Вы тут

Яго выступленні заўсёды цёпла прымаліся ў чытацкіх аўдыторыях...


У снежні 1966-га, адслужыўшы тры гады ў войску, я завітаў на свой родны філфак БДУ, які месціўся тады на Чырвонаармейскай, каб працягваць прыпыненую калісьці вучобу. Прайшоўся па калідорах і спыніўся каля гуллівай чаргі дзяўчатак перад высокімі дзвярыма аўдыторыі. Шчабятухі, узбуджана і заклапочана, адна перад адной вытлумачвалі, відаць, нейкі з самых цяжкіх экзаменацыйных білетаў, пры гэтым спрачаліся, заглядалі то ў кнігі, то ў сшыткі... Па абрыўках самой гаворкі можна было зразумець, што дзяўчаткі здаюць экзамен па беларускай літаратуры. Я не памыліўся, гэта былі трэцякурснікі, да якіх павінен далучыцца і я, калісьці недавучаны студэнт. Моўчкі пастаяўшы воддадь іх, я накіраваўся ў дэканат. 


У пакоі сядзелі двое: сам дэкан і светлатвары незнаёмы мне мужчына з добра падкрэсленым акулярамі позіркам, якому дужа пасавала яго сівізна. Я павітаўся, назваў сябе і паклаў перад дэканам заяву, у якой прасіў перавесці на завочнае навучанне. Дэкан абвёў мяне дапытлівым позіркам, відаць, чакаў абгрунтавання такога рашэння. Але той, што сядзеў побач, нават пахваліў за такі выбар: «І правільна. Тры курсы навучання і тры гады службы ў войску — гэта нямала. Самы час пачынаць і самастойнае жыццё». Цяпер я ведаў і яго прозвішча — Георгій Шыловіч. 

Пісьменнік з кагорты франтавікоў, піша для дзяцей. Толькі потым зразумеў: гэта ж тады ў дэканаце я здаў самы лепшы свой экзамен на добрае і шчырае сяброўства. А яно мне абяцала і нямала дарог, і добрых людзей, і сустрэч на тых дарогах, і свае іспыты, пошукі і... шмат чаго іншага. Пра перажытае на вайне самі франтавікі звычайна гаварылі мала. Хіба толькі калі збіраліся вузкім колам аднагодкаў і аднадумцаў. Тады яшчэ не так шмат і пісалася пра тыя, яшчэ не зусім далёкія, ваенныя падзеі. Нават тымі, каму іх давялося асабіста перажыць. Яно і зразумела: не зусім яшчэ загаіліся былыя раны і надта балюча было іх трывожыць сумнымі згадкамі. Бо згадкі не лечаць, а толькі дадаюць болю. Рэдка дзе і ў творах Георгія Шыловіча (а пісаў ён для чытача дзіцячага, ды і героямі яго твораў былі самі дзеці) знойдзем мы тое, з асабіста перажатага падчас вайны. Па-сапраўднаму трывожнай і кранальнай старонкай высвецілася яно для мяне хіба ў апавяданні «Дарога»: «1943 год... Лагойшчына... Гарачы жнівень патыхае смуродам папялішчаў. Скрозь — жахлівы крывавы след, які пакінулі пасля сябе карнікі, бязлітасна знішчаючы вёскі, людзей, плён іх працы...

Нарэшце, учарнелыя, прапахлыя потам і балотнай тванню пасля блакады, мы напрасткі падыходзілі да вёскі Саўдзенічы, паблізу якой размяшчаліся ў лесе буданы нашай маленькай дыверсійнай групы брыгады „Жалязняк“, што выконвала розныя заданні ў ваколіцах акупаванага Мінска і ў самім горадзе. О, якая жаданая і разам з тым цяжкая хвіліна — мурашы па скуры. Люты вораг не пашкадаваў і Саўдзенічы, спаліўшы несамавітыя вясковыя хаткі, гумны, лазні і кузню, дзе з артылерыйскіх снарадаў мы выплаўлялі тол, дзе рамантавалі зброю, выраблялі свае партызанскія міны. Не-звычайная жудасная цішыня, як на могілках, навокал — нават птушка голасу не падасць. Ніхто не выйшаў нам насустрач, ніхто не прывеціў словам. Вёскі — як не было. А ўзбоч дарогі, здратаванай гусеніцамі бронетранспарцёраў, скрозь усыпанай патроннымі гільзамі, сіратліва хіліла да зямлі калоссе пераспелае жыта... Нейкі даўкі камяк не пракаўтнуць — падступаў да горла...»

