Калі павінны распачынацца заняткі ў школах: у 8 ці 9 гадзін раніцы? Гэта пытанне сёння ва ўсіх на слыху. Прычым меркаванні і бацькоў, і саміх школьнікаў наконт гэтага падзяліліся. Бацькоў малодшых школьнікаў хвалюе найперш адсутнасць магчымасці асабіста адвесці дзіця ў школу, калі пачатак заняткаў будзе перанесены на 9 гадзін. Не моцна ўзрадаваліся і старшакласнікі, якім збіраюцца падарыць лішнюю гадзіну сну. Многія з іх займаюцца ў другой палове дня з рэпетытарамі і вяртаюцца дадому даволі позна. Пры гэтым ім яшчэ трэба падрыхтавацца да ўрокаў на заўтра. Бацькі школьнікаў, якія вучацца ў другую змену, увогуле ў роспачы...
— Адміністрацыі школ, дзе дзеці вучацца ў дзве змены, будуць самі прымаць рашэнне аб пачатку заняткаў — або ў 8.30, або ў 9.00, але ў школу можна будзе прыводзіць дзяцей да 8-й раніцы, — заспакойвае ўсхваляваных бацькоў прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Людміла ВЫСОЦКАЯ. — Гадзіну да заняткаў дзеці будуць пад наглядам, з імі будуць займацца педагогі — фізічнай размінкай ці творчымі практыкаваннямі.
Статыстыка сведчыць, што прыкладна ў трэцяй частцы агульных сярэдніх навучальных устаноў краіны заняткі пачынаюцца а 8-й гадзіне раніцы, яшчэ столькі ж устаноў пачынаюць урокі ў 8.30 і каля 30% — а 9-й гадзіне. Графік пачатку ўрокаў рэгулюецца санітарнымі нормамі і правіламі. Там прапісана, што заняткі не павінны распачынацца раней за 8 гадзін раніцы і заканчвацца пазней за 20:00. Але 9 гадзін, на думку санітарных урачоў, больш удалы час для пачатку ўрокаў.
Па словах Людмілы Высоцкай, адміністрацыі школ, дзе дзеці вучацца ў адну змену, разглядаюць магчымасць пачатку заняткаў з 9 гадзін. Школам, якія працуюць у дзве змены, будзе больш праблематычна перабудавацца, таму што зацягнецца вучэбны працэс, і там разглядаюць магчымасць пачатку ўрокаў або ў 8.30, або ў 9.00. Пакуль міністэрства праводзіць маніторынг сітуацыі, вывучае меркаванні бацькоў, настаўнікаў, адміністрацый школ.
А як у іншых краінах? У Расіі і Украіне час пачатку ўрокаў у школе — у 8 гадзін. Аднак, як і ў нас, з улікам абставінаў ён можа змяняцца. У Польшчы, Літве, Латвіі вучоба таксама часцей за ўсё пачынаецца ў 8 гадзін. У некаторых школах Кітая ўрокі пачынаюцца ў 7.30, у Японіі — у 8.45, у ЗША — паміж 8 і 9 гадзінамі.
Надзея НІКАЛАЕВА
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Каментары