Вы тут

Васілеўская на МКС прыступіла да выканання даследчай часткі палёту


Першы беларускі касманаўт Марына Васілеўская на Міжнароднай касмічнай станцыі пачала выкананне даследчай часткі палёту. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу дзяржкарпарацыі «Раскосмас».


Фота: БелТА

«На МКС прыступілі да правядзення эксперыментаў па беларускай праграме», — гаворыцца ў паведамленні расійскай касмічнай карпарацыі.

У прыватнасці, названы эксперымент «Праксібіётык» (даследаванне ўласцівасцей мікраарганізмаў і іх кансорцыумаў для стварэння комплекснага прадукту для падтрымання мікрабіёты чалавека ва ўмовах касмічнага палёту) і эксперымент «Магнітная фабрыкацыя» (даследаванне магчымасці кіраванага фарміравання і фабрыкацыі трохмерных структур ва ўмовах мікрагравітацыі з арганічных і неарганічных матэрыялаў з дапамогай магнітных палёў).

Навуковая праграма беларускага касманаўта была распрацавана Нацыянальнай акадэміяй навук сумесна з «Раскосмасам» і Расійскай акадэміяй навук. Яна ўключае сем мэтавых работ — пяць навукова-даследчых і два адукацыйныя праекты. Навуковыя даследаванні будуць праведзены ў галіне біялогіі, фізіялогіі, аўтаномнага функцыянавання касмічных станцый, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з выкарыстаннем фота- і відэаспектральнай апаратуры беларускай вытворчасці, якая знаходзіцца на МКС. Будуць даследаваны таксама лактаферын і прабіётыкі, вырабленыя навуковымі арганізацыямі НАН, для іх наступнага магчымага выкарыстання ў стварэнні прадуктаў харчавання для касманаўтаў.

Марына Васілеўская адправілася на арбіту Зямлі 23 сакавіка на караблі «Саюз МС-25» у складзе міжнароднага экіпажа, у які таксама ўваходзяць камандзір карабля касманаўт «Раскосмасу» Алег Навіцкі і астранаўт НАСА Трэйсі Дайсан. 25 сакавіка яны прыбылі на МКС, дзе іх сустрэлі ўдзельнікі працяглай экспедыцыі касманаўты «Раскосмасу» Алег Кананенка, Мікалай Чуб і Аляксандр Грабёнкін, а таксама астранаўты НАСА Лорал О’Хара, Мэцью Дамінік, Майкл Баррат і Джанет Эпс.

Па дадзеных «Раскосмасу», пасля прыбыцця на МКС новага экіпажа адбылася яго стыкоўка з расійскім сегментам МКС. Былі таксама праведзены кансервацыя карабля «Саюз МС-25», сушка аварыйна-выратавальных скафандраў «Сокал-КВ2» і пальчатак касманаўтаў і кладка іх на захоўванне, перанос з карабля і размяшчэнне на станцыі тэрміновых грузаў, кладак і апаратуры па эксперыментах «Праксібіётык», «Магнітная фабрыкацыя», «Лактаферын» і «Цытамеханарыум». Акрамя таго, праведзена тэхнічнае абслугоўванне сістэм забеспячэння жыццядзейнасці.

Плануецца, што Марына Васілеўская і Алег Навіцкі вернуцца на Зямлю 6 красавіка на караблі «Саюз МС-24», які прыстыкаваўся да МКС 15 верасня 2023 года. Кампанію ім складзе амерыканка Лорал О’Хара, якая прыляцела на МКС якраз на «Саюзе МС-24».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.