Гэты жахлівы малюнак падводзіць нас да хлеба, які ў вайну меў асаблівую цану. Словы камісара гучаць амаль набатна: «Хлеб... Гіне хлеб, таварашы!». 

У сумным малюнку сапраўды з’яўляецца шмат нечаканага святла, калі да байцоў падыходзіць жанчына з дачкой-падлеткам і частуе іх акрайцам хлеба з невялічкага клунка. «Ніколі ў жыцці не забыць мне смак таго акрайчыка хлеба»... — гэтае аўтарскае прызнанне зноў усплыве ў маёй памяці, калі я, народжаны ў тым самым сорак трэцім, буду пісаць пра тое, як нялёгка здабываўся ваенны хлеб. Такое, вядома ж, не забываецца і не павінна забывацца.

Вайна не толькі пакідала адны толькі ўспаміны. Яна і прыйшла, і адыходзіла ад нас, беручы за гэта вялікую плату. Маё пакаленне заплаціла ёй сваім дзяцінствам. Пакаленне Георгія Шыловіча аддало як плату сваё юнацтва. Зброю ў рукі будучы пісьменнік узяў у сямнаццаць. Гэта здарылася ў чэрвені сорак першага. Але тую зброю трэба было яшчэ здабыць. Маладыя мінчане першых дзён вайны ведалі, дзе можна адшукаць вінтоўку ці нават скрынку з патронамі. Знаходзілі іх, капаючыся ў глінішчах Мухлеўкі, у нейкіх кар’ерах. Выцягвалі з дна яшчэ нядаўна затопленыя ствалы і абоймы патронаў. Са снежня 1941 года Георгій Шыловіч удзельнічае ў Мінскім патрыятычным падполлі ў складзе групы Іпаліта Яцэвіча. Байцы яе групаваліся на гародніннай базе № 2. Гэта адсюль перапраўляліся ў лес здабытая зброя, харчы і медыкаменты. Вахцёрам на базе працаваў Мікалай Каржанеўскі, кіраўнік падпольных груп Чыгуначнага раёна. Неўзабаве ён узначаліць Кастрычніцкі падпольны райкам партыі. Мужнага камуніста высачыла, схапіла і закатавала гестапа. Такі ж лёс напаткаў і бацьку Георгія, ветэрана Грамадзянскай вайны Уладзіміра Сцяпанавіча, арыштаванага яшчэ раней.

У сакавіку 1943 года Георгій Шыловіч быў залічаны байцом 6-га атрада партызанскай брыгады «Жалязняк». Слава жалязнякоўцаў шырока грымела пад небам родных айчынных абсягаў, пераможным рэхам далятала да самых далёкіх куткоў Беларусі, дзе ішло сваё гераічнае змаганне. Былі цяжкія баі ў лясах Бягомльшчыны, каля берагоў Бярэзіны, былі самыя адчайныя пераправы, небяспечныя наведванні ў родны Мінск, шпітальныя дні і ночы ў Саўскім бары, а яшчэ сцяжыны праз непраходныя дрыгвяныя балоты, калі блакаднае кальцо сціскалася да акружнасці кулі. Былі і цяжкія баі пад Пустаселлем, і на возеры Палік. 

