыя алеі і паркавыя зоны.

Каб актывізаваць работу на месцах, прыродаахоўныя ведамствы праводзяць кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы. На адным з такіх рэйдаў прадстаўнікоў Мінпрыроды па сталіцы і Мінскай вобласці пабывалі і карэспандэнты «Звязды».


Першы пункт маршруту — Партызанскі раён. Нягледзячы на досыць халоднае надвор’е і змрочнае неба, схаванае ў цяжкія хмары, работа кіпіць. Грымяць спецыяльныя машыны, якія «перажоўваюць» ветравал і спілаваныя галінкі — тэхналагічная трэска з іх пойдзе як матэрыял для ўгнаення буякоў, добраўпарадкавання клумбаў, іншай гаспадарчай дзейнасці. Рабочыя збіраюць пластыкавыя бутэлькі, падраныя поліэтыленавыя пакеты, абгорткі ад прадуктаў харчавання, нават... старое адзенне — горкія сведкі несумленных паводзін насельнікаў раёна і жалезны аргумент, чаму неабходна прафілактычная работа з грамадзянамі.

Усяго ў работах па вызваленні каркасных вуліц, паркаў і сквераў ад смецця, леташняй лістоты і пяску задзейнічана каля 45 чалавек. Вынікі даволі станоўчыя — ачышчана ўжо 40% тэрыторыі.

— Застаецца навесці парадак на 820 га, у якія ўваходзяць гарадскія тэрыторыі, а таксама палігон Калодзішчы. Да канца месячніка ці нават раней мы завершым работы і возьмемся за азеляненне. Будзе пасаджана 250 дрэў, ёсць свае планы і ў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, — падкрэслівае дырэктар Зелянбуда Партызанскага раёна Сяргей Герасімчык.

У Заводскім раёне рамантуюць пасля зімовай эксплуатацыі вулічна-дарожную сетку, збіраюць смецце, камунальныя адходы і лістоту, са старой пажоўклай травы выцягваюць пасечаны раней сухі хмызняк. Парадак наводзяць усе суб’екты гаспадарання, але ёсць і праблемныя зоны, дзе прыборка патрабуецца часцей звычайнага. Больш за ўсё іх у прыватным сектары.

— У нас у раёне ёсць ручай Безыменны, па абаіх баках якога стаяць прыватныя дамы. Жыхары чысцяць свае агароды, а бруд, бытавыя адходы, будаўнічае смецце выкідваюць у зялёную зону. Выцягваюць нават старыя канапы, зламаныя крэслы і іншыя прадметы мэблі, — дзеліцца майстар участка па добраўпарадкаванні Зелянбуда Заводскага раёна Таццяна Ткачова.

І ўсё ж прафілактыка дае добрыя вынікі, таму ў Мінпрыроды ёсць надзея на вырашэнне пытання стыхійных сметнікаў. Людзі прыслухоўваюцца да просьбаў, ведаюць пра наступствы і ў цэлым паступова пачынаюць усведамляць сваю адказнасць за стан навакольнага асяроддзя. Сітуацыя паляпшаецца, ёсць станоўчая дынаміка, але прафілактычную работу неабходна працягваць.

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення каардынацыі кантрольнай дзейнасці Мінпрыроды Уладзіміра Лемянтовіча, калі чалавек упершыню парушыў прыродаахоўнае заканадаўства, справа хутчэй за ўсё скончыцца прафілактычнай размовай. Так, у 2023 годзе было вызвалена ад адміністрацыйнай адказнасці звыш дзевяці тысяч асоб. Пры паўторным парушэнні ўжо прымаюцца адпаведныя меры і накладваецца штраф. У прыватнасці, летась да адказнасці было прыцягнута больш чым тры тысячы грамадзян, а шкода навакольнаму асяроддзю склала звыш Br10 млн.

— Наступны этап добраўпарадкавання — фарбаванне малых архітэктурных формаў, азеляненне і іншыя віды адпаведных работ. Наша задача — зрабіць раён яшчэ больш прыгожым і чыстым, — адзначае начальнік аддзела аператыўнага кантролю па Заводскім, Кастрычніцкім і Савецкім раёнах Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Капач.

Рэспубліканскі план па навядзенні парадку на зямлі ўключае каля 110 мерапрыемстваў, але ў перыяд акцыі ў кожным раёне Мінска будуць свае планы неабходных работ на тэрыторыях агульнага карыстання, у зонах масавага адпачынку, на чыгунцы і ў іншых месцах.

