Вы тут

«Адзін пояс і адзін шлях» — гэта не проста гандлёвы маршрут


Маштабны саміт «Адзін пояс і адзін шлях», які ўрачыста стартаваў у мінулую нядзелю ў Кітайскім дзяржаўным канферэнц-цэнтры, ужо сёння палітычныя аналітыкі называюць падзеяй планетарнага маштабу, якая будзе ўпісана ў сусветную найноўшую гісторыю. На форум прыбылі лідары 29 краін, а ўсяго яго ўдзельнікамі сталі дэлегацыі з амаль 130 дзяржаў.

Беларусь на знакавым саміце была прадстаўлена на самым высокім узроўні — у форуме прыняў удзел кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. І гэта цалкам лагічна: наша краіна адной з першых у свеце і першай у Еўропе падтрымала ініцыятыву кіраўніцтва Кітая аб рэалізацыі праекта «Адзін пояс і адзін шлях».
Краіна задзейнічана ў двух з чатырох ключавых маршрутаў новага сухапутнага Шаўковага шляху, і менавіта яна з'яўляецца сувязным звяном паміж Усходам і Захадам.


Аляксандр Лукашэнка 14 мая прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця форуму «Адзін пояс і адзін шлях» у Пекіне. У гэты ж дзень беларускі Прэзідэнт разам з іншымі лідарамі дзяржаў, якія прыбылі на саміт, пабываў на прыёме ад імя Старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Затым беларускі лідар наведаў святочны гала-канцэрт у Нацыянальным цэнтры выканальніцкіх мастацтваў.

Мерапрыемствы форуму «Адзін пояс і адзін шлях» працягнуліся ўчора. Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел
у пасяджэнні круглага стала кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц саміту.

Выступаючы на гэтым мерапрыемстве, беларускі лідар адзначыў, што сёння свет знаходзіцца ў стадыі актыўнага развіцця і глабальных перамен. Змены спалучаныя з бесперапыннымі выклікамі і небяспекамі. «Менавіта таму сёння так важна выкарыстоўваць гістарычную магчымасць для змены мадэлі міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Дасягненне росквіту рэальнае толькі ў сумесным мірным ўзаемавыгадным развіцці», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што глабальныя ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях» і «Супольнасць адзінага лёсу», вылучаныя кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам, — гэта не проста ідэя эканамічнага партнёрства, а перш за ўсё глыбокая аб'яднальная філасофія міжнароднага супрацоўніцтва. «Пры рэалізацыі гэтых канцэпцый не адбываецца навязвання інтарэсаў, гандлёвай экспансіі ў дзяржавы. Кітай прыходзіць — і ў гэтым унікальная асаблівасць — як дружалюбная краіна, прапаноўваючы механізмы стымулявання сумеснага развіцця», — сказаў беларускі лідар.

Праект «Адзін пояс і адзін шлях» не толькі перакройвае эканамічную карту свету, стварае новыя пункты росту, але і фарміруе міжнародныя адносіны новага тыпу. Гэта інтэграцыя па-над блокамі, закліканая гарманізаваць усе эканамічныя інстытуты і прыбраць бар'еры на шляху свабоднага руху тавараў, інвестыцый і людзей. «Ганаруся тым, што Беларусь стала першай краінай у Еўропе і адной з першых краін у свеце, якія падключыліся да стварэння эканамічнага пояса Шаўковага шляху па цэлым шэрагу кірункаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Так, рэалізуючы прынцыпы пабудовы «Супольнасці адзінага лёсу», Беларусь і Кітай разам прасоўваюць праект індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Ён будуецца як горад будучыні — экалагічны, інавацыйны і камфортны для працы і для жыцця. Глыбіня праекта ў тым, што дзве краіны сумесна ствараюць не толькі інфраструктуру, але і законы, па якіх развіваецца гэтая вузлавая пляцоўка эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

«Яшчэ раз падкрэслю, што Беларусь з'яўляецца надзейным, адказным партнёрам Кітая. Пра гэта сведчыць устанаўленне асаблівага ўзроўню адносін паміж нашымі краінамі — усебаковага давернага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Мы адкрытая краіна. Жыццёвы прынцып беларусаў — добрасуседства. Беларусь гатова да ўзаемадзеяння ў мэтах міжнароднага развіцця. Тут і цяпер мы павінны думаць аб сучасным пакаленні і несці адказнасць за нашых дзяцей і ўнукаў», — заклікаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ініцыятыва «Адзін пояс і адзін шлях» — гэта не проста гандлёвы маршрут, а канал руху ідэй і сумеснага стварэння інавацый. «Мы цалкам падтрымліваем думку, выказаную паважаным Старшынёй Сі Цзіньпінам, аб неабходнасці стварэння ўласных тэхналогій на аснове нацыянальных распрацовак і кіруемся заяўленым ім прынцыпам — «Нельга будаваць сваю будучыню на аснове мінулых чужых дасягненняў», — звярнуў увагу ён.

На палях форуму Аляксандр Лукашэнка меў шэраг міжнародных сустрэч, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта. У першы дзень работы саміту кіраўнік дзяржавы правёў перагаворы з прэм'ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам. Учора беларускі лідар сустрэўся з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі рэалізацыю дасягнутых раней дамоўленасцяў, а таксама перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў розных сферах. У гэты ж дзень Прэзідэнт Беларусі правёў перагаворы з кіраўніцтвам шэрагу краін Афрыкі, Азіі, Еўропы і Лацінскай Амерыкі.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся таксама са старшынёй праўлення кампаніі «СІЦІК Груп» Чан Чжэньмінам. На сустрэчу таксама прыбылі кіраўнікі важнейшых падраздзяленняў карпарацыі. У 2007—2013 гадах кампанія рэалізавала ў Беларусі праект па будаўніцтве трох цэментных заводаў. Праз пару гадоў яна прыступіла да ўзвядзення аўтамабільнага завода «БелДжы» і шматфункцыянальнага комплексу па праспекце Пераможцаў у Мінску. Акрамя таго, у 2016 годзе прынята рашэнне стварыць у Беларусі новае прадпрыемства па вытворчасці спецыялізаваных робатаў, якія прымяняюцца для тушэння пажараў, правядзення падводных і горназдабыўных работ.

Прэзідэнт прапанаваў кіраўніцтву карпарацыі разгледзець розныя варыянты вядзення бізнесу ў Беларусі, разгарнуць які можна ў найбліжэйшы час. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо абмеркаваў гэтую сустрэчу са Старшынёй КНР і разлічвае на дасягненне канкрэтных дамоўленасцяў.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Глыбокая аб'яднальная філасофія

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.