І сёння гераічна і надта трагічна гучыць у шматлікіх успамінах сама назва возера — Палік. Можа, яна і не надта знаёмая сённяшняму маладому пакаленню, ды ўсё тое давялося зведаць пакаленню Георгію Шыловіча.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны Георгій Шыловіч вучыцца на аддзяленні журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. 

А пасля заканчэння працуе ў піянерскай газеце «Зорка». Вось тады і з’яўляюцца ў друку яго першыя апавяданні для дзяцей. Аўтар выбірае для сваіх твораў вельмі простую і даходлівую форму, вядзе расповед ад першай асобы. Ён добра ведае свайго чытача, думае, як зацікавіць яго. І да апошніх сваіх дзён застанецца пісьменнікам толькі для дзяцей.

Мне даўно хацелася запытацца ў яго, чаму засяродзіўся толькі на дзіцячай літаратуры. Ды так і не адважыўся. Застаўся пры сваёй здагадцы. Магчыма, таму, што надта моцна і глыбока сядзела ў яго душы тое далекаватае, дзіцячае, якое вельмі нечакана і хутка перарасло ў суровае юнацкае. А можа, і праца ў піянерскім друку, частыя сустрэчы з вучнямі пасляваеннай пары прадыктавалі той самы творчы выбар. 

Прывязанасць да мясцін і куточкаў свайго маленства адчувальная ў многіх творах Георгія Шыловіча. Нават у аповесці «Школа ля крэпасці», дзе падзеі разгортваюцца ў межах прыгранічнага Брэста, у апісанні вакзала будзе прысутнічаць адчувальны зрокавы падтэкст чыгуначнага вузла Мінска. Заходні мост, вуліца Мяснікова, заблытанае павуцінне чыгуначных рэек — усё гэта малюнкава засведчана яго дзяцінствам. Спашлёмся тут на адно цікавае сведчанне яго сябра — паэта Анатоля Вялюгіна: «Гэта было ў чэрвені сорак першага. У Мінску дыміліся папялішчы. Пад коламі нямецкіх эшалонаў грымеў Заходні мост. 

Тут, недалёка ад яго, пры канцы вуліцы Мяснікова, маўкліва стаяў цагляны дом з выбітымі вокнамі. Усе пакоі райкама партыі абшукаў Георгій Шыловіч, пакуль знайшоў і вынес адтуль асабістыя справы камуністаў». Нават гэта цягне на асобны твор. А падобнага ў памяці самога пісьменніка заставалася нямала. 

У рэдакцыі часопіса «Беларусь», куды я часта наведваўся, Георгій Уладзіміравіч працаваў намеснікам галоўнага рэдактара. Ён і ўгаварыў мяне напісаць разгорнутыя нататкі пра Налібоцкую пушчу. Перад гэтым мы наведаліся ў маю вёску, паблукалі грыбнымі сцяжынамі каля Налібок. За пісьмовы стол я садзіўся нават баючыся: «А ці выцягну?» Але ён падбадзёрыў і нават даў нейкую падказку. І матэрыял быў неўзабаве надрукаваны. Артыкул спадабаўся і галоўнаму рэдактару Міхасю Калачынскаму, меў добры водгук маіх землякоў.

Анатоль Вялюгін, здатны на самыя розныя досціпы і прыдумкі, называў яго «седым сенатором». Гэта, як і іншае вялюгінскае, падхапілі сябры, і яно добра прыжылося. А ён і не крыўдаваў за гэта. Вялюгін умеў звярнуць увагу на тое, чаго часта не заўважалі іншыя. 

А тут, як прыгледзішся, быццам няма нічога акцёрскага, ходзіць побач з табой нейкі насуплены чалавек у акулярах, а за тымі акулярамі хаваецца такое багацце і жартоўнага, і іранічна-гарэзлівага, і амаль нідзе ніякага прытворства. Летнім часам было прыемна прайсціся разам па люднай вуліцы Мінска, дзе ён мог прыпыніць зусім незнаёмую жанчыну і завесці з ёю такую цікавую размову. 