За навядзеннем парадку на зямлі сочаць і ў Мінскай вобласці. Напрыклад, у Дзяржынску кіраўніцтва горада арганізуе работу з прамысловымі прадпрыемствамі і суб’ектамі гаспадарання, за якімі замацаваны пэўныя ўчасткі горада. Адказныя сваімі сіламі праводзяць прыборку арганічных адходаў (лістоты, галінак), бытавога смецця. Некаторымі тэрыторыямі агульнага карыстання займаюцца камунальныя службы.

— Акрамя гэтага, мы ўладкоўваем розныя зоны адпачынку для жыхароў. Зараз заканчваем добраўпарадкаванне сквера каля райвыканкама, дзе будуць размешчаны пляцоўкі для гульняў і заняткаў спортам, лаўкі і велапаркоўка. Вызначана таксама месца пад кавярню. Для падтрымання парадку прадугледжана сістэма відэаназірання і асвятлення. На гэтай тэрыторыі плануем завяршыць асноўныя віды работ ужо ў красавіку. Засталося толькі азеляненне — высадзім больш за тры тысячы кветак. Такія лакацыі будуць стварацца і потым, у тым ліку і ў горадзе-спадарожніку Фаніпалі, — заяўляе намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Дзяніс Пракопчык.

Наогул Дзяржынск і Фаніпаль досыць зялёныя гарады. Штогод тут, па словах начальніка Дзяржынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрыя Цярэшкі, у сярэднім высаджваецца каля 5-7 тысяч дрэў, а таксама каля 10 тысяч кустоў. Сёлета на азеляненне плануецца патраціць каля 900 тысяч рублёў.

— Цяпер збіраецца інфармацыя, колькі насаджэнняў патрэбна Дзяржынску і іншым населеным пунктам раёна. Потым закупім маладыя дрэўцы і будзем высаджваць у рамках месячніка ў адпаведнасці з горадабудаўнічай дакументацыяй. Да працы будуць прыцягвацца грамадзяне і юрыдычныя асобы, — распавядае начальнік раённай інспекцыі. — Дарэчы, у апошнія гады насельніцтва актыўна бярэ ўдзел у азеляненні і праяўляе ініцыятыву. Так, мінулай восенню многія тэлефанавалі нам з пытаннямі, дзе можна ўзяць саджанцы, дзе пасадзіць дрэвы. Асабліва гэта датычыцца людзей з сельскай мясцовасці. А некаторыя юрыдычныя асобы за ўласныя сродкі купляюць саджанцы і робяць клумбы каля сваіх тэрыторый.

Далейшы план адміністрацыі Дзяржынскага раёна — уладкаванне яшчэ адной зялёнай зоны. На беразе ракі Няцечка будзе пабудаваны спартыўны комплекс з кортамі, рознымі спартыўнымі пляцоўкамі. Дзмітрый Цярэшка дадае:

— У Фаніпалі прадугледжана пасадка гарадскога парка ўзамен старога, які быў знішчаны моцнымі вятрамі ў 2020–2022 гадах. Ужо распрацаваны генеральны праект. Плануецца больш за 1 га насаджэнняў з якасных культур, каб парк праз некалькі гадоў меў прэзентабельны выгляд. Работы хутчэй за ўсё будуць завершаны на працягу 2024–2025 гадоў, паколькі аб’ёмы вялікія. Але частка дрэў ужо ёсць.

Дасталося ад непагадзі і прыдарожным палосам Дзяржынскага раёна. Так, наступствы ўраганаў актыўна ліквідуюцца на адрэзку маршруту Фаніпаль — Пераможнае. Тут равуць бензапілы, вішчаць трэскадрабільныя машыны — паветра поўніцца прыемным пахам свежаспілаванай драўніны. Прыборкай паваленых дрэў і зламаных сукоў займаецца каманда ДРБУ № 210 Мінскаблдарбуда. Яе начальнік Мікалай Кішкурна тлумачыць:

— Паколькі аб’ём работ вельмі вялікі, прыцягваем спецыялістаў з МНС, нават вайскоўцаў. Ад нашай арганізацыі сёння працуе каля 20 чалавек. Яны дробняць галінкі і драўніну, вывозяць іх на вытворчую базу. Так, на сёння мы нарыхтавалі 128 кубаметраў драўніны, якая будзе выкарыстана для абагрэву рамонтных майстэрняў і нашых вытворчых магутнасцяў. Спадзяемся справіцца з усімі наступствамі непагадзі да канца сакавіка.

Александрына ПАРШЫНА

Фота аўтара і Кацярыны УРБАН

Загаловак у газеце: З любоўю да чысціні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.