Вы тут

Эмануэль Макрон разлічвае «ўзяць» большасць дэпутацкіх мандатаў


Як вядома, у мінулую нядзелю ў Францыі прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Экс-міністр эканомікі краіны Эмануэль Макрон атрымаў перамогу з вынікам 66,1%, сведчаць звесткі міністэрства ўнутраных спраў краіны. Свае галасы Макрону аддалі больш за 20,7 мільёна выбаршчыкаў. Лідар партыі «Нацыянальны фронт» Марын Ле Пен атрымала звыш 10,6 мільёна галасоў (33,9%).


Эмануэль Макрон асабіста пагутарыў з лідарамі ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Турцыі і Канады, перадае агенцтва «Франс Прэс» са спасылкай на камюніке руху «Наперад!», якое ўзначальвае абраны прэзідэнт. Адзначаецца, што Макрон таксама атрымаў шэраг пісьмовых віншаванняў, у тым ліку ад Прэзідэнта Беларусі. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Эмануэля Макрона з выбраннем на пасаду Прэзідэнта Французскай Рэспублікі, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. «Карыстаюся выпадкам, каб выказаць зацікаўленасць у пашырэнні беларуска-французскіх сувязяў у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых галінах, развіцці канструктыўнага ўзаемадзеяння паміж нашымі дзяржавамі ў міжнародных арганізацыях», — адзначаецца ў віншаванні. Кіраўнік дзяржавы разлічвае на падтрымку ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Францыяй дзеля росквіту і дабрабыту народаў дзвюх краін.

Новаабраны прэзідэнт абвясціў, што свой першы замежнапалітычны візіт здзейсніць у краіну-лакаматыў Еўрасаюза, Германію. «Мы нясём адказнасць за будучыню нашай краіны. Мая адказнасць заключаецца ў тым, каб знізіць той страх, які ёсць у грамадстве, і зрабіць велізарны крок у будучыню», — сказаў Макрон, паабяцаўшы быць прэзідэнтам усіх французаў і ўспомніўшы «вялікую гісторыю Францыі», годным нашчадкам якой яму і яго суайчыннікам трэба быць.

Марын Ле Пен у сваёй паслявыбарнай прамове, прызнаўшы сваё паражэнне, таксама казала пра гісторыю: свой вынік на выбарах яна назвала гістарычным. Але ў ультраправых не атрымліваецца схаваць расчараванне: прагназуемых 40% галасоў іх лідар, якая прайграла ў другім туры, так і не набрала.

Рух «Наперад!» Эмануэля Макрона адразу ж пасля выбараў кіраўніка дзяржавы пачынае падрыхтоўку да новай не менш важнай бітвы. Мэта — атрымаць большасць дэпутацкіх мандатаў у Нацыянальнай асамблеі, ніжняй палаце парламента. Рух, які створаны менш за год таму, будзе прадстаўлены практычна ва ўсіх выбарчых акругах — іх у Францыі 577. Але пакуль вядомыя імёны толькі 14 кандыдатаў. На агульных выбарах рух пойдзе пад новай назвай — хутчэй за ўсё будзе перайменаваны ў «Рэспубліка, наперад!».

Два туры парламенцкіх выбараў у Францыі прызначаны на 11 і 18 чэрвеня. Палітычнай сіле Эмануэля Макрона — ён дарэчы ўжо падаў у адстаўку з пасады кіраўніка руху — прадказваюць на іх каля 24% галасоў. Аднак яго асноўныя палітычныя сапернікі адстаюць не нашмат, што можа перашкодзіць Макрону атрымаць парламенцкую большасць, неабходную для правядзення абяцаных у перадвыбарнай праграме пераўтварэнняў.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.