Хаду ён любіў марудную. Не памятаю, каб недзе спяшаўся, прыспешваў крок. Праз тую марудлівасць трапілі аднойчы мы і ў не вельмі прыемную гісторыю. Неяк засядзеліся за добрай гамонкай, дзе час бяжыць надта хутка. Пасля гэтага надта цяжка развітвацца. Мы ішлі па вуліцы Багдановіча, тады яна насіла імя іншага Максіма. Вераснёўскі дзень яшчэ быў цеплаваты, але ўжо без летняй шчодрасці. Ішлі, прыпыняючыся, пацягваючы цыгаркі. Пачынала змяркацца, машыны ехалі з уключаным бліжнім святлом. Мы і не звярнулі ўвагі на гурток падлеткаў, якія мітусіліся-дурэлі паблізу нас. Такое заўважаеш толькі здалёку. 

У той час з’явілася мода на вязаныя шапкі-пеўнікі. Моладзь ганялася з імі. Мая старэйшая дачка Ілона працавала тады сцюардэсай. З чарговага рэйса і прывезла мне ў падарунак вязанага «пеўніка». Прыгожага, удала расфарбаванага. Я і фарсіў цяпер у гэтым уборы, выклікаючы зайздрасць у гарадскіх падшыванцаў.

Адбылося ўсё нечакана. Маладая спрытная рука сцебанула па маёй галаве, і «пеўнік» мой паляцеў долу. Другая рука тут жа падхапіла яго. І ўвішных маладзёнаў мы ўбачылі ўжо на другім баку вуліцы. Я кінуўся наўздагонку, але на пераходзе загарэлася чырвонае святло. 

Старэйшы таварыш усё ж знайшоў словы, якія супакоілі мяне. Ды і на другім баку вуліцы мільганула знаёмае кафэ «Ластаўка». Падаліся супакойвацца пад крыло гэтай мілай птушкі. Потым мы і жартавалі нават. «Гэта ўсё вашы героі», — казаў я яму. «І чытачы таксама», — падхопліваў ён.

Яго выступленні цёпла прымаліся ў чытацкіх аўдыторыях, з асаблівай увагай слухалі пісьменніка школьнікі. Школьную тэматыку ў сваёй творчасці распрацоўваў спакваля, цікава, тактоўна і пераканаўча. Таму і не траціць свайго гучання яго аповесць «Чарапаха без панцыра». Надзённай будзе заставацца заўсёды і аповесць «На расхрыстанай вярсце» пра школу-камуну ў Ліцвінавічах. І наогул усе творы пісьменніка прасякнуты любоўю і верай у чалавека, маладой прагай жыцця.

Сцяжыны, па якіх мы ходзім, нанова прайсці і прачытаць можна толькі памяццю. Водгулле сцяжын яго чутно мне і ля Бягомля, і ў маёй роднай Налібоччыне, ля возера Кромань, у Івянцы і Дзяржынаве. Сумным восеньскім днём яны назаўсёды абарваліся. Я развітваўся з ім радкамі:

Вырай і птушыны, і лісцёвы,

Але крыл чамусьці не відаць.

Хоць схілёны да зямлі галовы,

Вочы ад нябёс не адарваць.

Адпалалі і вясна, і лета,

У дажджах тапілася зямля.

І дарэмна ў тым шнурку і гэтым

Я свайго шукаю жураўля.

Недзе ён азваўся ля Бягомля,

Сумна пракрычаў ля Налібок.

Лёгка на зямлі знайшоў яго я,

А згубіў далёка ля аблок.

Будуць ціха ліставець сцяжыны,

Будзе плакаць восеньская медзь.

Ціха адляцеў, а боль пакінуў.

Будзе і зямлі, і мне балець.

Можа, тыя крылы згледзіць нехта,

Ценем прамільгнуць яны здаля.

Іх часова нам дае зямля,

Забірае ж назаўсёды неба.

Казімір КАМЕЙША

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.